epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Вухналі

Зноўку тупаць давядзецца,

Падышла, відаць, пара,

Ад дзіцячага вядзерца

Да дзявочага вядра.

Там я трохі прыпынюся.

Не зганю хоць смагі той,

За навуку пакланюся

Кузні чорнай і старой.

Ад світання да абеду

Малаткі у ёй гулі.

З той пары я добра ведаў,

Што такое вухналі.

І зязюлі там кувалі,

І на кожнае «ку-ку»

Кавалі, брат, забівалі

У падкову па цвіку.

А ў мяне па кожным разе

Сэрца — як шалёнае...

Кавалёва цурка Казя —

Каснікі чырвоныя —

Ім прыносіла аладак,

Сыраквашы ў гладышы...

Пахне грэчкаю на лядах,

Сонца з мёдам на душы.

А далей зязюлі сховы,

Дурнап’ян і буякі.

Тут ні следу, ні падковы,

А ігліца — як цвікі.

Сустракайся і не кайся:

Мы ж не злыдні нейкія,

Што ж ты, Казя, Казя, Казя,

Гасіш вочы вейкамі?

Пагасіла. Назаўсёды...

Друг, прашу — на двух налі!

То не годы, не паходы —

Колюць сэрца вухналі.

1970


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан