epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Шпак і Верабей

З кожным днём станавілася ўсё халадней і халадней.

Аднойчы Шпак сказаў знаёмаму Вераб'ю:

- Лячу ў цёплыя краіны. Бывай, сусед!

- А можна мне, пакуль цябе не будзе, пажыць у тваім доме? - запытаў Верабей.

- Калі ласка, жыві.

- Дзякую. Шчаслівай табе дарогі!

Шпакоўня спадабалася Вераб'ю - цёплая, утульная. «Каб Шпак не вярнуўся, дык мне яго дом застаўся б», - часам думаў Верабей.

Доўга цягнулася зіма, нарэшце яна скончылася. Снег растаў, а Шпак усё не прылятаў. «Можа, ён застаўся жыць у тых цёплых краінах?» - радаваўся Верабей.

Але аднойчы раніцай, калі так хораша свяціла сонца, Верабей пачуў знаёмую песеньку. Ён хуценька вылецеў са шпакоўні. На бярозе сядзеў Шпак і насвістваў вясёлую песню.

- Чаму ты радуешся? - здзівіўся Верабей.

- Як чаму?! Дамоў вярнуўся.

- А там, куды ты лятаў, ні зімы, ні сцюжы, кажуць, зусім не бывае. Гэта праўда?

- Праўда.

- І ты вярнуўся?! А ўвосень зноў паляціш?

- Палячу, бо маразы прагоняць.

- Ці варта было вяртацца, - разважліва сказаў Верабей, - каб зноў мучацца, ляцець у вырай? Вось калі б я дабраўся да зямлі, дзе заўжды цёпла, дзе ўдосталь чарвякоў і мошак, дык, напэўна, ніколі не вярнуўся б сюды.

- Але ў кожнай птушкі ёсць родны край, - адказаў Шпак. - Там, дзе ты вырас, дзе выраслі твае дзеці. І кожная птушка, перамагаючы ўсе цяжкасці, вяртаецца дадому.

І Шпак пырхнуў у свой домік: трэба было папраўляць старое жытло.

- Дзіва-ак!.. - усміхнуўся Верабей.

Ён, мусіць, не верыў Шпаку, таму што ніколі далёка не адлятаў ад гэтых мясцін.


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае