epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Танец пяшчоты на Геме-А

Гэта здарылася, калі мы вярталіся на Зямлю з Унука-9 — самай вялікай планеты ў сузор’і Змяі, якое зямляне могуць назіраць на летнім небе.

Міжзоркавы карабель быў даволі старым і ў нейкі момант пачала адмаўляць сістэма сувязі Зямлёю. Падарожжа было не з лёгкіх. Зямля ўвесь час выклікала на сувязь. А нашы сігналы не даляталі да яе.

— Трэба зрабіць вымушаную пасадку і капітальна ператрэсці нашу талерачку, — прапанаваў камандзір. Мы пагадзіліся і для пасадкі абралі Гему-А — планету ў невялікім сузор’і Паўночнай Кароны. Пра яе між астранаўтаў хадзілі самыя розныя чуткі. Многія даводзілі, што яна амаль як Зямля, што там можна сустрэць братоў па розуме. Думаю, што ў думках кожны з членаў нашага экіпажа спадзяваўся на гэта.

Гема-А зачароўвала. Чым бліжэй мы падляталі да яе, тым большым рабіўся наш сум па Зямлі.

Уражвала знешняе падабенства з нашай планетай. Але хутка мы зразумелі, што ў Гемы-А не тыя памеры. Яна ў некалькі разоў была меншай за Зямлю, адно, ззяла блакітным колерам. Мы селі на яе, іншымі словамі, прыгеміліся, калі Свяціла, вакол якога яна абарочвалася, адплывала за далягляд.

Амаль зямныя прыцемкі ахутвалі Гему-А, але мы яшчэ добра бачылі густую расліннасць на яе паверхні і падобныя на зямныя даліны і ўзгоркі. Былі там азёры і рэкі, а значыцца, і паветра. Не сталі чакаць ночы, вырашылі зрабіць агледзіны паверхні, узяць першыя пробы грунту. Камандзір паслаў астранаўтаў-разведчыкаў, сярод якіх быў і я. Ад карабля разышліся па розных напрамках. Я яшчэ не паспеў адысціся, як з грудзей вырваўся міжвольны крык здзіўлення. Ля невысокага дрэва, якое нагадвала маладзенькі зямны клён, стаяў чалавек, — самы сапраўдны зямлянін. Ён быў юны, вельмі прывабнай знешнасці і ў святочным цёмна-сінім гарнітуры, да якога пасаваў ярка-жоўты гальштук. «Прывід», — мільганула думка, бо калі прыгемліваліся, на Геме-А не заўважылі ніякіх прыкмет жыцця. А чалавек, ці той, хто прыняў воблік чалавека, тым часам зрабіў некалькі крокаў насустрач мне, працягнуў руку, як гэта робіцца ў нас на Зямлі падчас знаёмства, і што ні ёсць самым сапраўдным чалавечым голасам прамовіў: «Фія».

— Сымон, — сказаў я і таксама працягнуў руку... Што заставалася рабіць? На ветлівасць трэба адказваць ветлівасцю. Ягоны поціск быў ледзь адчувальным, і зблізку я заўважыў, што малады чалавек надзвычай устрывожаны. Ён увесь час азіраўся, але не на дрэвы, што раслі за намі, а глядзеў у неба, дзе ўжо загарэліся зоркі. Мы сустрэліся позіркамі і тут нечакана Фія (я зразумеў, што гэта было ягонае імя), сарваўся з месца і пабег... Толькі ж адбегся ён недалёка, прысеў на кукішкі, схапіўся за галаву, як гэта можа рабіць чалавек у вялікім адчаі, і амаль застагнаў: «Лка-а, Лка-а!»

Мне здалося, што ён спрабуе нешта прылашчыць рукамі. Але вось сунуў руку ў кішэню і тое, што ён выцягнуў з яе, пачало на вачах расці, павялічвацца ў памерах, пакуль не стала даволі доўгай трубачкай. Фія прыклаў яе да вуснаў. Было адчуванне, што праз яе ён штосьці п’е. А потым... Потым усё ў маёй галаве змяшалася, мяне агарнуў жах. Тое, што я пабачыў, не паддавалася ніякаму тлумачэнню. Фію ахапіў агонь, самы сапраўдны. Спачатку агністыя лініі пабеглі па ўсім яго целе, асвятліўшы ўсё наўкол, а потым ён успыхнуў... І ўсё! Усё! Быў чалавек і няма чалавека. Я не мог устаяць на месцы, пабег туды, дзе толькі што выкрыкваў сваё тужлівае «Лка-а, Лка-а!» Філ.

Грудок попелу і трубачку, — звычайную шкляную трубачку пабачыў я там, ля якой расла купка кветак: блакітныя, цёмна-сінія... На пялёстках зіхацела буйная раса і о-о, дзіва! З грунту пачалі вырастаць новыя кветкі і хіліцца да тых, што тут ужо раслі. Перапляталіся сцябліны, пялёсткі дакраналіся да пялёсткаў і зліваліся ў адно, як падчас пацалунку. Калі б у мяне запыталіся ў той момант, што адбываецца, я, напэўна, адказаў бы:

— Танец пяшчоты! Любові! Кахання!

Я стаяў, утрапёны, але вось у скафандры пачуўся голас камандзіра: «Вяртайцеся! Як мага хутчэй вяртайцеся на “Лілею”». Гэтак прыгожа паміж сабою мы звалі сваю талерачку. А я ўжо і сам бачыў, што трэба вяртацца. Неба раптоўна запунсавелася, і з гэтай чырвані пачала вымалёўвацца аграмадзіна чужога карабля.

Калі мы, астранаўты-разведчыкі, ужо былі на сваёй «Лілеі», мы бачылі, як аграмадзіна, якая нагадвала трохпавярховую будыніну, прыгемлівалася. Потым з яе пачалі выбягаць няўклюдныя істоты ў два, у тры чалавечыя росты.

— Робаты! — зазначыў нехта з нас і мы пачалі лічыць іх: тры, пяць, дзесяць, трыццаць два... Гэта быў самы сапраўдны ваяўнічы атрад, узброены невядомаю нам зброяй. Але на наш карабель яны не звярталі ніякай увагі. Мы іх не цікавілі. Яны адразу разбегліся па паверхні планеты, штосьці шукаючы. І калі праз нейкі час мы іх пабачылі зноў, дык яны ўсе сабраліся ля таго месца, дзе ператварыўся ў грудок попелу Фія. Магчыма, яны шукалі яго і не знайшоўшы, пачалі таптаць, вытоптваць тыя пяшчотныя кветкі. Калі ім здалося, што яны ўсё наўкол вытапталі, рушылі да свайго карабля-аграмадзіны і неўзабаве ён ужо свяціўся ў цёмным небе над Гемай-А цьмяна-ружоваю кропачкай.

А калі з-за далягляду выкацілася ярка-жоўтае Свяціла і яго першыя промні асвяцілі планету, мы яшчэ раз спусціліся на яе паверхню. На тым месцы, дзе раз’юшана тапталіся робаты, нідзе аніводнай кветкі ўжо не было. І ўсё ж мы знайшлі некалькі непашкоджаных сцяблінак і выкапалі іх з карэннем, каб узяць з сабою на Зямлю, куды мы вярнуліся праз даволі доўгі час.

У кожнага з нас на Зямлі быў свой батанічны сад, і перад самым прызямленнем «Лілеі» на касмадроме за Раўбічамі галоўны наш батанік вырашыў, што тыя некалькі сцяблінак, якія прыжыліся на нашым караблі, павінны належаць мне. Ён, напэўна, згадаў маё кароткае знаёмства з Фіям. І я не адмовіўся. Мне хацелася як мага хутчэй упрыгожыць імі адну са сваіх клумбаў. Гэтак яно і здарылася.

Кветкі хутка разрасліся, зацвілі. Відаць, ім спадабалася зямная глеба. І, аднойчы, калі я ўжо не лётаў у Космас, адзін з маіх унукаў запытаўся:

— Дзед Сымон, а як жа іх завуць? Ты забыўся ім даць імя! Ён быў маленькі і не ведаў, што імя гэтым кветкам я даў ужо даўно. Я згадваў і згадваў той танец сцяблін і пялёсткаў, танец незямной пяшчоты. І міжволі падчас гэтых маіх успамінаў злівалася ў адно: імя незнаёмца на далёкай Геме-А, якога можна было прыняць за зямляніна, з тым слоўкам, якое ён тужліва выгукваў:

— Лка-а, Лка-а!

Магчыма, гэта было імя ягонай каханай, якая згарэла раней за яго ад пачуццяў, ад свайго незямнога кахання, і прарасла кветкаю, якую я назваў на Зямлі Фіялкай.

Фіялка дагэтуль расце і цвіце ў маім садзе, а магчыма, і ў вашым. Я не шкадаваў насення, раздаваў яго знаёмым і сябрам. А вось гэтую гісторыю, адну з самых загадкавых для мяне самога, расказваю ўпершыню. Калі хто-небудзь засумняваўся ў яе праўдзівасці, што ж, ляціце на Гему-А ў сузор’е Паўночнай Кароны. І, можа, там вам пашчасціць пазнаёміцца з незнаёмцам, які на вашых вачах згарыць ад кахання. Мяркую, што ад яго. Ад іншага не згараюць. Хаця, не выключана, гэта толькі мая ўласная думка.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р.А. Казкі астранаўта: Касміч. падарожжы беларусаў: Для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова: Маст. Р.М.Казлоў, Н.У.Сустава. - Мн. Лит. и Искусство, 2006. - с. 66-70