epub
 
падключыць
слоўнікі

Роальд Дал

Скура

У тым годзе - у 1946 - зіма зацягнулася. Хаця быў красавік, марозны вецер наскрозь прадзімаў горад, а па небе рухаліся сьнегавыя аблокі.

Па ходніку вуліцы Рывалі цяжка сунуўся стары Дрыёлі. Замерзлы ды нікчэмны, ён, нібыта вожык, хутаўся ў брудны чорны палітон. Над паднятым каўняром былі відаць толькі вочы ды макаўка галавы.

Дзьверы адной з кавярняў адчыніліся, і адтуль пацягнула смажанай куркай. Страўнік адазваўся на гэты пах галодным болем. Стары пайшоў далей, без аніякай цікавасьці разглядаючы тавары ў вітрынах - парфуму, шаўковыя гальштукі ды кашулі, дыяманты, парцаляну, антыкварную мэблю, прыгожа аздобленыя кнігі. Наступная была мастацкая галерэя. Ён заўжды любіў выставы жывапісу. За шклом стаяла толькі адна карціна, і стары спыніўся паглядзець. Потым павярнуўся, каб ісьці далей, але не пайшоў, азірнуўся і раптам адчуў лёгкую трывогу, нешта ў памяці зварухнулася, нейкія далёкія згадкі аб тым, што ён недзе некалі бачыў. Стары зноў паглядзеў на карціну. Гэта быў пейзаж з купкай дрэваў, вершаліны каторых нахіліліся ў адзін бок, нібыта прыціснутыя шалёным ветрам. Неба над імі зьвівалася і закручвалася неверагоднымі сьпіралямі. Да аблады была прымацаваная невялічкая шыльдачка з надпісам: Хаім Суцін (1894-1943).

Дрыёлі ўтаропіўся на карціну, цьмяна намагаючыся зразумець, што ў ёй падалося яму знаёмым. «Дзіўная карціна, - падумаў ён. - Дзіўная і незвычайная - але яна мне падабаецца». Хаім Суцін... Суцін... «Далібог! - раптам закрычаў стары. - Гэта ж мой дружа калмык! І ягоная карціна выстаўляецца ў найлепшай парыскай галерэі. Падумаць толькі!»

Стары прыціснуўся тварам да шкла. Цяпер ён згадаў хлопца, згадаў ясна і дакладна. Але калі гэта было? Прыгадаць усё астатняе было больш складана. Колькі год прайшло? Дваццаць - не, больш, каля трыццаці, напэўна. Хвіліначку. Вось - згадаў. Тое было за год да вайны, першай сусьветнай, у 1913. Менавіта так. Суцін, дружа калмык, пануры ды задумлівы хлопец, каторага ён падабаў - можна нават сказаць любіў - без аніякае прычыны, апрача той, што ён умеў маляваць.

Але як ён маляваў! Стары пачаў цяпер згадваць больш ясна вуліцу, шэраг сьметніцаў уздоўж яе, гнілы пах, брунатных катоў, што далікатна пахаджалі між сьмецьця, і жанчыну, наскрозь прамоклую таўстуху, што сядзела на прыступках перад домам, выцягнуўшы ногі на брук. Што гэта была за вуліца? Дзе жыў хлопец?

Вуліца Фальг'ер, так, дакладна! Стары некалькі разоў хітануў галавою, задаволены, што злолеў прыгадаць назву вуліцы. Там была майстэрня, а ў ёй - адно крэсла ды брудная чырвоная канапа, на каторай хлопец спаў. Згадаліся п'яныя вечарыны з танным белым віном, гарачыя спрэчкі і хмуры, задумлівы твар хлопца, заўсёды заглыбленага ў працу.

Дрыёлі зьдзівіўся лёгкасьці, з каторай усё гэта згадаў, а таксама таму, што кожная згаданая дробязь цягнула за сабою новыя ўспаміны.

Да прыкладу, тая дзівацкая прыдумка з татуіроўкай. Сапраўднае вар'яцтва, якога яшчэ сьвет ня бачыў. З чаго ж усё пачалося? Ах, так - у той дзень ён зарабіў шмат грошай і накупіў віна. Вось ён уваходзіць у майстэрню, трымаючы пад пахаю скрутак зь віном - хлопец сядзіць за мальбертам, а ягоная (Дрыёлі) жонка стаіць пасярэдзіне пакоя, пазуючы для карціны.

- Сёньня будзем сьвяткаваць, - сказаў ён. - Зладзім невялічкае сьвята для нас трох.

- А што сьвяткуем? - спытаў хлопец, не паднімаючы галавы. - Ты што, вырашыў развесьціся з жонкай, каб яна магла ажаніцца са мною?

- Не, - адказаў Дрыёлі. - Сёньня я зарабіў процьму грошай, і гэта трэба адзначыць.

- А я не зарабіў ні шэлега. Давайце гэта таксама адзначым.

- Ну, калі ты так хочаш.

Дрыёлі стаяў ля стала, разгортваючы скрутак. Ён стаміўся і хацеў выпіць віна. Дзевяць кліентаў за дзень гэта, ведама ж, вельмі файна, але так можна і асьлепнуць. Дзевяць татуіровак запар - такога яшчэ ніколі не было. Дзевяць п'яных салдатаў - і самае галоўнае, што сямёра заплацілі гатоўкаю. Менавіта таму ён быў сёньня сапраўдным багатыром. Але пры такой рабоце даводзіцца моцна напружваць зрок. Вочы Дрыёлі былі напалову заплюшчаныя ад стомы, бялкі - сьпярэшчаныя маленькімі чырвонымі лініямі, у глыбіні кожнай вачніцы, прыблізна на цалю ад кожнага вока, хаваліся балесныя кропкі. Але быў вечар, было шмат грошай і тры бутэлькі ў скрутку - адна для жонкі, адна для сябра і адна для яго. Дрыёлі знайшоў штопар і адкаркаваў бутэлькі. Кожны корак ціхенька хлопнуў, выходзячы з рыльца.

Хлопец адклаў пэндзаль убок. «О Божа, - сказаў ён. - Ну хіба можна працаваць у такіх умовах!»

Дзяўчына прайшла праз пакой, каб паглядзець на карціну. Дрыёлі падыйшоў таксама, трымаючы ў адной руцэ бутэльку зь віном, а ў другой - шклянку.

- Не! - закрычаў юнак і раптам пачырванеў. - Калі ласка, не глядзіце!

Ён хутка схапіў палатно і паставіў да сьцяны, але Дрыёлі пасьпеў яго ўбачыць.

- Мне падабаецца.

- Проста страх.

- Выдатная работа. Проста выдатная, як і астатнія. Я люблю ўсе твае карціны.

- Праблема ў тым, - хмура адказаў хлопец, - што яны неядомыя. Есьці іх нельга.

- Але ўсё адно яны выдатныя.

Дрыёлі працягнуў яму поўную шклянку бледна-жоўтага віна.

- Выпі, - сказаў ён. - адразу павесялееш.

Дрыёлі яшчэ ніколі не даводзілася сустракаць больш маркотнага чалавека альбо чалавека з больш сумным тварам. Ён пазнаёміўся з хлопцам сем месяцаў таму ў адной кавярні, той напіваўся на самоце. Хлопец быў падобны да расейца ці азіята, і таму Дрыёлі падсеў за ягоны столік і загаварыў.

- Ты расеец?

- Так.

- Адкуль родам?

- Зь Менску.

Дрыёлі ажно падскочыў, абняў яго і закрычаў, што ён таксама нарадзіўся ў гэтым горадзе.

- Я нарадзіўся не ў самім Менску, - сказаў хлопец. - а пад Менскам.

- Дзе?

- У Сьмілавічах, гэта дваццаць кіламетраў ад горада.

- Сьмілавічы! - закрычаў Дрыёлі, зноўку яго абдымаючы. - Я туды некалькі разоў хадзіў пешкі, калі быў малы.

Потым ён сеў, з прыязнасьцю ўглядаючыся ў твар сумоўцы.

- Знаеш, - заўважыў Дрыёлі. - зірнуўшы на цябе, ня скажаш, што ты з захаду Расеі. Ты больш падобны да татарына ці да калмыка. З твару ты праўдзівы калмык.

Цяпер, стоячы ў студыі, Дрыёлі зноўку паглядзеў на хлопца. Той узяў шклянку віна і асушыў яе адным глытком. Так, ён сапраўды выдаваў на калмыка: шырокі твар з высокімі скуламі, буйны нос. Па баках галавы вытыркалі вушы, ад чаго твар здаваўся яшчэ шырэйшым. Да таго ж вузкія вочы, чорныя валасы, тоўстыя, нібыта надзьмутыя, вусны - ўсё як у калмыка. Але вось рукі - рукі былі надзіва маленькімі і белымі, як у жанчыны, з невялічкімі тонкімі пальцамі.

- Налі мне яшчэ, - папрасіў хлопец. - Калі ўжо сьвяткаваць, дык трэба рабіць гэта як сьлед.

Дрыёлі разьліў віно і прысеў на крэсла. Хлопец апусьціўся на канапу побач з жонкай Дрыёлі. На падлозе паміж імі стаялі тры бутэлькі.

- Сёньня можна напіцца як сьлед, - сказаў Дрыёлі. - Грошай у мяне шмат. Пайду куплю яшчэ віна. Колькі нам трэба?

- Шэсьць бутэлек. - адказаў хлопец. - Па дзьве кожнаму.

- Добра. Зараз прынясу.

- Я табе дапамагу.

Дрыёлі купіў шэсьць бутэлек белага віна ў бліжэйшай кавярні і прынёс іх у майстэрню. Бутэлькі расставілі на падлозе ў два шэрагі. Потым Дрыёлі ўзяў штопар і адкаркаваў усе шэсьць. Кожны сеў на сваё месца, і вечарына працягвалася.

- Толькі вельмі багатыя людзі могуць вось так сьвяткаваць. - сказаў Дрыёлі.

- Гэта так, - адказаў хлопец. - Ты згодная, Жазі?

- Ведама ж.

- Як пачуваешся, Жазі?

- Добра.

- Можа, кінеш Дрыёлі ды выйдзеш за мяне?

- Не.

- Файнае віно, - прамовіў Дрыёлі. - Піць яго - сапраўдная насалода.

Яны пілі паволі і з пачуццём, паступова хмялеючы. Гэта адбывалася не ўпершыню, але сябры ўсё адно прытрымліваліся ўсталяваных правілаў, захоўвалі сур'ёзнасьць, прамаўлялі шматлікія тосты, потым іх паўтаралі, хвалілі віно. Важна было не сьпяшацца, каб напоўніцу наталіцца трыма ступенямі ахмяленьня, а асабліва тою зь іх, калі нібыта лунаеш у паветрыі і ногі падаюцца чужымі. Дрыёлі больш за ўсё любіў гэты стан - глядзіш на свае ногі, а яны так далёка, што нават незразумела, чые яны і чаму валяюцца недзе там, на падлозе.

Празь некаторы час ён устаў, каб запаліць сьвятло. Яго зьдзівіла, што ногі пайшлі разам зь ім, тым больш, што ён зусім не адчуваў дотыкаў да падлогі. Дрыёлі ахапіла прыемнае пачуццё, нібыта ён ідзе па паветры. Ён пачаў пахаджаць па пакоі, цішком паглядаючы на прытуленыя да сьценаў карціны.

- Паслухай, - нарэшце сказаў ён. - Ёсьць ідэя.

Ён прайшоў праз пакой і, трошкі хістаючыся, стаў насупраць канапы.

- Слухай, дружа калмык.

- Што?

- У мяне ёсьць выдатная ідэя. Ты слухаеш?

- Я слухаю Жазі.

- Паслухай мяне, калі ласка. Ты мой сябар, дзіўны калмык зь Менску, але гэта ня ўсё. Я лічу цябе выдатным мастаком і прашу падарыць мне карціну, файную карціну...

- Можаш забраць усе. Бяры ўсе, што знойдзеш, толькі не замінай мне размаўляць з тваёю жонкаю.

- Не, не. Паслухай. Я хачу такую карціну, каторая была б са мною заўсёды... назаўжды... дзе б я ні быў... што б ні здарылася... заўсёды са мною... твая карціна.

Ён нахіліўся і патрос хлопца за калена.

- Ну паслухай мяне, калі ласка.

- Паслухай яго, - сказала дзяўчына.

- Значыцца так. Я хачу, каб ты намаляваў карціну на маёй скуры, на сьпіне, а потым вытатуаваў яе. Гэтак карціна застанецца са мною назаўжды.

- Што за дзівацтва.

- Я навучу цябе карыстацца машынкаю. Гэта лёгка. Нават дзіця здолее.

- Я не дзіця.

- Калі ласка...

- Ты проста звар'яцеў. Я не разумею, чаго ты хочаш.

Мастак падняў галаву і паглядзеў проста ў ахмялелыя, цёмныя і блішчастыя ад віна вочы сумоўцы.

- Дык чаго ты, у рэшце рэшт, хочаш?

- Гэта так лёгка! Ты здолеў бы, злодеў!

- Ты маеш на ўвеце татуіроўку?

- Так, татуіроўку! Я навучу цябе за дзьве хвіліны!

- Гэта немагчыма!

- Ты хочаш сказаць, я ня ведаю, пра што кажу?

Ну ведама ж, хлопец ня мог такога сказаць, бо (без перабольшаньняў) Дрыёлі ведаў пра татуіроўкі ўсё. Хіба ня ён у мінулым месяцы вытатуаваў на жываце кліента найпрыгажэйшыя ды выкшталцоныя ўзоры з адных толькі кветак? А на грудзях другога разьмясьціў выяву мядзьведзя грызьлі, ды так удала, што густыя валасы кліента сталі ягонай поўсьцю. Ён мог так дакладна вытатуаваць жаночую фігуру на руцэ, што пры кожным скарачэньні мышцаў яна вырабляла розныя прывабныя рухі.

- Я толькі хачу сказаць, - адказаў хлопец. - што ты п'яны, і ідэя твая п'яная.

- Жазі магла б пазіраваць. Жазі на маёй сьпіне. Няўжо я ня маю права мець партрэт жонкі на сьпіне?

- Намаляваць Жазі?

- Так.

Дрыёлі ведаў, што варта яму толькі згадаць жонку, і тоўстыя брунатныя вусны хлопца расслабяцца і задрыжаць.

- Не, - сказала дзяўчына.

- Жазі, даражэнькая, калі ласка. Вазьмі бутэльку, дапі віно і адразу падабрэеш. Гэта неверагодная ідэя. Мне яшчэ ніколі такое не прыходзіла ў галаву.

- Якая ідэя?

- Ён намалюе цябе ў мяне на сьпіне. Хіба я ня маю на гэта права?

- Намалюе мяне?

- Целяшом, - сказаў хлопец. - Тады я згодны.

- Толькі не целяшом, - запярэчыла дзяўчына.

- Неверагодная ідэя, - сказаў Дрыёлі.

- Вар'яцтва, - адказала дзяўчына.

- У любым выпадку, - прамовіў хлопец. - за гэта трэба выпіць.

Яны дапілі бутэльку віна. Пасьля хлопец сказаў: «Усё адно, татуіроўка ў мяне, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Давай я проста намалюю карціну ў цябе на сьпіне, і яна будзе там, пакуль ты не памыешся. Ня мыйся ўвогуле - і карціна застанецца з табою назаўсёды, на ўсё жыцьцё».

- Не, - не пагадзіўся Дрыёлі.

- Так. І ў той дзень, калі ты вырашыш памыцца, я буду ведаць, што карціна табе больш не падабаецца. Такім чынам праверым, як высока ты цэніш маё мастацтва.

- Я супраць гэтай ідэі, - сказала дзяўчына. - Ён так захапляецца тваімі карцінамі, што ня будзе мыцца шмат год. Давайце зробім татуіроўку. Толькі я ня буду пазаваць целяшом.

- Тады зрабі партрэт, - сказаў Дрыёлі.

- У мяне не атрымаецца.

- Гэта надзвычай проста. Убачыш, я навучу цябе за дзьве хвіліны. Пайду прынясу снадзіва. Голкі ды атрамант. У мяне ёсьць атрамант самых розных колераў - столькі колераў, колькі ў цябе фарбаў, а якія прыгожыя - у цябе нават такіх няма...

- Ня можа такога быць.

- У мяне ёсьць вельмі шмат розных колераў. Праўда, Жазі?

- Так.

- Вось пабачыш, - сказаў Дрыёлі. - Зараз прынясу.

Ён падняўся з крэсла і, пахістваючыся, але рашуча, выйшаў з пакою.

Дрыёлі вярнуўся праз паўгадзіны.

- Усё прынёс! - закрычаў ён, размахваючы брунатнаю валізкаю. - Тут усё снадзіва, што патрэбна татуісту.

Ён паставіў валізку на стол, адкрыў яе і дастаў электрычныя шпрыцы і маленькія бутэлечкі з каляровым атрамантам. Потым падключыў шпрыц, узяў яго ў руку і націснуў на кнопку. Шпрыц загудзеў, а голка даўжынёю ў чвэртку цалі на ягоным канцы пачала рухацца ўніз-уверх. Дрыёлі ськінуў пінжак і закатаў рукаво кашулі.

- Глядзі. Я пакажу табе - гэта зусім проста. Зараз зраблю малюнак вось тут, на руцэ.

Ён знайшоў незафарбаваны кавалачак скуры на сьпярэшчаным сінімі меткамі перадплеччы, каб паказаць.

- Сьпярша я выбіраю колер атраманта - няхай будзе звычайны сіні - і апускаю ў яго канец голкі... вось так... Роўна трымаючы голку, лёгка праводжу ёю па паверхні скуры... вось так... Дзякуючы маленькаму маторчыку ўсярэдзіне і электрычнасьці, голка скача ўверх-уніз, праколвае скуру, пад яе трапляе атрамант - так атрымліваецца малюнак. Бачыш, як проста... Глядзі, зараз я намалюю ў сябе на руцэ сабаку.

Хлопец глядзеў, зачараваны.

- Можна, цяпер я паспрабую... На тваёй руцэ.

Шпрыц загудзеў, вымалёўваючы сінія рыскі на перадплеччы Дрыёлі.

- Нічога складанага, - сказаў ён. - тое самае, што маляваць асадкаю, толькі больш марудна.

- Усё проста. Ну што, ты гатовы? Можна пачынаць?

- Зараз жа.

- Мадэлька! - закрычаў Дрыёлі. - Жазі!

У захапленьні, ён пахістваючыся хадзіў па пакоі і рыхтаваў усё неабходнае, нібыта дзіця, каторага чакае цікавая гульня.

- Дзе разьмясьціць мадэльку? Дзе яе паставіць?

- Тут, каля століка зь люстэркам. Няхай расчэсвае валасы. Я намалюю, як валасы падаюць ёй на плечы, а яна іх расчэсвае.

- Неверагодна. Ты геній.

Дзяўчына неахвотна прайшла праз пакой і стала каля століка, трымаючы ў руцэ шклянку зь віном.

Дрыёлі сьцягнуў зь сябе кашулю і зьняў порткі. На ім засталіся толькі майткі, шкарпэткі ды туфлі. Ён стаяў, пахістваючыся з аднаго боку ў другі, невялікага росту, дужы, на ягонай белай скуры амаль не было валасоў.

- Ну, - сказаў ён. - Я тваё палатно. Куды паставіш мяне?

- Як звычайна, на мальберт.

- Не дурыся. Палатно - гэта я.

- Тады залазь на мальберт. Там табе самае месца.

- Якім гэта чынам?

- Дык ты палатно ці не?

- Так, я палатно. Я ўжо нават пачуваюся палатном.

- Тады залазь на мальберт. Што тут цяжкага?

- Але ж гэта немагчыма, сур'ёзна табе кажу.

- Тады сядай на крэсла. Задам наперад, а п'яную галаву сваю пакладзі на сьпінку. І хутчэй, я ўжо пачынаю.

- Я гатовы. Чакаю.

- Сьпярша, - сказаў хлопец. - я зраблю звычайны малюнак. Калі ён мне спадабаецца, то вытатую яго.

Ён узяў шырокі пэндзаль і пачаў маляваць на аголенай сьпіне, проста на скуры.

- Авой-ёй-ёй! - закрычаў Дрыёлі. - Па маёй сьпіне бегае шматногая кузурка!

- Ціха! Ня торгайся!

Хлопец працаваў хутка, наносіў фарбу празрыстым, сьветлым слоем, каб яна потым не замінала яму татуаваць. Малюючы, ён так засяродзіўся на рабоце, што, здавалася, зусім працьверазеў. Ён маляваў усёю рукою, запясьце заставалася нерухомым, кожны хуткі дотык пэндзля нагадваў удар. Праз паўгадзіны карціна была гатовая.

- Ну вось і ўсё, - сказаў ён дзяўчыне, каторая адразу падыйшла да канапы, лягла на яе і заснула.

Дрыёлі ня спаў. Ён глядзеў, як хлопец бярэ голку і апускае яе ў атрамант. Потым, калі голка дакранулася да скуры на сьпіне, адчуў козытнае паколваньне. Гэты непрыемны, але нямоцны боль не даваў яму заснуць. Адчуваючы перамяшчэньні голкі і назіраючы за зьменай колераў, Дрыёлі спрабаваў уявіць, што робіцца на ягонай сьпіне. Хлопец цалкам паглыбіўся ў працу. Відаць было, што ён у захапленьні ад маленькай машынкі і ад тых дзівосаў, каторыя яна магла вырабляць.

Надыйшоў сьвітанак, а машынка ўсё гудзела, хлопец працаваў. Дрыёлі памятаў, што, калі мастак нарэшце скончыў работу і сказаў «гатова», за вакном ужо разьвіднела і на вуліцы чуваць былі крокі людзей.

- Я хачу паглядзець, - сказаў Дрыёлі.

Хлопец нахіліў люстра, а Дрыёлі выцягнуў шыю, каб убачыць карціну.

- Божа мой! - закрычаў ён.

Відовішча было проста неверагоднае. Уся сьпіна, ад плячэй да самага ніза хрыбта, пералівалася рознымі колерамі - залатым, зялёным, сінім, чорным і пунсовым. Татуіроўка пакрывала скуру шчыльным, суцэльным пластом. Хлопец вельмі дакладна прытрымліваўся мазкоў пэндзля, запаўняючы кожны колерам. Ён надзіва ўдала выкарыстаў хрыбет ды лапаткі, зрабіўшы іх часткаю кампазіцыі. Больш за тое, ён неяк здолеў, нягледзячы на маруднасьць работы, дасягнуць у ёй спантаннасьці. Партрэт быў жывы, у ім адчуваўся блытаны, напружаны стыль Суціна, характэрны для ўсіх ягоных работ. Падабенства з мадэльлю было толькі аддаленае. Карціна хутчэй адлюстроўвала настрой, а не чалавека. Твар размыты, недакладны, вакол галавы закручваліся шматлікія цёмна-зялёныя зьвівы.

- Выдатна!

- Мне самому падабаецца.

Хлопец адыйшоўся назад, крытычна аглядаючы карціну.

- Знаеш што, - дадаў ён. - Карціна вартая таго, каб я яе падпісаў.

Ён зноўку ўзяў машынку і напісаў чырвоным атрамантам справа, над ныркай Дрыёлі, сваё імя.

Стары Дрыёлі стаяў у нейкім замарачэньні, утаропіўшыся на карціну за вакном мастацкай галерэі. Гэта было так даўно - нібыта ў іншым жыцьці.

А хлопец? Што зь ім здарылася? Ён згадаў, як, вярнуўшыся з вайны - першай сусьветнай - і не знайшоўшы яго, спытаў у Жазі:

- Дзе гэта мой дружа калмык?

- Зьехаў, - адказала яна. - Куды - ня ведаю, але чула, што ўладальнік мастацкай галерэі забраў яго адсюль і адправіў маляваць у Серэ.

- Можа быць, ён вернецца.

- Можа і вернецца. Хто яго ведае...

Больш яны не гаварылі пра яго. Неўзабаве пераехалі ў Гаўр. Там было шмат маракоў, і справы ішлі добра. Стары ўсьміхнуўся, прыгадваючы жыцьцё ў Гаўры. Шчасьлівыя гады, гады паміж войнамі. У яго была свая невялічкая майстэрня ля докаў, утульная гаспода, работа. Кожны дзень па тры, чатыры, пяць маракоў, каторыя хацелі зрабіць татуіроўкі на руках. Шчасьлівыя гады.

