epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Яблыня

Жыў-быў Чалавек. Ён любіў вырошчваць розныя дрэвы. Аднойчы засадзіў зярнятамі цэлы гародчык. Дружна пайшлі ў рост маладыя дрэўцы, толькі адна Яблынька была маленькая, кволая.

Падышла да яе Курыца, закудахтала:

- Вось я зараз цябе выграбу, нічога не застанецца!

- Навошта ж мяне выграбаць? - адказала Яблынька. - Лепш я табе, як вырасту, яблык дам.

Курыца падумала і не кранула яе.

Перасадзіў Чалавек Яблыньку ў сад.

Прыбег Заяц:

- Вось абгрызу кару - і ты засохнеш!

- Якая ж карысць з гэтага будзе, Заяц? Лепш я табе, як вырасту, два яблыкі дам.

Парашыў і Заяц яблыкаў дачакацца.

Чалавек прышчапіў Яблыньку. І пайшла яна расці - ажно сябровак перагнала.

Аднойчы ў сад забраўся Мядзведзь. Вельмі спяшаўся паласавацца мёдам у вуллях, ды зачапіўся за дрэўца, раззлаваўся і зароў:

- Выцягну зараз з коранем, каб не замінала!

- Не трэба, Міхайла Іванавіч, - папрасіла Яблынька. - Як вырасту, я табе тры яблыкі дам.

- А салодкія хоць тыя яблыкі будуць?

- Салодкія. Як мёд!

- Добра, тады не буду...

Нарэшце Яблыня зацвіла. Радаваўся Чалавек, пазіраючы на яе квецень. А восенню смачныя яблыкі зачырванеліся на галінках.

Першай прыйшла да Яблыні Курыца:

- Ты не забылася, што мне абяцала?

Яблыня скінула ёй яблык.

Пасля прыскакаў Заяц:

- А мне яблыкі будуць?

- А як жа. Вось табе два.

Апошнім прытупаў Мядзведзь:

- Ну, аддавай доўг!

Яблыня скінула яму тры яблыкі.

Курыца, аднак, нагледзела, што на галінках яшчэ шэсць яблыкаў засталося. Не вытрымала і спытала:

- А гэтыя каму?

- Чалавеку.

Курыца пайшла за сяло, сустрэлася з Зайцам і паскардзілася:

- Яблыня мне адзін яблык дала, а Чалавеку ажно шэсць пакінула.

- А мне толькі два... - уздыхнуў Заяц і адразу ж пабег шукаць Мядзведзя.

- Несправядліва, Міхайла Іванавіч, - лісліва пачаў касавокі. - Мне два яблыкі дала. Курыцы - адзін, а Чалавеку аж цэлых шэсць беражэ.

- Непарадак! - зароў Мядзведзь. - Мне - тры, а Чалавеку - шэсць! Чым я горшы за Чалавека?

Прыйшлі Курыца, Заяц і Мядзведзь да Яблыні.

- Чаму мне толькі адзін яблык дала?..

- А мне два?..

- А мне тры? - зароў Мядзведзь. - Чым жа Чалавек лепшы за нас?

- А тым, - адказала Яблыня, - што Чалавек клапаціўся пра мяне, памагаў мне. А вы толькі пагражалі знішчыць. Цяпер я толькі Чалавеку буду дарыць яблыкі.


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае