epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Тры апельсіны

Слон Адзік працаваў у цырку. Ён ахвотна вазіў на спіне зверанят, і яны выступалі, як сапраўдныя акрабаты. Але найбольш Адзік любіў жангліраваць.

Набліжаўся дзень яго нараджэння, і Адзік атрымаў скрыначку ад знаёмай малпачкі Зозі. У скрыначцы былі віншавальная паштоўка і тры апельсіны. Вялікія, як шарыкі, і залацістыя, як сонца.

Адзіка зноў паклікалі на арэну. Жангліруючы мячыкамі, слон бачыў: хлопчыкі і дзяўчынкі радаваліся, калі мяч узлятаў высока, і засмучаліся, калі падаў долу. Але ён зноў падхопліваў мячык і падкідваў яшчэ вышэй.

Толькі адзін хлопчык у першым радзе за ўвесь час ні разу не ўсміхнуўся. Адзіку стала шкада яго. Пакуль дзеці пляскалі ў далоні, ён збегаў за сцэну і прынёс самы вялікі апельсін.

Слон падышоў да краю арэны і кінуў апельсін няўсмешліваму хлопчыку.

Той, вядома, не чакаў падарунка, крыху здзівіўся, але апельсін злавіў.

- Гэта мне? - ціха спытаў хлопчык.

- Табе! - схіліў голаў у паклоне Адзік.

І хлопчык раптам засмяяўся...

А вечарам прыйшла прыбіральшчыца Вера. На вачах у яе былі слёзы.

- Што здарылася? - спытаў Адзік.

- Няшчасце ў мяне, - прызналася цётка Вера. - Мая дачушка, Волечка, мусіць, захварэла. Капрызіць, нічога не есць.

Слон успомніў, як развесяліў таго адзінага сумнага ў зале хлопчыка, і сказаў:

- Можа, я дапамагу? - І даў апельсін.

На другі дзень цётка Вера дзякавала яму:

- Мая Волечка так узрадавалася падарунку, што забылася пра ўсё - болей не капрызіць і з'ела поўную міску маннай кашы. Дзякуй табе, Адзік!

Прыйшоў дзень нараджэння. Звяры, з якімі слон штодзень выступаў на сцэне, паднеслі яму вялікі букет ружаў.

- А ў мяне толькі адзін апельсін... - разгубіўся было Адзік.

- Вельмі добра! - усміхнуўся мядзведзік Міша. - Яго можна падзяліць на долькі, і ўсім хопіць.

Звяры радасна засмяяліся. Радаваўся і Адзік, што ў яго такія добрыя сябры.


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае