epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Венерын чаравічак

Кропля дажджу засталася ў жоўценькай кветцы. І ёй там было, напэўна, утульна. Кветка нагадвала чаравічак, з якога немагчыма было выкаціцца. І ўспомніліся мне чаравічкі нашай Венеры. У іх я таксама бачыў кроплю... Дажджу, расы, ці, можа, гэта была сляза?

З нататніка астранаўта.

 

Гэта было памылковае паведамленне, што як быццам жыхары вельмі далёкай планеты з сузор’я Цяльца, якое можна пабачыць толькі на зімовым небе, хочуць пайсці вайною на нас, зямлян. Проста недакладна расшыфравалі радыёсігналы адтуль, якія дайшлі да Зямлі. І ўсё ж вырашана было паслаць туды наш міжпланетны экіпаж для перамоў і, уяўляеце, якім было наша здзіўленне, калі нас, беларусаў, там сустрэлі больш чым міралюбна.

Тут трэба сказаць, што тая планета шмат чым нагадвала нашу Зямлю: тыя ж дрэвы, трава, раўніны і горы... Адрознівалася адным: яе насялялі толькі жанчыны, якія жылі не ў звыклых для нас зямных пабудовах, а ў шкляных, якія нагадвалі гіганты-ліхтары. Мы маглі бачыць праз тонкае шкло, як жанчыны расчэсваюць свае валасы, як накрываюць на стол і які пры гэтым выкарыстоўваюць посуд; як сядзяць на канапе, калі глядзяць тэлевізар, і яшчэ шмат што іншае. Але, калі ўсё, што мы бачылі наўкол, пачыналі ахутваць прыцемкі, было ўражанне, што гэтыя дамы-ліхтары напаўняюцца нейкім ілюмінацыйным газам. Яны ззялі, мігцелі рознымі колерамі, і ўсё, што там у іх адбывалася, было бы ў густым тумане. Мы нічога не бачылі. Можна было толькі здагадвацца, што жанчыны рыхтуюцца да сну. Ды справа не ў гэтым.

Найбольш нас уражвала тое, што жанчыны былі ўсе на адзін твар і незвычайна прыгожыя. Акрамя гэтага, усе — прыблізна аднаго і таго ж узросту. Іх скура была асляпляльна белая, толькі шчокі ружавелі, што тыя яблычкі на досвітку ў садзе, на дзіва свежыя ад кропляў расы. Нехта з нас не стрымаўся і выгукнуў у захапленні, калі мы першы раз пабачылі гэтых жанчын:

— Ды яны ж сапраўдныя Венеры! Багіні, якім няма роўных!

І жанчыны ахвотна пагадзіліся з тым, што яны — багіні.

Толькі папрасілі, каб выключна ўсіх іх называлі Венерамі.

— Дык як жа мы іх будзем адрозніваць адну ад адной, — спытаў наш камандзір, — калі ўсе яны будуць мець аднолькавае імя?!

І адказ на гэтае пытанне мы атрымалі вельмі хутка. Надараліся ў жыцці жанчын моманты, калі яны адрозніваліся адна ад адной. Гэта была вялікая неверагоднасць. Ужо праз некалькі дзён нашага гасцявання на той планеце мы пачулі жудасны крык лабаранта-біёлага, самага маладога з членаў нашага экіпажа. Ён бег да карабля ад яркага дома-ліхтара і крычаў:

— Пачвара! Пачвара! Нам трэба хутчэй пакідаць гэтую планету!

І тут жа расказаў нам, што хацеў зайсці ў той дом-ліхтар, але насустрач яму выйшла жанчына, у якой у яго на вачах у адначассе памяняўся колер скуры. З асляпляльна белага ён стаў пачварна зялёным. Жанчына нагадала яму вялікую жабу, якая стаяла на задніх лапах і гатова была накінуцца на яго. Мы не паверылі ў гэта, але хутка да нас на карабель прыйшла адна з жанчын і растлумачыла, што мы не павінны гэтай з’явы палохацца, таму што колер скуры ў жанчын на той планеце сапраўды мяняецца. Гэта залежыць ад іх настрою. Калі ён добры, — колер скуры іскрыцца белізною. А варта толькі жанчыне засумаваць, раззлавацца, занервавацца, як скура ўмомант можа стаць зялёнай, чырвонай, аранжавай, фіялетавай... Адпаведна мяняецца і выраз твару, міміка, рухі. Мы проста жахнуліся! Відаць не ўсё на той планеце было так добра, як здавалася на першы погляд. Напэўна, яна была поўная і іншых нечаканасцей, таму і паспяшаліся як мага хутчэй яе пакінуць. Мы высветлілі, што жанчын не цікавіла наша Зямля, што яны міралюбна ставяцца да нас, зямлян, і пачалі збірацца ў зваротную дарогу. І тут адбылася нечаканасць. Адна з жанчын пачала ўпрошваць нашага камандзіра, каб мы ўзялі яе з сабою да нас, на Зямлю.

Магчыма, ён і не пагадзіўся б, але ўмяшаліся мы ўсе — члены нашага экіпажа і падтрымалі жанчыну ў яе жаданні. А чаму б і не? Чаму б не наведаць нашу планету іншапланецянцы, у якой колер скуры залежыць ад яе настрою? Гэтак яно і здарылася.

Мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі разам з ёю. І які ў яе быў настрой, сказаць было цяжка. Час ад часу пазіралі на яе фіялетавае аблічча і міжволі адварочваліся. Але колер скуры ў яе хутка мяняўся і, калі мы пакідалі касмадром, яна мала чым адрознівалася ад зямлянак.

Венеру, як мы працягвалі называць жанчыну, мы пасялілі ў тым жа самым доме, дзе жыў камандзір. І яна проста не адыходзіла ад яго. Ён увесь час прасіў яе, каб яна захоўвала добры настрой, каб нічым не выдавала сябе. Мы хацелі, каб яна прывыкла да зямнога жыцця, а потым ужо абвясціць, што ў нашым гарадку — іншапланецянка. Але праз некалькі месяцаў Венера пачала збягаць ад нашага камандзіра і хавацца ў навакольным лесе, дзе падоўгу стаяла пад густымі кронамі старых дрэў. Асабліва аблюбавала адну алешыну. Мы зразумелі, што яна кепска сябе адчувае на Зямлі, што ёй шкодзіць зямны клімат, таму і стараецца схавацца ад сонечных промняў і ўвогуле ад святла. Гэта пацвярджаў і колер яе скуры. Ён пачаў мяняцца з асляпляльна белага ў аранжава-агністы, нібыта яе спальваў агонь суму, тугі па роднай планеце. І вось неяк Венера з раніцы схавалася ў лесе, і мы доўга не маглі яе адшукаць. А калі адшукалі, дык роспачна сумеліся: пад дрэвам, дзе яна хавалася, замест яе быў маленькі грудок попелу. Адно чаравічкі, яе зіхоткія жоўценькія чаравічкі, усё роўна як два яркія агеньчыкі, мігцелі ў густой траве. Гэтыя чаравічкі ўзяў наш камандзір і доўга зберагаў іх як дарагую памяць. Але зараз ужо гаворка не пра гэта.

Аднойчы, калі мы вярнуліся на Зямлю пасля працяглага падарожжа, хтосьці з нас выпадкова, а, можа, і знарок, апынуўся пад тым дрэвам, дзе шмат гадоў таму назад не стала нашай Венеры. І як жа ён быў здзіўлены, калі на тым месцы, дзе яна стаяла ў апошнія хвіліны свайго жыцця, ён пабачыў расліну, кветкі якой былі якраз як Венерыны чаравічкі. .А на кары дрэва праступала ледзь бачная выява жаночай постаці. Дрэва тое потым хтосьці спілаваў. А вось расліну мы так і назвалі: венерын чаравічак, і людзі не памянялі гэтай назвы. Вось толькі чамусьці яна хаваецца ад людскіх вачэй, вельмі рэдка яе можна пабачыць. Таму гэтая расліна і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, як вельмі рэдкі від зямной флоры.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р.А. Казкі астранаўта: Касміч. падарожжы беларусаў: Для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова: Маст. Р.М.Казлоў, Н.У.Сустава. - Мн. Лит. и Искусство, 2006. - с. 8-12
Крыніца: скан