epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Жаданні

Хутчэй бы прыйшла зіма,

Белая і маладая,

З малінавымі маразамі,

Са звонам канькоў на лёдзе

І навагодняй ёлкай,—

Людзі штогод жадаюць.

Хутчэй бы прыйшла вясна

З сонечнымі вадаспадамі,

З блакітнымі навальніцамі,

З шалёным пахам чаромхі

І салаўіным каханнем,—

Людзі штогод жадаюць.

Хутчэй бы настала лета

З бурштынна-густой пшаніцай,

З яблыкамі наліўнымі,

З крымскім вясёлым загарам,

З радасцю школьных вакацый,—

Людзі штогод жадаюць.

А каб восень хутчэй прыйшла

З безнадзейнасцю цёмных дажджоў,

З граззю, з апалым лісцем,

З няспраўджанымі спадзяваннямі

І горкімі ўспамінамі,—

Гэткіх не чуў я жаданняў.

Восень можна лёгка перажыць:

Вернецца вясна.

А вось юнацтва...

Ах, як трэба маем даражыць,—

Здолеў я з тугой пераканацца.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан