epub
 
Падключыць
слоўнікі

П'ер Гамара

Любоў ганчара

Шуміць над зямлёю вецер, гоніць перад сабой апалае лісце, маршчыніць свінцовую гладзь сажалкі. Даўно ўжо скінулі сваё залатое ўбранне кусты акацыі. Сумна кружаць над шэрымі барознамі вароны, незадаволена пакрыкваюць, нібы скардзяцца на прыход восені. Віецца, губляецца ў паветры дымок. Прынясі ахапак вінаграднай лазы ды падкінь у печку. Вось ужо і сцямнела. Дрэмле ў хляве жывёла. Сабакі і каты туляцца бліжэй да чалавечага жытла. Добра ў такі час пагаварыць, памарыць... Весела патрэсквае агонь, праганяючы з кухні начны змрок, а на столі, на сценах ажываюць доўгія цені...

Я раскажу табе пра ганчара Відаля. Яго дом зусім недалёка, вунь там, у даліне, за дубовым гаем. Трапіць туды вельмі проста. Пройдзеш па вуліцы, потым па дарозе, што цягнецца паміж сенажаццю і жытнёвымі палеткамі. Там перад самай гарой будзе сцежка, якая вядзе ў дубовы гай. Вось па гэтай сцежцы ты і выйдзеш на прасторны двор. Убачыш там дрывотню, ганчарную печ і доўгі невысокі дом з блакітным фасадам. Гэта і ёсць Відалева сядзіба...

Аднойчы цёплым летнім вечарам на гэтым двары стаяў сам гаспадар. Вакол панавала цішыня. Замерлі ў спакоі птушкі, дрэвы, расліны. Чулася толькі далёкае стракатанне конікаў...

Доўгую дарогу давялося адмераць Відалю, перш чым трапіў ён на родны надворак. Стаяла ўжо поўнач, калі гэты стомлены чалавек у заношаным вылінялым шынялі з'явіўся ў вёсцы. За плячыма ў яго быў рэчавы мяшок. Вёска ўжо даўно спала. У кожным доме былі шчыльна зачыненыя аканіцы. На плошчы пад платанамі Відаль пачуў знаёмыя гукі фантана. Адразу ўспомнілася дзяцінства. Малы Відаль любіў гэтае месца. Бывала, ён садзіўся на лаўцы, заплюшчваў вочы і, нібы зачараваны, слухаў, як спявае, выводзіць сваю бясконцую песню фантан. І здавалася хлопчыку, што не струменьчыкі вады падаюць у чашу фантана, а жамчужынкі, якія сыплюцца і сыплюцца з рук жаночых скульптурных фігур...

Час, здавалася, не крануў гэтага месца. Усё тут выглядала так, як дзесяць - дваццаць гадоў таму назад. І нідзе так лёгка не дыхалася, як тут, пад платанавымі шатамі, ля гранітнай чашы фантана. Відаль спяшаўся дадому, але ўсё ж такі на хвілінку затрымаўся ля гаманлівага фантана і ўдыхнуў у сябе начное паветра. Месячнае святло лашчыла стрэхі будынкаў. Відаль лёгка пазнаваў абрысы царквы, школу, мэрыю, галантарэйную краму мадэмуазель Галі, мясную крамку Феліцыяна, тытунёвы кіёск. Лёгкі ветрык данёс да чалавека знаёмыя з маленства пахі анісу, мяты, кропу і свежага інжыру. У гэтым букеце Відаль з радасцю распазнаваў водар начной расы і пах гліны, які быццам спецыяльна сустракаў і вітаў ганчара...

Ніхто яшчэ ў вёсцы не ведаў, што Відаль быў першы, хто вяртаўся з палону. Ніхто не бачыў, як шыбуе ён цяпер па залітай месячным ззяннем дарозе да сваёй сядзібы. А калі б хтосьці з вяскоўцаў спаткаў яго, то, напэўна, усклікнуў бы: «Відаль! Гэта ты?! Пачакай! Перадыхні, напіся вады! Ты ж так здарожыўся! Давай, брат, пагамонім трохі...»

Але ніхто не выйшаў насустрач Відалю, ніхто не паклікаў яго, і ён ішоў адзін, прыслухоўваючыся да музыкі ветру і стракатання конікаў. Зрэдку ганчар кідаў гаспадарскія позіркі на прыдарожныя палеткі. Сам сабе адзначыў, што зжалі сёлета рана, што лета было гарачае, бо і цяпер яшчэ сям-там на зямлі віднеліся трэшчыны. Кукуруза, вядома, не ўрадзіла, а вось вінаград, напэўна, будзе салодкі. Віна з такога шмат не возьмеш, затое якое гэта будзе віно!..

Усё бліжэй і бліжэй родная сядзіба, родная зямля! Відаль з прыемнасцю адчуў адметны пах жоўтай гліны, якой спрадвеку карысталіся яго продкі...

Па праўдзе кажучы, Марыс Відаль ужо не займаўся ганчарствам і быў звычайным земляробам. А з глінай калі і меў справу, то толькі дзеля забаўкі ці штукарства. Прафесія ганчара перадавалася ў сям'і з пакалення ў пакаленне. Але гэтая традыцыя перапынілася на бацьку Марыса, які памёр у 30-я гады. Зрэшты, і бацьку цяжка было зводзіць канцы з канцамі: хіба мог вясковы рамеснік вытрымаць націск велізарных фабрык. Далёка ішла слава пра бацькавы гаршкі і збанкі, ды толькі ніхто іх ужо не купляў. А слава?.. Што слава, хіба яна накорміць?!.. Стары так і памёр, пакінуўшы пасля сябе даўгі ды аблогі здзірванелай зямлі. І калі Марыс вярнуўся са службы ў вёску, то перш-наперш узяўся за плуг, каб давесці да ладу гадамі не чапаную зямлю. Душа, вядома, прасілася да ганчарнага круга, да гліны, але іншага выйсця не было. І ўсё ж, калі выдавалася вольная часіна, Марыс спрабаваў брацца за любімую справу, і тады ў аднавяскоўцаў з'яўляліся маленькія размаляваныя фігуркі з гліны. Заробак з гэтага быў нікчэмны, а на шыі ў Марыса віселі дзве сястры, хворая маці. (Бедная кабета памерла перад самай вайной.) Таму давялося Відалю надоўга пакінуць сямейную прафесію. Тым часам ён ажаніўся. Жонка разам са сваёй маці пераехала да яго ў «ганчарню» (людзі па-ранейшаму так звалі Марысаву сядзібу, а яго самога - ганчаром). І атрымалася, што назва колішняга забытага занятку стала сямейнай мянушкай.

Жонка Відаля - Адэта - да замужжа жыла з маці ў беднай перакошанай хаціне, што стаяла ў канцы вёскі. Маці з дачкой наймаліся на сезонныя работы. З таго і жылі. Адэта была прыгожая, ладна скроеная дзяўчына. На яе твары вылучаўся зграбны роцік, які вабіў да сябе, нібы спелая вішня. Выразныя цёмна-каштанавыя вочы ўдала акрэсліваліся доўгімі вейкамі, якімі Адэта ўмела намякаць то на сваё какецтва, то на наіўнасць, то на хітрасць. Яе лічылі сур'ёзнай дзяўчынай, хоць сёй-той неяк двухсэнсоўна ўсміхаўся, гаворачы пра прыгажуню Адэту, брунетачку Адэту, ну, тую птушачку Адэту, што жыве ў канцы вёскі, - няўжо вы не ведаеце...

Марыс пазнаёміўся з ёю на вечарынцы. Пасля службы ў арміі пачаў сустракацца часцей і часцей, і хутка ўжо ніхто не сумняваўся, што Марыс-ганчар закахаўся ў Адэту. Ну а яна? Тут ніхто нічога не мог прадказаць. Відаль не вылучаўся ні сваёй прыгажосцю, ні красамоўствам. Высокі, худы, няскладны, здавалася, гэты чалавек пры кожным руху можа раскідацца на часткі. Нехлямяжы, касцісты твар ніяк, вядома, не мог уратаваць гэты партрэт. І тым не менш людзі з сімпатыяй ставіліся да вуглаватага сарамлівага Відаля, цэнячы ў ім адкрытасць, дабрыню і шчырасць. Яму ветліва ўсміхаліся пры сустрэчы: «А, гэта ты, Відаль! Ну як жывецца-можацца? Чуў я, што ты насадзіў новыя вінаграднікі. А ці праўду кажуць, што ты заараў тое поле, дзе некалі была люцэрна?.. Во, гэта, брат, куды лепш, чым губіць час на збанкі ды гаршкі! А вось ажэнішся, то яшчэ весялей усё пойдзе!..»

Неяк вярнуўшыся з вечарынкі, Марыс расказаў сваёй маці, што Адэта згадзілася стаць яго жонкай, калі ён забярэ з сабой і яе маці.

- А чула я ўжо, сынок, ад людзей чула, - з усмешкай сказала старая. - Моцна яна цябе прываражыла, гэтая Адэта...

- Ніхто мяне не прыварожваў, - паспрабаваў апраўдвацца сын.

- Ну што ты, што ты, сынок! Ты ж тут гаспадар, дык і рабі, як сабе хочаш... Але не пра такую жонку табе я марыла... У іх жа ні кала ні двара... Пра пасаг я нічога не кажу, але ж і мы не багацеі...

Чым жа не спадабалася Адэта Марысавай маці? Ніякіх прамых папрокаў да будучай нявесткі ў яе не было. Наўрад ці былі тут прычынай і сякія-такія плёткі, што хадзілі пра дзяўчыну па вёсцы. На самай справе старой хацелася, каб у дом прыйшла багатая нявестка, бо кожны лішні грош ох як быў патрэбен у гаспадарцы. А зямля радзіць не будзе без новых машын, без угнаення, без добрага насення...

Сын настойваў на сваім: гаспадарцы патрэбны таксама і рабочыя рукі, а Адэта з маці працаваць умеюць і любяць.

- Але ж столькі жанчын пад адным дахам, - не здавалася старая, - хіба гэта добра? І невядома, як твае сёстры зладзяць з гэтай Адэтай і яе маці?!

Вяскоўцы нямала жартавалі, калі даведаліся пра заручыны Марыса з Адэтай: «Вось табе і ганчар! Будзе цяпер камандаваць жаночай батарэяй!..»

А Марыс меркаваў па-свойму: старэйшая сястра збіраецца пайсці замуж у суседнюю вёску. Пройдзе час - тое ж зробіць і малодшая. Давядзецца, вядома, падзяліцца з сёстрамі. Ну, а пакуль што ўсе будуць працаваць: на жніве, малацьбе, зборы вінаграду лішніх рук ніколі не бывае.

Згулялі вяселле. Адэта з маці пераехалі ў ганчарню, і для ўсіх пачалося новае жыццё. Злыя языкі пагаворвалі, што Адэта зажурыцца, засумуе ў ганчара, ды пралічыліся. Марыс сам бачыў, як радасна і весела жылося жонцы ў яго вялікім сапраўдным доме. Хіба можна было параўноўваць гэтыя прасторныя пакоі, застаўленыя старадаўнімі шафамі, напіцаванымі посудам і бялізнай, з той перакошанай хаткай, дзе нават мэблю бралі ў арэнду?!. Добра пачувала сябе тут і цешча, якая разам з дачкою старалася ва ўсім дагадзіць сваім новым сваякам.

Так у лагадзе і згодзе прайшло некалькі гадоў. Гаспадарка Відаля набіралася моцы. Добрыя ўраджаі дазволілі сплаціць бацькавы даўгі. Марыс абнавіў свае сеялкі, бароны, плугі, купіў пару дужых быкоў. Як ён і думаў, старэйшая сястра выйшла замуж у вёску, што знаходзілася кіламетраў за дзесяць ад іх. Тады ўсе разам ездзілі на вяселле ў тую вёску. Два дні балявалі. А было гэта ў канцы лета 1937 года.

Часта ўспамінаў той баль ганчар. Перад вачыма паўставала Адэта ў новай прыгожай сукенцы, вясёлы загарэлы твар, доўгія цёмныя валасы, што пагойдваліся ў такт танцу...

- А хто ж яна, гэтая прыгажуня? - пыталіся госці, з захапленнем гледзячы на Адэту.

- Гэта жонка ганчара Відаля, брата нявесты, - чулася ў адказ.

Наслухаўся тады Марыс кампліментаў. Праўда, яго маці гэта трохі насцярожыла. Больш таго, праз некалькі дзён пасля вяселля яна выказала сыну свае сумненні наконт таго, што нявестка занадта шмат танцавала з адным прыгожым маладым чалавекам. Звалі яго Альфонс. Марыс тады не надаў гэтаму ніякага значэння, бо добра ведаў, што маці недалюблівае сваю нявестку. Разумеў ён і тое, што і ў самім вяселлі не ўсё падабалася маці: як-ніяк сястры трэба было рыхтаваць пасаг. І Марыс, не шкадуючы, выдзеліў ёй кругленькую суму грошай. «Сястру аддаём у багаты дом, а з пустымі рукамі туды не пойдзеш», - растлумачыў ён маці сваё рашэнне. А тая разанула:

- Яно-то так, сынок, але сам жа ты з чым узяў Адэту?!

- Ну, я... - паціснуў плячыма Марыс, - у яе ж не было ні бацькі, ні брата...

У хуткім часе Адэта нарадзіла мёртвага хлопчыка. Гэта вельмі засмуціла Марыса. Яму ўсё больш і больш падабаўся яго новы земляробскі занятак, і хацелася, вядома, каб хутчэй нараджаліся ды падрасталі дзеці, каб хутчэй прывыкалі да зямлі. Ажаніўся ён рана і таму меў надзею, што не давядзецца чакаць да глыбокай старасці, пакуль сыны стануць на ногі.

Балюча перажывала няшчасце з нованароджаным і маці Відаля, якая крадком мармытала сабе пад нос: «Во выбраў, дык выбраў сабе жоначку! Дзіця і то нарадзіць не можа!..»

Вядома, часу, каб паправіць бяду, у маладых заставалася шмат, але маці прадчувала, што не дачакаецца ўнукаў. І не памылялася. Памерла яна ўзімку 38-га года. Атмасфера ў доме паступова пачала мяняцца. Гаспадыняй стала Адэта, што само па сабе было натуральна. Ды толькі маці Адэты ўсё часцей і часцей падгаворвала дачку распараджацца самой, што купляць, што прадаваць, што сеяць. Сястра Марыса адчула гэта адразу, але не вельмі спяшалася саступаць новай гаспадыні. Паміж жанчынамі сталі ўсчынацца сваркі, якія, праўда, адразу заціхалі, варта было паявіцца Марысу. Гаспадар адчуваў, што паміж сястрой і жонкай расце сцяна непрыязнасці. Але памірыць іх ён не паспеў. Краіну скаланулі грозныя падзеі: мабілізацыя, а потым вайна. Наваксаваў тады свае боты Марыс і паехаў... І вось цяпер, праз 5 гадоў, гэты чалавек спяшаўся дадому, да сям'і, пра лёс якой ён ужо больш як год нічога не ведаў.

 

* * *

 

Ніколі не забудзе Відаль дзень свайго ад'езду. Адбылося гэта перад самым зборам ураджаю. Шчодрай была ў тое лета зямля. І было ў ёй штосьці агульнае з прыгожай, сакаўной жанчынай. Звісалі долу цяжкія гронкі вінаграду. Яблыні аж патрэсквалі пад цяжарам налітых пладоў. Урадлівая зямля тым летам Марысу нагадвала, вядома, Адэту. Тоненькая, кволая дзяўчынка ператварылася ў самавітую жанчыну. Загар яе моцных рук хораша спалучаўся з залатым колерам першых жнівеньскіх персікаў. Бронзай свяціўся жончын твар. Агонь яе цёмна-каштанавых вачэй страціў сваю першародную свежасць, затое цяпер ён гарэў новым, яшчэ гарачэйшым полымем.

І вось прыйшоў час, калі ўсё трэба было пакінуць: гэтую жонку ў росквіце сваёй прыгажосці, гэтую зямлю з яе небывалымі дарамі, гэтую гаспадарку, куды пакладзена столькі сілы і часу... Праўда, Марыс лічыў, што развітваецца з усім гэтым на некалькі тыдняў, ну сама болей - на некалькі месяцаў. За гэты час нічога не здарыцца з гаспадаркай: жанчыны ўправяцца і без яго...

Раненька ўстаў Відаль у дзень свайго ад'езду. Выйшаў на двор, агледзеў будынкі, занёс ахапак люцэрны трусам, сыпнуў жменю зярнят курам, зайшоў у ганчарню. Даўно ўжо нічыя рука не дакраналася да ганчарных інструментаў. Калісьці іх сабралі і склалі ля сцяны, каб вызваліць месца для кузні і сталярнага варштата. Ганчарны круг пакрыўся слоем пылу. Раней, бывала, Марыс хоць зрэдку ў нядзелю садзіўся за ганчарны круг ды бавіў час, робячы статуэткі, попельніцы, маленькія вазы. Але калі тое было!.. Прафесія продкаў спачатку стала забаўкай, а потым і зусім забылася. Зрэшты, Відаль і не шкадаваў пра гэта. У кагосьці продкі былі пекарамі, у кагосьці - цеслярамі, а жыццё мяняецца, распараджаецца па-свойму, і нічога тут не зробіш... Але чамусьці ў тую, апошнюю сваю раніцу Марыс неяк па-новаму глядзеў на бацькавы інструменты. Які цудадзейны занятак! Бярэш звычайную гліну, месіш, песціш яе, і пад тваімі пальцамі нараджаюцца абрысы вазы, талеркі, фігуркі... І безаблічная гліна ў цярплівых, спрытных руках пачынае гаварыць, спяваць... І чуйнае вуха ўловіць тут галасы продкаў, іх доўгі сказ пра жыццё-быццё... Аднак Відаль мусіў адарвацца ад гэтых мрояў.

Усе яшчэ спалі. Пачынала світаць. Вакол цішыня і спакой. Пачуліся першыя птушыныя галасы...

 

* * *

 

Вось і прыйшоў Відаль да роднага дому. Увесь двор заліты халодным месячным святлом. Лісце яблынь, смакоўніц, бэзу пакрылася дрыготкім срэбраным пылам. Нібы ў сне, глядзеў чалавек на сваё жытло, якое ў гэтую начную пару мела штосьці таямнічае і фантастычнае. Пахла зелянінай і мядовым водарам.

Відаль спыніўся. Прывычным рухам паправіў мяшок і ўсміхнуўся. Вось і ўсё. К чорту цяпер гэты мяшок! Досыць бадзяцца па свеце! Досыць галадаць! Канец прыйшоў чаканню і адзіноце! Войска, лагер, холад, бомбы - усё цяпер засланіў гэты сонны дом!

О Відаль! Твой дом драмаў сабе пад срэбраным месячным святлом, а ты, як заварожаны, не мог адарваць ад яго вачэй. Вінаградная лаза пяшчотна атуліла дзверы, сцены, аканіцы.

Дом спаў. Спалі яго насельнікі. Спалі людзі. Спала жывёла. І ніхто не ведаў, што вярнуўся гаспадар, вырваўся з лап немцаў і стаіць вось цяпер перад родным парогам. Не відно сабакі: напэўна, спусцілі валацугу нанач.

Недзе далёка вохкнула сава. Відаль павярнуўся, глянуў на сцежку, што гублялася сярод дубоў і кустоў акацыі. На зорным небасхіле цьмяна вылучаліся авальныя абрысы вагоркаў. Велізарны месяц спакойна плыў па начным небе. Чалавек глыбока ўздыхнуў і пакрочыў да дзвярэй. Спачатку - быў ён акурат пасярод надворка - узнікла спакуса крыкнуць: «Гэй, дом! Гэта ж я, Марыс! Я вярнуўся!» І тады, напэўна, адчынілася б акно і ён убачыў бы яе, Адэту. Спрасонку тая здзіўлена паглядзела б на гэтага салдата ў лахманах і ўсклікнула б: «Гэта ты?! А божа мой!.. Нарэшце!..»

Але Відаль вырашыў пачакаць. Захацелася пагладзіць шурпатыя дошкі дзвярэй, дакрануцца да невядома калі зробленай клямкі. А потым ён пастукае і пакліча Адэту. Вось тады над яго галавой сярод пахучых гронак вінаграду скрыпнуць завесы і адчыніцца акно...

Ад дзвярэй яго аддзяляюць толькі дзве каменныя прыступкі. Запахла прэлым сенам і энаёмым хатнім дымком. Зноў пачуўся глухі савіны крык. Відаль пагладзіў далонямі сцяну роднага дома... Пастукаў у дзверы. Там, за дзвярыма, былі шырокія сені, выкладзеныя чырвонай патрэсканай пліткай. Яшчэ раз пастукаўся, падаў голас:

- Адэта! Гэта я, Марыс...

Прыклаў вуха да дзвярэй. Цішыня. Ніякіх прыкмет жыцця. Дома нікога не было.

Але Відаль усё стукаў і стукаў, крычаў... Гучна аддаваўся ў начной цішыні яго хрыпаты голас... Нарэшце чалавек замоўк і сеў на парог. У апошнім пісьме жонка пісала, што ўсё ідзе больш-менш добра. Але з таго часу мінула больш як год. У тым пісьме жонка расказвала яшчэ, што малодшая сястра замуж пакуль не збіраецца, што ў сорак другім прадалі яны быкоў, бо не хапіла кармоў. Загінулі тады і вінаграднікі, таму што не ўдалося дастаць купарвасу... Каму тады жылося лёгка? Бяда не мінала нікога. Хапіла гора і жонцы, і цешчы, і сястры...

Відаль яшчэ раз падаў свой голас, каб зноў пераканацца, што дома нікога няма. Устаў, падышоў да хлява, паспрабаваў адчыніць дзверы. Яны былі замкнёныя. Чалавек успомніў, што ключы заўсёды хавалі пад цаглінкай каля калодзежа. Вось і калодзеж. Высокая лебяда, крапіва надзейна маскіравалі тайнічок, дзе Відаль знайшоў тры заржавелыя ключы: ад хаты, ад хлява і ад майстэрні.

Чалавек задумаўся, пачаў прыкідваць, што магло здарыцца, куды падзелася сям'я. Раз жанчыны сышлі з дому - значыць, былі на тое прычыны. Сястра, можа, выйшла замуж, а жонка з маці пераехалі ў сваю хату... Але чаму? Можа, тут было небяспечна заставацца? Немцы? Партызаны?..

 

* * *

 

Марыс адамкнуў дзверы і зайшоў у дом. Усё пераканаўча гаварыла, што тут даўно ніхто не жыў: кругом пыл, цвіль, беспарадак, цяжкі непрыемны дух. Спачатку ён падумаў, што, можа, тут пабывалі зладзеі. Але не, здаецца, нічога не ўкрадзена. Адчыніў шафу: адзежа, бялізна на месцы, толькі бялізны чамусьці стала менш... А напэўна, сястра, выходзячы замуж, забрала сваю долю. На месцы быў яго шлюбны касцюм, пара старых штаноў, абутак. Ложак не засланы. Пабітая на дзіркі коўдра валялася на матрацы... Вось толькі нідзе не было відаць жончыных сукенак, спадніц, кофтачак. Зніклі статуэткі, што стаялі на камодзе. Над ложкам заўсёды вісела вясельная фатаграфія. Цяпер яе там не было. Яна валялася на пыльнай падлозе. Шкло ў рамцы пабілася.

Відаль прайшоў на кухню. Адчыніў акно, каб хоць трохі асвяжыць паветра. Сеў за старасвецкі стол, закурыў і задумаўся. Доўга нерухома сядзеў гаспадар. Вось ужо першыя сонечныя промні асвяцілі пагоркі. Як жа не хацелася ісці ў вёску. І дарэмна ён сябе пераконваў: «Дурань! Які я дурань! Была ж нейкая прычына. І, напэўна, сур'ёзная...» Баяўся Відаль, што выйдзе ён з дому, сустрэне каго з аднавяскоўцаў, а той сумна ўсміхнецца, паківае галавой ды скажа: «Вось як бывае, дарагі Відаль... Не пашанцавала, брат, табе...»

 

* * *

 

А між тым так яно ўсё і выйшла. У першай жа хаце, куды трапіў Марыс, яму расказалі ўсю горкую праўду. Гаспадары чакалі, не маглі дачакацца з фронту свайго сына і з несхаванай радасцю спаткалі Відаля.

- Сядай за стол, дарагі! Ты ж, пэўна, не снедаў. Трэба было ноччу адразу да нас і заходзіць. Ты, брат, самы першы, хто адтуль вяртаецца. Паслухай, а ў Тулузе ты доўга быў?

Відаль растлумачыў, што да Тулузы ён не даехаў, сышоў з цягніка раней, бо хацеў як мага хутчэй дабрацца дадому, трохі пад'ехаў на машыне, а потым ішоў пехатой.

Дзядзька Дзюплян - так звалі гаспадара - схіліў сваю сівую галаву над кубачкам цемнаватай гарачай вадкасці, якая тады, пасля вайны, была за каву, і пачаў свой нетаропкі расказ.

У вёсцы хутка зразумелі, што згоды ў доме Відаля няма. Асабліва гэта стала відаць пасля ад'езду Марыса. Адэта з маткай цалкам узялі ўладу ў свае рукі. Нанялі хлопца-падлетка, каб лягчэй было ўпраўляцца з гаспадаркай. Той, аднак, доўга тут не затрымаўся, і неўзабаве ў доме з'явіўся сталы мужчына. Вось тады і папаўзлі па вёсцы чуткі. Справа ў тым, што парабкам аказаўся той самы Альфонс, з якім калісьці вытанцоўвала на вяселлі Адэта. Па праўдзе кажучы, вяскоўцы не вельмі памыляліся, бо ў хуткім часе Альфонс і Адэта ўжо нават не рабілі сакрэту з таго, што жывуць як муж з жонкай. Маці, вядома, ва ўсім падтрымлівала Адэту. А вось жыццё Марысавай сястры стала невыносным. Аж да сорак трэцяга года пакутавала дзяўчына, пакуль не вярнуўся з палону яе жаніх і яна выйшла замуж. Пра замужжа Відаль нічога не ведаў: жонка ў пісьме ні словам не абмовілася пра гэта. Магчыма, сястра сама яму пісала, ды дзе тыя пісьмы маглі адшукаць яго, калі Марыс працаваў то на заводзе ў Гамбургу, то на ферме ў баўэра, то зноў на заводзе і год з гакам ніякіх звестак пра сям'ю не меў...

- Ды ты еш, еш, - казаў стары Дзюплян, падкладваючы Відалю вяндліну, закручаную ў марлю. - Хавалі ўсё сыну, але якая цяпер розніца... Бяры ды рэж...

Відаль механічна жаваў і слухаў гаспадара. Той паспеў ужо выпіць пару шклянак віна, і язык яго патроху развязваўся.

- Так што сястра твая малодшая ніводнага дня з мужам у ганчарні не заставалася. Адразу і паехала. І цяпер ужо ніхто не замінаў тваёй жонцы. Якая ганьба!

Стары адкашляўся і казаў далей:

- Ганьба не табе, Марыс, а ёй! Ты, бедалага, пакутаваў там, а яна сабе прыгрэла гэтага Альфонса. Колькі разоў я ўсё збіраўся зайсці туды і сказаць усё, што было ў мяне на сэрцы. Ды як ты пойдзеш... У кожнага свой клопат, свая бяда. Балела ў мяне душа, брат, гледзячы на ўсё гэта. Я ж цябе з маленства ведаю і з бацькам тваім сябраваў. А тут, такі сорам!.. Пэўна, і яны адчувалі, што робяць не па-людску, бо ў вёсцы амаль не паказваліся. Гэта ж трэба, жонка палоннага і да чаго дакацілася!..

Відаль задуменна паківаў галавой:

- Вось яно як... Што тут цяпер гаварыць... Такіх, як я, нямала вайна нарабіла...

- Хіба гэта апраўданне - вайна, - перапыніў яго стары. - Бачыш, як яны цябе сустрэлі!..

- А чаму яны ўсё ж такі паехалі з ганчарні?

- Ведаеш, неяк прыехала да іх твая старэйшая сястра з мужам. Ну, і тады, напэўна, распуснікі пачулі ўсё, што пра іх думаюць людзі... Ды хоць каб талковы чалавек быў... А то гэты Альфонс, гэты гультай і няўмека... Дык гэта... я казаў, што прыехала ў ганчарню твая старэйшая сястра. Што яна ім гаварыла, я не чуў, ды толькі праз месяц Адэта з Альфонсам, забраўшы сякія-такія пажыткі, паехала. Кажуць, што ў Тулузу. А так яно ці не - казаць не буду. Чуткі ўсялякія пра іх ходзяць... Я, брат, плётак не люблю і кажу толькі тое, што сам ведаю... Дом твой, дзякуй богу, на месцы, зямля на месцы, адно была б сіла...

Нізка апусціў Відаль сваю галаву і горка заплакаў. Стары Дзюплян змоўк і толькі пакусваў вусы. Гаспадыня завіхалася ля пліты...

 

* * *

 

Вось так і пачаў Відаль-ганчар сваё самотнае пасляваеннае жыццё ў пустым закінутым доме. Адзін: ні сабакі, ні каровы, ні курыцы ў двары. Добра, што хоць птушкі не цураліся яго сядзібы...

У першыя дні часта сюды наведваліся суседзі: баяліся, каб чалавек не зрабіў з сабой чаго благога. Той запросіць да сябе ў госці, той проста пагаворыць, і Відалю патроху адлягала на душы. Ачнуўшыся ад цяжкага ўдару, Марыс пачаў памалу працаваць: паправіў плот, доўга корпаўся на градах, дзе буяла крапіва з лебядою.

Калі хто з вяскоўцаў падыходзіў да Відаля, ён спакойна вітаўся, не хаваючы сваёй сумнай усмешкі. Здавалася, ганчар змірыўся са сваёй доляй, хоць упартая памяць зноў і зноў раніла сэрца, калі ў думках вяртаўся ён да свайго даваеннага жыцця...

Стары Дзюплян прывёў яму сабаку, а таксама даў некалькі курэй і пару трусоў. Тым часам вярнуўся з вайны Дзюплянаў сын, і цяпер стары мог часцей заходзіць у ганчарню.

Прыязджалі да Марыса абедзве сястры. Але што маглі яны дадаць да расказу Дзюпляна?! Адэта кінула яго. Паехала сабе з другім. І пра што тут больш гаварыць?! Жонка - кабета маладая, прыгожая, гарачая. Надарыўся чалавек - вось і не стрымалася! Не такую, мусіць, трэба было выбіраць сабе жонку. Не раз успамінаў Відаль матчыны словы пра тое, што Адэта - не надта надзейная дзяўчына.

- Нічога ты яшчэ не страціў, - супакойваў Марыса стары Дзюплян. - Ты яшчэ малады, здаровы. Маеш гаспадарку, маеш зямлю, а гаспадыню сабе знойдзеш...

Відаль толькі паціскаў плячыма, і ніхто не мог здагадацца, як ён сам глядзеў на сваю будучыню. У вёску ён прыходзіў рэдка. Булачнік тройчы на тыдзень завозіў яму хлеба, а масла, соль і іншую дробязь прыносіла Дзюплянава жонка.

Цяпер ганчар працаваў на гаспадарцы з нейкай прыглушанай зацятасцю. Дзюплян пазычыў яму быкоў, як мог сам памагаў.

- Вось і добра, Відаль, - казаў задаволена стары. - Праз год ты, брат, станеш на ногі. А там і пра новую сям'ю трэба будзе думаць. Перш-наперш аформіць развод...

Стары Дзюплян не вельмі здзівіўся, калі заўважыў, што Відаль не-не ды і замыкаўся ў майстэрні: рамяство продкаў клікала да сябе. Сусед добра ведаў, што Марыс і раней часам забаўляўся з глінай. У сябе дома ён меў добры дзесятак смешных фігурак, зробленых Відалем. Гэта былі то сяляне на кірмашы, то п'яніца, які з пяшчотай пагладжваў недапітую бутэльку, то спакуснік-д'ябал. Ніхто не сказаў бы, што гэтыя фігуркі былі вельмі зграбныя і дасканалыя, але ў іх дыхала само жыццё і створаны яны былі дасціпным, назіральным майстрам.

Аднойчы ў нядзелю пасля абеду стары Дзюплян ціхенька зазірнуў у майстэрню і застаў Відаля за работай. Той стаяў спінай да ўвахода і над нечым шчыраваў. Калі стары зусім блізка падкраўся да Марыса, той здрыгануўся і паспешліва засланіў сабой сваю работу. Стары не звярнуў на гэта ніякай увагі.

- Забаўляешся, - усміхнуўся ён. - Ану, што ты тут нам наляпіў?..

- А так, нічога такога, - прамармытаў Відаль.

- Ага, галава... Значыцца, за скульптуру ўзяўся...

І тут старому цюкнула, што яго жартаўлівы тон зусім не да месца: ён пазнаў галаву Адэты. Той самай Адэты, якая здрадзіла і пакінула ганчара.

Стары сумеўся і выйшаў следам за гаспадаром на двор.

 

* * *

 

Бедны Відаль, кахаў, па-ранейшаму кахаў ён сваю Адэту. Воблік каханай мроіўся яму то ў пустых пакоях, то ў акне асірацелай кухні, дзе залатыя сонечныя промні лашчылі яе прыгожыя аголеныя рукі. А нядаўна знаёмы авальны твар сустрэў яго ля ўвахода ў сад, пад таполямі. Доўгімі бясконцымі начамі не раз бачыў Відаль, як у цемры вырысоўваўся жончын сілуэт. Яе густыя мяккія валасы спадалі да самых плячэй. Ён працягваў рукі, і здавалася, ужо дакранаўся, гладзіў яе валасы, адчуваў, як дрыжаць пад пальцамі яе гарачыя плечы... Але раптам навальваўся нейкі чорны змрок і дарагі сілуэт знікаў...

Так, Відаль кахаў сваю Адэту, але нікому, нават дзядзьку Дзюпляну, не адважваўся расказаць пра сваё каханне. Не ад цяжкай хлебаробскай працы, якой цяпер цалкам аддаваўся Відаль, балела яго сэрца. Душа стагнала ад непапраўнай страты. Які б стомлены ні клаўся спаць Марыс, ноччу яго зноў і зноў чакаў знаёмы прывід. І новыя пакуты...

- Бяры ты, брат, развод, - усё часцей раіў стары сусед, - ды жаніся. І зажывеш так, што яшчэ ўсе зайздросціць будуць...

Відаль маўчаў, а ў глыбіні душы думаў: «На свеце ёсць толькі адна-адзіная жанчына, якую я не забыўся і не забуду ніколі...»

Неяк надвячоркам ён рашучым крокам зайшоў у майстэрню. «На гэты раз начны прывід на ўцячэ ад мяне, - паўтараў сабе Відаль, - досыць з мяне зданяў і сноў...»

Вось рукі дакрануліся да гліны, і душэўны спакой пачаў авалодваць Марысам. Спакой гэты ішоў не ад сытай самазадаволенасці, а ад цвёрдай перакананасці, што цяпер-то яму ўдасца стварыць вобраз той, хто стаў прычынай яго нуды і няшчасця.

І вось пад умелымі пальцамі сталі нараджацца плечы, шыя, валасы, авал твару... Нястомна, рупліва працаваў Відаль. Часам ён адыходзіўся назад, заходзіў справа, злева, прыглядаючыся да кожнай драбніцы, потым зноў вяртаўся і схіляўся над сваёй скульптурай. Аднойчы вусны яго так блізка апынуліся ля вуснаў каханай, што толькі пах гліны прымусіў яго апамятацца і ўстрымацца ад пацалунку...

У тую самую нядзелю, калі стары Дзюплян знянацку зайшоў у майстэрню, Відаль перанёс гліняны бюст у свой пакой. Цяпер гаспадыня зноў была з ім. Цяпер ніякі змрок, ніякая цемра не зможа адабраць яе... Асабліва любіў Відаль глядзець на сваю працу вячэрнім прыцемкам, калі гліна страчвала свой бязлікі колер. І тады здавалася яму, што скульптура ажывае і па яе жылах цячэ цёплая кроў, а ўсярэдзіне б'ецца чалавечае сэрца...

Вось так амаль забыты занятак продкаў вярнуў да жыцця яшчэ адно чалавечае сэрца. Пакаленні Відаляў ляпілі з гліны гаршкі ды міскі і, пэўна, не здагадваліся нават, што гэтая ж гліна валодае яшчэ і жыватворнай сілай.

Бывалі, аднак, моманты, калі Марыс, нібы адыходзячы ад сну, разважаў так: «Ды што ж гэта са мной робіцца? Няўжо я трачу розум? Па вёсцы ж можа пайсці погаласка, што гэты ганчар зусім з глузду з'ехаў, жыве сабе з глінянаю фігурай і ведаць нікога не хоча... Стары Дзюплян, відаць, праўду кажа... Няўжо я не магу сабе знайсці другую жонку, раз першая... Адэта... Дзе яна?.. Чаму ні разу не дала пра сябе знаць? Трэба ж неяк паставіць апошнюю кропку ў нашых адносінах...»

І ён зноў паварочваўся да скульптуры. Яна жыла. Відаль у роспачы хаваў свой твар у далонях і горка плакаў. «Як жа я яе кахаў і цяпер кахаю, божа мой...» - чулася ў цемры...

Ніхто, акрамя старога Дзюпляна, не бачыў тае скульптуры. І невядома, захаваў яе Відаль ці не. Але несумненна, што была яна прыгожая і мела падабенства з Адэтай. Сёй-той, вядома, можа засумнявацца ў гусце старога. Як бы там ні было, а ён пазнаў Адэту і яе валасы, яе губы, яе вочы... Што ж, Відаль помніў кожную рысачку сваёй жонкі і здолеў стварыць яе цудоўны скульптурны партрэт...

Бачыш той дом у даліне, за дубовым гаем. Гэта і ёсць ганчарня. Спрадвеку жылі там ганчары Відалі. Іх збаны, талеркі, вазы ты знойдзеш тут у кожнага. Але ці ведалі, ці гадалі продкі Марыса, што яму будзе наканавана самім лёсам укласці сваё сэрца ў гліняны бюст. Бо разумееш, тое чалавечае сэрца, што білася ў скульптуры, было яго, Марысава, сэрца. Стомленае сэрца пакутніка...

Ды толькі...

 

* * *

 

Спакойная летняя ноч стаяла над зямлёю. Па небе зноў плыла поўня. Аднекуль данёсся пранізлівы крык савы. На досвітку ўсхадзіўся вецер. Да самага золку ўсё глядзеў і глядзеў Відаль на сваю скульптуру. Акно было расчынена насцеж. Гукі ночы ўліваліся ў пакой. Вось-вось зоймецца зара. Зашапацела лісце, і Марыс адчуў свежы подых паветра. Недзе з боку саду заварушылася ад ветру кукуруза. Калі вецер гуляе ў кукурузе, заўсёды здаецца, што там нехта ходзіць. Відаль прыслухаўся. Так, вецер...

Пачынала світаць. Ужо можна было разгледзець абрысы плота і змейку-сцежку, што вядзе ў вёску.

І толькі цяпер сон падступаўся да ганчара. Цэлы дзень без перадышкі працаваў ён у полі, а заснуць вось усё не мог, усё думаў, успамінаў сваю Адэту, углядаючыся ў яе скульптурную выяву. Але стома ад працы, перажыванняў брала сваё, і ўжо набліжаўся момант, калі Відаль пакладзе галаву на падушку, вольна раскіне рукі, а вочы заплюшчацца самі...

Ад ветру шамацела лісце, парыпвалі веснічкі ў плоце, варушылася кукуруза... Ды не!.. Ад якога ветру?!. Хтосьці ішоў па надворку... Відаль падышоў да акна... У золаце першых сонечных промняў ён убачыў твар сваёй жонкі. Жывы твар! Гліна ажыла?! Пры чым тут гліна?! Тая, што ішла, была сапраўдная, жывая Адэта! Вось яна спынілася насупраць акна і глядзіць на Відаля.

- Гэта ты! Ты! - толькі і змог прашаптаць чалавек і кінуўся да дзвярэй...

Цяпер ён абдымаў рукамі жонку, чыё сэрца білася разам з ягоным. Ён нічога не пытаўся... Яна вярнулася на покліч яго верных рук.

Бачыш той дом у даліне, за дубовым гаем. Гэта дом ганчара Відаля, дом яго кахання і любові...



Пераклад: Леанід Казыра

Беларуская Палічка: http://knihi.com