Я - дзяўчынка на шары,
што плыве у блакіце!
І палаюць Стажары
нада мною ў зеніце,
і нікому не ў цяжкасць,
я - нібыта пушынка,
што трапляе ў бязважкасць,
я - на шары дзяўчынка!
Шар вялікі, бязмежны
У здзіўленні я кратаю,
быццам Белыя Вежы,
быццам чорныя кратэры,
горы ззяюць снягамі
і дымяцца абшары
у мяне пад нагамі.
Я - дзяўчынка на шары!
Заручуся з бясстрашшам
у густой сіняве,
страціць як раўнаважжа,
калі шар не дае?!
Ім адзіным сагрэта,
не ўпаду, і не дзіва!
Пада мною планета,
Што мяне нарадзіла.
Я ж - дзяўчынка на шары!
1967