epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Жыццё маё...

Жыццё маё, ты — як цягнік бясконцы:

Святло і цень,

То змрок, то светласць рос.

І людзі з-за мільгаючых аконцаў

Не бачаць ні пакут маіх, ні слёз.

Я добра знаю ныцікаў мізэрнасць,

Не страчу моцнай веры

Ад няўдач...

І тапаліны пах, і шорах зерня,

І над труною горкі матчын плач,

І выкрык развітальны паравоза,

І галасы з касмічных караблёў,

І смех дзяцей,

І ворагаў пагрозы,—

Жыццё сваё навек я з вамі сплёў.

Мой белы свет,

Мой свет цяжкі ды мілы,

Я ведаю, як трэба шмат рабіць,

Каб нам было бліжэй, чым да магілы,

Да шчасця і да сонечных арбіт.

Таму крывінкай кожнай ненавіджу

Я раўнадушных,

Чэрствых,

Прагных,

Хіжых,

Якія, каб паболей адхапіць,

Гатовы праўду Леніна забіць.

Гаворыце, што выйшлі вы з народа?

Куды? Чаму?

Якой цяпер пароды?

Я са свайго народа не выходзіў

І жыць да скону буду у народзе.

Мне сорамна народ агітаваць,

Каб людзі больш і больш штодня рабілі,

Мясілі гліну, валуны драбілі:

Ён ведае і сам, як працаваць...

Жыццё маё, ты столькі мела стратаў,

Што на паўстанку ціхім не сысці.

Я перад вамі вечна вінаваты,

Усе, каму нялёгка у жыцці:

Перад калекамі —

За ўсе іх пакуты,

Перад сінімі рэкамі —

За патокі атруты,

Перад птушкамі —

За браканьераў,

Перад памяццю мужных —

За чыёсьці нявер’е,

Перад старымі —

За кніжак убогасць,

Перад маладымі —

За хлусню дэмагогаў.

І я кажу трывожнаму юнацтву:

Жыві і вер, няхай цябе вядзе

Чырвоны сцяг,

Што вылецеў ў Семнаццатым

З сэрцаў найсумленнейшых людзей.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан