epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Здараецца, часамі я раблю..."

* * *

Здараецца, часамі я раблю

Не тое, што заўжды рабіць люблю.

 

Я пагарджаў агульшчынай, а сам

Бяздумных вершаў многа напісаў.

 

Бывала, што па радасць я іду,

А там знаходжу здраду і бяду.

 

Я век бязвольных мямляў не любіў,

А сам не раз такім бязвольным быў.

 

Я ад кахання вернага уцёк,

А выпадковы дзед сказаў: «Зяцёк...»

 

Адкрыю раўнадушнаму душу,

А роднаму ад сораму схлушу.

 

Мне кар’ерыст аднойчы спагадаў,

Праз тыдзень дробным жулікам прадаў.

 

Не вартых праслаўлення праслаўляў...

Вось толькі сам сябе не выдумляў.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан