epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Двое над морам

Увосень Стары Журавель вёў клін на поўдзень, далей ад лютых маразоў, ад сцюжы. У дарозе ён адчуў: сталі здаваць сілы. «Старасць!» - падумаў ён.

Была, аднак, надзея: адпачне - сіл прыбавіцца. Але дарэмна - гады ўзялі сваё. Важаком стаў Малады Журавель, яго сын.

Вясною паміж бацькам і сынам адбылася такая размова.

- Тата, табе не пераляцець мора, - сказаў сын. - Заставайся лепш тут.

- Эх, сыне! - уздыхнуў Стары Журавель. - Не магу я жыць без радзімы. Лепш я загіну, як буду ляцець дамоў, чым памру ад нуды на чужыне.

- Як хочаш!..

Старому Жураўлю хацелася верыць, што сын будзе памагаць яму ў дарозе. І радаваўся, калі той азіраўся назад. «Ён памятае пра мяне», - думаў бацька.

Навальніца сустрэла птушак ноччу. Раз-пораз бліскалі маланкі, не сціхаючы ракатаў гром. Хмара апусцілася так нізка, а хвалі ўзнімаліся так высока, што здавалася, яны згаварыліся праверыць, ці моцныя крылы ў птушак.

Дождж ліў як з вядра. Стары Журавель раптам адчуў, што крылы перастаюць яго слухацца. Яму зрабілася страшна. Як ні стараўся ён, аднак адстаў і ў роспачы гукнуў:

- Курлы, курлы! Куды вы?..

Але за шумам ветру і дажджу ніхто не пачуў яго крыку. Застаўшыся адзін, Журавель падумаў: «Не, ніколі мне не перамагчы гэтай навальніцы. Я ўсё роўна загіну, не даляцеўшы да берага. Дык ці варта дарэмна траціць апошнія сілы?..»

Ён гатовы быў скласці крылы, каб упасці ў марскую бездань, як нехта маленькі, трапяткі прысеў на яго спіну.

- Хто ты? - спытаў Стары Журавель.

- Я - Маладзенькая Ластавачка. Адстала ад сваіх сябровак. Памажыце мне пераляцець мора.

Яшчэ хвіліну назад Жураўлю здавалася, што ён - стары, нікому не патрэбны. Ды не, аказваецца, і ад яго чакаюць дапамогі. Жураўлю стала радасна. Крылы быццам акрэплі.

- Паляцелі! - перамагаючы свіст ветру, крыкнуў ён. - Толькі трымайся мацней!

Ён асцярожна «вёз» Ластавачку, баючыся згубіць яе. Цяпер ён быў не адзін, і навальніца не палохала яго.

Адпачыўшы, Маладзенькая Ластавачка пырхнула з Жураўлёвай спіны:

- Дзякуй вам, дзядзечка Журавель! Цяпер я далячу да берага.

Але да берага было яшчэ няблізка. Сілы зноў пачалі пакідаць старую птушку. Рухі станавіліся ўсё больш і больш павольныя. Добра, што Ластавачка хутка вярнулася назад.

- Дзядзечка Журавель, давайце паляцім разам, - папрасіла яна. - Навальніца сціхае ўжо. Хутка будзе сонца! Будзе і бераг!

Далей яны паляцелі ўдваіх. Навальніца, нагуляўшыся, сціхла. За морам пачало ўзыходзіць сонца. Неўзабаве паказаўся бераг.

- Дзякуй вам, дзядзечка Журавель, за дапамогу!

- Дзякуй табе, Маладзенькая Ластавачка! - і, падумаўшы, дадаў: - Кожны з нас мог загінуць у навальніцу, а разам мы перамаглі ўсё!


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае