epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Зялёны Мінск, стары твой сад пасекла..."

* * *

Зялёны Мінск, стары твой сад пасекла

Вайна, але ў адным двары сустрэў

Я выхадцаў з распаленага пекла —

Старыя купы даваенных дрэў.

 

Яны жывуць, і шалясцяць, і свецяць,

Іх цёмная кара ўсмактала горкі дым.

І хочуць расказаць яны пра нешта дзецям,

Але не зразумець іх боль малым.

 

Іду штодня пад вадаспады лісця

Птушыную паслухаць талаку;

Ды абыходжу дрэва, што калісьці

Падпольшчыка хістала на суку.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан