epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"За прасніцай гарбатаю..."

* * *

За прасніцай гарбатаю

Матуля ледзь не плакала:

«Жыццё маё праклятае...

Праду не кужаль — пакулле...»

 

Сляза цішком свяцілася

(Было гэта даўно).

Зрывалася, кацілася

У кут верацяно.

 

Настольнік трэба выткаць,

Ручнік і паясок.

Прыгодна толькі нітка,

Танчэй за валасок.

 

Далёка час той зрэбны...

Ды мучаешся ты:

Радок патрэбны срэбны,

А можа, залаты.

 

Ірвецца, не прадзецца,

Як з пакулля, радок.

І сэрца не праб’ецца

Праз слоў сухіх лядок.

 

І маму маладую,

Забытую душу,

Здалёку пазаву я

І ціха папрашу:

Ты зноўку, як калісьці,

Мяне пакалышы

У песеннай калысцы

І прашапчы: пішы.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан