epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Звязаць бы ўсіх, хто прагне новай бойні..."

* * *

Звязаць бы ўсіх, хто прагне новай бойні,

І выселіць і як мага далей.

Вось выспа вам, кароў тут сотні дойных,

Вось луг і плуг і семя на алей.

 

Арыце самі, сейце і гатуйце,

Гуляйце у парламент і бейсбол,

Хлусіце колькі ўлезе, агітуйце

За лад свой і парадак, за разбой.

 

Вырэзвайце дубовыя дубіны,

Атручавайце стрэлы сокам змей,

Сабе збівайце самі дамавіны...

Нядрэнны план для мірных асамблей!

 

О, як заверашчалі б дыпламаты

І сталі б ад нянавісці дрыжаць...

Яны майстры жаваць з усмешкай вату,

Затым зарэзаць праўду без нажа.

 

Яны майстры усё і ўсіх заблытаць,

Яны майстры палохаць і хлусіць.

Ды выбіты цяпер яны з арбіты

Маланкамі, якіх не пагасіць.

 

Мы для планеты толькі міру хочам,

Хоць голас наш яшчэ не перамог,

Забегалі юрлівыя іх вочы,

Манішкі прапацелі ад трывог.

 

Паслоў наглянцаваных бура трэсла.

Ёй не сціхаць. І знае кожны з нас,

Што некаторым з іх у гэтых крэслах

Даводзіцца сядзець апошні раз.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан