epub
 
падключыць
слоўнікі

Поль Верлен

Шарая гадзіна

Месяц чырвоны над нізкім туманам,

Нізкі туман карагодзіць над лугам,

Там, дзе чароты зялёным паўкругам

Глухнуць у крэхаце жаб несціханым.

 

Вейкі заплюшчылі зноўку лілеі,

Стойкія, стромкія, далечна ў полі,

Як таямнічыя знакі, таполі,

І светлячок па-над лозамі тлее;

 

Совы, разняўшы цяжэзныя крылы,

З прыцемкаў мякка вяслуюць і шэра,

Млечны Шлях пенячы, ціха Венера

Долу сыходзіць... Ноч наступіла.



Пераклад: Алег Лойка