epub
 
падключыць
слоўнікі

Пётра з Арленят

Што было і што павінно быць

Адбітка з „Гомана“

I.
II.
III.


I.

Вялізны край — губэрні: Гродненская, вялікшая часць Віленскай, Мінская, Магілеўская, без мала ўся Вітэбская, заходняя палавіна Смаленскай і паўночная часць Чарнігаўскай, ды адзін-два паветы іншых губэрняў (Цьверскай, Сувальскай і іншых) з няпомных часоў заняў белярускі народ. Перад беларусамі ў гэтым краі ніякага народу ня было; баларусы першые занялі яго і жывуць у ім дагэтуль.

У VIII, IX сталецьці і раней, значыцца больш тысячы гадоў таму назад, беларусы мелі сваё асобнае князьства с сталіцай у Полацку.

Былі тады беларусы ўжо хрысьціянямі і мелі манастыры. З манастыроў найбольш вядомы у Тураве і Полацку. Мелі шмат кніг духоўных і сьвецкіх.

Усе гэные кнігі пісаны былі па беларуску, так сама, як і умовы, каторые робілі беларускіе князі з другімі народамі.

Па беларуску гаварылі і пісалі князі, епіскопы і ўсё духавенства.

Беларусы ў той час былі народам дужым, і ня толькі не баяліся сваіх суседзяў: палякоў, расейцаў і іншых, але наадвлрот шчасьліва з імі вялі войны, ды ня толькі з народамі, што гранічылі з Беларусьсю, але і з далёкімі.

Увесь край наш тады быў багатым У нас ужо тады былі вялікіе месты (гарады) Горадня (Гродня), Мінск, Вітэбск, Полацак і Смаленск. Месты гэтые былі багатые і харошые; беларусы праз іх вялі вялік гандаль з заходня-эўропэйскімі народамі.

Пасьля беларусы злучыліся з літвінамі. Сталася адно Літоўска-Беларускае князьства. У ім, як раной у адным беларускім князьстві, ўсё было па беларуску. Па беларуску гаварылі князі, па беларуску пісаліся законы, судзілі і маліліся па беларуску.

Гэта Літоўска-Беларускае князьства такое было вялікае, пекнае і багатае, што аб ім ведаў увесь сьвет. Суседзі лічылі вялікім гонарам зрабіць саюз з гэтым гасударствам. Беларусы і літвіны но нападал без дай прычыны на суседніе народы, не крыўдзілі іх, але і не давалі сябе ў крыўду.

Суседзі нашы палякі баяліся сілы значэньня нашага князьства і рознымі спосабамі стараліся пашкодзіць нам. I вось каб не баяцца беларусаў і каб мець помач проціў другіх сваіх суседзяў, ім рознымі хітрыкамі, наканец, удалося зрабіць саюз між Беларуска-Літоўскім князьствам і Польшчай, пасватаўшы сваю каралеву Ядвігу за вялікага князя літоўска-беларускага Ягайлу (або Ягелу). Ажаніўшыся с польскай каралевай Ядвігай, Ягайло стаўся разам і каралём польскім.

Гэтае злучэньне Беларусі і Літвы с Польшчай было ў 1386 г.

Пасьля злучэньня с Польшчай беларусам прыходзілася выступаць проціў палякоў, бараніцца ад іх, але нашы прэдкі ўмелі ўваходзіць за сваё і не папусьцілі, каб палякі крыўдзілі наш народ. Усё па даўнаму было па беларуску; беларусы развіваліся болей і болей.

Наш народ тады быў натта разьвіты і вучоны ці, як кажуць, культурны. Тые рэчы, якіе тады выраблялі на Беларусі, дорага прадавалі заграніцу. І цяпер яшчэ ёсьць трохі астачы даўнейшага нашага гэнага хараства і багацьця.

Гэная астача, як найдаражэйшы памятнік ёсьць у вялікіх музэях Нямеччыны, Англіі і Франціі. Часамі з гэных рэчаў і ў нас цяпер можна ўбачыць некаторые, як напрыклад шырокіе ў поў аршына, - тканые з золата або срыбра слуцкіе паясы, або арнаты і рызы, а так сама розные другіе ўборы у цэрквах і касьцёлах.

Есьць кніга біблія або пісьмо сьвятое. Гэта кніга натта вялізная. У ёй апісана жыцьцё выбранага Богам народу і жыцьцё, і навучаньне I. Хрыста і Яго апосталаў. Гэтакую вялізазную кнігу выдаць і цяпер яшчэ рэдка хто можэ, бо на гэта патрэбна і вялікай павукі і працы і вялікага кошту. А ў той час, калі мала было машын, гэта справа была вельмі цяжкая. Але баларусы тады з бібліей лёгка справіліся. Перэклаў біблію на беларускую мову беларускі вучоны доктар Скарына с Полацку, а выдалі ў 1517 г. таварыства беларускіх паноў у Вільні і Віленскае мешчанства з бургомістрам Бабічам. Летась 1917 г. быў юбілей выданьня бібліі і беларускіе таварыствы на гэты і на той бок фронту сьвяткавалі гэты вялікі дзень.

Беларуская біблія была надрукавана ня толькі раней за расейскую і польскую, але і раней за нямецкую і францускую.

Пасьля гэтага яшчэ доўга каля 200 г. беларусы не паддаваліся паляком. Палякі заўсёды стараліся шкодзіць беларусам. У умове пры злучэньні Беларусі і Літвы с Польшчай было пастаноўлена, што як пачнецца вайна ў Беларусі або Літвы з якім небудзь гасударствам, дык палякі павінны памагаць беларусам, а калі пачне ваеваць с кім-небудзь Польшча, тады беларусы і літвіны паляком. Палякі гэтай умовы не спаўнялі. Наадварот, як толькі беларусы ваевалі з маскоўцамі (расейцамі), то палякі ў той час стараліся што-небудзь для сябе вытаргаваць ад беларусаў.

Як у Вялікім Князьстве Літоўска-Беларускім мелася быць вялікая вайна з Маскоўшчынай (Расеей), а с паўдня напалі татары, то палякі загразіўшы ад сябе вайной, прымусілі беларусаў і літвіноў згадаіцца у 1569 гаду у Любліне на шкоднае для Беларусі і Літвы цясьнейшае злучэньне с Польшчай.

У 17 сталецьці палякі і польскіе каралі памалу пачынаюць перэцягіваць беларускіх паноў на свой бок, даючы ім прывілеі і аддаючы ім селян (мужыкоў) у паншчыну. Паном падабалася дармавая праца селян і яны памалу перайшлі да палякоў. Шляхта ж, мешчаньне і селяньне асталіся пры сваім беларускім і пачалі ходаньне (барадзьбу) с панамі і палякамі. Вялікшая часьць шляхты, будучы залежнай ад паноў, так сказаць, жывучы с панскай ласкі, пасьля так сама за прывілеі здрадзіла свой народ. Асталіся мешчаньне і селяньне, каторым прышлося бараніцца і ад паноў і ад палякоў. Ведама сілы ўжо цяпер былі ня роўные. Палякі азялі верх і ў 1697 г. было выдано права, што законы павінны пісацца па польску, бо беларускі язык „niedostępny genjuszowi polskiemu“ (гэтак было папісано ў гэным праве). Гэта значыла, што палякі ніяк ня могуць навучыцца па беларуску.

Пасьля гэтага беларуская мова асталася толькі ў царкве і касьцеле.

Беларусы ўжо не маглі так бараніцца ад палякоў, бо селяне былі аддадзены паном у паншчыну і там гаротнічалі, мучаліся за сваю мову, за свой народ і край.

Паны наўмысьля ня вучылі селян граматы, каб тые, навучыўшыся, не пачалі дабівацца сваіх правоў, уваходзіць за усё сваё беларускае. Але калі якому селяніну пашчасьціло вырвацца с паншчыны і ён навучываўся пісаць, то зараз жэ клікаў селян, каб яны дабіваліся свайго роднага, свае мовы і хоць у кайданах не паддаваліся паляком.

Часам селяне паўставалі проці палякоў і паноў і, хоць на кароткі час, заводзілі на Беларусі даўнейшае жыцьцё, вольнае, беларускае. Асабліва вялікае паўстаньне было у 1649 г., калі уся Беларусь паўстала. Усе селяне сталі вольнымі, войскі паўстанцаў мелі шмат гармат і добрае аружжэ. Але пасьля палякі здужалі беларусаў і ізноў вярнулі паншчыну, паўстанцы былі пакараны, асабліва іх кіраўнікі. Гэтак палк. Небаба засуджэны быў у цёмную турму. Ен да сьмерці не бачыў ні сонца, ні людзей і есьці падавалі праз ваконца, каторае было гэтак зроблена у сьцяне, што праз яго сьвету ня было відаць.

Тые с селян, каторые вырываліся с паншчыны і хоць трохі вучыліся, заўсёды казалі, каб наш народ не забываўся свае мовы, бо палякі хацелі, каб нашы людзі, забыўшыся свае мовы, забыліся і не маглі прыпомніць, што яны беларусы і не дабіваліся сваіх правоў і свае волі.

Але як паншчына цягнулася доўга і мужыком трэ было глядзець, каб хоць выжыць да лепшых часоў, то яны стараючыся і думаючы аб адным, каб прынамсі ня згінуць, забыліся, што яны мучаюцца за беларускае, і калі хто с селян станавіўся вольным, то толькі тады браўся за сваё і клікаў братоў сваіх бараніць беларушчыну, калі прайшоў вялікіе навукі і с кніжак старых даведаўся, што мы беларусы, што мы мелі калісь сваё права і волю, былі дужымі і слаўнымі.

Як Беларусь пасьля раздзелу Польшчы падпала пад Расею, то расейцы захацелі скарыстаць с таго, што беларусы ўжо забыліся, хто яны, і перэвярнуць іх у расейцаў. Паншчына была зроблона яшчэ сражэйшай. У 1839 г. цар Мікалай I забараніў у цэрквах і касьцёлах мець набажэнства і гаварыць пропавядзі па беларуску.

У 1861 г. расейскі цар быў змушаны адпусьціць селян на волю. Хоць адпушчаючы селян на волю іх усёж ткі пакрыўдзілі, даючы горшай зямлі і накладаючы на яе вялізазную плату і г. п., але ўсёж такі беларускіе селяне, звольненые ад паншчыны, пачалі вучыцца у школах, хоць і мала ў якіе школы тады пушчалі селян, даводывацца хто яны, пісаць і клікаць сваіх братоў беларусаў брацца за сваё роднае, беларускае, дабівацца сабе правоў і іншае.

Расейскае правіцельства спалохалося гэтага і ў 1865 г. забараніла па беларуску друкаваць кнігі. Тые вучоные беларусы, што хацелі выдаваць беларускіе кніжкі, мусілі уцікаць за граніцу і там пісаць і друкаваць, але кніг гэных расейскае правіцельства у Расею і на Беларусь не пушчало. Гэнакіх людзей, што браліся пісаць па беларуску, тады лавілі, садзілі у турмы і ссылалі у Сыбір. Але ня гледзячы на ўсё гэта, пасьля 1861 г. знайшлося ўжо шмат беларусаў, што пісалі па свойму.

Яшчэ і таму было забаронена друкаваць беларускіе кнігі, каб простые людзі не бачучы кніжкі ў сваей мові і ня водаючы, што гэтые кніжкі друкаваць забаронена, думалі, што іх мова запраўды ўжо такая брыткая, што у ёй і кніжак німа - і назвалі гэту мову „простай“.

У 1905 г., як была рэвалюція ў Расеі, беларусы дабіліся, што ім было пазволено друкаваць кніжкі і газэты на свойму. З гэтага часу пайшлі у нас шырака газэты і кнігі, але беларускіх школ яшчэ ня можна было мець. У школах і далей вучылі па расейку, калечучы нашых дзяцей, кажучы ім, што мова, каторай гавораць іх бацькі брыткая, а тая мова, каторай гаворыць расейскі бурлак — вельмі добрая. Усіх тых вучыцеляў-беларусаў, што заклалі беларускі вучыцольскі саюз і пачалі вучыць на беларуску пасадзілі у турмы або саслалі у Сыбір. I толькі як расейцы уцяклі з гэтай часьці Беларусі, тут можна стала закладаць беларускіе школы, а ў тэй часьці Беларусі, што цяпер пад Расеей стала можна вучыцца па беларуску сёлета пасьля рэвалюцыі, і цяпер там скрозь беларускіе школы.

Яшчэ да сёлетняга году было многа людзей, што працавалі дзеля адраджэньня беларусаў. Сёлетаж, пасьля рэвалюцыі ў Расеі, у Беларусі на той бок фронту усе селяньне, мешчаньне і паны азяліся за сваё беларускае, нават некаторые с паноў вярнуліся да свайго роднага. І ў гэтай часьці Беларусі ідзе беларуская праца. Ужо цяпер ня рэдка чуваць, як у месьці людзі вучоные гаворуць па беларуску і шчыра працуюць у беларускім руху. Але гэтага мала, трэба яшчэ болей працаваць, трэба, каб ня было ніводнага чэлавека, што чураецца свайго роднага.

Цяпер настаў час, калі нам ужо ніхто забараніць ня можэ вярнуць сваё даўнейшае права і волю, зрабіць у сябе усё і усюды па беларуску, зрабіць тое, за што нашы прадзеды мучаліся цэлые сотні гадоу.

 

II.

Але часта людзі бываюць натта дзіўные. Як у 1861 г. асвабадзілі селян с паншчыны, некаторые не хацелі ісьці на волю, кажучы: "штож мы зробім без паноў"? Гэтак і цяпер, калі мы можэм вярнуць свае правы і дабіцца лепшага жыцьця, некаторые з нашых беларусаў с свае цемнаты, або падвучаные і баламучаные непрыяцелямі нашага народу, панамі, што калісь прадаліся паляком і цяпер яшчэ не вярнуліся да свайго роднага, кажуць: «На што гэта беларусы, літвіны, на што гэтых шмат народаў»?

Наш беларускі народ не цяпер паўстаў, але быў спрадвеку, здаўна. Калі казаць на што беларусы, дык можна сказаць на што палякі, расейцы, немцы, французы, англійцы, але мы бачым, што ніхто з гэных народаў гэтак не кажэ, наадварот усе яны дзяржацца свайго роднага. Выступаючы проціў свайго беларускага, нашы людзі ня ведаюць, што гэтым ня толькі робюць вялікую шкоду свайму краю, народу, сабе і сваім патомкам, але і ідуць проціў таго, што падабаецца Самому Богу. Бо Бог стварыў розные народы, бо калі на сьвеце ёсьць многа народаў, то гэтакі сьвет пякнейшы, пякней выглядае і Богу гэтакі сьвет лепш падабаецца.

У праваслаўным псалтыры па славянску пішыцца: "Хваліце Господа всѣ языцы".

Значыцца Бог прыказывае, каб кожны народ маліўся у сваей роднай мове.

Дый нам сьвет больш падабаецца, калі ёсьць на ім многа народаў, пякнейшы гэтакі сьвет. Бо прыраўнуйце да птушак. Есьць розные птушкі пекные і брыткіе, але нехай бы сталася так, што асталася якаясь адна парода птушак, напрыклад, салавей, што так пекна пяе, і людзі сказаліб: "Но, нехай лепш будуць пекные і брыткіе, але каб былі розные, бо з аднэй якойсь хоць- бы найпекнейшай птушкай, натта скучна".

Гэтак Бог стварыўшы розные птушкі, рыбы, розные краскі і розные пароды, — пекны сьвет стварыў. Такі пекны, што с самага яго пачатку чэлавек глядзіць на гэты Божы сьвет, любуецца ім і дагэтуль налюбавацца ня можэ. Дык ня трэба нам перэрабляць гэты Божы сьвет перэкідыва

ючыся ў палякоў, або ў расейцаў, але трэба заховываць тое найдаражэйшае, што сам Бог нам даў, значыцца трэба любіць свой народ і працаваць для свайго народу, трэба любіць сваю беларускую мову, шанаваць яе і гаварыць заўсёды па свойму.

Але можэ хто такі знойдзіцца, што скажэ: „Нехай сабе там і вучоные людзі і паны любяць гэту мову, я не хачу быць беларусам, буду паляком або расейцам». Дык штож вы думаецо ён ужо і стаўся паляком? — Нічагусінкі! Гэта усё роўна, каб напр. конь захацеў канечна стацца бараном, дык ён могбы сабе думаць колькі хочэ, што ён баран, аднак бараном не стаўсяб, але астаўсяб тым самым канём. Праўда, гэтакаму каню за яго дурное жаданьне ня шкодзілаб стацца бараном, як і таму беларусу, што хацеўбы стацца паляком, але нічога ня зробіш, чым яны былі, тым і астануцца, бо ніхто ня можэ зьмяніць род, да каторага належыць.

Але ня толькі, што німа як стаць паляком ці расейцам, але да гэтага і німа патрэбы, але наадварот гэта вельмі шкодна для усяго нашага народу, для ўсяго нашага краю, для усяе Беларусі.

Калі мы будзем любіць сваю мову, свой край і народ, тады і ўсім нам жыць будзе ляпей, бо ўсо будуць глядзець, каб нашага пароду ніхто ня крыўдзіў, бо кожны аддасьць сваю сілу і здатнасьць на карысьць свайго народу, а ня будзе працаваць для нашых непрыяцеляў. Дагэтуль у нас так бывало, што паны, каторые жывуць с працы беларускага народу, аддавалі сваё багацьце не нашаму беларускаму народу, але польскаму. Усё з Беларусі толькі бралі, а аддавалі Польшчы. Дык німа дзіва, што наш край такі бедны.

Усім ведама як беларусы езьдзілі у Амэрыку. Беларус ехаў толькі да брата, свата, бацькі або да знаёмага, дый яшчэ павінен быў мець высеўшы на бераг, ня менш 50 р. Калі-ж хто ня меў сваяка або знаёмага, або 50 р. на Амэрыканскім беразі, дык яго варочалі назад.

А ў Амэрыцэ ізноў, колькі тае бяды с шуканьнем працы!

Але начэй ёсьць у людзей, каторые пілнуюцца свайго.

Украінцы, літвіны і іншые, выехаўшы раней у Амэрыку, не пэракінуліся там да палякоў, як беларусы, але глядзелі свайго, заклалі там свае таварыствы, канторы і цяпер калі едзе у Амэрыку літвін, або украінец, дык яму ня трэба мець ні 50 р., ні сваяка, ні знаёмага; трэба толькі сказаць на беразі, што ён украінец або літвін і яго пашлюць у літоўскую або у украінскую кантору. Там супачыне, яго дагледзяць і знойдуць работу. А страціў работу — ізноў ідзе у сваю кантору.

Бачыце, якая розніца між народам, што любіць і уваходзіць за сваё і пародам, што свайго чураіцца.

Можэ хто яшчэ скажэ: "Трэба для усіх працаваць, а не толькі для беларусаў". Перш наперш, што гэта скажэ вам чэлавек, каторы, запраўды, ня хочэ ні для якага народу працаваць. Народ гэта вялікая сем’я. Каб у сям’і сын якіх небудзь бацькоў сказаў: „трэба каб усім людзём жылося добра, трэба мне працаваць для усіх, а ня толькі для свае сям’і“ і, кінуўшы сваю сям’ю, пайшоў да суседа ў найміты. Але сусед яго так сама мае сваіх сыноў сваіх дачок, мае сваю сям’ю. Каб яго дзеці таксама сказалі, «на што працаваць толькі для свае сям’і, трэба працаваць для усіх» і так сама пайшлі у найміты. Гэтак сталасяб у трэцяга суседа і гэтак далей. Штож з гэтага усяго вышлаб?

А вышлаб тое, што замест працаваць у сваіх бацькоў на сваей гаспадарцы, многа людзей сталі парабкамі у чужых і ім самім сталаб жыць горэй і горэй былоб тым гаспадаркам, на каторых яны працаваліб.

Дык на штож гэта патрэбна? Нехай дзеці кожнай сям’і працуюць для свае гаспадаркі і ўсе гаспадаркі будуць дастатные так сама нехай сыны кожнага народу працуюць для свайго народу і усім народам будзе жыць добра. Дык ня йдзема у найміты да чужых, а працуйма для роднай Беларусі.

Дык ясна, што трэба любіць сваю беларускую мову, песьню, сваіх беларускіх людзей. Ясна, што трэба глядзець, каб нашага краю ніхто ня крыўдзіў. Трэба гадаваць так сваіх дзяцей, каб яны вырасшы не пайшлі у найміты да палякоў, але любілі і працавалі для свайго роднага, а для гэтага трэба закладаць беларускую школу. Закладайце як найболей, нехай ня будзе ніводнага дзіцяці у вёсцы, каторае не хадзілоб у беларускую школу і не пушчайце сваіх дзяцей да польскіх школ, бо у гэных школах зробяць з вашых дзяцей польскіх парабкоў.

 

III.

Кожная вайна прыносіць с сабой штось новае, робіць зьмены. Вайной важуцца лёсы народаў і важуцца не на год, не на два, а на цэлые сотні, а можэ і тысячы гадоў. I чым вялікшая вайна, тым вялікшые бываюць зьмены. Дзеля гэтага пасьля кожнай вялікай вайны творуцца новые гасударствы. Гэтак пасьля Турэцкх войн ўтварыліся Балгарыя, Грэцкія, Сэрбія, Чорнагорыя і Румынія.

Такой вялікай вайны, як гэта, дагэтуль на сьвеце ня было. Дзеля гэтага пасля гэтай вайны утворыцца многа новых гасударств. Гасударствы гэтые новые, як заўсёды, будуць і цяпер утворэны с тых народаў, на зямлі каторых ішла, або ідзе гэта сусьветная вайна.

Траха с самага пачатку вайна была на беларускай зямлі і цяпер трэць (1/3) усходняга фронту праходзіць праз Беларусь. Беларусь цяпер разьдзелена на дзьве часьці, адна часць пад Нямеччынай, другая пад Расеей. Дзеля ўсяго гэтага цяпер пад час мірэньня ёсьць спрэчкі аб тым, як Беларусі жыць далей пасьля вайны. Ведама, што тое, якой Беларусь будзе пасьля вайны многа залежыць ад ваюючых гасударстваў. Але трэба ведаць, што цяпер па ўсім сьвеце ёсьць жаданьне, каб кожны народ меў сабе такое жыцьцё, якога ён сам сабе жадае, ці, як кажуць, ёсьць жаданьне права кожнага народу на самаазначэньне. Праўда з жаданьнем на самаазначэньне не зусім будуць лічыцца розные гасударствы, але ўсёж такі жаданьне кожнага народу будзе мець вялікае значэньне на перэгаворах аб міру. Дзеля гэтага і нам беларусам трэба даць свой голас, каб доля наша пасьля вайны была такой, якой мы хочэм і якая нам патрэбна, а не такой, якую нам захочуць даць людзі чужые.

Дык чагож нам беларусам хацець?

Часам хто с паноў кажэ, што трэба прылучыцца да Польшчы, часам хто, што вярнуцца пад Расею. Іншые ізноў кажуць, што трэба нам мець разам з літвінамі сваб асобнае гасударства, такое, як даўней было. Ведама, трэба выбраць тое, пры каторым народу — селянам будзе жыць найлепей.

Дык разгледзім, калі народу будзе лепей жыцца. Пачнём з Расеі.

Цяпер вайна, цяжка усім жывецца, а нам тут беларусам каля фронту яшчэ цяжэй, дык некаторые, спамінаючы жыцьцё пад Расеей перад вайной і спачатку вайны хацеліб ізноў вярнуцца пад Расею. Дык разгледзім добра, як нам жылося ў Расеі і чаму так жылося, а не начэй.

Расея вялікае гасударства. У ёй жыве многа народаў, каторых расейцы праз доўгі час заваевалі. Ня усім народам у Расеі адналькова жывецца. Расейцам жывецца ляпей, усім жэ іншым не расейцам горэй. У расейскіх губэрнях ужо больш 50 г. як уведзено земства, гэта значыцца школамі, бальніцамі, аптэкамі, дарогамі і інш. сам народ загадывае, а на Каўказе і другіх месцох земства зусім не было. У Беларусі у губэрнях: Вітэбскай, Магілеўскай і Мінскай было з 1912 г. так званае «куртатае» земства, дзе народ меў мала правоў, а ўсё залежыло ад чыноўнікаў, што нашага краю зусім не знаюць і парадкаваць тут ня могуць. А ў 2-х беларускіх губэрнях Гродненскай і Віленскай земства зусім ня было. Дзеля гэтага у нас школы і бальніцы былі горшые як у Расеі.

Нашым адукаваным людзём у сябе дома, на Беларусі занятку цяжка было дастаць, за тое было лёгка дастаць далёка ад сваіх бацькоў, ад роднага краю, гдзесь у Маскве або у Сыбіры. За тое расейцам у нас жылося добра. Яны тут ня толькі з меншай навукай даставалі лепшые урады (службы, заняткі), але і будучы на тым самым урадзе, даставалі вялікшые пэнсіі. Так сама паном тутэйшым, беларускім плацілі меншую пэнсію, як паном маскоўцам (расейцам), што прыехалі да нас з Расеі. Гэта шкодзіла ня толькі людзём адукаваным, але і простым селянам, бо і селяне вучуць сваіх дзяцей, і вучыліб яшчэ ахватней, каб іх дзеці навучыўшыся мелі лепшы занятак.

Уся земля Беларусі: селянская, казённая і панская аброблена мазалістымі рукамі нашага селяніна, змочэна яго потам і крывёй, дык калі гэту зямлю прадаюць, то яна павінна дастацца гэтаму селяніну, а не каму небудзь чужому.

Тымчасам начэй было. У Расеі ёсьць "Крестьянскій банкъ". Банк гэны скупліваў і прадаваў зямлю. У Расеі ён прадаваў расейскім селянам, але на Беларусі не прадаваў беларусам ні праваслаўным, ні каталіком (а калі часам і прадаваў, дык за натта дарагую цану), але выпісываў з Расеі старавераў і аддаваў ім беларускую зямлю за малую плату, яшчэ разлажыўшы яе на доўгі час. Прыпомніце, колькі у вашым павеце ёсць стараверскіх вёсак — гэта усе яны былі пасаджэны на тэй зямлі, што павінна да вас належыць.

Кожны гаспадар прадае тое, што у яго астаецца ад сваей патрэбы і купляе тое, чаго у яго не хапае.

Прадаюць і купляюць нашы гаспадары на кірмашы, на таргу, або проста у сябе дома. Але тое, што нашы людзі прадаюць вывозіцца далёка; так сама часта прывозіцца здалёку тое, што мы купляем. Калі там, у далёкіх краёх даражэй за наш тавар плацяць, дык за яго даражэй плацяць і на нашых таргох і кірмашох. Ведама, даражэй за тавар плацюць там, дзе гэтага тавару німа, або яго мала. Нашы гаспадары прадаюць збожжэ, лён і мяса, (сьвіня, авечкі, куры, гусі). Якраз гэтага самага тавару даволі у Расеі. Дзеля гэтага у Расеі мы можэм прадаваць толькі па нізкой цане.

Чым болей у якім краі фабрык, тым ляпей, бо на фабрыках можна знайсьці заробак. Апроч таго, чым болей прадаецца вырабаў краёвых, тым болей астаецца грошай у краі, значыцца край багацее.

Але фабрыкі могуць быць толькі тады, калі ёсьць каму карысна прадаваць тавары. Каб ня ішоў наш тавар, збожжэ і мяса ў Расею, каб наш народ не багацеў, расейцы устанавілі так плату за перавоз па жалезных дарогах, што калі вязеш з заходу на ўсход (з Беларусі ў Маскоўшчыну), то плаціш даражэй, а калі з усходу на заход (з Маскоўшчыны на Беларусь), то плаціш таней.

Можэ папытаецеся: "Чамуж на Беларусі не прадавалі за граніцу?" Гэтак траха заўсёды і робілі; прадавалі і куплялі тавар заграніцай. Але тут новая штука была: плата за перавоз праз граніцу. Трэба было плаціць вялікае мыта за перавоз праз граніцу, прадаючы і купляючы, дык карысць ізноў малая была.

Нокаторые штучные пагноі (парашкі) ёсьць толькі ў Нямеччыне, але Расея палажыла на іх такое вялікае мыта, што ня было карысьці іх купляць. Усе машыны, у тэй лічбе і найбольш нам патрэбные гаспадарскіе, заграніцай найлепшые, ало мыта на іх мала меней абходзіцца, як самі машыны.

Але можэ скажэце, што гэта ўсё было у царскай Расеі, а цяпер ня будзе. Дык ведайце, што не цару усе гэтые уціскі былі карысны, але усім расейцам, каторые іх і устанавілі. I цяпер пасьля рэвалюцыі гэные уціскі не зьвяліся. Але ня будзем болей гаварыць аб Расеі, даволі гэтых прыкладаў, бо усіх тых крыўд, што зробіла для нас Расея, пе пералічыш.

Цяпер паглядзём, якое жыцьцё беларусам магло быць пад Польшчай. Зусім пэўна, што палякі устанавілі-б тые самые крыўдные правы для Беларусі, як і расейцы. На службу беларусаў мала прымалі б, за усякую працу людзём с Польшчы даражэй плацілі-б, як тутэйшым і гэтым падобна. Толькі тая была-б розніца, што, напрыклад, за перавоз была б вялікшая плата, калі вязеш з усходу на заход, а не з заходу на ўсход, бо Беларусь былаб на усходзе польскага каралеўства. Але найстрашнейшае тое, што палякі хочуць прылучыць Беларусь да Польшчы, каб па беларускай зямлі садзіць каланістаў с польскага каралеўства. Аб гэтым пішуць ў ва ўсіх польскіх газэтах. Не дарма паны так хочуць злучыцца с Польшчай.

Ужо калісь Беларусь была злучэна с Польшчай і беларусы дазналі вялікага зьдзеку ад палякоў. Каб была карысьць злучыцца с Польшчай, дык і літвіны гэтага хацелі.

Паглядзём, ці ня будзе найлепей сваё асобнае беларускае гасударства, свая незалежнасць! Маючы сваё гасударства, мы устанавіліб у ім законы, карысные для нашага краю. Законы выдаваўбы увесь беларускі народ праз сваіх выбраных дэпутатаў. Дзеля таго, што ў нас найбольш селян, дык і законы быліб выданы карысные селянам. Земля былаб толькі для тутэйшага народу. Усе мейсцы, урады, службы займаліб не чужые, але тутэйшые людзі.

Мы ўжо відзелі, што кожны народ адны тавары прадае, а другіе купляе. Прадаючы і купляючы трэба тавары перавозіць з аднаго мейсца у другое, а найтанейшы перавоз морам. Дзеля гэтага мора натта патрэбна кожнаму народу, так патрэбна, што ніводзін народ ня можэ развівацца, ня можэ стаць багатым і шчасьлівым, калі не мае доступу да мора. Гэта ўжо прызнана усім сьветам. Дзеля таго, што кожны народ мае права жыць і быць шчаслівым, цяпер увесь сьвет прызнае, што кожны народ павінен мець доступ да мора.

Дзеля таго, што мы беларусы можым мець доступ да мора толькі злучыўшыся з літвінамі, дзеля таго, што літвіны і беларусы маюць адно гаспадарскае і прамысловае жыцьцё і спрад веку беларусы жылі разам з літвінамі і станавілі калісь адно суцэльнае незалежнае князьства; канечна патрэбна, каб беларусы і літвіны і цяпер утварылі разам адну незалежную дзержаву.



Тэкст падаецца паводле выдання: Вільня. Друкарня М. Кухты, 1918 г. - 24 с.