epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Клекатунчык

На вялікім разлапістым дубе жыла сям'я буслоў.

Аднойчы пасля снедання стары Бусел сказаў:

- Сёння будзем вучыцца лятаць!

Бусліха-маці паглядзела на меншанькага, якога ўсе звалі Клекатунчыкам, паспрабавала пярэчыць:

- А можа, бацька, яшчэ рана. Няхай падрастуць дзеці.

- Не рана, - строга адказаў Бусел. - Ты, маці, заўсёды патураеш ім. А зіма скора - вось-вось трэба ў вырай збірацца.

Старэйшы сын, як і належала яму, смела рушыў да краю буслянкі. Дужымі нагамі ён адштурхнуўся і, зрабіўшы круг, апусціўся на бліжэйшы луг.

«Добры важак выйдзе з яго», - падумаў стары Бусел.

Сястра не гэтак смела, як брат, пачала свой палёт. Але і яна старанна махала крыламі, умела трымалася ў паветры.

- Будзе лятаць! - запэўніў Бусліху-маці стары Бусел.

А малы Клекатунчык як толькі падышоў да краю буслянкі і глянуў уніз, дык адчуў, што галава закружылася, і міжволі адступіў назад.

Бацька заўважыў яго нерашучасць:

- Наперад! Ану, ляцець!

Стары Бусел падышоў ззаду і штурхнуў баязліўца.

Клекатунчык вываліўся з буслянкі і ад страху заплюшчыў вочы. Ён хутка-хутка замахаў крыламі. І раптам адчуў, што ляціць...

Калі ён ужо стаяў на купіне побач з братам і сястрою, да іх падляцеў бацька.

- Ведай, што ў нас адзіны паратунак - дужыя крылы, - сказаў ён. - І каб яны былі дужыя, не бойся лятаць...


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае