epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Бот ці лапаць?

У даўнія часы, калі людзі жылі не так багата, асноўным абуткам у палешукоў былі лапці. Сплеценыя з лыка, яны служылі мужыку ўзімку і летам.

Не я і нават не мой дзед, а дзедаў дзед Сцяпан у новых лапцях паехаў у мястэчка на кірмаш. Павёз жыта прадаваць.

Між вазамі важна паходжваў пан Пшэкраса. Хромавыя боты парыпвалі: рып-рып, рып-рып!

Слухаў, слухаў дзед Сцяпан і сказаў насмешліва суседу:

- Рыпяць панскія боты, як драчы на балоце!

Як ускінуўся пан Пшэкраса! Гатовы быў, здавалася, кулакамі малаціць:

- Што, мужык, табе мае боты не падабаюцца?! Можа, лапці твае лепшыя?

- Можа, й лепшыя? - спакойна адказвае дзед Сцяпан.

- А ты дакажы!

- І дакажу! - гаворыць Сцяпан. - Калі вунь да той сасны першы дойдзеш - значыць, твае боты лепшыя, а калі я - дык мае лапці. Згодзен?

- Згодзен.

Сабраліся людзі паглядзець, што выйдзе: не кожны ж дзень мужык з панам цягаецца!

Спачатку яны ішлі ўровень, ды трапілася вялікая лужына - ад аднаго краю дарогі да другога. Сцяпан як ішоў, так і пайшоў. А пан, пакуль разуўся, прайшоў лужыну, зноў абуўся і... адстаў.

- Несправядліва! - крычаў пан Пшэкраса. - Я мусіў разувацца і абувацца.

- Ну, дык і я кажу, што лапаць лепей за бот.

- Няпраўда твая. Давай назад яшчэ пройдзем! - прапаноўвае пан Пшэкраса.

- Давай...

Дайшлі яны да лужыны. На гэты раз Пшэкраса не стаў разувацца. Ступіў раз, ступіў два - набраў вады. Боты сталі цяжкія, і пан зноў прайграў мужыку.

- Давай трэці раз! - гарачыцца Пшэкраса.

- Не трэба, паночку. Усё адно прайграеш.

А тут яшчэ з натоўпу нехта заўважыў:

- Не стае сілы ў пана, каб перамагчы Сцяпана!

- Бо наш Сцяпан - сам сабе пан! - дадаў другі.

Бачыць пан Пшэкраса, што ўсе смяюцца з яго, і пайшоў прэч...

Вярнуўся Сцяпан з кірмашу і стаў забывацца пра здарэнне, калі ў нізкую дзедаву хату заявіўся сам пан Пшэкраса.

- Я хачу, - сказаў ён, - памяняць свае боты на тыя лапці, у якіх ты на кірмашы быў...

Аказалася, што ў гэты дзень на кірмашы была і любімая панская дачка Гэлена. Яна бачыла, як сапернічаў бацька з мужыком, і запатрабавала ад пана Пшэкрасы, каб ён прывёз для яе тыя лапці.

- А чаму не памяняцца? - згадзіўся адразу дзед Сцяпан.

Пан Пшэкраса адчыніў дзверы і гукнуў фурмана. Той прынёс хромавыя боты.

Дзед Сцяпан сплёў сабе новыя лапці, а ў панскіх ботах хадзіў толькі па святах у царкву. Пасля сыну свайму перадаў, а той - свайму. І доўга-доўга яшчэ ўспаміналі ўсе добрым словам дзеда Сцяпана.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае