epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Аповесць чатырох падарожжаў

Гальштучнік
Зямля-2
У садах Сераміды — няўтульна!
  1
  2
Стужка ордэнская


Люблю назіраць за кнігаўкамі... Недалёка ад іх кружыць невялічкая птушка гальштучнік, — таксама з сямейства куліковых. Але варта прымружыць вочы, як уяўляецца сядзіба доктара Савіча і тая дзіўная істота, што спрытна падхапіла з зямлі капялюш...

З нататніка астранаўта.

 

 

Гальштучнік

Калі мы вярталіся на Зямлю з планеты Антарыс-5, якая знаходзіцца ў сузор’і Скарпіёна, то ўвесь наш экіпаж быў расчараваны. Справа ў тым, што гэтая планета мае чырвоны колер, чым нагадвае Марс. Але, як мы высветлілі, з Марсам нічога агульнага ў яе няма. Паўсюдна — горы і горы. Мы ледзь знайшлі больш-менш роўную пляцоўку, каб пасадзіць наш карабель. Затрымлівацца на планеце, якая ўяўляе сабою каменную глыбу, не мела сэнсу. І мы рушылі да бліжэйшай планетнай сістэмы, куды ўжо даволі часта адпраўляліся экспедыцыі з Зямлі, дзе можна было нейкі тыдзень адпачыць у гатэлі.

Вось тады і з’явілася на нашых экранах тая маленечкая зялёная планета, якая нагадвала невялікі шарык з ранняй сакаўной травы. Нідзе, ні на якіх зоркавых картах яна не значылася, таму цалкам верагодна, што мы маглі быць першымі, хто натрапіў на яе ў касмічнай бясконцасці. Не цяжка здагадацца, што мы вырашылі зазірнуць на тую планету. Што і зрабілі.

Першае ўражанне было такое, нібыта мы трапілі ў Белавежскую пушчу ці Бярэзінскі запаведнік. Альбо і ўвогуле ў нейкі агромністы здзічэлы сад дзе-небудзь пад Нароўляю, ці пад Слуцкам.

Але такім было толькі першае ўражанне. Пад кронамі магутных дрэў была не такая ўжо і дзікая паверхня, — месцамі відавочна расчышчаная, месцамі выпаленая: хтосьці раскладваў вогнішча.

— Магу паспрачацца, тут мы сустрэнем гуманоідаў, — сказаў нехта з членаў экіпажа.

— Магчыма, — пагадзіўся камандзір і тут жа запытаўся:

— Мне загадаць, ці ёсць ахвотнікі спусціцца на паверхню?

Ахвотнік знайшоўся. Гэта быў наш доктар Савіч. Камандзір паглядзеў на мяне:

— Ну, а што наш батанік? Тут ёсць што даследаваць.

І я не пярэчыў, хаця ведаў: тое, што здавалася на паверхні планеты дрэвамі, травою, кустамі, магло быць нечым іншым. Так здаралася не аднойчы. Але на гэты раз камандзір не памыляўся. Як толькі мы з доктарам Савічам ступілі на цвёрды грунт, зразумелі, што расліннасць наўкол самая што ні на ёсць сапраўдная. Праўда, на Зямлі я такой не сустракаў, і вельмі здзіўляла, што паўсюль быў адзін толькі зялёны колер: зялёная кара дрэў, зялёнае лісце, зялёныя пялёсткі кветак.

А тым часам, мы ўжо выйшлі на вялікую паляну і я, было, падышоў да адной з такіх кветак, якая нагадвала зямную лілею, каб насуперак усім інструкцыям дакрануцца да зялёных пялёсткаў, але не паспеў... Адусюль — з-за кожнага дрэва, з-за кожнага куста (о, дайце веры!) выбягалі людзі, праўдзівей было б сказаць, дзікуны, і наколькі гэта можна было зразумець, твары іх свяціліся радасцю. Даўгія валасы, у многіх — бароды, шчокі, зарослыя шчэццю, і выключна ўсе — голыя. Толькі на шыі ў кожнага з гэтых людзей чарнела палосачка, а хутчэй, гальштук-бабачка, так часта называюць падобныя гальштукі на Зямлі, якія надаюць святочнаму гарнітуру яшчэ большую ўрачыстасць. Тут, на гэтай Зялёнай планеце, як я яе назваў у думках, гэты гальштук нікому нічога не дадаваў. Адно, — глядзеўся на шыі недарэчна і смешна. Праўда, нам з доктарам Савічам было не да смеху, невядома, як павядуць сябе дзікуны? Але яны выказвалі выключную прыязнасць. А адзін з іх выйшаў наперад і пачаў нешта хутка-хутка гаварыць...

Як жа я быў уражаны, калі доктар Савіч адазваўся ў адказ. Паміж ім і натоўпам завязалася ажыўленая гаворка. Аказалася, што жыхары Зялёнай планеты размаўлялі на лацінскай мове, якасна Зямлі ўжо даўно выкарыстоўвалася толькі ў медыцыне і якою, зразумела, добра валодаў доктар Савіч.

— Што яны табе кажуць? — запытаўся я ў яго.

Доктар паціснуў плячыма:

— Ніяк не ўцямлю, дзікасць нейкая. Самая сапраўдная дзікасць. Яны шкадуюць, што мы не можам бачыць тых цудоўных кварталаў, плошчаў, вуліц, якія бачаць яны. Маўляў, тут паўсюль вакол нас — навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, офісы і спальныя раёны...

— Офісы, навуковыя цэнтры вакол нас? Ды яны — вар'яты! — засмяяўся я і раптам задумаўся. — А зрэшты... Адкуль у іх гэтыя веды? Што ім вядома пра офісы, зоны адпачынку? Хто яны, нарэшце? Перасяленцы з іншых планет? Ці, можа, зямляне? Нашчадкі тых цывілізацый, што існавалі на Зямлі яшчэ да Вялікага патопу? Вось толькі ў іхнім абліччы нічога не засталося ад цывілізаванага свету. Племя дзікуноў! Першая прыступка развіцця чалавецтва.

Гэтымі сваімі думкамі хацеў падзяліцца з доктарам Савічам, але ён з вялікай цікавасцю размаўляў з гуманоідам, якраз з тым, хто самы першы ўступіў з намі ў кантакт. Іх гаворка цягнулася доўга. Я нават пачаў тое-сёе даследаваць з навакольнага расліннага свету. Але вось доктар падышоў да мяне, і тое, што ён сказаў, адразу прымусіла згадаць пра наш карабель, падумаць пра небяспеку. А ці не час нам вяртацца?

— Бачыш таго, бялявага — паказваў доктар Савіч на высокага хударлявага бландзіна. — Яго ўнук вынайдзе тут праз паўстагоддзя камп’ютар. А вунь той... нізенькі, што размаўляе з самым кудлатым з іх. Ён — мастак. Геній! Толькі пра гэта сам яшчэ не здагадваецца. Але праз дваццаць гадоў яго карціны будуць самымі каштоўнымі не толькі на гэтай планеце. Глядзі, бачыш, той, што залез на дрэва... Ён праз дзесяцігоддзе будзе тут самым славутым архітэктарам. Пачне з каменных пірамід і закончыць праектамі з жалезабетону. О-о, а гэты, што бліжэй за ўсіх стаіць да нас, як ні цяжка ў гэта паверыць, але ён стане вынаходцам рухавікоў, і першыя аўтамабілі тут будуць называцца яго імем.

Мне стала млосна. Розум адмаўляўся што-небудзь разумець.

— Нам ужо трэба вяртацца на карабель. Там, напэўна, хвалююцца нашы, — сказаў я доктару Савічу. — Развітвайся з гуманоідамі і пойдзем адсюль.

Але перш чым развітацца, доктар прыняў падарунак ад жыхароў гэтай нязвыкла-зялёнай планеты. Яны завязалі яму на шыю гальштук, такі ж самы, што насілі самі, — чорны гальштук-бабачку.

З гэтага моманту і пачалася трагедыя доктара Савіча. Гэтак я назваў для сябе ўсе далейшыя падзеі. А разгортвалася ўсё наступным чынам.

Зялёную планету мы пакінулі хутка. Можна сказаць, пасля вяртання на карабель неўзабаве і стартавалі. Прыйшоў загад з Зямлі тэрмінова вяртацца. Вось тут доктар Савіч і павёў сябе выключна невытлумачальна. Маўляў, які можа быць загад з Зямлі, якое вяртанне, калі мы можам ляцець да сузор'я Дзевы, дзе на адной з планет, трошкі ўбок ад самай яркай зоркі гэтага сузор’я — Спікі, жывуць браты па розуме, бо тая планета не што іншае, як копія нашай Зямлі. А потым наш шлях можа пралегчы да сузор’я Шаляў. І там на адной з планет у сістэме тых зорак, якія складаюць сузор’е, ужо даўно вынайшлі машыну часу, якую калі хто-небудзь з нас пажадае, можа выпрабаваць.

Спачатку да ўсіх гэтых разважанняў доктара мы ставіліся несур’ёзна, чаго не здараецца ад эмацыянальных перагрузак! Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. Спрабаваў прарвацца ў адсек кіравання палётам, каб змяніць курс. І тады мы задумаліся, што ж адбываецца з нашым доктарам? Адказ напрошваўся сам сабою: у доктара ўсе прыкметы лёгкага псіхічнага расстройства, якое з’явілася пасля таго, як ён пачаў насіць на шыі падораны яму галынтук-бабачку. Як толькі мы прыйшлі да такой высновы, адразу ж прапанавалі доктару зняць яго. Гэтая наша прапанова рассмяшыла доктара.

— Ды вам усім і не снілася, што гэты гальштук уяўляе сабою, — сказаў ён. — Гэта — Праграма, завезеная на Зялёную планету прадстаўнікамі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Усё выключна проста. Таму, хто носіць гэты гальштук, спачатку выдаецца міраж, мара жыцця. Адсюль і тыя дзівосныя гарады, навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, якія бачылі наўкол сябе жыхары Зялёнай планеты. Ты ж чуў, батанік. Я табе перакладаў, — звярнуўся ён да мяне і працягваў:

— Але ўсялякую мару трэба ўвасобіць у жыццё, зрабіць явай. І гэта прадугледжана Праграмай. Яна выдае ўстаноўкі, падрабязнае тлумачэнне, як і што трэба рабіць, каб гэтую мару здзейсніць. Ну, скажам, нехта хоча стаць вялікім кампазітарам і яму даецца магчымасць уявіць сябе ім. А потым пачынаецца шлях да гэтай вяршыні, па якім і вядзе Праграма.

Доктар Савіч блытаўся, але яго словы гучалі пераканаўча, хаця хтосьці з нас і запытаўся з недаверам:

— Ну, а цябе асабіста, куды выводзіць яна?

— Я ж вам усё растлумачыў! У сузор’е Дзевы, дзе мы сустрэнемся з братамі па розуме і па эвалюцыйным развіцці. Трэба памяняць курс, і мы вернемся на Зямлю з грандыёзнай сенсацыяй.

— Гэты твой гальштук сам па сабе ўжо і ёсць сенсацыя, — сказаў я і тут жа папрасіў:

— Дай панасіць яго, хаця б на некалькі гадзін.

— Разагнаўся!.. Гэтага ні ў якім разе рабіць нельга, — і далей доктар Савіч засцярог:

— Можа здарыцца бяда. Праграма дзейнічае ў станоўчым накірунку толькі тады, калі гэты гальштук дорыцца. Яго трэба атрымаць у падарунак. Інакш спрацоўвае адмоўная энергія, і дзеянні Праграмы робяцца непрадказальнымі.

— Ды глупства ўсё гэта, — сказаў наш бортмеханік. — Казачкі для ідыётаў. Хоць ты, Савіч, і сам доктар, але табе, відавочна, патрэбна медыцынская дапамога.

І гэтыя яго словы сталі апошнімі ў той нашай размове з доктарам Савічам. А калі вярнуліся на Зямлю, хутка дачуліся, што ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў нашага доктара звольнілі. Для яго пачалося зямное жыццё. Ну, а мы, усе астатнія члены экіпажа, неўзабаве адправіліся ў новае міжпланетнае падарожжа.

Міналіся гады і, напэўна, ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў я вырашыў месяц-другі адпачыць на Зямлі. Космас стамляе. Тады і ўспомніўся мне доктар Савіч. Дзе ён, што з ім? Звярнуўся ў даведачнае бюро Асацыяцыі, дзе адразу ж атрымаў інфармацыю: доктар Савіч жыве недалёка ад Мінска. Мае сваю сядзібу і даўно ўжо адышоў ад лекарскай справы. Мне хацелася пабачыцца з ім, што я і зрабіў неадкладна.

Помню, быў сонечны дзень. Я пакінуў машыну далёка ад доктаравай сядзібы. Вырашыў прайсціся пешшу, сабрацца з думкамі. Згадвалася наша апошняе падарожжа з ім. І, вядома ж, з’яўлялася пытанне, ці захаваў доктар той свой гальштук-бабачку, які атрымаў у падарунак ад жыхароў Зялёнай планеты? Па ім, тым чорным гальштуку на загарэлай шыі, я і пазнаў доктара. Ён у вялікім саламяным капелюшы і ў адных толькі шортах штосьці перасаджваў у гародзе недалёка ад двухпавярховай драўлянай будыніны, якая глядзелася ледзь не палацам. Праходзяць дзесяцігоддзі, а на Зямлі мала што змяняецца.

— Доктар Савіч! Доктар Савіч! — гукнуў я.

І хапіла толькі некалькіх імгненняў, каб доктар пазнаў мяне і кінуўся насустрач. Яго перапаўняла такое радаснае хваляванне, што здавалася ён вось-вось задыхнецца. Яму відавочна не хапала дыхання і, каб было лягчэй бегчы, ён спачатку сцягнуў з галавы капялюш, кінуў на сцежку, а пасля (ці можна было паверыць вачам), сарваў з шыі і гальштук-бабачку, які таксама шпурнуў у траву. А я ж помніў, як тады, на караблі, ён упарціўся, нізавошта не хацеў яго здымаць.

Мы абняліся, як добрыя сябры. На вочы набягалі слёзы, такою радаснай была наша сустрэча. І тут я заўважыў, што з будыніны выбегла нейкая дзіўная істота, хутчэй за ўсё малпачка. Спрытна падняла з зямлі капялюш, а потым і гальштук, і хуценька скіравала да дома, куды неўзабаве падаліся і мы.

— Ты тут жывеш не адзін? — запытаўся я ў доктара і дадаў:

— Я паспеў заўважыць нейкае калматае стварэнне. Няўжо гэтак змяніўся клімат на Зямлі, што ў Беларусі пачалі жыць малпы?

— Гэта не зусім малпа, — адказаў доктар Савіч. — Я тады яшчэ не лётаў з вамі. Мяне пасылалі ў блізкія падарожжы. І вось падчас аднаго з тых маршрутаў на Месяцы мы натрапілі на невядомы міжпланетны карабель, які пацярпеў катастрофу. Як ні аглядалі, ніякіх жывых істот не знайшлі. Але ў адным з адсекаў адшукалі прабіркі, у якіх былі зародкі.

Ты здагадваешся, што адну з тых прабірак я прывёз на Зямлю. З зародка, што быў у ёй, і з’явілася на свет істота, якую ты назваў малпаю. Але паўтараю, гэта, далібог, не малпа, таму што вельмі хутка яна засвоіла ўсе зямныя мовы. А галоўнае тое, што больш надзейнага, вернага стварэння я не сустракаў. Зараз пазнаёмішся з гэтым маім адданым сябрам.

Мы ўвайшлі ў будыніну, адчынілі дзверы ў адзін з пакояў і тое, што пабачылі, нас уразіла неймаверна. У шыбіну стукалася, білася крыламі невялікая птушка з чорнай палосачкай-гальштукам на валляку...

— Гальштук! Мой гальштук! — закрычаў доктар Савіч у вялікай роспачы. — Як жа я мог сарваць яго!.. Ты разумееш, што адбылося?! Ён, напэўна, падняў гальштук, начапіў сабе на шыю, і вось здарылася бяда. Ты ж помніш, Праграма, што хавалася ў ім, станоўча спрацоўвала толькі тады, калі гальштук хтосьці атрымліваў у падарунак. Ва ўсіх іншых выпадках, гэта — адмоўная энергія. Мой добры сябар стаў птушкаю! — і доктар Савіч адчыніў фортку...

Птушку мы назвалі гальштучнікам. Яе і цяпер можна сустрэць у Беларусі на вялікіх спустошаных лугах-пашах, куды выганяюць пастухі свае статкі. Толькі гальштучны не заўважае гэтай спустошанасці. Яму, напэўна, бачацца наўкол зялёныя гаі, ды парослыя сакаўною травою паляны. Але справа ўжо не ў галыптучніку...

— Дык тое, пра што ты нам тады расказваў, усё ж было праўдаю? — запытаўся я ў доктара пасля таго, як птушка вылецела ў фортку.

— А ты што, сумняваўся?

— Мы ўсе сумняваліся, — сказаў я. — Думалі, ты страціў розум. Таму цябе і звольнілі.

Тым жа днём я расказаў доктару, што Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў рыхтуе вялікую экспедыцыю з адной толькі мэтай — расшукаць у касмічных глыбінях братоў па розуме, хто прайшоў падобную да зямной эвалюцыю ў сваім развіцці.

— Трэба ляцець да сузор’я Дзевы, — сказаў доктар і праз невялікую паўзу запытаўся:

— Як ты думаеш, мне не адмовяць, калі я папрашуся ў гэтае падарожжа?

Ён сапраўды папрасіўся праз нейкі час. І яму не адмовілі. Мы зноў былі членамі аднаго экіпажа і неўзабаве ляцелі ў сузор’е Дзевы на планету, якая ўяўляе сабою копію Зямлі. Ва ўсялякім выпадку, мы гэтак думалі.

 

Зямля-2

Псіхолаг Галя, яе мы зрэдку бралі ў свае падарожжы, зайшла на карабель апошняй. З сумам паглядзела ў ілюмінатар, потым на мяне.

— Сымон, а табе не шкада пакідаць тую ружовую стужачку, што ўжо з’явілася на даляглядзе? — запыталася яна. — Сонца пачынае ўставаць, хутка ўсё ажыве, птушкі зашчабечуць, як яны ўмеюць шчабятаць толькі на Зямлі.

Я не паспеў ёй адказаць і, прызнацца, не любіў падобных размоў. Ну ўстае сонца і ўстае, не першы і не апошні раз на Зямлі, у нашай Сонечнай сістэме, што ж на гэтым засяроджвацца? Тым больш, што ўжо чуецца голас пілота-робата:

— Праз дзесяць хвілін стартуем! Пачынайце пагружацца ў сон.

Карцела хутчэй заснуць, каб прачнуцца ў глыбокім космасе.

Сон на гадзіну падчас старту — старая традыцыя яшчэ з тых часоў, калі мы, беларусы, толькі пачыналі падарожнічаць па Сусвеце, і якой мала ўжо хто прытрымліваўся. Але мы ніколі не парушалі яе. Не парушылі і гэтым разам. Нам дазвалялася падключацца да кінасерыялаў, якія кадр за кадрам пракручваліся ў сне. Я падключыўся да мульціка і спаў роўна гадзіну. А калі прачнуўся, доўга не мог зразумець, адкуль чуюцца ўзбуджаныя гучныя галасы. Нарэшце, вызначыў: з цэнтральнага хола, і, вядома, заспяшаўся туды. На зоркалёце нешта здарылася.

Я не памыліўся. Як толькі зайшоў у хол, да мяне адразу кінуўся доктар Савіч:

— Я казаў яшчэ тады, калі раней лётаў разам з вамі, — служба аховы на касмадроме ненадзейная. Яны кепска працуюць. Ніякай пільнасці! І вось, паглядзі...

А я ўжо і без яго слоў бачыў пасярод хола падлетка ў зашмальцаваных джынсах, у майцы з малюнкам нейкага моднага рокгурта. Яму было гадоў трынаццаць, і ён спалохана паўтараў адно і тое ж:

— Я не хацеў! Я... Я пераблытаў караблі! Я думаў, вы толькі што прызямліліся.

— Спіхне яго на мяне, — шапнуў мне доктар Савіч. І сапраўды, Антон Верашчака, а ён у нас быў за камандзіра, паглядзеў на доктара:

— Савіч, падбярэш яму камплект адзення і забярэш пад свой нагляд. Невядома, як будзе пераносіць касмічныя перагрузкі!

Хлопец павесялеў. А мы ўсе былі ў паніцы. Такога яшчэ ніколі не здаралася. Як быць у гэтым выпадку? Рабіць незапланаваную пасадку на Месяцы? А калі там не будзе карабля, які б ляцеў на Зямлю? Чакаць, пакуль з’явіцца, ці выклікаць спецыяльны рэйс? Апошняе слова было за камандзірам. Антон вырашыў, што хлопец паляціць разам з намі ў сузор'е Дзевы, куды мы накіроўваліся. Адно давядзецца паведаміць на Зямлю пра гэтую нечаканасць. Няхай там супрацоўнікі Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў звязваюцца з яго бацькамі, хай штосьці тлумачаць ім. Гэта ўжо не наша справа. Мы маем тое, што маем: падлетка на зоркалёце!

Праз некалькі гадзін да мяне ў адсек завітаў Савіч.

— А ты ведаеш, — сказаў доктар, — ён, аказваецца, твой сусед.

— Хто?

— Ну-у, як гэта хто? Наш юны пасажыр. Арцём. Прозвішча яго Нічыпаровіч. У Мінску жыве на Паўднёвым Захадзе. Звыклая гісторыя. Калі ён яшчэ не нарадзіўся, яго бацька прымаў удзел у экспедыцыі. Ну, памятаеш, тады яшчэ шмат пра гэта ў газетах пісалі. Яны ляцелі да Паўночнага Асла... Назад на Зямлю не вярнуліся, а Арцём усё спадзяецца сустрэцца з бацькам. Таму і бадзяецца па касмадроме. Ён, аказваецца, два тыдні сачыў за нашым псіхолагам. Усё ведаў пра наш маршрут. Галя, напэўна, дзе магла, расказвала пра палёт. Вось і атрымліваецца, што ён тут не выпадкова. Ды што цяпер пра гэта казаць, думаю, і я з ім пасябрую.

І я не сумняваўся ў тым, што яны пасябруюць. Нам, астранаўтам, не рэкамендавалася, пакуль мы працавалі ў Асацыяцыі зоркавых палётаў, мець сям’ю. І, як правіла, гэтай рэкамендацыі мы ўсе прытрымліваліся. Хаця ў думках кожны марыў пра дом, поўны дзіцячых галасоў. Ну, а што да Арцёма, дык ён па-сапраўднаму прывязаўся не да доктара Савіча, а да мяне. З цягам часу нават перасяліўся ў мой адсек.

Справа ў тым, што, калі мы лёталі ў сістэму зоркі Кастор, якая знаходзіцца ў сузор’і Блізнятаў, наш галоўны батанік падхапіў там касторавую чумку. І цяпер я міжволі выконваў яго абавязкі. Даследаваў раслінны свет з самых розных планет, які часткова знаходзіўся на караблі ў маім адсеку. Сярод іншых там расла адна цікавая расліна, якуя я падабраў на Месяцы, у невядома кім пакінутым зоркалёце. Яна была незвычайна палахлівая. Падыходзіш да яе, узмахваеш рукою і сцяблінкі пачынаюць трапятаць, быццам баяцца, што ты зараз вытнеш расліну. Яна засынала і прачыналася. Калі засынала, складвала лісток да лістка. Расліна цвіла. У яе была адна кветка, падобная да тых, што на Зямлі называюцца ільвіным зевам. Праз гэты «зеў» я паіў расліну па кропельцы з піпеткі.

Потым гэта пачаў рабіць Арцём. І расліна лашчылася да яго, дакраналася лісцем да рук. Ён і імя расліне прыдумаў: Ням-Ням. Браў піпетку з кропелькамі вады, падыходзіў да расліны: «Ну, што, Ням-Ням, будзем есці?» І мне здавалася, што ў гэты момант расліна ціхенька смяялася.

Ляцеў час. А з ім насустрач чарговай невядомасці ляцелі і мы. Аднойчы я ўключыў экран знешняга назірання, што займаў ледзь не ўсю сцяну майго адсека, і зразумеў, што мы мінаем сузор’е Льва. Заставалася ззаду яго самая яркая зорка-гігант — Рэгул. Наперадзе было сузор’е Дзевы. І вось неяк Арцём, калі мы з ім зноў сядзелі ля ўключанага экрана, запытаўся ў мяне:

— А чаму сузор’е, да якога мы ляцім, называецца Дзева?

Я падумаў і адказаў:

— Гэтую назву яму далі даўно. Яшчэ ў часы дзевятай зямной цывілізацыі, у старажытным Егіпце. Яго з’яўленне на вечаровым небе сведчыла, што надышоў час збору ўраджаю. На палетках працавалі пераважна жанчыны, — дзевы. Адсюль і пайшла назва. Таму і Спіка — самая прыкметная зорка гэтага сузор'я ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «Колас».

Але Арцёма цікавіла не толькі назва сузор’я. Ён запытаўся і пра мэту нашага палёту. Для чаго мы ляцім туды? І мне давялося яму патлумачыць, што мы — шукальнікі інфармацыі. Прычым, самай неверагоднай, што магла б стаць на Зямлі сенсацыяй. Якую, па нашым вяртанні, Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў, згодна з заключанымі кантрактамі, прадае інфармацыйным агенцтвам.

— Гэта — Спіка? — абарваў мяне на паўслове Арцём і паказаў позіркам на экран. Я анямеў. На экране вымалёўваўся яркаблакітны шар. «Зямля!» — перахапіла ў мяне дыханне. Але, якая ж тут можа быць Зямля? Гэта была ці не першая планета ў сузор’і Дзевы, якая ўсім сваім выглядам, кропля ў кроплю, нагадвала Зямлю.

І калі мы ўжо завіслі над ёю, выбіраючы найбольш прыдатнае месца для пасадкі, больш за ўсіх здзіўлялася Галя — наш псіхолаг. Яна была надзвычай усхваляваная, усё ўскрыквала і ўскрыквала:

— Ну, хіба можа такое быць? Не-е, я нізавошта не сыду на яе паверхню. Гэта нейкі падман! Міраж. Самы сапраўдны міраж! Вунь, паглядзіце, Атлантычны акіян! А ву-унь, ну далібог жа, Нью-Йорк! А там... Там, бачыце, — Гімалаі!

— Хлопцы, шукайце позіркам Белавежскую пушчу, — не то жартам, не то ўсур’ёз сказаў наш камандзір. — Яе возьмем за арыенцір. Ну, а сядзем, зразумела, пад Мінскам, адкуль і стартавалі. На нашым касмадроме. За Раўбічамі.

І ўсе засмяяліся. Вядома, яго словы прынялі за жарт. Але, калі мы ўжо селі на паверхню і кінуліся да галаўнога ілюмінатара, смяяцца нікому не хацелася.

— Вунь, ружовая палоска ўзыходу на даляглядзе, тая самая... — паказала Галя. — Ты помніш, Сымон, я казала табе пра яе. Сонца хутка пачне ўставаць, — і яна ўздыхнула з пытаннем у позірку. — Досвітак! Мы на сваім касмадроме.

— Апамятайся, псіхолаг! Карабель праляцеў такую адлегласць! Мільёны кіламетраў!

— Глядзіце! Глядзіце... Вунь зоркалёт Грынчука! Я ведаю іхняга бортмеханіка, — закрычаў наш старшы пілот, які кіраваў пілотамі-робатамі. — Там іхні бортмеханік! — і ён паглядзеў на Антона, маўляў, што ты на гэта скажаш, камандзір? Але Антон маўчаў.

— Пайшоў бы ты лепш да сваіх робатаў, — параіў старшаму пілоту доктар Савіч. — Я не веру, што мы на сваім касмадроме. Гэта выключана. Праграма не магла памыліцца. Увесь маршрут — у маіх мазгах. Я вывучыў яго на памяць. Гэта... Хм-м... Гэта і ёсць планета — копія Зямлі.

— Ха-а, Праграма! І бортмеханік таксама копія? — выгукнуў нехта.

Яго падтрымала Галя:

— Нас жа, як заўсёды, усыпілі робаты. Мы ўсе спалі, калі павінен быў адбыцца старт. Дык, можа, і не было ніякага палёту? У крайнім выпадку, падняліся і завіслі над Зямлёю. Паві- селі, павіселі, потым спусціліся. Вось вам той самы неапазнаны лятальны апарат!

— А ўсё, што мы бачылі: метэарыты, рэшткі нейкіх станцый, планеты-гіганты і планеты-ліліпуты, шматлікія зоркі, міма якіх праляталі, робаты пракруцілі нам у сне. У архіве шмат самых розных запісаў, — выказаў сваё меркаванне маладзенькі лабарант.

— Глупства! — адазваўся я. — Добра помню, як мы праляталі праз сузор'е Льва. На свае вочы бачыў агністы Рэгул, а што да серыялаў, я да іх не падключаўся. Я глядзеў мульцік у сне.

— Не-е, мы сапраўды ляцелі, — нясмела пацвердзіў Арцём. — Я ўвесь час паіў Ням-Няма.

— Ням-Няма? — засмяяўся старшы пілот. — Значыць і ты глядзеў мульцік! Хлопцы, ніякага палёту не было, трэба выходзіць на паверхню і раз’язджацца па сваіх кватэрах. Я стаю на сваім: робатам давяраць нельга. Хай цяпер з імі разбіраецца Асацыяцыя!

— Чакайце, — сказаў Антон, які ўвесь гэты час задумліва маўчаў. — Сысці мы паспеем і сыдзем, але не ўсе. Значыцца, слухайце... Спушчуся на паверхню я, — абвёў экіпаж позіркам. — Можа спатрэбіцца доктар, таму будзь гатовы, Савіч...

— Мы часта на незнаёмых паверхнях працавалі з ім у пары, — прамовіў я. — Вазьмі і мяне, камандзір.

Антон пагадзіўся. Арцём шапнуў мне:

— А я?

— Яго таксама возьмем, — і Антон дадаў:

— Усім астатнім заставацца на караблі да нашага вяртання. Калі якая небяспека, сігналізуйце, выходзьце на мабільную сувязь. Думаю, мы хутка ўсё высветлім, — і папрасіў лабаранта: «Зрабіце замеры на наяўнасць паветра. Калі яно ёсць тут, магчыма, што скафандры і не спатрэбяцца».

Яны, сапраўды, не спатрэбіліся. Мы нават вырашылі апрануцца ў сваё звыклае зямное адзенне. І, як толькі сышлі на паверхню, твары адразу аблашчыў прыемны цёплы ветрык, хоць яшчэ толькі пачынала світаць.

З вяртаннем! — пачуўся вясёлы голас.

Гэта крыкнуў нам бортмеханік, які корпаўся ў абшыўцы зоркалёта Грынчука.

Гм-м, ён пазнаў нас, — прабурчэў доктар Савіч. — І гэта ўжо зусім робіцца цікавым.

— Пазнаў, дык пазнаў, — неяк абыякава сказаў Антон і, спыніўшыся, агледзеў мясцовасць. — А гэта сапраўды наш касмадром. Вунь, бачыце, стаяць састарэлыя караблі. Яны ўжо другі год там.

— Можа, патэлефануем у Асацыяцыю, цікава, ці адкажуць? — запытаўся я.

— Не, давайце пакінем касмадром, паглядзім, што за яго межамі.

І мы пайшлі, каб неўзабаве пераканацца, што за касмадромам усё было так, як мы прывыклі бачыць. Указальнікі на Раўбічы і на Мінск, ды яшчэ на нейкія мясціны, якія ніколі ніхто з нас не наведваў. Невялікае кафе «Вясёлае лета», ля якога гуртам стаялі вайскоўцы. Відаць, са службы аховы. Некалькі аўтобусных прыпынкаў, стаянкі таксі, верталётная пляцоўка... Наўкол было даволі шматлюдна, што, дарэчы, кідалася ў вочы. Быў ранні досвітак. У такую пару людзі на Зямлі яшчэ спяць, ва ўсялякім выпадку, гараджане.

Да аднаго з таксі падыходзіла дзяўчына. Мне яна падалася знаёмай. Падобную да яе бачыў аднойчы ў памяшканні Асацыяцыі. Яна злёгку пасміхнулася, і гэтая ўсмешка, далібог жа, адрасавалася мне. Яе вочы засвяціліся, і штосьці ўздрыгнула ўва мне. У яе позірку мільгнуў дзіўны ліловы бляск. Я накіраваўся да дзяўчыны. Яна ўжо зачыняла дзверцы таксі.

— Вы ў Мінск?

— З Мінска. Тут у мяне перасадка. Хачу наведаць бацькоў у Залессі. А вы толькі што прыляцелі? Са шчаслівым прызямленнем! — І зноў у яе вачах мільгнула тое ж ліловае ззянне.

Таксі ад’ехала. Я вярнуўся да сваіх. Яны ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку.

— Куды рушым? — запытальна паглядзеў на Антона, а ў галаве круціліся словы, якія сказала дзяўчына. Хм-м, са шчаслівым прызямленнем!

— Ну не ў Раўбічы ж... У Мінск, вядома, — адказаў Антон. А потым запытаўся: «Што, знаёмую сваю пабачыў?»

Я толькі пасміхнуўся ў адказ.

«Ну і планетка, — думаў я, калі мы ўжо трэсліся ў паўпустым аўтобусе. — Колькі ж загадак тоіць у сабе Сусвет? Пакінуць Зямлю, праляцець паўгалактыкі і... зноў апынуцца на Зямлі. Гэта была самая сапраўдная неверагоднасць. А, можа, сапраўды мы нікуды не ляцелі?» І тут з’явілася думка.

— Арцём, — сказаў я. — Ты пазвані сваёй маці. Што там у цябе дома? Хвалюецца, напэўна! Вось тэлефон...

Арцём узяў мабільнік, пачаў набіраць нумар, і мы ўсе пачулі голас:

— Алё-ё...

— Ма-ам, гэта я.

— Ну, дзе цябе носіць?! Галодны днямі ходзіш, хоць бы што ўзяў з халадзільніка. Аліку званіла, думала, ты ў яго. Божа, сын называецца! Колькі ўжо дзён не бачыліся! А мы ж на Нямігу збіраліся, красоўкі купіць... У цябе красоўка адна дзіравая. Зараз жа, каб быў дома!

Я паглядзеў уніз, пад ногі... У Арцёма сапраўды была дзіравая красоўка. Ён аддаў мне тэлефон. Усе маўчалі.

— Мне ехаць дадому? — праз нейкае імгненне запытаўся ён.

— Разумееш, — нахіліўся да яго доктар Савіч, — ужо даўнавата мы спыніліся на адной зялёнай планеце... Там жыхары, што жылі на ёй, далі мне арыенцір, своеасаблівую Праграму, якую завезлі туды прадстаўнікі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Згодна з гэтай Праграмай, каб сустрэцца з братамі па розуме, што, зразумела, можа стаць найвялікшай сенсацыяй, мы павінны былі ляцець менавіта сюды, на копію Зямлі.

— А мая мама? Не-е, гэта наша Зямля, ніякая ні копія! Гэта наш Мінск! — упэўнена сказаў Арцём. — Ды вось жа, за акном толькі што праімчала машына. У ёй я заўважыў свайго аднакласніка Толіка Прышчэпчык. Я хачу дамоў.

— Пачакай, — сказаў яму Антон. — Табе ж цікава з намі. Дамоў ты паспееш. — І паглядзеў на мяне. — А мы ўжо сапраўды ўехалі ў горад. Вы заўважылі? Пазнаяце, за вокнамі мільгае праспект Пераможцаў... Дзе будзем выходзіць? — I ў яго голасе чулася нейкая ненатуральная весялосць.

І тут я ўспомніў мяшэчак з рачным пяском. Гэты пясок быў з берага Лошы, дзе калісьці даўно прайшло маё дзяцінства. Я заўжды браў гэты мяшэчак з сабой ва ўсе свае далёкія падарожжы, каб памятаць, адкуль я. Гэтым разам мяшэчак застаўся дома. Я забыўся яго ўзяць. Цікава паглядзець, ці знайду яго цяпер у сваёй кватэры? Трэба ж хоць за нешта зачапіцца, каб нарэшце канчаткова праясніць: мы на сваёй Зямлі, ці ўсё ж гэта чужая планета?

І я сказаў Антону:

— А давай выйдзем на Паўднёвым Захадзе. Зойдзем да мяне. Я пакармлю вас. У мяне шмат прысмакаў. Ёсць нават грыбы марынаваныя. Мінулым летам збіраў іх у Налібоцкай пушчы.

— Я не супраць, — падтрымаў мяне доктар Савіч. — Недалёка ад цябе жыве адна мая знаёмая. Лора. Медсястра. Ёй здаралася вылятаць на Месяц. Перад самым гэтым нашым палётам я тэлефанаваў ёй. Яна збіралася зноў кудысьці ляцець, — ён паглядзеў на Антона і дадаў: «Была цікавая размова. Пабачым, што яна цяпер скажа?»

«Вось і доктар Савіч хоча з нечым зверыцца, супаставіць адно з адным», — падумаў я, а Антон сказаў:

— Я раіў бы вам не расслабляцца. А куды ехаць, мне, у прынцыпе, усё роўна. Цяпер галоўнае для нас да ўсяго як след прыглядвацца. Потым зробім нейкую выснову.

І мы выйшлі з аўтобуса на Паўднёвым Захадзе, дзе хутка апынуліся ў маім двары. Там пачаў адцвітаць бэз, і яго кусты ўжо не дыхалі водарам. Я міжволі пашкадаваў, што не давялося бачыць гэтага кароткага цвіцення. А калі адвёў позірк ад кустоў бэзу, яшчэ здалёк заўважыў постаць свайго суседа, у мінулым — астрафізіка. Ён заўжды хадзіў з драўлянаю кульбаю, якою ўзмахваў у знак прывітання. Узмахнуў і на гэты раз. Пачакаў, пакуль мы падыдзем да яго.

— Колькі ж гэта вы адсутнічалі? — пасміхнуўся ён, і ў яго вачах заіскрылася ліловае ззянне. «Такі ж самы ліловы бляск, што і ў той дзяўчыны, з якою сустрэліся ля касмадрома», — падумаў я, а ўслых сказаў:

— У вас была нейкая справа да мяне?

— Прусакоў санслужбы труцілі, — і раптам ён адвёў вочы, штосьці занепакоіла яго. Узмахнуў кульбаю, нешта мармытнуў і заспяшаўся ў пад’езд дома.

— Ты чымсьці напалохаў яго, — сказаў доктар Савіч. А я ўжо здагадаўся, ужо ведаў чым. Сусед не пабачыў у маіх вачах ліловага ззяння. Пра гэта я зараз жа і сказаў:

— Ён здагадаўся, што я не яго сусед. Што я нехта іншы, падобны да яго суседа. Значыцца, і ён сам нехта іншы з абліччам майго суседа. У яго ліловыя зрэнкі, у нас не такія.

— Кінь, Сымон, — засмяяўся Антон. — Стары чалавек, кепска бачыць. Лінзы ў яго ліловага колеру.

— Не-е, не лінзы! У той дзяўчыны, з якою я размаўляў ля касмадрома, таксама было ліловае ззянне ў вачах. І ў яе ліловыя лінзы?

— Не спрачайцеся, — паспрабаваў супакоіць нас доктар Савіч, — зараз зойдзем у кватэру, я патэлефаную Лоры і, магчыма, мы хутка нешта высветлім.

— А што высвятляць? Ну можа быць планета — копія Зямлі, я дапускаю! Ландшафт падобны, атмасфера, магнітнае поле і ўсё такое... А тут! Арцём, ты размаўляў са сваёй маці па хатнім нумары тэлефона. Я сустрэў суседа, з якім гадоў дваццаць жыву дзверы ў дзверы, але... У яго ніколі раней не было ліловага бляску ў вачах! Дык гэта — Зямля ці не Зямля, скажыце мне?

Апошнія словы я выгукнуў вельмі моцна. Дзяўчынка, што збягала па лесвіцы, нават азірнулася.

— І ў яе ліловасць у вачах, — прашаптаў Арцём.

А я ўжо адчыняў дзверы ў кватэру і першае, на што звярнуў увагу, калі зайшлі ў гасцёўню, быў мяшэчак з рачным пяском, які ляжаў на стале. Так, гэта была мая кватэра!

— Сядайце, хто куды... Размяшчайцеся. Я абяцаў вас пакарміць грыбкамі.

— Не цяпер, потым грыбкі, — сказаў Антон і сеў на канапу, позіркам запрашаючы садзіцца Арцёма і доктара Савіча. — Давайце, спачатку прыкінем, што мы маем.

— Ты прыкідвай, — сказаў доктар Савіч, а я прайду ў другі пакой, пазваню Лоры, — і запытаўся ў мяне: — Яе можна сюды запрасіць?

Я згодна кіўнуў і сеў побач з Антонам.

— Дык што ты сабраўся прыкідваць?

— Раскладзём усё, што называецца, па палічках... Планета, куды мы ляцелі, сапраўды аказалася копіяй Зямлі. Вось мы сыходзім з карабля, і бортмеханік, які завіхаецца ля зоркалёта Грынчука, крычыць нам: «З вяртаннем!» Ён нас пазнаў, а мы ж упершыню на гэтай планеце. Значыцца...

— Правільна мысліш, камандзір, — у гасцёўню вярнуўся доктар Савіч. — Значыцца, да нас тут нехта быў падобны на мяне, на цябе, Антон, на Сымона... Іншымі словамі, жылі нашы двайнікі.

— Што ж атрымліваецца? — запытаўся я. — Мы пакідалі сваю Зямлю, а яны, нашы двайнікі, пакінулі гэтую планету. Мы цяпер тут, а яны, магчыма, там... у нас на Зямлі. І іх гэтаксама хтосьці прымае за нас, як тут нас — за іх!

— Вы забыліся пра ліловае ззянне ў вачах, — сказаў Арцём. — Па гэтым ззянні на Зямлі здагадаюцца, што гэта не мы.

— А яго можна і не заўважыць, — запярэчыў доктар Савіч. — Тая ж дзяўчына ля касмадрома не заўважыла, што ў Сымона самыя звычайныя зямныя вочы. Ва ўсялякім выпадку, ніяк не адрэагавала на адсутнасць ліловасці ў іх.

— Ды яна не глядзела мне ў вочы, яна ўжо сядзела ў таксі і навошта ёй было мяне разглядваць! — сказаў я і тут жа ўспомніў. — Чакайце, чакайце... Яна мне сказала: «Са шчаслівым прызямленнем!» Тады атрымліваецца, што і гэтая чужая планета называецца Зямля. А як жа можа такое быць? Нейкая няўвязка атрымліваецца!

І тут пачуўся званок у дзверы.

— Я адчыню, — сказаў доктар Савіч. — Гэта — Лора.

Я таксама падняўся з канапы, пайшоў насустрач дзяўчыне... Яна ўжо зайшла ў гасцёўню. Доктар Савіч прапусціў яе паперад сябе і цяпер неяк прыглушана звярнуўся да нас:

— Знаёмцеся, — мая знаёмая Лора.

Лора мела даволі прыемную знешнасць і гэтак жа прыемна пасміхнулася. Ліловае ззянне ў яе вачах я ўжо ўспрыняў як належнае. А яна тым часам пераводзіла ўважлівы позірк з мяне на Антона, з Антона на Арцёма... Утварылася напружаная паўза. Яе парушыла Лора.

— Вы — не зямляне, — сказала яна. І гэтыя яе словы былі для нас раўназначнымі выбуху.

— Як гэта не зямляне?! — ускочыў з канапы Антон. — Мы прыляцелі з Зямлі... З Беларусі! Зямля — наша планета. Яна існуе мільёны і мільёны гадоў.

— Я веру... Напэўна, гэтак яно і ёсць. — Лора працягвала ўважліва разглядваць нас. — Гэта — таксама Беларусь! Таксама — Зямля! Зямля-2... Клон вашай Зямлі. І мы ўсе, хто жыве тут на ёй, таксама клоны. Вашы клоны. У нас ваша ДНК. — Лора зрабіла паўзу, задумалася. — Праўда, я пра ўсё гэта ведаю вельмі цьмяна, на ўзроўні чутак. Ва ўсялякім выпадку такой гіпотэзы прытрымліваюцца многія і многія нашы вучоныя.

Калі ім верыць, дык ваша чалавецтва і наша існуюць паралельна мільёны і мільёны гадоў. І ў нас аднолькавая эвалюцыя, ідэнтычнае развіццё... Вы — гэта мы, мы — гэта вы! Нас розніць толькі адно...

У гэты момант званком адазваўся Антонаў мабільнік. Нехта званіў з карабля. Антон уважліва выслухаў, потым запярэчыў:

— Ні ў якім разе! Хай звоняць, хай патрабуюць! Я забараніў сыходзіць на паверхню! — І ён адключыўся, паглядзеў на Лору. — Ну, дык што нас розніць?

— Той, хто стварыў Зямлю-2, лічаць некаторыя нашы вучоныя, вырашыў усім нам, яе жыхарам, зрабіць падарунак. Мы — несмяротныя. У нашых вачах, у зрэнках ёсць крышталік... Гэта — рухавік бясконцасці, рухавік вечнага жыцця. Ён нейкім чынам звязаны з ядром нашай планеты, з яго сілавымі энергіямі. Наша Зямля нас сілкуе, таму мы ніколі не спім. Мы не ведаем, што такое сон. Мы заўсёды ў бадзёрым стане. У вашых зрэнках няма рухавіка вечнага жыцця, вы — смяротныя...

Мы слухалі Лору, верылі і не верылі. Але шок быў... Што мы маглі сказаць на гэта? Я чамусьці запытаўся ў Антона:

— Што яны хацелі, з карабля?

— З імі звязаліся з Асацыяцыі зоркавых палётаў. Патрабуюць, каб выходзілі на паверхню. Ім для нечага патрэбен старшы пілот.

— Гэтага рабіць нельга, — сказала Лора. — Супрацоўнікі Асацыяцыі адразу вызначаць, што яны з першаасновы, з Зямлі-1. Іх пастараюцца затрымаць... Для доследаў. Калі ў вас былі з некім кантакты, дык сюды могуць прыйсці са службы бяспекі.

— Кантакт быў! Дзядзька Сымон, ты размаўляў са сваім суседам, — сказаў Арцём.

— Мой сусед — дома, на Зямлі, — адказаў я. — А тут... іншапланецяне. — І падняў позірк на Лору. — Клон майго зямнога суседа, так трэба разумець? Ён заўважыў, што ў мяне няма ліловага бляску ў вачах, што яго і напалохала.

— Вам трэба пакідаць гэтую кватэру, — Лора паглядзела на доктара Савіча. — Я хачу стаць такой, як вы... Адчуць, {

}што такое сон. Мне не трэба несмяротнасці. У мяне ёсць магчымасць пабачыць Зямлю-1. Я хачу паляцець з вамі і, можа, нават змагу некалі вярнуцца, расказаць, што там... на першааснове.

— Наш карабель не разлічаны на дадатковы груз, — хутка адказаў Антон.

— Яна мала важыць, — задумліва зазначыў доктар Савіч і кіўнуў Антону. — Пройдзем у той пакой...

Я не ведаю, пра што яны там размаўлялі, магу толькі здагадвацца, але вярнуліся яны вельмі хутка. Доктар Савіч не хаваў задавальнення і адразу звярнуўся да дзяўчыны:

— Я яго ўгаварыў, Лора. Ты ўсё ж мая знаёмая...

Яго апошняя фраза была, бы са сцэны тэатра абсурду, як і ўсё астатняе. Мы нечакана ўсе ўздрыгнулі, так гучна зазваніў хатні тэлефон у кватэры.

— Не бярыце трубку, гэта можа быць служба бяспекі, — засцерагальна сказала Лора. — Вы ўступалі ў кантакт...

— А, можа, нехта звоніць табе? — запытальна паглядзеў на мяне Антон і нервова засмяяўся.

Мы ўжо адчувалі, што трэба пакідаць гэтую кватэру, спешна вяртацца на карабель. На гэты раз я не забыўся пра мяшэчак з рачным пяском. І хоць ведаў, што ён не належыць мне, сунуў яго ў кішэню. А калі ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку, чакаючы рэйсавага аўтобуса на касмадром, я пачуў крык:

— Сымо-он! Сымо-он!

Азірнуўся і ў тым, хто бег да нас, пазнаў, хм-м... свайго стрыечнага брата. Ён пасміхаўся шчыраю ўсмешкаю беларуса, вочы свяціліся ліловым ззяннем, якое проста іграла ў іх. — Ты вярнуўся-я! Вярнуўся-я-я... А я лічыў, што ўжо не пабачымся!

— Таксі-і! — крыкнула Лора і спыніла машыну. — На касмадром! З намі падлетак, як-небудзь уціснемся.

Мы сапраўды ўціснуліся і праз якую гадзіну ўжо былі ля касмадрома. Калі з намі ветліва прывітаўся юнак, падобны да праграміста, што працаваў на нашай Зямлі ў Асацыяцыі, мы, як па камандзе, апусцілі вочы, каб не выдаць сябе, што мы не з Зямлі-2.

— Скажыце, хай зойдзе ў аддзел кіравання палётамі ваш старшы пілот, — папрасіў ён. — У нас перабоі з сувяззю, правісае кантакт.

— Скажам, — прабурчэў Антон.

Мы заспяшаліся да карабля і без аніякіх тлумачэнняў астатнім членам экіпажа, якія запытальна глядзелі на Лору, Антон аддаў распараджэнне старшаму пілоту:

— Ідзіце да сваіх робатаў, хай рыхтуюцца да старту. Вяртаемся на Зямлю.

Лору падсялілі ў адсек да псіхолага Галі.

— Ты б яе праінструктаваў, — сказаў я Антону. — Робаты аб’явяць старт, загадаюць пагружацца ў сон, а ў Лоры гэты... рухавік вечнага жыцця.

— Я ўжо ўсё сказаў Галі. Ідзі ў свой адсек і ні пра што не турбуйся.

У адсеку мяне чакаў доктар Савіч. Арцём паіў з піпеткі Ням-Няма, але я не мог не заўважыць, што твар у яго быў засмучаны.

— Нешта здарылася, Арцём?

— Голас... куды я званіў. Гэта быў голас маёй мамы.

— Ты пабачыш яе, калі мы вернемся на Зямлю. Яна там цябе чакае, хвалюецца.

— А я ўсё думаю пра Лору, Сымон, — сказаў доктар Савіч. — Напэўна, не трэба было яе браць з сабою, але ж я — доктар, мне цікава паназіраць...

— Як за аб’ектам для доследаў? Ці штось іншае?

І доктар Савіч не паспеў мне адказаць, таму што пачуўся голас пілота-робата, які папярэджваў, што хутка мы стартуем і ўсім трэба пагружацца ў кароткі сон...

А неўзабаве мы ўсе зразумелі, што Лору ўзялі на свой карабель дарэмна. Яна слабела на вачах, не магла ні піць, ні есці, адно: ляжала. Было бачна, што да Зямлі Лора не даляціць.

— Яна ўвесь час паўтарае адно і тое ж: «Я хачу спаць, я хачу спаць», але заснуць ніяк не можа, — казаў мне доктар Савіч, калі аднойчы мы сустрэліся ў цэнтральным холе карабля. — І вось што я думаю, Сымон. Хтосьці падарыў жыхарам Зямлі-2 несмяротнасць і такім чынам закансерваваў іх. Яны могуць жыць толькі ў межах гэтай сваёй планеты, паколькі сілкуюцца ад яе ядра. Мы бачылі, у іх ёсць касмічныя караблі, яны ж копія нашага развіцця, розум ім дазволіў дасягнуць гэтага. Але варта ім толькі адправіцца ў нейкае касмічнае падарожжа, і яно аказваецца для іх незваротным. Жыццёвыя сілы пакідаюць іх, як толькі яны аддаляюцца ад сваёй планеты.

— Значыцца, тыя... Ну-у, нашы клоны, нашы двайнікі, за каго прымалі нас, маглі адправіцца на нашу Зямлю, але не даляцелі да яе, і наўрад ці вернуцца на Зямлю-2.

— Атрымліваецца, што не вернуцца, — І ў голасе доктара Савіча чулася горыч. — У іх ёсць несмяротнасць, Сымон, але няма шляху ў іншыя светы. Яны — дзеці адной планеты, адно цэлае з ёю.

І тут у хол зазірнула псіхолаг Галя.

— Доктар Савіч, Лора нарэшце заснула, — і цяжка было зразумець сказала яна гэта з радасцю ці са смуткам. А вось доктар змяніўся ў твары:

— Баюся, што не заснула, а памерла, — ён не хаваў роспачы. — Мы ўжо дастаткова аддаліліся ад Зямлі-2. Энергія яе ядра перастала сілкаваць Лору.

І ён не памыліўся. Цела Лоры мы паклалі ў герметычную капсулу і пахавалі ў адкрытым космасе. За ўвесь час нашых падарожжаў такое здарылася ўпершыню, і мы чамусьці пасля гэтага стараліся не выходзіць са сваіх адсекаў, быццам адчувалі нейкую віну перад Лорай. І толькі ўжо, калі падляталі да Зямлі, мяне і доктара Савіча выклікаў да сябе ў адсек Антон.

— У мяне ўжо было некалькі сеансаў сувязі з Асацыяцыяй, — сказаў ён. — Я паведаміў, што мы знайшлі і наведалі Зямлю-2, планету — копію нашай Зямлі.

— І што?

— Мне не паверылі. Запатрабавалі выкласці доказы, як гэта звычайна ў нас бывае: расліны, жывёліны, грунт, камяні ці што іншае. Любая інфармацыя, а тым больш сенсацыйная, патрабуе доказаў.

— Гэтым доказам магла б быць Лора — дзяўчына з сузор’я Дзевы, — сказаў доктар Савіч. — У прынцыпе, я і гэты варыянт пракручваў.

І тут я ўспомніў пра мяшэчак з рачным пяском, пра што і сказаў, маўляў, цяпер у мяне два мяшэчкі. Пясок з таго, які я ўзяў у кватэры на Зямлі-2, можна даследаваць. Раптам там ёсць нейкія мікраарганізмы, якіх няма на нашай Зямлі.

— Не-е, гэта не доказ, — сказаў Антон. — Ты жартуеш? Мяшэчак з пяском! Ды з нас проста пасмяюцца...

Вырашылі, што па прылёце на Зямлю асабліва не будзем распаўсюджвацца пра гэтае наша падарожжа. Тое, што мы былі на

Зямлі-копіі вялікай неверагоднасцю здавалася ўжо і нам самім. А сапраўдная Зямля, якую Лора назвала першаасновай, тым часам набліжалася... І вось ужо мы ўсе прыніклі да галаўнога ілюмінатара, і калі ўжо гатовы былі сысці на паверхню на касмадроме за Раўбічамі, Арцём на хвілінку затрымаў мяне ў адсеку:

— Дзядзька Сымон, вазьмі... Я гэта знайшоў пасля таго, як Лору паклалі ў капсулу, — і ён працягнуў мне маленькі крышталік, цьмяна ліловую пацерку... «Вось ён, доказ, што мы былі ў сузор’і Дзевы на Зямлі-2», — мільганула думка і тут жа я адагнаў яе. Які дзівак мог паверыць, што маленечкая пацерка магла быць рухавіком вечнага жыцця! І я проста паклаў яе сабе ў кішэню, але ўсё ж паказаў яе доктару Савічу. Але гэта было ўжо значна пазней, калі мы развіталіся з усімі членамі экіпажа, зразумела, і з Арцёмам. Я дазволіў яму ўзяць з сабою Ням-Няма і паабяцаў, што абавязкова з ім звяжуся пасля чарговага палёту ў космас. Мне чамусьці не надта хацелася ехаць дамоў у сваю кватэру на Паўднёвым Захадзе, яшчэ помнілася кватэра на Зямлі-2, і доктар Савіч прапанаваў:

— Табе трэба прывыкнуць зноў да Зямлі ў нейкім нейтральным месцы. Я запрашаю цябе да сябе, на сваю сядзібу. Адпачнеш тыдзень-другі. Рыбку паловім, недалёка азярцо ёсць...

Я пагадзіўся. Узялі таксі і выйшлі з яго, трошкі не даехаўшы да доктаравай сядзібы. Вырашылі прайсціся лугам, каб як след адчуць, якое яно сапраўднае зямное паветра. Вось там я і паказаў доктару Савічу тую пацерку.

— Дай добра разгледжу, — сказаў ён. І не ўтрымаў, крышталік выслізнуў з яго рук, упаў у густую лугавую траву. І як мы ні шукалі яго, знайсці так і не змаглі.

Я сапраўды затрымаўся на доктаравай сядзібе некалькі тыдняў, а потым мне патэлефанавалі з Асацыяцыі. Аднекуль з суседняй галактыкі экіпаж Грынчука, чый зоркалёт, дакладней, копію яго зоркалёта з клонам бортмеханіка мы бачылі на Зямлі-2, прывёз надзвычай цікавую раслінападобную істоту. Знешне — гэта была расліна з вялікім шырокім лісцем. Яна чымсьці нагадвала наш зямны лопух. Калі надыходзіў час цвіцення, у яе на высокай сцябліне распускалася сіняя кветка ў выглядзе вялікай рукі з шасцю пальцамі. І гэтая рука хапала ўсё, да чаго магла дацягнуцца. Нават абрывала ўласнае лісце. У Асацыяцыі склікалі кансіліум, сабралі ўсіх нашых батанікаў, пасля чаго павінна было распачацца даследаванне расліны. Я таксама быў туды запрошаны, хацелася прыняць удзел у тых доследах. Таму давялося развітацца з доктарам Савічам, як пасля аказалася, ледзь не на год. За гэты час я ўжо нават паспеў злётаць у кароткую камандзіроўку на Месяц, як раптам патэлефанаваў мне Антон:

— Слухай, ты ў бліжэйшы час будзеш вольным? Ёсць ідэя! Мяне зноў угаварыў наш дарагі доктар Савіч, — і ён распавёў далей. — Ну-у, памятаеш, тая яго Праграма... Мы ж не памыліліся з планетай-копіяй, дык, чаму б не паляцець да сузор'я Шаляў, у якім, калі зноў жа верыць Праграме, на адной з планет у сістэме зорак, што яго складаюць, ужо даўно вынайшлі машыну часу. Думай, Сымон, думай! Я прапаную, а вырашаць табе!

І я, безумоўна ж, вырашыў. Я пагадзіўся ляцець да сузор’я Шаляў, што мы і зрабілі неўзабаве. І вось тут варта сказаць, што як толькі наш асноўны склад экіпажа сабраўся на касмадроме за Раўбічамі, да мяне адразу ж кінуўся доктар Савіч. І па выразе яго твару я зразумеў, што ў доктара ёсць нейкая навіна.

— Сымон, не паверыш, — я нават не пачуў ад яго слова вітання. — А той крышталік — рухавік вечнага жыцця яшчэ захоўваў нейкую жыццёвую сілу.

— З чаго ты гэта ўзяў? — запытаўся я.

— Ведаеш, там, дзе мы згубілі гэтую пацерку, пры лузе вырасла дзівосная расліна і нават паспела зацвісці. Пялёсткі ў яе кветак ліловыя-ліловыя, як той бляск у вачах хм-м... нашых клонаў на Зямлі-2.

— Лепш сказаць, у вачах Лоры. Пацерка-рухавік належала ёй.

— Во-во, — пагадзіўся доктар Савіч. — Таму я і назваў гэтую расліну: сон: лугавы. Хай такім чынам жыве на Зямлі памяць пра Лору.

І я дадаў ад сябе да слоў доктара:

— Хай жыве, як сказала б яна сама, на першааснове. І не толькі, як памяць пра яе, а і пра ўсю Зямлю-2, куды ўжо, думаю, наўрад ці хто зможа патрапіць з нас, зямлян.

 

У садах Сераміды — няўтульна!

 

1

Я чакаў, што вось-вось пачую голас пілота-робата, маўляў, праз некалькі хвілін мы стартуем. Трэба пагружацца ў сон. Але на гэты раз нічога такога не адбылося, хаця карабель ужо ўзлятаў. Упершыню традыцыя была парушана, і я выйшаў з адсека ў цэнтральны хол, дзе заўжды можна было пабачыць каго-небудзь з членаў экіпажа. Вось і цяпер за невялікім столікам там ужо сядзеў Антон, а з ім — незнаёмец, даволі малады хударлявы мужчына, якога я бачыў упершыню, што мяне здзівіла. На касмадроме я яго не заўважыў.

— Падыходзь да нас, Сымон, — адазваўся Антон. — І знаёмся... Наш новы старшы пілот Ганс Мюлер з Саксоніі.

І мне ўсё стала зразумела. На караблі з’явіўся новы чалавек, а з ім і новы распарадак. Мае думкі быццам падслухаў Антон:

— Ганс узяў толькі аднаго пілота-робата і лічыць, што калі чалавек спіць, дык нават адзін робат небяспечны. Сон мы адмянілі.

Ганс засмяяўся і звярнуўся да мяне па-беларуску:

— Вы батанік? Дык, цікава ведаць, што сталася з тою раслінападобнаю істотаю, якую прывезлі з чужой галактыкі? Чуў у Асацыяцыі, што яе сіняя рука ўсё расце і расце...

— Не-е, ужо сохнуць пачала. Іншымі словамі, адцвітаць.

Цяпер мы ўсе засмяяліся. Я ўважліва паглядзеў на саксонца, падумаў: «Што яго прывяло да нас?» І ўжо ў наступны момант атрымаў адказ на гэтае сваё міжвольнае пытанне, таму што саксонец сказаў:

— А яшчэ я чуў, што на вашым рахунку некалькі сотняў самай што ні ёсць сенсацыйнай інфармацыі. Сам жа я, праўда, — толькі шукальнік прыгод. Машына часу, якую мы спадзяёмся адшукаць у сузор’і Шаляў, мяне не цікавіць як сенсацыя, а выключна як магчымасць вярнуцца ў мінулае ці наведаць будучыню.

— Прыгоды будуць! — пачуўся ззаду вясёлы голас. Гэта ў хол увайшоў доктар Савіч. — Не скажы, сенсацыя — справа капрызлівая. За межамі Зямлі ёсць рэчы, у якія не кожны паверыць, — і ён сеў побач са мною. — Вось, напрыклад, Праграма, якую я атрымаў у падарунак на Зялёнай планеце. У яе ніхто не верыў.

— Дык жа ляцім да сузор’я Шаляў, — сказаў Антон. — Значыцца паверылі.

Я кіўнуў галавой, падтрымаў Антона:

— Яшчэ й як! У сузор’і Дзевы Праграма сябе апраўдала...

Ганс запытальна паглядзеў на мяне:

— А, што там у вас было ў сузор'і Дзевы?

Мы ўсе маўчалі. Паўза зацягнулася. Тады саксонец запытаўся зноў:

— А, чаго вы, беларусы, такія прагныя да розных такіх сенсацый? Ледзь не ўвесь космас аблёталі! Вы хоць шыльдачкі пакідаеце на планетах — «Тут былі беларусы»?!

— Разумееш, Ганс, — і Антон задумаўся. — Беларусь — невялікая па памерах краіна. Хто на Зямлі згадае пра нас, калі мы самі пра сябе не нагадаем. Чым больш сенсацыйных адкрыццяў мы робім, тым больш пра нас ведаюць.

У гэты момант пачуўся голас пілота-робата:

— Выклікаю для кансультацыі Ганса Мюлера.

— Мала таго, што робат усяго толькі адзін, дык яго яшчэ і кансультаваць трэба! — засмяяўся доктар Савіч.

Ганс падняўся і ўдакладніў:

— Ён першы раз у палёце... Пайду гляну, што там у яго.

І саксонец пакінуў хол. А я зірнуў на Антона, маўляў, што ж ты не папярэдзіў, што ў нас новы старшы пілот? Антон не зразумеў майго запытальнага позірку, а доктар Савіч паляпаў мяне па плячы:

— Саксонец надзейны хлопец! Дарэчы, як твой астэроіднік? Гэта ж мы з Гансам наведалі той астэроід недалёка ад Валапаса, адкуль і прывезлі табе гэты грыб. Колькі іх ужо ў цябе?

— Можаш паглядзець...

І доктар Савіч не адмовіўся зайсці да мяне. Праўда, тое, што ён назваў астэроіднікам, па прынцыпе, пад асінай — падасінавік, пад бярозай — падбярозавік, ну, а калі нешта вырасла на астэроідзе, значыцца, — астэроіднік, мне самому бачылася кактусам. Ён меў форму грыба, але быў увесь у калючках. Грыб-кактус, у якога была свая маленькая таямніца. Як толькі нехта малазнаёмы падыходзіў да скрыні, дзе ён рос, астэроіднік адразу выдаваў дзіўны гук: «Ку-ум!» І адразу ж побач з ім з грунту вытыркаўся маленечкі астэроіднічак, быццам астэроіднік тым самым хацеў сказаць: «Не чапай мяне! Я не адзін, нас многа!..» З-за гэтага я рэдка каму яго паказваў. Навошта мець на караблі плантацыю ні то грыбоў, ні то кактусаў?!

— Я падыду да астэроідніка адзін, — сказаў доктар Савіч, як толькі мы зайшлі ў мой адсек. Калі ласка, я не пярэчыў яму. І вось ужо чую з глыбіні адсека знаёмае: «Ку-ум!» і тут жа голас доктара Савіча:

— А ты Арцёму яго паказваў?

І мне стала зразумелым, чаму раптам доктар Савіч згадаў пра астэроідніка. Ён, напэўна, не-не, ды і ўспамінаў Арцёма, як, дарэчы, і я сам. Адсек ад самага пачатку гэтага палёту мне здаваўся апусцелым. Гэтае пачуццё адзіноты не пакідала і надалей. Я паспеў палюбіць і прывязацца да Арцёма. Мне не хапала яго. І вельмі часта, калі садзіўся да экрана знешняга назірання, уяўляў, як бы гэта цяпер мы маглі сядзець разам. І Арцём, напэўна, зноў запытаўся б: «А чаму сузор’е, куды мы ляцім, мае назву Шалі?» І я адказаў бы яму, што магчыма гэтая назва прыйшла са старажытнага Вавілона, з той зямной цывілізацыі, якая дасюль у многім з'яўляецца для сучасных зямлян загадкай. Старажытныя астролагі, якія жылі там, безумоўна, назіралі за Сонцам. Яны маглі гэта рабіць са славутай Вавілонскай вежы. І, вядома ж, аднойчы заўважылі, што калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і, дык на Зямлі дзень пачынае раўняцца начы. Атрымліваецца — раўнавага. З Зямлі няўзброеным вокам звычайны чалавек можа бачыць, як у гэтым сузор'і цьмяна паміргвае сем-восем зорак, але, калі паглядзець у тэлескоп, іх, напэўна, значна больш. Есць там, безумоўна, і планеты.

«Дык што, мы будзем садзіцца на кожную з гэтых планет, пакуль не знойдзем машыну часу?» — мог бы ў мяне запытацца Арцём. І я адказаў бы яму: «Магчыма, гэта нам і давядзецца зрабіць, але затое, які цікавы свет мы можам адкрыць для сябе! Ты ўжо меў магчымасць пабачыць, што ў космасе могуць сустрэцца такія неверагоднасці, у што людзям на Зямлі цяжка паверыць». І потым, калі б мы ўжо дасягнулі сузор'я, сапраўды, маглі б адкрываць для сябе планету за планетай. А, можа, гэтага і не спатрэбілася б, таму што на першай жа планеце мы маглі б сустрэцца з невядомым для нас светам. І гэты свет прадэманстраваў бы нам сваё вынаходніцтва: машыну часу — Геніяльнае адкрыццё таемнага чужога розуму. Гэтак думалася мне даволі часта, а на самай справе ўсё атрымалася па-іншаму, зусім непрадказальна.

Аднойчы я займаўся вывучэннем раслін, якія былі ў адсеку, і раптам адчуў, што карабель пачаў вібрыраваць. Усё, што знаходзілася наўкол, затрэслася, захісталася. І ў тое ж імгненне пачуўся голас пілота-робата:

— Не ўпадайце ў паніку. Сітуацыя высвятляецца. Чакайце далейшых звестак.

Вібрацыя працягвалася. Я ўжо было хацеў ісці ў цэнтральны хол, як у адсек увайшоў доктар Савіч.

— А чаму ў цябе не ўключаны экран? — запытаўся ён. — Уключай! Па маіх разліках, а я ж кіруюся арыенцірам Праграмы, мы ўжо ў межах сузор’я Шаляў. І ты толькі паглядзі, што ў нас па курсе...

Я ўключыў экран і ўжо не мог адарвацца ад яго.

На ім вымалевалася планета, абкружаная аблокамі. І яна, нібыта варылася ў іх, гэтак яны бушавалі і віхурыліся. Тысячы і тысячы маланак праціналі іх, звіваліся ў вогненныя клубкі і раскручваліся. Нібыта агністыя змеі, маланкі чапляліся адна за адну, утвараючы самыя розныя геаметрычныя фігуры. Аблокі свяціліся то ружовым, то блакітным ззяннем. Мігатлівыя агні выстрэльвалі з іх, і мільёны іскр уцягваліся назад у аблокі.

— Касмічны ўраган, — сказаў доктар Савіч. — Мы не праб'ёмся праз яго да планеты, ды і невядома, што там на ёй.

— Увага! Карабель прыцягваецца планетай, — пачуўся голас. І на гэты раз не пілота-робата, а Ганса Мюлера. — Спрабую вывесці яго з-пад яе ўздзеяння.

— Гэта катастрофа, — сказаў я. — Калі карабель прыцягваецца, мы можам урэзацца ў гэтую вогненную кашу.

— Мюлер класны спец!

Але гэтыя словы доктара Савіча мяне не супакоілі. Я глядзеў і глядзеў на экран і мне думалася, што, напэўна, гэтак выглядае пекла. У адсек зазірнуў Антон:

— Прывыклі да трасучкі?! Робатаў ужо, напэўна, штампуюць. Быў бы чалавекам, сказаў бы, што страціў прытомнасць. Бортмеханік спрабуе вярнуць яго да жыцця.

— Ты не пра робата, ты лепш скажы, што будзе з караблём? — запытаўся ў Антона доктар Савіч.

— А што можа быць? — адказаў Антон. — У гэтай планеты ёсць два спадарожнікі. Адзін ледзь заўважны — з пылу. На доўгім саксонец паспрабуе зрабіць пасадку.

Мы сапраўды неўзабаве завіслі над гэтым другім спадарожнікам. Але карабель усё яшчэ вібрыраваў. І бортмеханік Аляксей, якога звычайна мы рэдка бачылі, такі ён быў некамунікабельны, цяпер, нібыта апраўдваўся перад кожным з нас.

— Хлопцы, ну далібог жа ўсё ў парадку. Усе прыборы ў норме, а такое адчуванне, быццам вось-вось на караблі ўсё адмовіць.

— Ты робата вярнуў да жыцця? — запытаўся ў яго доктар Савіч.

— Вярнуў! Ён у сябе ў адсеку.

Мы ўсе знаходзіліся ля галаўнога ілюмінатара. Перакідваліся словамі і кожны з нас напружана ўзіраўся ў паверхню, на якой разгледзець што-небудзь было цяжка. Засцілі попел і пара ў атмасферы гэтага спадарожніка, які нагадваў вялікі востраў. І ўсё ж тое-сёе мы бачылі і, напэўна, у думках кожны жахаўся. Было падобна, што на ім адбылася глабальная катастрофа.

— Бачыце, горы... Ля іх белыя слупкі, — казаў Антон. — Гэта, напэўна, гейзеры, і тэмпература вады ў іх даволі высокая. Пара адсюль бачная.

— Ты на галоўнае не звярнуў увагі, — адазваўся доктар Савіч. — Вунь тая гара, самая высокая. Гэта ж вулкан і не патухлы. Над кратэрам клубы дыму. Але, думаю, вывяржэнне ўжо адбылося. Лава пакрыла ледзь не ўсю паверхню. Шкада. Там было жыццё.

І доктар Савіч не памыліўся. Таму, што, калі Ганс пасадзіў карабель, і мы сышлі на паверхню, пакінуўшы на караблі Аляксея і робата, пераканаліся, што вывяржэнне вулкана было вялікай сілы.

— Па нашых зямных мерках, гэта адбылося гады два таму назад, — сказаў саксонец. — Лава паспела застыць і пахавала пад сабою ўсё жывое.

Мы ішлі і ішлі, і наўкол бачылі адно разбурэнне, хаця было падобна, што там, дзе мы знаходзіліся, некалі быў вялікі горад.

— Цяжка паверыць у такое, каб аніхто не выжыў, — уздыхнуў доктар Савіч. — Але рэаліі паказваюць, што мы ў мёртвым горадзе, які сузіраем у выглядзе руін.

— Дзіўна, — сказаў я. — Наўкол хоць бы дрэва ці куст які.

— Затое дамы тут былі драўляныя, — заўважыў Антон. — Вунь колькі бярвення, а там... — паказаў позіркам. — Дык амаль неразбураная будыніна. Ого-о, сцяна метраў дзесяць!

І мы падышлі да гэтай будыніны. Яна ўзвышалася напаўразбураным абпаленым зрубам, як пакарабачаны помнік усяму таму, што тут некалі было. Я паспрабаваў уявіць прыгожы драўляны дом, а за ім — яшчэ і яшчэ адзін... Шырокую вуліцу, роўныя зялёныя газончыкі... І здалося непраўдападобным, што гэта ўсё магло быць на маленечкім спадарожніку невядомай планеты, ахопленай касмічным ураганам у сузор'і Шаляў. Доктар Савіч падняў з долу невялікі зеленаваты аскепак, пакруціў у руках:

— А тут у нетрах ёсць жалеза, — сказаў ён. — Гэта — Сэйдзі, адзін з відаў керамікі. На Зямлі яе пачалі вырабляць у Кітаі недзе каля трох тысяч гадоў таму назад. Потым яна з'явілася ў Японіі. Каб атрымаць такі колер, у паліву трэба было дадаваць жалеза.

— Гэ-эй, сюды! Хадзіце сюды!

Гэта крычаў нам Ганс. Ён паспеў ужо адысціся трохі наперад і быў чымсьці ўсхваляваны. Калі падышлі да яго, пабачылі катлавіну, у якой не было канца. Але ўражвала іншае. Па баках гэтай катлавіны былі трыбуны. Абпаленыя, занесеныя попелам, яны таксама не мелі краю, здаваліся бясконцымі.

— Здагадваецеся, што гэта? — запытаўся саксонец.

— Думаю, стадыён, — адказаў Антон. — Мы стаім перад футбольным полем.

— Але ж якога росту былі тыя, што гулялі на ім? Памеры ўражваюць! — сказаў доктар Савіч.

— Я пра гэта падумаў яшчэ, калі стаялі ля той сцяны, — адазваўся Антон. — Будыніна мела адзін паверх. У такім памяшканні маглі жыць веліканы.

Я азірнуўся, каб яшчэ раз паглядзець на сцяну адзінокага зруба і заўважыў, што каля яе штосьці блішчыць. Краёчак нечага, што ледзь-ледзь вытыркалася з попелу, які гурбамі ўзвышаўся пад сцяною.

— Антон, там нешта ёсць. Блішчыць, як золата, — сказаў я. — Давай вернемся да сцяны.

Калі мы вярнуліся і разгрэблі попел, дык пабачылі нешта, што нагадвала вушную ракавіну, самае сапраўднае залатое Вуха з адтулінай пасярэдзіне, ды такой вялікай, што ў яе мог пралезці чалавек. Знаходка нас уразіла.

— Можа тут у музеях падобныя рэчы выстаўляліся? — зазначыў Антон.

— А я думаю, што гэта наглядны дапаможнік, — выказаў сваё меркаванне доктар Савіч. — Маглі дэманстраваць у школах, калі дзеці анатомію вывучалі. — І ўзяўся за краёк Вуха. Прыўзняў яго:

— Для золата легкаватае!..

— Гэта можа быць і часткай нейкай скульптуры, — уключыўся ў размову саксонец. — Калі тут жылі веліканы, дык і скульптуры ў іх былі адпаведныя.

У гэты момант паверхня, дзе мы стаялі, уздрыгнула, хіснулася... Пачуўся незразумелы гул. Мы ўсе азірнуліся і пабачылі, што кратэр вулкана, які быў самае большае ў некалькіх кіламетрах ад нас, пырхае агнём і па яго схіле сцякае вогненная рака... А гейзеры, што білі фантанамі недалёка ад падножжа вулкана, напэўна, закіпалі. Адтуль насоўваліся, ляцелі клубы пары. Паветра зрабілася цяжкім, задушлівым і вільготным.

— Вулкан выплюхнуў з сябе лаву, — уздыхнуў Ганс. — Трэба ратавацца і ратаваць карабель. Яна зноў тут можа ўсё накрыць сабою.

— Сымон, памажы мне...

Доктар Савіч усё яшчэ трымаўся за прыўзняты краёк Вуха, і я падхапіў другі яго канец. З гэтым залатым Вухам мы і рушылі да карабля, дзе нас чакала непрыемная навіна.

— Я ўжо збіраўся паслаць вам сігнал, — сказаў бортмеханік. — Карабель намагнічваецца. Робата прыцягнула да дзвярэй і адарваць яго я не змог. Ён цалкам паралізаваны.

А мы ўжо гэта бачылі і самі. Робат-пілот вісеў, бы прыклеены, да дзвярэй свайго адсека. Больш таго, туды ж прыцягнула і Вуха, якое мы з доктарам Савічам усё яшчэ трымалі ў сваіх руках. Яно прыляпілася да робата, амаль цалкам прыкрываючы яго.

— Ганс, хутчэй ідзі да пульта кіравання палётам, — сказаў Антон саксонцу. — Баюся, мы не зможам узляцець!

Але мы ўзляцелі... Стаялі ля галаўнога ілюмінатара і назіралі, як там, ужо далёка ўнізе, вогненныя языкі лавы выпальвалі і пакрывалі сабою ўсё, што яшчэ заставалася на паверхні, якую мы паспелі своечасова пакінуць.

— Я зазірну да Мюлера, — сказаў Антон. — А вы, хлопцы, разыходзьцеся па сваіх адсеках.

— Куды цяпер? — запытаўся я ў доктара Савіча. — У саксонца ёсць арыенціры тваёй Праграмы?

— Яна паказвала на тую планету, куды мы нават не спрабавалі прабіцца, — адказаў доктар. — Хто ж палезе, як ты сам сказаў, у вогненную кашу?!

І, калі мы ўжо разышліся па сваіх адсеках, пачуўся голас Ганса Мюлера:

— Увага! Карабель размагнічваецца. Можа зноў пачацца вібрацыя, а з ёю і непаладкі. Пры такой сітуацыі знаходзіцца ў глыбокім космасе небяспечна. Бяру курс на Зямлю!

І адразу ж пасля саксонца мы пачулі Антона:

— Загадваю пагрузіцца ў сон! Працягласць сну не вызначайце! Бяру пад свой кантроль усыпляльнік. Падключайцеся да кінасерыялаў!

Ну што ж, сон, дык сон! Загад камандзіра трэба выконваць. І хоць гняла нейкая незразумелая трывога, я падкарміў свае расліны і, як і падчас палёту ў сузор’е Дзевы, падключыўся да мульцікаў... А прачнуўся, калі ўжо Ганс пасадзіў карабель на Зямлі, на нашым касмадроме за Раўбічамі.

— Як бачыш, асаблівых прыгод не атрымалася, — казаў доктар Савіч саксонцу, калі мы ўжо рыхтаваліся пакінуць карабель.

А мне рупіла хутчэй дазнацца, што ж там, з тым залатым Вухам, куды яго цяпер панясём: у памяшканне Асацыяцыі ці ў аддзел экспертызы пры ёй? Пра гэта я і запытаўся ў доктара Савіча, на што ён адказаў:

— Якая экспертыза?! Якая Асацыяцыя?! Гэтае Вуха стала падобнае на звычайную бляшанку. Да таго ж робат, калі пачаў размагнічвацца, трохі намяў яго.

— Што ты прапануеш?

— Нічога... Вынесем і выкінем дзе-небудзь за састарэлымі караблямі. Не ў музеі ж яго выстаўляць! З любога боку ніякай цікавасці яно не ўяўляе.

І тут я ўспомніў пра Арцёма... Для музея Вуха, можа, і сапраўды рэч непрыдатная, а вось падлетка яно зацікавіць можа, хаця б проста паглядзець на яго, памацаць... Як-ніяк, прывезенае з чужога свету!

Мы з доктарам Савічам вынеслі Вуха з карабля і доўга не думаючы, як і сказаў доктар, зацягнулі яго ў канец касмадрома за састарэлыя караблі. Тым жа днём я патэлефанаваў Арцёму. Расказаў яму пра наш палёт у сузор'е Шаляў і, як толькі распавёў пра Вуха, якое стала звычайнай бляшанкаю, ён гатовы быў зараз жа ехаць на касмадром за састарэлыя караблі, што і зрабіў. Праўда, не адзін, а са сваім сябрам — Алікам.

Калі праз некалькі дзён мы сустрэліся з Арцёмам і я запытаўся ў яго, якое ў яго ўражанне ад Вуха, дык яго адказ склаўся ў мяне ў асобную казку: «У ПРОСТАЙ РЭЧЫ МОЖНА НЕ ПАБАЧЫЦЬ ГАЛОЎНАГА».

 

2

Арцём вельмі добра ведаў кожны закутак касмадрома, таму, як толькі яны з Алікам апынуліся за састарэлымі караблямі, дык хутка і адшукалі Вуха. Яно ўжо не мела той формы вушной ракавіны, робат не пашкадаваў яго, але адтуліна, цяпер яна была ледзь не на ўсё Вуха, — захавалася. Хлопцы пахадзілі, пахадзілі ля Вуха, а потым Алік вазьмі і палезь у тую адтуліну... І ў той жа момант яго не стала. З другога боку ён не вылез. Тады тое ж самае зрабіў і Арцём...

— Я ляжаў на зямлі і бачыў, што я — гэта не я! Звычайная зялёная елачка, над якою лётала, мітусілася невялічкая птушка: цвы-ір! Цвы-ір! — расказваў мне Арцём. — Потым гэтая птушка загаварыла, і я пазнаў голас Аліка.

— Што нам цяпер рабіць, Арцём? Усё адбылося, як у той казцы, калі конь сказаў малодшаму з трох братоў: «Залезь у адно маё вуха і праз другое вылезеш асілкам-прыгажуном». Мы з табою залезлі ў Вуха з сузор’я Шаляў, і вось ты — елачка, з я... Я — салаўіны цвыркун! І назад мы ў Вуха не ўлезем, а яно, вунь ляжыць... Я не зацягну цябе, у мяне маленькая дзюбка, сілы не хопіць.

А Арцём тым часам азіраўся і бачыў наўкол пустыню. Пяскі і пяскі... Бязлітасна пякло сонца. «Яшчэ трошкі тут паляжу і з мяне пачнуць асыпацца іголкі», — падумаў Арцём, а Аліку ўслых сказаў:

— Падніміся трошкі вышэй, у цябе ж крылы! Можа, што пабачыш акром гэтай пустыні, гэтых пяскоў?

— Бачу, бачу, — закрычаў праз імгненне салаўіны цвыркун голасам Аліка. — Сюды да нас на вярблюдзе едзе чалавек! А яшчэ трошкі далей, нейкі вельмі вялікі горад...

І сапраўды, да іх хутка падышоў вярблюд і чалавек, які сядзеў на ім, саскочыў на зямлю і радасці яго не было канца.

— Ай-я-я-яй! Ай-яй! Што бачаць вочы шаноўнага халдзея! Якое дзіўнае дрэва! Якое цудоўнае, прыгожае дрэва! Вечны горад Бабілу яшчэ не бачыў такога! Я завязу яго ў сады мідзійскай прынцэсы і вялікі Навухаданасор, бліскучы валадар усяго Халдзейскага царства дасць мне за яго дзесяць дынараў!

Халдзей падхапіў елачку, прывязаў яе да сядла, сам ускочыў у яго, і вярблюд пайшоў далей па гарачых пясках пустыні. «Цвы-ір, цвы-ір!» — трывожна кружыў над вярблюдам салаўіны цвыркун, і елачка трапятала, баялася, што пачнуць асыпацца яе іголкі пад невыносна-спякотным сонцам... Потым быў дзівосны горад Бабілу — шматпавярховыя дамы, стракатыя базары, іскрыстыя фантаны, храмы, спякота і пыл... Халдзей прывязаў вярблюда да каменнага слупа і пайшоў да гандляра, які гандляваў вадою, а салаўіны цвыркун сеў на яловую галінку:

— Ты зразумеў, дзе мы? — зашаптаў ён голасам Аліка. — Мы ў старажытным Вавілоне. Бабілу — гэта Вавілон. А сады, пра якія казаў халдзей, — адзін з цудаў свету. Я ведаю гэта з гісторыі, — вісячыя сады Семіраміды.

— Не расказвай... Сам усё чуў! Ты лепш скажы, як нам выбрацца адсюль?

Салаўіны цвыркун маўчаў. А халдзей адвязаў вярблюда і рушыў далей, каб неўзабаве апынуцца ля шыкоўнага палаца... Ён атрымаў свае дзесяць дынараў, а зялёную елачку рабы ўваткнулі ў зямлю на першым ярусе тых незабытых чалавецтвам садоў, што ў чатыры ярусы ўзвышаліся над стометровымі сценамі Вавілона.

«Цвы-ір, цвы-ір», — салаўіны цвыркун сядзеў на яловай галінцы і разважаў:

— Калі тут з’явіцца мідзійская прынцэса, а яна абавязкова з’явіцца, каб паглядзець на цябе, давай звернемся да яе сваімі чалавечымі галасамі... Яна, напэўна, тут сумуе па сваёй Мідзіі, а мы сумуем па сваёй Беларусі... Яна павінна зразумець нас. Ты ёй скажаш, што хоць гэтыя сады і прыгожыя, але табе, елачцы, прывыклай да беларускіх лясоў, тут — няўтульна!

— Алік, не балбачы! Я ўжо не магу на гэтай спякоце... Злётай да Ефрата і хоць некалькі кропель вады ў дзюбцы прынясі.

І гэтыя словы Арцёма-елачкі, нібыта хто падслухаў.

Да дрэўца падбеглі рабы і вылілі на яго вядро вады. І тут жа на алеі з'явілася мідзійская прынцэса ў акружэнні сваіх служанак... Арцём бачыў, як пацяплелі, зазіхацелі вочы ў прынцэсы:

— Адкуль?! Хто гэты цуд прывёз сюды?! — І ў чароўным голасе чулася радасць. Прынцэса дакранулася рукой да яловай галінкі і... укалола свой пальчык.

І ўсе замітусіліся, закрычалі: «Прынцэса ўкалола пальчык! Укалола пальчык!» І хоць сама прынцэса гэтага не хацела, але ўладар Вавілона, магутны Навухаданасор загадаў выкінуць елачку за гарадскія сцены, што і зрабілі рабы.

Пачынала змяркацца. «Цвы-ір, цвы-ір», — трапятаў крылцамі салаўіны цвыркун:

— Што цяпер будзем рабіць, Арцём?

— А ты зірні на неба, бачыш, якія буйныя прамяністыя зоркі! А вунь там... вежа Вавілонская. За такімі зоркамі нельга не назіраць. Думаю, што на вежы ты можаш знайсці астролага. Вось, хто нам можа дапамагчы. Толькі папрасі яго як след!

І салаўіны цвыркун паляцеў да Вавілонскай вежы. На самай верхняй яе пляцоўцы ён сапраўды пабачыў астролага. Тут жа была і падзорная труба. Астролаг сядзеў на самым краёчку вежы і штосьці пісаў на дошчачцы. «Цвы-ір, цвы-ір», — падляцеў да яго цвыркун і апусціўся побач:

— Шаноўны з самых шаноўных, ты ўсё сваё жыццё назіраеш за зоркамі...

— Назіраю. Хм-м, цікавыя лічбы, — астролаг нават не здзівіўся, што птушка звярнулася да яго чалавечым голасам і працягваў. — Ну, вядома, я гэтае сузор’е назаву сузор’ем Шаляў!

— Вось-вось, з сузор’я Шаляў, недалёка адсюль, у пустыні ляжыць Вуха, — пачаў расказваць салаўіны цвыркун. — Ты можаш пабачыць самы сапраўдны цуд! Толькі для гэтага табе трэба пайсці за мною, падняць за гарадской сцяною елачку, потым мы разам пойдзем да Вуха і ты зразумееш, што я не хлушу. Я веру, што ты — лепшы астролаг з астролагаў, цябе не можа не зацікавіць Вуха з сузор’я Шаляў.

Салаўіны цвыркун гаварыў доўга, вельмі доўга і астролаг, нарэшце, здзівіўся:

— Калі ў пустыні ляжыць Вуха з сузор’я, якое я толькі што назваў Шалямі, дык адкуль жа ты сам, што так цудоўна валодаеш чалавечай моваю?

— Я не магу табе гэтага растлумачыць, а калі і растлумачу, ты не зразумееш, пакуль не пабачыш. Я палячу, а ты ідзі за мной...

— Добра, — сказаў астролаг. — Я сыду з вежы...

І неўзабаве ён ужо нёс у руках елачку, над пяскамі кружыў цвыркун: «Цвы-ір, цвы-ір», і дзівосны горад Вавілон усё аддаляўся і аддаляўся...

— Вось яно, Вуха, — радасна залапатаў крыламі салаўіны цвыркун і апусціўся побач з ім на пясок.

— Што я павінен зрабіць? — запытаўся астролаг.

— Праціснуць дрэўца ў гэтую дзірку.

І астролаг праціснуў елачку і, калі яна знікла па другі бок Вуха, ён запытальна паглядзеў на цвыркуна:

— Прастора паглынула яго?

— Гэта была не елачка, а мой сябар — Арцём. Ён цяпер у Беларусі, у невядомых табе часах. Хочаш, і ты пралезь?

— Ніхто па сваёй ахвоце не пакідае Бабілу, — адказаў астролаг. — Бабілу — Вароты Бргоўт а гэта толькі Вуха.

І салаўіны цвыркун нічога больш не сказаў астролагу. Узмахнуў крыламі і ўляцеў у Вуха.

«У кожнага чалавека свой Вавілон, — сказаў я Арцёму, як толькі ён закончыў свой расповед. — Вось чаму астролаг адмовіўся пралезці ў Вуха». І на наступны ж дзень я паехаў на касмадром за састарэлыя караблі, але Вуха там ужо не знайшоў. Затое мне было зразумела, чаму на тым спадарожніку невядомай планеты, што была ахоплена касмічным ураганам у сузор'і Шаляў, мы нікога не выявілі. Тыя, хто жыў на ім, ратуючыся ад вогненнай лавы, скарысталі Вуха — геніяльнае вынаходніцтва свайго розуму. Хто яны? У якой прасторы, і ў якім часе цяпер знаходзіліся? На гэтыя пытанні ўжо ніколі ніхто не адкажа, як і я не знайду адказу на сваё:

— Куды ж падзелася Вуха?

 

Стужка ордэнская

 

І лёгкакрылы матыль

можа навеяць успаміны.

З нататніка астранаўта.

 

Я ўжо даўно не быў у космасе, як, дарэчы, і доктар Савіч. Займаліся выключна зямнымі справамі. На сваёй сядзібе доктар адвёў мне невялікі ўчастак зямлі, куды я перавёз з карабля свой батанічны сад і цяпер цэлымі днямі быў заняты доследамі. Многія расліны не прыжываліся ў зямным грунце і мне даводзілася іх бясконца перасаджваць у розную глебу.

Быў пачатак верасня, а адна расліна — ну проста, бы вылепленая са снегу — якую я выкапаў на адной з планет далёкага сузор’я Вялікага Пса, так і не памяняла свайго белага колеру і толькі-толькі выпусціла першы лісток на Зямлі, у што я ўжо не верыў. Таму і хацеў, як мага хутчэй паказаць яго доктару Савічу. Але той ужо сам гукаў мяне:

— Сы-ымон! Сымо-он, не паверыш: у нас госць!

Я, вядома ж, пайшоў да альтанкі, адкуль чуўся голас доктара, і пабачыў там Антона, камандзіра нашага экіпажа, з кім найчасцей даводзілася вылятаць у космас. Антон прыехаў да нас з прапановай і, калі мы выслухалі яго, дык адразу і пагадзіліся паляцець да сузор’я Цяльца ў накірунку Крабападобнай туманнасці.

Справа ў тым, што ўжо недзе з год таму назад Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў паслала туды экспедыцыю паназіраць з невялікай адлегласці за гэтай загадкавай газавай туманнасцю, і карабель, дзе пілотам быў саксонец Ганс Мюлер, на адной з планет (трэба меркаваць сузор’я Цяльца) пацярпеў катастрофу. Ніхто з членаў экспедыцыі, а іх было толькі чацвёра, не загінуў, але на Зямлю яны вярнуцца не маглі. Зоркалёт пад уздзеяннем невядомых энергій распаўся на некалькі частак. Саксонец настойваў на тым, каб па іх паляцелі менавіта мы — беларусы. Маўляў, пабачым там нешта надзвычай цікавае для сябе. А самае галоўнае, што адным з членаў той экспедыцыі была псіхолаг Галя, якую мы неаднойчы бралі з сабою ў касмічныя падарожжы. Як было не паляцець?

І праз паўгода, дзесьці ўжо пад канец зімы, мы стартавалі...

Яшчэ была бачная ў зімовым небе прамяністая зорка Альдэбаран, якую нехта аднойчы назваў «вокам быка». Туды, да яе, і пралёг наш маршрут. Але да Альдэбарана мы не даляцелі, хаця былі зусім блізка ад гэтай зоркі і яе планетнай сістэмы. Так блізка, што маглі бачыць дзве планеты на сваіх экранах. Нечакана на сувязь з намі выйшаў саксонец, і наш робат-пілот адхіліўся ўправа ад іх, прытрымліваючыся тых каардынатаў, якія нам даў Ганс. І ўжо неўзабаве мы завіслі над зусім невялікім астэроідам, усяго кіламетраў пятнаццаць у дыяметры. З вышыні ён меў форму глыбокай талеркі: па краях — горы, а ў сярэдзіне — зялёная пляма, на ўскрай якой мы і апусціліся.

Перад намі ляжаў трапічны пальмавы лес, ды такі высокі, што белыя з чырвонымі дахамі пабудовы між пальмаў, выглядалі, як казачныя домікі, у якіх жывуць гномы. Але каля гэтых казачных дамкоў мы пабачылі не гномаў, а самых сапраўдных людзей-ліліпутаў у вельмі стракатым адзенні. Калі б яны мелі за спінамі крылы, дык іх можна было б прыняць і за казачных эльфаў. Наш карабель не прыцягваў іхняй увагі. Ён не быў для іх дзівам і нас гэта, у адрозненне ад іх, здзіўляла. Можна было падумаць, што яны тут бачаць зоркалёты з іншых светаў штодня.

Ужо недзе з паўгадзіны мы ўзіраліся ў мясцовасць і вось пачулі радасныя крыкі: «Анто-он! Доктар Саві-іч! Сы-ымон!» Да карабля беглі Ганс Мюлер і Галя. Мы з палёгкаю ўздыхнулі. Робат-пілот не памыліўся, пасадзіў карабель там, куды і павінен быў пасадзіць. І пасля кароткіх слоў прывітання, пасля радасных абдымкаў, калі мы спусціліся на паверхню, саксонец прапанаваў прайсці да абломкаў іх карабля, дзе яны размясцілі некалькі палатак. Па дарозе ён расказаў, што тут з імі знаходзяцца яшчэ астрафізік — бельгіец Алекс, і бортмеханік, імя якога яны не ведаюць дагэтуль. Што, зразумела, нас усіх здзівіла.

— Як гэта такое можа быць? — адразу запытаўся доктар Савіч. — Ты пілот і не ведаеш імя свайго бортмеханіка?

— А гэта не мой бортмеханік, — адказаў Ганс. — Мой у шпіталі на Месяцы, паляк Ромусь. А гэтага мы падабралі там... на родненькім спадарожніку. Ён папрасіўся на карабель, і мы не змаглі яму адмовіць. Тым больш, што нам патрэбен быў бортмеханік.

І далей саксонец расказаў, што як толькі яны пакінулі зямную атмасферу, Ромусь адразу захварэў на касмічную дэпрэсію, ды ў такой цяжкай форме, што за ім увесь час трэба было назіраць, што і рабіла Галя. Касмічная прастора гняла яго, выклікала трывогу і неспакой. У такім стане ён не мог ляцець у глыбокі космас, і яны зрабілі незапланаваную пасадку на Месяцы. Каб хвароба не перайшла ў хранічную форму, Ромусь пагадзіўся паказацца там дактарам у шпіталі хуткай дапамогі, дзе і застаўся. Ганс паабяцаў яму, што яны забяруць яго на зваротным шляху. Калі ўжо рыхтаваліся стартаваць, да іх і падышоў незнаёмец, які на касмічным слэнгу папрасіўся на карабель, маўляў, я — бортмеханік, вас не падвяду. Астатняга ведаць вам не трэба.

Мы ўжо падыходзілі да палатак і адразу пабачылі даволі высокага чалавека, які спрабаваў падняць кавалак жалеза. Падобна, што гэта была дэталь насавой часткі карабля.

— Гэ-эй, бортмеханік, — крыкнуў саксонец. — Што ты там робіш?

— Я так разумею, мы хутка стартуем адсюль, — адказаў той. — Не пакідаць жа гэтае жалеззе тут! Трэба перанесці яго ў горы. Ліліпутам цяжка будзе гэта зрабіць.

У яго была жахлівая мова — сумесь самых розных слоў: англійскіх, беларускіх, французскіх, рускіх... Але мы зразумелі бортмеханіка.

— Добра, нясі, — сказаў Мюлер і паглядзеў на нас. У гэты момант з палаткі выйшаў зусім яшчэ малады чалавек прыемнай знешнасці, і саксонец позіркам паказаў у яго бок. — Знаёмцеся, наш астрафізік... — і тут жа запытаўся. — Хто хоча дапамагчы бортмеханіку?

Я быў не супраць падняцца ў горы. Карцела хутчэй агледзець гэтую малюпасенькую маляўнічую планетку, таму і сказаў:

— Я дапамагу!

І мы пацягнулі з бортмеханікам той цяжкі кавалак жалеза пад гару. Пальмы ўжо скончыліся. Мы паднімаліся, дакладней, прадзіраліся праз густы зараснік незямных карлікавых дрэў. І тут раптам зусім блізка пачуўся крык. У голасе былі і жах, і боль.

— Чакай, — сказаў я бортмеханіку. Кінуў жалезіну і пачаў прабірацца праз гушчар у напрамку голасу. Хутка я пабачыў у густой траве ліліпутку. Яна ляжала ніцма і кідалася з боку ў бок, спрабуючы скінуць з плячэй звярка, ну, рыхтык зямную кошку.

— Р’ісь! Р’ісь! — крычала ліліпутка, а звярок упіўся зубамі ў яе шыю, і з раны сцякала кроў. Я спрабаваў ухапіць звярка, але ён зашыпеў і ашчэрыўся.

— Ко-оця, мой ты харошы коця, — раптам вырвалася ў мяне, чаго я і сам не чакаў, і тут жа паспрабаваў пагладзіць звярка. Гэта яму спадабалася. І вось нарэшце я змог узяць яго на рукі і ўжо збіраўся дапамагчы падняцца ліліпутцы, якая цяпер толькі тоненька ўсхліпвала і ўсё яшчэ спуджана паўтарала:

— Р’ісь! Р’ісь!

Але тут з зарасніку выскачыў бортмеханік, а праз некалькі хвілін з’явіліся і ліліпуты. Адзін з іх падышоў да мяне, нешта сказаў, чаго я, вядома ж, не зразумеў. А астатнія трое падхапілі ліліпутку на рукі і зніклі ў зарасніку. За імі кінуўся і той, што нешта сказаў мне.

— Звер мог яе загрызці, — адазваўся бортмеханік.

— Ды, які ж гэта звер? Самая сапраўдная кошка!

— Яна дзікая. Адпускай яе.

А кошка ўжо і сама выслізнула з маіх рук, церанулася аб нагу і пабегла ў зараснік.

— Ну што, бортмеханік? — сказаў я. — Дзе тая жалезіна?

Пойдзем цягнуць яе далей...

І дзесьці праз гадзіну мы спусціліся з гары назад да палатак, дзе нас ужо чакаў прыгатаваны абед. Але есці селі не адразу. Я расказаў пра здарэнне.

— Цяпер да нас абавязкова прыйдуць ліліпуты, каб неяк цябе аддзячыць, — сказаў саксонец.

— А чаму толькі яго? — не то абурана, не то з крыўдаю запытаўся бортмеханік.

— Хто ўратаваў ліліпутку, таму і падзяка, — адказаў Ганс. — Яны міралюбныя. Я за гэты даволі доўгі час, што тут мы прабылі, пачаў трошкі разумець іх мову.

— А я з некаторымі з іх нават пасябравала, — пасміхнулася Галя.

—Ну і што яны з сябе ўяўляюць? — пацікавіўся доктар Савіч.

— Усю сваю тэрыторыю, а гэта, лічыце, невялічкі горад, яны называюць сваім каралеўствам, — пачаў расказваць Ганс. — У іх ёсць кароль. Вельмі стары і нямоглы, да ўсяго, кепска бачыць. У яго сем дачок і дванаццаць сыноў. Ну, а што да астатніх жыхароў, іх тут тысячы дзве, не болей. Нярэдка складваецца ўражанне, што яны перасяленцы з нейкай іншай планеты, якія калісьці таксама пацярпелі тут катастрофу.

— І як жа яны называюць сваё каралеўства? — запытаўся Антон.

— Не паверыце: Бычыны хвост. Такое дзіўнае супадзенне. — адазваўся бельгіец. — Самі яны, мяркую, не ведаюць, што гэты астэроід знаходзіцца ў сузор’і Цяльца.

— Дарэмна ты так мяркуеш, — запярэчыла Галя. — У іх ёсць зоркавыя карты.

У гэты момант пачуліся музычныя гукі, быццам хтосьці некалькі разоў стукнуў па клавішах фартэпіяна. Мы ўсе пабачылі двух ліліпутаў, якія падыходзілі да нас. І Галя перавяла гаворку на іншае.

— Не ведаю, ці ўмеюць яны спяваць, — яна запытальна паглядзела на саксонца. — А вось іграюць бліскуча і без інструментаў. Пэўна ў іх языкі такія музычныя?

— Учора я прайшоўся па адной з іхніх вуліц, — сказаў саксонец, — і, пакуль ішоў, увесь час чуў гукі скрыпкі. У доміках расчыняліся вокны, з іх выглядвалі ліліпуты і адразу ж пачынала гучаць вельмі прыемная мелодыя.

Мы ўсе ўздрыгнулі, здалося, што нехта зусім блізка ўдарыў у літаўры. Пасля гэтага ліліпуты звярнуліся да нас з прамовай. Ганс адразу ж пачаў перакладаць.

— Ты, Сымон, — звярнуўся ён да мяне, — уратаваў ад дзікага звера прынцэсу, малодшую дачку караля. І за гэты геройскі ўчынак кароль хоча ўзнагародзіць цябе ордэнам. Заўтра ён гэта зробіць тут, у нас. Прыйдзе сюды са сваёй світай. Але кароль не любіць, калі яму нешта падказваюць. Таму, каб каралю самому адразу было бачна, каму ўручаць ордэн, табе спачатку прышпіляць ордэнскую стужку. І паколькі кароль кепска бачыць, стужка будзе каляровая, вельмі яркая.

Саксонец прамовіў апошнія словы і паглядзеў на ліліпутаў. Яны варухнулі губамі, і зноў пачуліся літаўры. Пасля гэтага ліліпуты развіталіся і пайшлі, а мы ўсе, не без хвалявання, пачалі чакаць наступнага дня, які пачаўся для нас з непрыемнага паведамлення. Прыйшоў адзін з ліліпутаў і сказаў, што ордэнскія стужкі, якія знаходзіліся ў кабінеце іх вайсковага міністра, гэтай ноччу некуды зніклі, але цырымонія ўзнагароджання не адмяняецца. Таму, як толькі з’явіцца кароль са світай, нам усім трэба будзе стаць у строй і, калі кароль падыдзе да нас, я павінен буду зрабіць некалькі крокаў наперад, каб атрымаць ордэн.

Усё так і адбылося. Праз некалькі гадзін мы пабачылі шэсце, якое накіроўвалася да нашых палатак. Мы глядзелі на ліліпутаў і адначасова чулі цэлы аркестр. Усё навокал грымела, пілікала, звінела, пакуль шэсце не наблізілася да нас. Мы ўсе ўжо стаялі роўным строем. Я на некалькі крокаў выйшаў наперад і пабачыў, што тое ж самае зрабіў бортмеханік. Але кароль упэўнена ішоў да мяне, не звяртаючы ніякай увагі на бортмеханіка. І тут я згледзеў, што на маіх грудзях на світэры трапеча матыль, крылы якога нагадваюць ордэнскую стужку, а кароль ужо з нейкімі словамі (і не цяжка было здагадацца, што гэта былі словы падзякі), працягнуў мне чаканку ў форме медаля. Я зірнуў на яе і ў мяне нават не знайшлося слоў, каб нешта сказаць у адказ, настолькі я быў уражаны. Адно глядзеў і глядзеў на гэты свой ордэн. А кароль і яго світа тым часам пакідалі ўжо нас. Зноў зазвінелі, запілікалі, загрымелі гукі аркестра, а я ўсё ўзіраўся ў выяву на чаканцы.

— Пакажы, што ты там разглядваеш, — папрасіў доктар Савіч.

— Не паверыш, — сказаў я. — На гэтай чаканцы наш Кастусь Каліноўскі!

І ўсе пачалі разглядваць чаканку, перадаючы з рук у рукі. Толькі бортмеханік пайшоў у адну з палатак і ўжо ледзь не да самага старту амаль не выходзіў з яе.

— Зазлаваўся, што не яму далі ордэн, — зазначыла Галя. А да мяне падышоў Ганс Мюлер.

— У іх не толькі такія чаканкі ёсць, — сказаў ён. — Шмат іншых. Мне паказваў іх вайсковы міністр адразу пасля таго, як мы пацярпелі тут катастрофу. Запомнілася выява жанчыны, пад якой прачытаў надпіс: Еўфрасіння Полацкая. Хто яна?

— Вядомая асветніца, святая. З нашай глыбокай гісторыі, — адказаў я. — А Кастусь Каліноўскі — наш нацыянальны герой, які таксама застаўся ў нашай гісторыі. Але, як гэтыя чаканкі тут апынуліся? Адкуль узяліся?!

На мае пытанні адказаў Антон:

— Пра гэта можна толькі здагадвацца. Думаю, яны з тых лятальных апаратаў, якія пасылаліся ў космас на самым пачатку, вельмі даўно. У іх часта ўкладваліся дыскі з запісамі пасланняў да чужых цывілізацый у іншыя светы і, канечне ж, чаканкі з выявамі нашых самых славутых людзей. Напэўна, адзін з тых апаратаў трапіў сюды, на гэты астэроід. І цяпер атрымалася ўсё, як нейкае дзіва.

— Матыль таксама з серыі цудаў, — зазначыў доктар Савіч. — Не выпадкова ж ён сеў табе на грудзі якраз у той момант, калі з’явіўся кароль. Думаю, ён умее мысліць, ва ўсялякім выпадку адрозніваць, хто герой, а хто толькі хоча выглядаць героем.

Той матыль так і застаўся на світэры ў мяне на грудзях. І я ўзяў яго з сабою на карабель, бо тым жа днём мы вырашылі пакінуць астэроід. І, калі ўжо ўзляталі, знізу, з паверхні да нас даносіліся гукі чароўнай музыкі — гэта ліліпуты развітваліся з намі, а ў адсеку, дзе размясцілася Галя, пачуўся крык. Я кінуўся да адсека, дзе ўжо быў доктар Савіч, і пабачыў у кутку раз’юшанага звярка, якога не мог не пазнаць. Адразу ж згадалася ліліпутка, і той яе поўны жаху крык: «Р’ісь! Р’ісь!»

Гэта, мае дарагія, рысь, — сказаў я, і ў мяне апошняе слова вымавілася больш цвёрда, чым у ліліпуткі. Але мне трэба было сказаць рысяня, таму што за час нашага палёту назад на Зямлю, звярок вырас і стаў сапраўднай рыссю. Але перад тым, як мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі, у нас яшчэ была пасадка на Месяцы, дзе трэба было забраць паляка Ромуся.

І як толькі мы селі там на паверхню, Ганс адразу выклікаў месяцаход, і ўсе выйшлі з карабля. Вырашылі, што ў шпіталь хуткай дапамогі паедуць Ганс і бельгіец. І, калі яны ад’ехалі, Антон пачаў разважаць, што мінаюць дзесяцігоддзі, а Месяц усё яшчэ як след не абсталяваны, каб стаць сапраўднай калоніяй Зямлі.

— Усе захапіліся глыбокім космасам, — уздыхнуў ён. І тут жа адазвалася Галя:

— Цішэй, Антон, — у яе голасе чуўся спалох. — Вунь, зірніце, ля таго валуна... Там ляжыць бортмеханік!

Мы сапраўды пабачылі ля валуна бортмеханіка, які на працягу ўсяго палёту амаль ні з кім з нас не кантактаваў.

— Можа, яму кепска? — сказаў я і асекся. На нашых вачах бортмеханік пачаў раздвойвацца. Адзін заставаўся нерухома ляжаць ля валуна, а другі, захоўваючы тую самую форму, павісеў імгненне над ім распрасцерты, і стаў на ногі. І ў той жа момант ён пачаў выцягвацца, расці. І, калі дасягнуў метраў чатырох, увесь страсянуўся і пайшоў, няўклюдны і цыбаты, у маўклівую прастору. Ён ніводнага разу не азірнуўся. Відаць, нічога акрамя абыякавасці ў адносінах да нас у яго не было.

— Вось цяпер бачу, што ён сапраўды незнаёмец і, здаецца, не зямнога паходжання, — сказаў доктар Савіч.

А я глядзеў як аддаляецца гэтая чатырохметровая постаць, і мяне агортваў сум. Яму так хацелася, каб яго ўзнагародзілі! Я шкадаваў, што мы не сталі сябрамі, калі разам цягнулі тую цяжкую жалезіну пад гару на маленечкім астэроідзе ў сузор’і Цяльца.

Гэтыя сум і шкадаванне не пакідалі мяне і на Зямлі. Я радаваўся, што мы прывезлі з далёкага чужога свету матыля, якога назвалі стужкай ордэнскай. Цешыла мяне думка, што недзе ў нашых глухіх лясах блукае дзікая рысь, якую, як паказаў час, так і не ўдалося прыручыць. І, вядома ж, распіраў гонар, як толькі браў у рукі сваю каштоўную рэліквію, тую чаканку з выявай Кастуся Каліноўскага. А вось, калі згадваў самотную чатырохметровую постаць, што аддалялася ад нас, усё ішла і ішла — у бязлюдную маўклівасць Месяца, я пачынаў і сябе адчуваць самотным...


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р.А. Казкі астранаўта: Касміч. падарожжы беларусаў: Для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова: Маст. Р.М.Казлоў, Н.У.Сустава. - Мн. Лит. и Искусство, 2006. - с. 18-56
Крыніца: скан