epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Вы начавалі над ракой...?"

* * *

Вы начавалі над ракой

на сініх паплавах?

Я начаваў.

І сенам пах

маленства Млечны Шлях.

Яшчэ ён пах тады расой,

прытоенай слязой.

Загадкі зорныя плылі

маўкліва нада мной.

Было і потым разгадаць

жыццё мне не лягчэй —

Бясконцы млечны шлях вачэй,

жывых людскіх вачэй.

Цяпер у зорную пару

жыву я між лясоў.

Шлях на мяне глядзіць вачмі

загінуўшых сяброў...

Было і ёсць жыццё ў мяне,

а будзе непазбежнасць.

Пара адкінуць мітусню

і вечную паспешнасць.

Пара, пара прыйшла і мне

не коўзацца, не зыбацца.

Сцвярджае век: ты чалавек —

не страх, не крах, не прах...

А з вышыні ўсю ноч на лес

і на мяне ўсё сыплецца

Трывожны ціхі зорны дождж,

журботны Млечны Шлях.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан