epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Чаму сонца рана ўстала?

Мядзведзік Патапка соладка спаў у ложку, калі сонца, прабіўшыся праз густыя галіны, зазірнула ў акно. Ён адчуў цёплыя сонечныя промні, пацягнуўся і незадаволена буркнуў:

- Чаму так рана ўстала і мяне будзіш?

Сонца толькі ласкава ўсміхнулася ў адказ.

Мядзведзік прачнуўся. Яму нічога не заставалася, як апранацца. Неўзабаве ён у сваім сіненькім касцюмчыку выйшаў на вуліцу.

Непадалёку Вавёрка збірала грыбы.

- Што не ўспалася, суседка? - спытаў Патапка.

- Хто раней устане, той болей знойдзе, - бойка адказала Вавёрка, зразаючы крамяны баравічок.

Мядзведзік пабег далей. Насустрач Заяц з паштарскай торбачкай. Ён усюды бывае, розныя навіны ведае.

- Што новага, паштар? - пацікавіўся Патапка.

- Навін у лесе шмат, самых розных, - адказаў Заяц. - А для цябе самая цікавая, мусіць, што ў Мядзведжым завулку маліны даспелі.

- Няўжо даспелі?! - не паверыў Патапка. - Я, здаецца, учора там быў, дык ягады былі яшчэ зялёныя.

- А сёння зранку сонейка зірнула на іх з пяшчотаю, вось яны і заружавеліся, - растлумачыў паштар.

- Калі так, дык я пабег маліны збіраць! - сарваўся з месца Патапка. Усю дарогу ён паўтараў: - Хто першы забяжыць, той болей назбірае! Я першы забягу і найбольш нарву.

Патапка быў ужо каля Мядзведжага завулка, калі сустрэлася яму Пчала. Яна несла ў лапках шкляначку духмянага мёду.

«Значыць, не адно сонца рана ўстае! - падумалася Патапку. - І Пчала, і Заяц, і Вавёрка».

- Скажы, Пчолка, - спытаў у яе ўсё-такі Патапка, - чаму летам сонца доўга не спіць?

- У каго многа работы, той рана ўстае, - не спыняючыся, прагудзела Пчала. - А ў сонца шмат спраў зараз...


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае