epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Зорны час Беларусі

У век бясконцага прытворства,

І крывадушша, і хлусні,

Мая зямля, ты светлы востраў,

Які ў маленстве толькі сніш.

 

У век крыві, пакут і гора,

Пагроз і атамных ракет

Ты ўзнагарода і апора,

Мой сацыялістычны свет.

 

І сёння ў еднасці адзінай

Паміж сясцёр, паміж братоў

Ты, Беларусь, мая радзіма,

Краса, і гордасць, і любоў.

 

Усе жылі пад перунамі,

Ды найгарчэйшы лёс быў твой,

І ўсе бляднеюць параўнанні

Перад нязломнасцю тваёй.

 

Жывём з братамі ў дружбе добрай,

У працы, як у дні атак.

На землі іншыя падобна

І непадобная, аднак:

 

Сваім Наддзвіннем, і Палессем,

І Белавежаю старой;

Сваёй «Лявоніхаю»-песняй,

Што ходзіць над усёй зямлёй;

 

Сваёй усмешлівай гаворкай

І памяццю сіроцкіх слёз;

Нязгаснаю Хатынню горкай,

Журбою ціхай трох бяроз.

 

І Брэсцкай крэпасцю, і Мінскам...

Ну а калі сказаць прасцей —

Гарачай бульбай, поўнай міскай

Мачанкі для сваіх гасцей...

 

Зямля сардэчная, зялёная,

З-пад партызанскага крыла

Ты Клімука і Кавалёнка

Да зорнай славы узняла.

Самаўлюбёна не хвалюся,

Што любім мы, што любяць нас

Але для роднай Беларусі

Прыйшоў высокі, зорны час.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан