epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"З маленства мы ірваліся у горад..."

* * *

З маленства мы ірваліся у горад,

Хто ў інстытут, а хто і на завод.

І для Радзімы сталі мы апорай

І ў працы, і ў імгле ваенных год.

Пасля вайны жылі мы беднавата,

А вёскі проста слеплі уначы.

Мы перад імі ў нечым вінаваты,

Хоць мала чым маглі дапамагчы.

Зямля і неба звязаны дажджамі,

Мы з роднай вёскай — памяццю навек.

Прывыкшыя да тлуму гараджане,

Цяпер ірвёмся да лугоў і рэк.

Не з настальгіі, не для пакаяння,

Не на густы асенні медазбор —

Мяне завуць свая зямля і бор,

Як марака мары і акіяны,

Каб зноў адчуць салёныя турботы

Гаспадароў адроджанай зямлі.

Вясна ідзе...

На мне чужыя боты,

І я, крыху чужы, іду ў палі.

Халодны вецер, ты не скавычы

І не свішчы так рэзка і трывожна.

А ногі месяць гразь, нібы квачы,

Спрачаюцца з вясновым бездарожжам.

Сапраўдныя зямлі чараўнікі

Свае паэмы трактарамі пішуць.

Палі, палі — сялян чарнавікі —

І працаю, і вечнай праўдай дышуць.

На іх радкі пшаніцы прарастуць,

Хай дзень жніва ад сонца будзе яркі.

Люблю вясновы гуд, і перастук,

І рэактыўны голас цыркуляркі...

Якая непаўторная паўторнасць!

Я маладзею.

Зноў гатоў к рыўку...

Пачаўся дзень,

І на палетак чорны

Паклала сонца цёплую руку.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан