epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Збаны

А нашы ганчары умелі

Рабіць і міскі, і збаны.

Пад матчынай рукой звінелі

Штодня гліняныя званы.

Амаль на ўсіх малы узор быў —

Знак сарамлівай пекнаты.

У восем лыжак крупнік сёрбаць

Было так смачна з місак тых.

 

Быў геній наш далёкі родзіч,

Што форму вечную знайшоў:

Капелюшы сучасных модніц —

Ад тых гаршкоў і гладышоў...

 

Збаны — ў мастацкіх магазінах,

Іх зараз лепяць мастакі.

Ды цвет не той, не тая гліна,

Іх звон і выгляд не такі.

 

Стаяць на ўсіх сервантах марна,

І малака з іх нам не піць...

Паеду ў Івянец ганчарны,

Мо пашанцуе збан купіць.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан