epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Як прыдумалі гульню

Ну і задзіра гэты мядзведзік Міхалік! Нікога не прапусціць, кожнага зачэпіць. Асабліва дастаецца Патапку. Толькі выйшаў ён сёння з дому, а Міхалік тут як тут:

 

Патап, Патап,

Аббег сорак хат.

Сорак хат, сем рэчак,

Стрыг авечак!

 

Крыўдна стала Патапку.

- Не Патап я пакуль, а Патапка! - запярэчыў ён.

А ў Міхаліка новая дражнілка:

 

Патапка, Патапка,

На камізэльцы латка,

На штоніках латка,

А нос - як аладка.

 

Прыбег Патапка дамоў, хутчэй да люстэрка: нос як нос!

- Што з табою, унучак? - спытаў Патап Іванавіч.

- Дзеду, чаму мне такое непрыгожае імя далі?

- У цябе цудоўнае імя! - запэўніў дзядуля.

Мядзведзік захныкаў:

- Патап, Патап, аббег сорак хат...

- ... сорак хат, сем рэчак, стрыг авечак! - закончыў дзядуля.

- А ты адкуль ведаеш?

- І мяне ў дзяцінстве гэтак дражнілі, - адказаў Патап Іванавіч. - Але я зрабіў для сябе адкрыццё.

- Якое, дзеду?

- Зараз сам убачыш!.. - Дзядуля дастаў аловак і на паперы вывеў вялікімі літарамі слова «ПАТАП». - Чытай!

Мядзведзік прачытаў.

- А зараз з другога боку пачытай!

Мядзведзік прачытаў і ўсклікнуў:

- Ой, як цікава, дзеду! І тут атрымліваецца «Патап».

- Вось ты і скажы пра гэта звярам, яны дражніцца перастануць, - параіў дзядуля.

Выбег Патапка з дому і закрычаў штосілы сваім сябрам:

- Якое ў мяне цудоўнае імя!

- Ведаем якое - Патап! - скрывіўся Міхалік. - Патап, Патап, аббег сорак хат...

- Не, вы толькі паглядзіце! - Патапка напісаў кійком на сцяжынцы сваё імя.

Сябры абступілі мядзведзіка.

- Чытайце! Вы - адсюль, а вы - з гэтага боку. Бачыце, аднолькава атрымліваецца!

- І ў мяне аднолькава атрымліваецца, - узрадавалася вавёрка. - Бо імя маё - Ада.

- А ў мяне хіба горшае імя! - выткнуўся Міхалік. - Чытайце!

- Тут і праўда «Міхалік» выходзіць, а наадварот - нейкі «Кілахім». Што за слова? - здзівілася ліса Ліза.

Міхалік на хвіліну сумеўся, але знайшоўся, што адказаць:

- Гэта па-англійску «Міхалік».

- Дзі-іўна!

А зайчык Цімошка напісаў сваё імя.

- А што такое «Акшоміц»? - запыталася зноў ліса.

- Гэта па-французску «Цімошка».

- Я думала, што ўсе звяры тутэйшыя, - усміхнулася ліса Ліза. - А ў нас, аказваецца, ёсць іншаземцы.

Мядзведзік Міхалік падышоў да янота і нечакана зарагатаў:

- Як жывеш, Тоня!

- Я не Тоня, я - Антошка.

- А ты сам пачытай: гэтак - «Янот», а з другога боку - «Тоня». Выходзіць, янот Тоня.

- Я - Антошка, - заўпарціўся янот.

- «Патап» чытаецца аднолькава, «Ада» - таксама, - разважыў зайчык Цімошка. - А ў нас не выходзіць. Значыць, і хітрыць не трэба.

- Я таксама прыдумала слова, якое чытаецца аднолькава з аднаго і з другога боку, - пахвалілася бабрыха Барбара.

- Якое?

- Шалаш!

- Давайце ўсе прыдумваць такія словы, - прапанаваў Патапка. - У нас атрымаецца новая гульня.

Звяры дружна згадзіліся.

Першай падняла лапку ліса Ліза:

- Заказ.

- Добра! - пахваліў Патапка.

- І я прыдумаў, - падхапіўся Міхалік. - Зараз.

Прымоўклі звяры: далей ніяк не ўдаецца падабраць патрэбнае слова.

Раптам зверху пачуўся голас:

- Боб! Вельмі люблю боб!

Звяры ўзнялі галовы: на яліне сядзела Варона.

- Я таксама хачу з вамі гуляць - сказала яна. - Добрую гульню прыдумалі.

- Тады злятай уніз! - запрасіў Патапка. - Цікавей будзе...

Загуляліся звяры, не заўважылі, як сонца зайшло і ноч апусцілася на зямлю.


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае