epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Закон захавання энергіі

Пераканаўся,

Што ёсць ён, ёсць

Закон захавання энергіі.

Не прападае ні радасць, ні злосць

З пашкуматанымі нервамі.

 

Злыдзень,

Што нашых дзяцей пужаў,

Не страціў паршывай якасці.

А мінскі гнеўны і страшны пажар —

У электрычнай яркасці.

 

І пераможнае наша «ура»

Грыміць і сёння на стадыёнах.

І бессмяротная машкара

Ўецца каля калгасных даёнак...

 

На дыбкі ўстаю

І гляджу праз гады:

Знікне ўсё

І ўсё захаваецца.

Хопіць і радасці, і бяды:

Чалавецтва грашыць і каецца.

 

Рэлігіі знікнуць, як паразіты,

Ды памоліцца некаму

Нехта ў роспачы.

Закон захавання!

І кампазітары

Абсмокчуць

Харалы царквы

Аж да костачак.

 

На могілках быстраходных машын

Чалавек уздыхне з палёгкай.

А прагрэс усміхнецца:

«Не стой, не смяшы,

Купляй верталёт для палётаў».

 

Будзе жыццё прыгажэць і святлець,

Лазер заменіць ракеты, патроны.

А поскудзь

Доўга будзе ўсё тлець

На ціхіх мяшчанскіх нейтронах.

 

Грувасткасць

Электронных сістэм

Паўстане ў мініяцюрным абліччы.

І звышразумная ЭВМ

Майго нашчадка аблічыць.

 

У чорную дзірку, у антысвет

Знікнуць і рак,

і вусны здрадніц.

А новыя вірусы піснуць: «Прывет!»

І здрада — ля новых абранніц.

 

Заместа акул і кітоў перабітых

У акіянах паселяць

Маладажонаў.

І шмат мужыкоў уцячэ на арбіты

Ад распрыгоненых жонак.

 

Тут круціся ці там круціся —

Шчасце ад розуму,

Гора ад розуму...

А ўсё-такі лепей з любімай прайсціся

Сёння

Па цёплай зямлі пад бярозамі;

 

Закасцянеласць песняй прабіць,

Водам застойным

Надаць рухомасць.

Пафантазіраваць, перарабіць

І пераліцца ў новыя формы...

 

А той, хто глядзіць штодня на свой пуп

І нюхае плёткі, як я пралескі,

Выб’ецца ў ствол, у цыбульны пук

І жоўцю сам на сябе пральецца.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан