epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Выспа «Беларусь»

На выспе «Беларусь» вы елі шашлыкі?

Браты нам гэту выспу падарылі,

На сушы смачным пловам замарылі —

І вось мы пасярэдзіне ракі.

 

А тут яшчэ прывязаны баран:

Запас бяды не чыніць у імя братэрства.

Ды грымнуў бубен, бухнуў барабан,

Карнаі затрубілі па-майстэрску.

 

Цудоўная ханум чарговы плоў варыла,

А побач уздыхаў мясцовы вадзяны.

Амудар’я жаўцела і вірыла,

Каб даказаць, што не падобна да Дзвіны.

 

Пасля квяцістых тостаў і забойнай ежы

(Нас гнаў няспынна тамада узбекскі)

Пры спёцы не палескай,—

каракумскай, рэзкай

Скакалі мы са спрытнасцю мядзведжай.

 

Ну хоць бы што на выспе прарасло!

Як добра сеяць прыязні насенне.

А потым нас аднолькава трасло

Ташкенцкае землетрасенне.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан