epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

За вогненнымі вякамі

У паэтаў няма забароненай зоны,

Ты заўсёды нам сніўся,

Бяскрайні сусвет.

З цёплай зямлі,

Зялёнай, азоннай,

Кліча нас уладарна

След касмічных ракет.

 

Знаю, што ў калысцы

Нам не заставацца.

Толькі сэрца часам просіць злітавацца:

«Не спакушай нас высокай песняй

Гэтак рана, Галактыка.

Як валуны неачэсаныя —

У нас цяжкія характары.

 

Ёсць у нас і турмы

З арміяй канвойнай,

Ёсць у нас плямёны

З каменнага веку.

Мы яшчэ ў жорсткасці,

Мы яшчэ ў войнах,

Мы яшчэ ў злосці,

А ты нам — пра Вегу.

Мы яшчэ сварымся з-за прапіскі,

Загрудкі бяромся з-за розных прэмій...»

Кружаць спадарожнікі

З марсіянскім піскам:

«Будучыня блізка!

Будучыня блізка!

Ты — чалавек,

Ты мацней за крэмень».

 

Што ж, калі нізрынуты

Багі і ўся хімерыя,

Даць трэба людзям нешта,

Раўнацэннае багам.

Расшчапілі атам,

Зараз космас мераем

І з зямлі ірвёмся

К зорным берагам...

 

Там, за ліўневымі, за снежнымі,

За вогненнымі вякамі,

Пэўна, будзем здавацца мы смешнымі,

Наіўнымі дзівакамі.

У таемнай і грознай будучыні

Будуць жыць не адны касманаўты.

А булачнікі?

А будачнікі?

А распуснікі і манахі?

Хутка чалавецтва

На зямлі падвоіцца,

Недзе будзе ўпасці

Яблыку разладу.

Дзе падзець грабежнікаў, забойцаў?

Што рабіць нам з ядзернымі складамі?

 

Што нам прынясуць наступныя гады?

Толькі б не сышлася сіла з сілай,

Толькі каб не сталі гарады

Атамнаю брацкаю магілай.

 

Афрыка і Азія

У бядзе крывавай...

Зорная фантазія,

Станавіся явай!

 

Касманаўт

Зямны духмяны хлеб жуе,

Вальсы Штрауса

Паміж зорак гойсаюць...

Толькі б захаваць

Усё найлепшае,

Толькі б пахаваць

Усё найгоршае.

Бо без чалавечнасці

Не будзе і вечнасці.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан