epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Вопыт

Пярун перажагнаў

Зялёнай бліскавіцай

І чорную жаўну,

І чорную крыніцу.

 

Пакуль шукала шлях

Аслепленае вока,

Я зразумеў: не страх

Прыйшоў ка мне, а вопыт.

 

Жагнала нас вайна

Нянавісцю і гневам.

З в’етнамскіх рэк яна

Не раз яшчэ махне вам.

 

Узводзіць цяжка мост,

А на звышбомбу — попыт.

І можа згінуць мозг

І чалавечы вопыт.

 

Усё запамінай...

І што спявае Сопат,

Ты слухай, выбірай,

Але не гэта вопыт.

Ты працаю трывож

І дружбаю сумленне

І вопыт рук памнож

На розум і натхненне.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан