epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"З нас многія прагнуць разумнага..." (Рыгору Барадуліну)

* * *

 

З нас многія прагнуць разумнага,

Сапраўднага і чалавечнага.

А восень, цяжкая і сумная,

Шпурляе ліствой пакамечанай.

 

З нас многія прагнуць праўдзівасці,

Звычайнай людской натуральнасці,

Для радасці мы нарадзіліся,

А гора ізноў паўтараецца.

 

І знікнуць адразу дарадчыкі,

І ластаўкі пырхнуць у Крым.

У радасці — звонкая складчына,

У горы — самотна гарым...

 

Хлусня да хапугі прыцерлася,

Зрадніўся ён моцна з рублём.

Бязлітасным смехам хацелася б

Такога прабіць.

Ці праб’ём?

 

А можа, пытанне замажам?

Дадзім адпачыць і радку.

Далей ад кулацкіх замашак —

Па першым нясмелым лядку.

 

А верш адпачынку не просіць,

Імкнецца да лепшых людзей.

Хай ластаўкі зноўку прыносяць

У дзюбах драбочкі надзей.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан