epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Касач — кветка чароўных музыкаў

Мы ляцелі тады да сузор’я Арла, а дакладней, да ягонай самай галоўнай зоркі — Альтаір. Наша падарожжа было разлічана на шмат гадоў і невядома, чым бы яно скончылася, калі б мы не атрымалі загад з Зямлі тэрмінова вяртацца назад, таму што там, у сузор’і Арла, пачалі адбывацца незразумелыя нам, зямлянам, з’явы.

Штосьці там змянялася. Было падобна, што асобныя планеты, якія знаходзіліся ў тым сузор’і, сыходзяць са сваіх арбіт. Адным словам, адбываліся нейкія глабальныя катастрофы. Мы не маглі не падпарадкавацца загаду, і вось тут пачалося самае цікавае. Мы самі пачалі цярпець катастрофу. Нешта разладжвалася ў нашым міжпланетным караблі, які належаў ці не да самага першага пакалення зоркалётаў. Усяму экіпажу было зразумела: неабходна тэрміновая пасадка.

Мне цяпер цяжка сказаць, дзе гэта адбылося, але мы пасадзілі карабель на яшчэ нікім, здаецца, не адкрытай планеце. Помню, яе паверхня ўразіла нас сваім сіне-лілаватым ззяннем. Мы набліжаліся да яе, і гэтае ззянне ўзмацнялася. «Карабель ляціць у фіялетавую ноч», — зазначыў наш доктар, у якога было прозвішча Савіч. Звычайна, яго так і называлі: доктар Савіч. Але ўсё тлумачылася вельмі проста. Мы гэта зразумелі, калі карабель пасадзілі на паверхню. Выключна ўся прастора гэтай невялікай планеты была ўсеяна дзівоснымі сіне-ліловымі кветкамі. Адны кветкі, больш нічога! Было чаму падзівіцца, — ні травы, ні дрэў, ні птушак... І ўсё ж, планета чымсьці нагадвала нашу Зямлю. Там было паветра, былі рэкі і азёры. Праўда, выглядала яна надзіва самотнай — без насельнікаў. Але мы памыляліся. О, як жа мы памыляліся!

Ніхто не адважваўся выходзіць з карабля, толькі наш галоўны біёлаг папрасіў у камандзіра дазволу спусціцца на паверхню. Яго надта ж прываблівалі кветкі. І ён ужо гатовы быў зрабіць гэта, атрымаўшы дазвол. І тут... Тут мы пабачылі, што гэтая планета зусім не самотная, што на ёй жывуць людзі. Ага-а, вельмі падобныя на нас істоты. Якія ж гэта былі прыгажуны! Адны хлопцы — маладыя, дужыя. Яны жылі ў сутарэннях. Магчыма, там у іх былі сапраўдныя гарады, якіх мы не змаглі пабачыць. Мы назіралі адно: яны выходзілі з нетраў планеты на паверхню — дзесяткі, сотні, магчыма, нават тысячы. I наш карабель іх нібыта зусім не цікавіў. Ва ўсялякім выпадку, яны не спынялі на ім сваіх позіркаў, а ішлі проста да кветак.

Што нам давялося пабачыць далей, у гэта цяжка было паверыць. Але мы былі жывымі сведкамі ўсяго таго неверагоднага, што адбывалася. Хлопцы аблюбоўвалі, выбіралі сабе кветкі, але іх не рвалі, а прысядалі кожны перад сваёю кветкаю на кукішкі. Потым даставалі з кішэняў невялікія дудачкі і пачыналі іграць на іх. Ах, якое гэта было ігранне! Паўсюль разлівалася музыка, якую яшчэ нідзе і ніколі не даводзілася нам чуць, ад якое кветкі злёгку пакалыхваліся, а хлопцы... Хлопцы на момант пераставалі іграць, і тады з іх вуснаў зрываліся дзіўныя словы: «Касач!.. Касач!.. Касач!..».

Далей для нас усё адбывалася, як у сне. Ва ўсялякім выпадку, нічога падобнага ў зямным чалавечым жыцці не бывае. Мы раптам пабачылі, што з кветак пачынае віцца лёгкі дымок. Не паверыце, з кожнай кветкі! І ў гэтым дымку ўжо праз нейкае імгненне можна было заўважыць жывую істоту, якая проста на вачах расла, расла і... ператваралася ў чароўную дзяўчыну, якая апускалася на паверхню. Дзяўчаты былі незямной красы. Такіх прыгожых ні на Зямлі, ні на іншых планетах нікому з членаў нашага экіпажа яшчэ не даводзілася сустракаць. Ад іх немагчыма быдо адарваць вачэй. Хлопцы паднімаліся з кукішак, хавалі свае дудачкі ў кішэні празрыстых камбінезонаў, у якія былі апрануты. Потым кожны з іх працягваў сваёй дзяўчыне руку, і яны ўсё роўна, як правальваліся пад паверхню гэтай, пагадзіцеся, ну проста казачнай планеты. І адразу ж на тым месцы з’яўляліся новыя кветкі. Нам жа заставалася толькі здзіўляцца.

Прайшло колькі часу, механікі-астранаўты адрамантавалі наш карабель, а галоўны біёлаг усё-ткі спусціўся на паверхню. Думаю, што ён асабліва і не аглядаў тыя кветкі, ён проста ўзяў некалькі з іх разам з іншапланетным грунтам і перанёс на карабель у спецыяльную камеру.

Пасля, калі мы ўжо ляцелі на Зямлю, нехта з нашага экіпажа казаў, што бачыў, як аднойчы ноччу галоўны біёлаг прысядаў на кукішкі перад той камерай і даставаў з кішэні, зробленую ім, свісцёлку. Па караблі расплывалася ціхае ігранне, ды можна было чуць, як час ад часу біёлаг пачынаў шаптаць: «Касач!.. Касач!.. Касач!..» Але кветкі, трэба думаць, заставаліся нерухомымі, ніякага дымку з іх не з’яўлялася. А, магчыма, гэтага ўсяго і не было. Я ж сам магу сказаць адно, што мне давялося там, на той планеце пабачыць вялікае дзіва. І гэта самая сапраўдная праўда.

Праз нейкі час, калі мы ўжо прыляцелі на Зямлю, галоўны біёлаг пасадзіў тыя кветкі недалёка ад нашага касмадрома ў нізінцы за Раўбічамі. І мне неаднойчы здаралася за ім назіраць, хоць гэта, магчыма, і не надта добра — сачыць за чалавекам. Але тут жа асаблівы выпадак. Біёлаг прысядаў каля кветак на кукішкі, даставаў з кішэні штосьці накшталт жалейкі і пачынаў іграць... Потым перапыняўся, і я мог толькі здагадвацца, што ў гэты момант ён прамаўляе тыя самыя чароўныя тры слоўкі: «Касач!.. Касач!.. Касач!..». Яму вельмі хацелася, каб з нейкай адной з тых кветак пачаў віцца дымок, з якога б выйшла дзівоснай красы прыгажуня. Але нічога падобнага не адбывалася. Праўда, хто ведае...

Калі над нашаю Зямлёю ўзнімаецца асляпляльная белая поўня, у самую светлую ноч, мажліва з кветак і з’яўляюцца тыя прыгажуні і пачынаюць вадзіць свае чароўныя карагоды, поўныя незямной вытанчанасці і смутку. Так, смутку. Ім жа, напэўна, хочацца вярнуцца на сваю планету. Але гэтага ніхто ніколі не бачыў. Вядома толькі, што з часоў таго нашага падарожжа беларусы пачалі зваць тыя трапяткія, прыгожыя сіне-ліловыя кветкі касачамі і потым праз шмат гадоў занеслі іх у Чырвоную кнігу. Не ведаю, як каму, а мне вельмі, вельмі шкада будзе, калі яны знікнуць.

Я ўжо стары, надта стары, а хто яшчэ зусім маладзенькі, паспрабуйце зрабіць сабе дудачку. Знайдзіце мясцінку, дзе растуць касачы, і прысядзьце каля кветак на кукішкі, пасля зайграйце. Магчыма, некаму і пашанцуе: ён пабачыць спачатку лёгкі дымок, а потым і чароўную прыгажуню, якая, думаецца мне, абавязкова раскажа пра сваю далёкую дзівосную планету ў неабсяжным Сусвеце. І пра кагосьці невядомага нам, хто прамаўляў ёй аднойчы тры загадкавыя пяшчотныя слоўкі: «Касач!.. Касач!.. Касач!..».


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р.А. Казкі астранаўта: Касміч. падарожжы беларусаў: Для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова: Маст. Р.М.Казлоў, Н.У.Сустава. - Мн. Лит. и Искусство, 2006. - с. 13-17
Крыніца: скан