epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"З тэлемачты ліпы насміхаліся..."

* * *

З тэлемачты ліпы насміхаліся:

«Голая канструкцыя.

Сухар.

Ты абстрактнасць.

Ты не закахаешся

Ні ў Юпітэр, і ў чырвоны Марс».

 

А яна работніцай жыла:

Пра Еўропу, Афрыку ды Азію

Столькі перадач перадала,

Што сама зраднілася з фантазіяй.

 

«Ах, як сёння лектар нудна роў,

Высушыў мяне сухімі фактамі...»

Запаліла васемнаццаць ліхтароў

І зрабілася маленькаю галактыкай.

 

Рада навагодняму сняжку,

Зорная, заіненая холадам,

Узнялася ў серабрыстым кажушку

Ёлкаю касмічнаю над горадам.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан