epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Зялёнае гняздо

Неўладкаваны чалавечы дом,

Жывая кропля чорнага сусвету —

Зямля мая,

Зялёнае гняздо,

Адкуль вылётваюць

І птушкі, і ракеты.

 

Тут акіяны звоняць у званы

І дзьмухаюць вятры на пыл пустыняў.

Ды стала гнёздаў менш пасля вайны,

І пушчы не такія ўжо густыя.

 

Ў зямным гняздзе —

Мільярды розных схоў

У небаскробах,

На мікробных пашах,

І ластаўкі —

Пад кожнаю страхой,

І пчолы ў вуллях —

На выгодзе пасек.

 

Разбураныя гнёзды і дамы —

То боль зямлі

І горкі плач сіроцкі.

Жыць і рабіць у шчасці можам мы,

Хоць і прыйшлі ў свет гэты

Без сарочкі.

 

Мы пасажыры і праваднікі

У рэйсах калясонечных

Транзітных.

І вецер вандраванняў нам вякі

Пяе адно і тое ж,

Як транзістар.

 

Напэўна, нам шанцуе на святло

Ў Галактыцы...

Дык гнёзды рамантуйце

І сейце жыта,

Праганяйце зло

І пра зямную смерць не лямантуйце.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан