epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Зайцаў кажушок

Прыйшла ў лес зіма, а з ёю - маразы і сцюжы... Усе зайцы надзелі белыя кажушкі. Цёпла ім стала.

Толькі адзін Малады Заяц усё ў шэрым скача. Скача і дрыжыць ад холаду. Убачыў гэта Стары Заяц і прынёс яму кажушок.

- На, пераапраніся, цяплей будзе.

Зарадаваўся Малады Заяц, надзеў новы кажушок, а стары пад ядлоўцавы куст закінуў.

- Павесь навідавоку, каб потым не шукаць, - напомніў Стары Заяц, але Малады махнуў лапкай:

- Калі яшчэ тая вясна!

Ішлі дні за днямі, і не агледзеўся Малады Заяц, як вясна ў лес завітала. Усе зайцы знайшлі сваё адзенне, пераапрануліся і скачуць вясёлыя.

Адзін толькі Малады Заяц ніяк не можа ўспомніць, пад які куст свой кажушок кінуў. Горача яму ў зімовым адзенні.

Забіўся Малады Заяц пад дрэва, хацеў адпачыць у цяньку, а тут паджары, галодны пасля зімы Воўк бяжыць, зубамі ляскае.

Кінуўся Заяц наўцёкі, а Воўк кажа:

- Не ўцячэш. Белага ўсюды відаць.

Бег, бег Заяц, пакуль не стаміўся. Прысеў перадыхнуць, паглядзеў навокал, і здалася яму знаёмай гэта мясціна.

«Ці не тут я свой кажушок пакінуў? - падумаў ён. - Трэба пашукаць, пакуль Воўк не дагнаў».

Заглянуў Малады Заяц пад ядлоўцавы куст, а там - яго кажушок. Хуценька схапіў яго, апрануў і прытаіўся.

А тут і Воўк на паляну выскачыў.

- Дзе ж гэта Заяц падзеўся? Толькі што сюды бег... - і памчаўся далей.

А да Маладога Зайца падышоў Стары:

- Хай табе гэта будзе навукай на ўсё жыццё. Запамінай, дзе ўвосень кладзеш свой кажушок, тады вясной лёгка знойдзеш.

Ды той і сам ужо зразумеў гэта.


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае