epub
 
падключыць
слоўнікі

Платон Галавач

Уцякач

Паўлу Голубу, - адчуваў ён гэта з кожным днём усё больш і больш, - рабілася страшна. Думкі былі толькі аб адным - аб смерці. Ці то ён успамінаў далёкі дом, маці, працу ў полі, ці то сваё маленства, - усё гэта зараз жа перапляталася з думкай аб тым, што яго кожную хвіліну могуць забіць, і ўсё адразу знікала, прыемныя думкі і вобразы ўспамінаў беглі прэч, заставаўся адзін толькі страх.

Голуб добра памятае, як ён упершыню адчуў гэты страх.

Ляжалі ў акопах, стралялі. Страляў і Голуб. Цэлы дзень поўзалі па лініі акопаў весткі, што з левага крыла ёсць шмат забітых і параненых.

Але Голуб іх не бачыў, не ўяўляў, і гэта не палохала. Удзень здалёку падпаўзалі думкі пра дом, пра родных, але зараз жа знікалі. Думкі тупелі ад страляніны. Ноччу ж было спакойна і ад таго трывожна. Чакалі яшчэ большай страляніны назаўтра. І ён у гэтую ноч асабліва чакаў дня. У чаканні трывожным сцягнулася кароткая летняя ноч.

Пачало развідніваць. Наўкола было ціха. Ніводнага гуку, ніводнае прыкметы вайны, небяспекі. Хвілінамі здавалася Голубу, што гэта так сабе зайшлі яны ў далёкае поле і ляжаць на зямлі, адпачываюць; здавалася, што вось-вось узнімуцца хутка, абтрасуць з шынялёў пясок і пойдуць кудысьці да людзей.

Драмалася.

А як толькі неба зусім прасвятлела і ўсход задрыжэў блізкім полымем сонца, Голуб адчуў сябе лепей, вальней заварушыўся ў сваёй ямцы і, не паднімаючы галавы, глянуў на таварышаў. Недалёка ад яго паварушыліся яшчэ двое, усміхнуліся насустрач.

- Па вадзічку збегаем.

Крокаў трыццаць да ручайка. Двое падняліся з ямак і з рогатам пабеглі з кацялкамі. Вось, бачыць Голуб, яны нахіліліся ўжо над вадой, мыюцца і ўсё чагосьці рагочуць. Ужо заўважыў іх камандзір і крычыць, каб паўзлі ў акопы. Маладзейшы махае камандзіру рукой, паказвае на кацялок. Потым яны зачэрпалі ў ручайку кацялком вады і, сагнуўшыся, пабеглі да акопаў. Ужо зусім блізка. У гэты момант пачуўся глухі стрэл уперадзе, за ім глухі выбух. На Голуба сыпанула пяском. Цэлая гара пяску і дыму ўзнялася недалёка ад акопаў, дзе былі двое, і захавала іх. Калі растаў дым, усе ўбачылі: старэйшы - скурчаны, з разарваным целам і ў лахманах ад падранай шрапнеллю вопраткі, ляжаў нерухомы. Малады падняўся, сеў і, пазіраючы шырока раскрытымі вачыма на таварышаў, пачаў запіхваць у жывот выварачаныя кішкі. Жывот прарвала. З жывата бегла кроў. Замазанымі ў кроў рукамі ён пхаў кішкі ў жывот, абціраў з твару пот, пакідаючы на ім кроў, а кішкі зноў выпадалі. Гэта было ўсяго некалькі секунд, а ўсім здалося, што вельмі доўга. А калі, знямогшы, спужана і крыва ўсміхнуўшыся ў бок таварышаў, ён апусціў рукі і аблёг на зямлю, яшчэ некалькі секунд усе глядзелі, быццам акамянелыя. Потым да параненых папаўзлі санітары. Голубу зрабілася да балючасці страшна і крыўдна. Ён уздрыгануў.

- Як страшна. І не думалі яны...

На яго словы паварушыўся сусед.

- Не ўсцерагліся...

Гэта Мушка, добры знаёмы Голуба, малады, прыгожы. Мушка ляжаў патыліцай на зямлі. Ён быў вясёлым хлапцом і падабаўся Голубу сваімі размовамі аб людзях, аб жыцці.

Зараз Мушка ляжаў нерухома і раскрытымі вачыма, светлымі, як само неба, пазіраў угору, - мусіць, марыў. Голубу хацелася пасля бачанага пагаварыць з Мушкай. Ён не стрымаўся.

- Такі дзень! Рабіць бы што-небудзь, араць, дый касіць ужо час, а мы тут. І вось так дарэмна гінуць людзі...

- Не дарэмна. Трэба сцерагчыся, а гінем не дарэмна. Самы раз касіць ужо. А хіба не касілі б, каб не яны, каб не белыя? Э-эх! Хутчэй бы прыкончыць, - тады б пайшлі і касіць, і араць... І не падобна зусім, што мы на вайне, на фронце, - каб не забітыя, - нібы на начлезе спім... Як ты думаеш, пасля гэтых белых знойдзецца яшчэ хто-небудзь супроць нас? Ім самі ангельцы дапамагаюць. Калі іх падоляць, мне так здаецца, не асмеліцца другі лезці?..

І сам адказаў на свае словы.

- На нашу галаву хопіць іх. Гэтага паб'ём - другому дапамагаць будуць. Пакуль усіх не пераможам, не араць нам спакойна, не касіць. Та-ак.

А Голубу хацелася другога.

- Навошта гэтая вайна? Якая ім справа да нашых парадкаў. Нам яны падабаюцца - добра, па іх мы і будуем жыццё, а калі вам не да густу - не трэба. Мушка, ці хацеў бы ты дадому?

- А ты хіба не хочаш? Хацець адно, а ці можна?

- А чаму? А каб уцячы? Хіба мала ўцякае?

Мушка павярнуўся тварам да Голуба, глянуў на яго моўчкі, зноў лёг, як і раней, і дадаў:

- І я жыць хачу, працаваць, але каб гэта можна было зрабіць, трэба наперад кончыць з белымі. Куды ўцячы? Ты ўцячэш, я, за намі другія, а яны следам - і зноў на шыю сядуць. Кончыць трэба, потым дадому... Скінуў бы ўсё, у аднэй кашулі выйшаў бы ў поле, зямля дрыжэла б! Зямлі ў нас зараз во-о, ад паноў адабралі... камуну сваю арганізавалі б і жылі...

Гаворачы аб камуне, Мушка захапляўся сваёй гаворкай, цвёрда верыў у тое, што гаварыў. Ён без кніг, з чужых слоў і сваіх думак намаляваў сабе чароўны вобраз жыцця ў камуне і, гаворачы аб сваёй камуне, зачароўваў і другіх.

- ...Сталі б сотняй адзін за другім з плугамі - і адразу гоні ўзараныя, па баразне - і гоні...

- А ў нас аб камуне не ведаюць.

Змоўклі.

Мушка зноў па-ранейшаму пазіраў у блакітны прастор неба і марыў аб камуне.

А неба ўсё болей святлела. Нябачным полымем дыхаў усход. Ціха адпаўзла на захад цёмнаю хмараю ноч. Ціха плылі ў галаве Мушкі і Паўла думкі, думкі мірныя - пра дом, пра работу.

Прарваўся з-за небасхілу першы прамень, пырснуў золатам святла па полі. Спераду гукнуў адзінокі вінтовачны стрэл - і зноў усё ціха. Голуб пазіраў на Мушку. Той таксама ляжаў нерухома, як і раней, яго шырока расчыненыя вочы спакойна пазіралі ў навіслы над ім блакітны прастор. А па яго аброслым рэдкімі валасамі твары паўзла буйная, яскрава-чырвоная на сонцы казяўка; расцягнулася шнурком, дапаўзла і скокнула ў чырвоную росную мураву. І нават не ўздрыгануў Мушка. Голуб бачыў гэта і спачатку не зразумеў, не мог зразумець. ён моўчкі чакаў. Потым штурхануў суседа ложаю стрэльбы, але той і не варухнуўся. А вочы бачылі, як па шчацэ яго паўзлі шнурком чырвоныя казяўкі і скакалі ў мураву. Зрабілася страшна. Голуб чуў, як па скуры забегалі халодныя казытлівыя мурашкі, самі заляскалі зубы, пачалі дрыжэць рукі. Ён адвярнуўся ад суседа, нешта сам сабе зашаптаў.

З гэтай пары зразумеў Голуб, што не сцярпець яму акопнага жыцця. Нарадзіўся страх перад смерцю, якой не відаць, але якая пагражае кожную хвіліну.

Думалася толькі аб смерці.

Было страшна.

 

* * *

 

Прайшло яшчэ два тыдні, фронт адышоў у глыб Беларусі. Голуб з таварышамі зноў ляжалі ў ямках-акопах, на краі лесу. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Вёрст дзесяць да іх. На фронце ўсе дні было ціха...

Страх не пакідае Голуба... Ноччу ён трызніць... Яшчэ страшней ад цішыні, ад чакання... Нараджалася жаданне: хутчэй бы ўжо забілі, ці што іншае - абы не чакаць, абы не мучыцца...

Нялёгка было і ўдзень.

Лес поўніўся шэптамі ветру і спевамі птушак. Свежасцю, сілай дыхала зямля, будзіла прагнасць жыцця, а ад гэтага яшчэ большай здавалася небяспека смерці: перад вачыма ўставаў белы, абросшы рэдкімі валасамі твар Мушкі і буйныя чырвоныя, крывавыя казяўкі на ім. Цяжка было маўчаць, і ён гаварыў суседу:

- Чаго мы ляжым? Ці туды б, ці сюды - усё роўна...

Сусед з фабрычных, зямляк, са здзіўленнем пазіраў на Голуба.

- А табе што, не ляжыцца?.. Было б сілы болей - пайшлі б уперад, а няма - паляжаць трэба і так. Ты чаго?..

- Страшна мне, браце. Ляжыш, чакаеш і ведаеш, што смерць чакае. Каб хутчэй яно! Ці хоць бы стралялі, а то маўчаць. Ды яшчэ разам ведаеш, што пільнуюць, каб забіць.

- Дык што ж па-твойму?

- Не ведаю. Хочацца дадому, да сваіх. Малады я яшчэ... Навошта столькі людзей б'юць?..

- Не ведаеш! А зямлю, нябось, бацька ўзяў ад пана? Волю ўзяў?..

- Я ведаю, але страшна мне, так страшна, што не магу я тут быць. Смерці страшна... нізавошта ж...

- А зямля? А воля?

- Дык чаму смерць за гэта, кроў?

- Таму, што не дарам. Не ты будзеш біць - цябе будуць. На тое і воляй завецца, на тое нам і хочацца яе, што крывёю бярэм. Што лёгка бярэцца - не люба, не дорага тое!

Ноччу не змог заснуць Голуб. Не сцярпеў і абудзіў суседа.

- Не магу я, не перанясу... Страшна... Мучыць мяне...

- А ты спі, не думай, баязлівец!

- Не ад гэтага, а так не магу, з таго разу, як забілі Мушку... з таго часу і не магу...

- Дык што ж?..

- Уцяку, пайду адсюль...

- Уцячэш? Уцекачом станеш?

- Абы куды, абы не тут!

- ...Уцячэш - зловім, самі расстраляем... Не ведаеш, за што ваюеш?.. А ведаеш, дык чаго ж, чаго на другіх страх наводзіш? Для прыкладу другім такіх расстрэльваць трэба! Тут вораг, а ён ные: уцяку... Не паслабляй фронту! Каб не вы, уцекачы такія, даўно б з белымі кончылі...

Голуб маўчаў. Хацеў супакоіць сябе, але страх густою навалай цёмнай ночы поўз на яго, душыў сваімі халоднымі кіпцюрамі і не выпускаў з іх. Голубу хацелася бегчы адсюль, крычаць, і, каб не зрабіць гэтага, ён да болю драпаў пальцамі зямлю, без канца голасна ўторыў адну толькі думку...

 

* * *

 

Змяркалася.

Паціху хвалявалася нагрэтае за дзень паветра. Успаміналіся дні хатняй працы на сенажаці. Голубу хацелася прыпомніць і ўявіць сабе да самых дробязей і родных, і двор, і сенажаць, і працу, але ў галаву супроць жадання лезлі думкі аб небяспецы і ўспаміналіся сказаныя мінулай ноччу словы суседа. Голуб застаўся нездаволены гэтаю гутаркаю і хацеў пагаварыць яшчэ, каб той зразумеў. Але сусед маўчаў, і Голуб чамусьці баяўся зачапіць яго. А маўчанне палохала... Страх не даваў ні на хвіліну спакою... І заглушыць яго нельга было нічым.

Калі ўжо змяркалася, падышоў камандзір.

- Таварыш Голуб, вы ідзіце ў разведку, зараз жа! Да рання трэба вярнуцца назад з весткамі.

Камандзір растлумачваў, як і куды ісці кожнаму разведчыку, аб чым дазнацца. Голуб слухаў і, хоць разумеў усю небяспеку гэтага даручэння, разумеў, што ідзе мо на пэўную смерць, але не супярэчыў, не адмаўляўся, саромеўся суседа. І як толькі камандзір скончыў, ён паправіў шынель, праверыў вінтоўку і накіраваўся за камандзірам.

Сусед падняў галаву.

- Уцячэш - глядзі!..

Разведчыкам трэба было ісці ў адным напрамку, але так, каб не ісці кучай і каб быць блізка адзін ад другога. Дзеля таго, прайшоўшы крыху разам, яны разышліся ў бакі.

Ціха ішоў Голуб. Асцярожна ступалі ногі ў густой роснай мураве. Ён бачыў, як злева крыха-пакрысе знікала ў цемры постаць суседа і гублялася сувязь між імі: усведамленне поўнага адзіноцтва пачынала палохаць...

Ісці трэба вёрст пяць. Яшчэ некалькі крокаў поплавам, а там далей - дарогай ці полем...

Пад нагамі густая трава, высокая і сакавітая - у самы раз касіць... Шкада таптаць... Голуб высока ўзнімаў ногі і асцярожна ступаў у месцы, раней нагледжаныя. Чаравікі абмываюцца расой, але на іх і на абмотках застаюцца травінкі і кветачкі. Голубу хочацца схіліцца, узяць у жменю куст муравы і гладзіць рукою, і нюхаць яе.

Выйшаў на дарогу. Асеўшы пыл здаецца пухам. Мякка ступаюць ногі, як гарачы прысак пухкае пад нагамі пыл, мокрыя чаравікі робяцца шэрымі. Па баках дарогі жыта спее. Цяжкае калоссе гнецца да зямлі. Пахне свежаўзаранай зямлёй і гноем...

«Бач ты, другі раз ужо, мусіць, аралі, пад азімае».

Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкам ціхага поля, такога блізкага, роднага... ён ішоў, гладзіў і песціў рукою росныя і буйныя жытнія каласы...

«Якое буйное - няўжо гэта па ўсіх палосах?»

Яму захацелася ў глыб поля. Звярнуў на мяжу. Мяжа - наўскасяк, побач з дарогай. З двух бакоў жытнія каласы біліся ў твар. Прайшоў трохі і, набраўшы ў жменю каласоў, спыніўся, спрабаваў пальцамі зерні. Потым успомніў, што ён у разведцы, і міжвольна прыслухаўся.

Недалёка ў жыце нешта дзіка крыкнула, зашамацела. Голуб аслупянеў, застыў з узнятай над каласамі рукой. Цела нібы пракалолі наскрозь нечым вострым, халодным. Адчуваў, як халадзее галава, як узнімаюцца пад шапкай валасы. Знік спакой. Успомнілася, што свае - далёка ўжо, а тут - мо на мяжы ці ў разоры, праз загон, сядзіць белы разведчык, можа, змеціў яго і рыхтуецца кінуцца ззаду, схапіць і задушыць ці пракалоць штыком. На плячах, між лапаткамі, балюча заныла, нібы туды ўжо калолі. Уявіў, як лезе ў цела штык, адчуў балючасць і чуць не крыкнуў ад страху. Разумеў, што трэба зняць з пляча вінтоўку, нарыхтавацца да стрэлу, але не мог паварухнуцца, скрануцца з месца.

«Назад, назад... Не пайду далей, хай што хочуць робяць»... «Хутчэй, хутчэй адсюль, уцячы, уцячы» - выбівала ў такт думкам напалоханае сэрца.

І, не маючы сіл ісці, сагнуўся і на карачках папоўз мяжой назад. Спатыкаўся рукамі аб каменні, збіваў аб іх калені, калоў рукі дзікай межавой травой. Перашкаджала паўзці вінтоўка, павіслая на руцэ, наступаў на яе каленямі, але поўз, і ўслед паўзла трывога, здавалася, гоняцца за ім сотні нябачных страшных ворагаў.

Ззаду на дарозе пачуўся тупат. Спыніўся, прыслухаўся.

«Коні. Едуць верхавыя...»

Тупат ужо зусім блізка... Вось параўняліся, усяго праз некалькі загонаў... Хацелася трохі падняцца, глянуць, колькі іх, але не мог адарваць рук ад зямлі, страх прыкаваў іх, абцяжарыў усё цела; так і прастаяў на карачках, пакуль не сціх тупат.

«Белыя. Значыцца, яны недалёка. Іх разведка».

Дапоўз да дарогі і замест таго каб ісці да месца, дзе свае акопы, перабег дарогу, зноў у жыта і хутка папоўз разорай, не ведаючы куды, змучаны, дрыжучы ад страху і стомы... Поўз доўга, без адпачынку... А трывога расла і расла...

Ужо блізка лес... Вось поплаў... Выпаўз з жыта, глянуў пужліва ўперад, па баках, і зноў папоўз, баючыся ўзняцца, каб не змецілі...

Лес...

«Уцячы, уцячы, уцячы...» - шапталі без канца губы.

«Цішэй, каб не пачулі свае, яны недалёка».

Прапоўз ціхенька яшчэ з паўсотні метраў па лесе, прыпыніўся паслухаць.

У лесе аніводнага гуку, толькі гоман працяжны, ціхі ўгары...

Падняўся і пайшоў. Прайшоў яшчэ крокаў дзвесце, зняў вінтоўку і патранташ і кінуў пад хвою.

Шавяльнулася дакорам думка, што бачыў белых і не сказаў сваім. Успомніў дакоры суседа па акопу.

«Можа, пайсці, вярнуцца?»

Але холадам падыхаў страх перад небяспекай быць забітым, і перапалоханае сэрца яшчэ мацней выстуквала:

«Уцячы, уцячы, уцячы...»

Хацеў апраўдаць сябе.

«Я не магу тут... Не здраднік я, але не магу, мучыць мяне. Абы куды, абы не тут...»

Палахліва прыслухоўваючыся да тупату сваіх ног і да стукаў сэрца, крочыў уперад, не ведаючы дарогі, - абы туды - у глыб лесу, абы далей ад фронту.

 

* * *

 

Дарога.

Абапал густа стаяць стромкія хвоі.

Угары гул несціхаючы, роўны, ціхі... А там, яшчэ вышэй, чыстае глыбокае неба. Дзе-нідзе праплыве кавалачак белай хмаркі пушыстай, і зноў чысты, бязмежны прастор.

У такую пору прыемна думаць аб жыцці, хочацца жыць...

Між хвой два чырвонаармейцы канчаюць капаць яму. Капаюць моўчкі, спяшаючыся.

На другім канцы дарогі шэрагам стаіць узвод узброеных чырвонаармейцаў. Стаяць вольна. Перакідаюцца асобнымі словамі, больш маўчаць, кураць...

Зусім убаку, асобна, яшчэ двое чырвонаармейцаў з вінтоўкамі напагатове і між іх Павел Голуб, у шынялі, без зброі... Маўчыць... Да балючасці ўглядаецца кудысь у глыб лесу, хоць нічога там не бачыць. Ён ведае, што для яго капаюць яму, што гэтыя вось чырвонаармейцы, з якімі ён разам ляжаў у акопах, будуць яго расстрэльваць, што хутка яго ў гэтай яме закапаюць і тады ўсяму канец. Хацеў зразумець гэта, але нічога не выходзіла... У думках была пустэча, у галаве і грудзях, ад уяўлення блізкай смерці, тупая балючасць...

Таварышы на яго злосна пазіраюць; ён разумее завошта і не сярдуе на іх. Не глядзіць на іх, баіцца сустрэцца з поглядам суседа па акопу.

Каецца ў думках, што ўцякаў, мо каб не баяўся і заставаўся тут, дык і жыў бы, а так...

Угары плыве цягучы роўны гоман. Гулка стукае дзюбаю аб хвою дзяцел. Недзе далёка кукуе зязюля, не сціхае...

На вочы нагортваюццца слёзы... Голуб абцірае іх рукой... Вартавы бачыць гэта і адварочваецца ўбок...

Утыркнулі ў свежы пясок жалязнякі чырвонаармейцы і адышлі. Нехта скамандаваў Голубу ісці да ямы. Ён падышоў, павярнуў твар у бок ад таварышаў... Ужо ні аб чым не было думак, быў толькі страх перад блізкай смерцю, які ўсё засланіў сабою, і тупая балючасць ныла ва ўсім целе.

Калі камісар пачаў гаварыць чырвонаармейцам аб справе дэзерціра Паўла Голуба, а потым чытаць пастанову Вайскова-рэвалюцыйнага трыбунала, Голуб выпадкова глянуў сабе пад ногі на жоўты сыры пясок, яскрава ўявіў усё, што павінна адбыцца праз некалькі хвілін, і страх, яшчэ большы, як дагэтуль, заўладаў ім, скаваў усё цела. Захацелася крыкнуць таварышам аб сваёй здрадзе, кінуцца ім у ногі, прасіць літасці, абяцаць да канца заставацца на фронце, але ногі нібы ўраслі ў зямлю, язык не мог зварухнуцца, і толькі губы шапталі словы, чутныя толькі для самога сябе...

- Братцы, братцы, я ж не хацеў, я не мог, мучыла мяне смерць...

Не сціхае ўгары ціхі гоман. Не сціхае зязюля, кукуе камусьці доўгія гады.

Халоднымі цяжкімі кроплямі падаюць у мазгі словы прысуду.

Цяжэе тулава. Усё болей урастаюць у зямлю ногі. Страшны боль сціскае галаву...

Чуў апошнія словы прыгавору, чуў злосныя словы таварышаў...

Але стаяў ужо, як спаралізаваны. Толькі адчуваў, што на твары выступіў халодны пот.

Сціхла... Пачулася кароткая каманда...

Хацелася ўзняць вочы, глянуць на таварышаў, каб убачылі, каб зразумелі, што ён каецца, але галава, быццам налітая волавам, не ўздымаецца. Апушчаныя ўніз вочы бачаць перад сабой бліскучыя канцы цэлага шэрагу штыкоў. Пачуў апошнюю каманду.

Перад вачмі замітусіўся цёмны туман.

Нешта балюча стукнула па нагах, у грудзі. Узмахнуў рукой. З грудзей, з самай глыбіні, вырваўся і застыў на губах крык. А зямля, і хвоі, і чырвонаармейцы задрыжэлі, захісталіся, зніклі ў тумане.

 

1927

 

 

Каментары

 

Упершыню - газ. «Чырвоная змена», 29 снежня 1927 г.

Паводле выд.: Галавач Платон. Збор твораў: у 3 т. Т. 1. Мінск, 1958.

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Расстраляная літаратура. Менск, Кнігазбор, 2008
Крыніца: http://bk.knihi.com