Потым пачалася другая сусьветная, Жазі забілі, прыйшлі немцы, майстэрню давялося закрыць. Болей ніхто не хацеў татуіроўку на руцэ, а Дрыёлі быў ужо занадта стары, каб мяняць сьпецыяльнасьць. У адчаі ён падаўся ў Парыж, спадзеючыся, што ў вялікім горадзе будзе лягчэй. Ён памыляўся.

Цяпер, калі вайна скончылася, у яго ня было ані сродкаў, ані сілаў, каб нанова пачаць сваю маленькую справу. Старому нялёгка было знайсьці занятак, тым больш што жабраваць ён не хацеў. А што яшчэ заставалася, як не жабраваць?

«Вось, - думаў ён, гледзячы на карціну. - Гэта мой дружа калмык. Як мала, аказваецца, трэба, каб ускалыхнуліся ўспаміны». Некалькі хвілінаў таму ён нават і ня памятаў, што ў яго на сьпіне ёсьць карціна, шмат год ня згадваў пра яе, забыўся. Ён прыціснуўся тварам да шкла і зазірнуў у галерэю. На сьценах вісела шмат іншых карцінаў таго самага мастака, паміж імі пахаджала мноства людзей. Відаць было, што гэта закрытая выстава.

Падпарадкоўваючыся раптоўнаму імпульсу, Дрыёлі павярнуўся, таўхануў дзьверы і ўвайшоў у галерэю.

Перад ім быў даўгі пакой, на падлозе ляжаў тоўсты дыван колеру чырвонага віна. І, Бог ты мой, як там было цёпла і прыгожа! Вакол з годнасьцю пахаджалі і разглядалі карціны чыста вымытыя людзі з каталёгамі ў руках. Дрыёлі затрымаўся ў дзьвярах, нэрвова азіраючыся па баках, не адважваючыся прайсьці наперад і зьмяшацца з гэтым натоўпам. Ён не пасьпеў набрацца сьмеласьці, таму што раптам пачуў побач: «Што вам трэба?»

Да яго зьвяртаўся чалавек у чорнай візітцы, нізкі і тоўсты, з надзвычай белым тварам. Твар быў такі мясісты і азызлы, што шчокі зьвісалі па баках роту, утвараючы дзьве складкі, як у спаніеля. Ён бліжэй падыйшоў да Дрыёлі і паўтарыў пытаньне: «Што вам трэба?»

Дрыёлі стаяў нерухома.

- Зрабіце ласку, - сказаў мужчына. - Выйдзіце з галерэі.

- Мне нельга паглядзець на карціны?

- Я папрасіў вас выйсьці.

Дрыёлі не зварухнуўся зь месца. Раптам ім апанавала шалёная злосьць.

- Ні мне, ні вам праблемы непатрэбныя, - сказаў мужчына. - Хадземце сюды.

Ён паклаў сваю тоўстую белую лапу на руку Дрыёлі і пачаў настойліва таўхаць яго да выйсьця.

Гэта было апошняй кропляй.

- Прыбяры прэч свае рукі! - закрычаў Дрыёлі.

Ягоны голас гучна зазьвінеў у глыбінях даўгой галерэі. Усе наведвальнікі, як адзін, павярнулі галовы і са зьдзіўленнем паглядзелі на чалавека, каторы ўсчаў гэты вэрхал. Тут на дапамогу прыбег лёкай, і яны ўдвух зь белатварым уладальнікам галерэі паспрабавалі вытаўхнуць Дрыёлі за дзьверы. Людзі стаялі нерухома і назіралі за сутычкай. На іхных тварах чыталася толькі лёгкая цікавасьць, яны нібыта гаварылі: «Усё добра. Нам нічога не пагражае. Усё пад кантролем».

- У мяне таксама! - крычаў Дрыёлі. - У мяне таксама ёсьць карціна гэтага мастака! Мы былі сябрамі, і ён падарыў мне карціну!

- Ён з глузду зьехаў.

- Вар'ят. Шалёны.

- Трэба выклікаць паліцыю.

Хутка крутануўшыся ўсім целам, Дрыёлі раптам вырваўся і, нікім не спынены, пабег углыб галерэі, выкрыкваючы: «Я пакажу вам! Пакажу вам! Пакажу!» Ён ськінуў палітон, потым пінжак, кашулю і павярнуўся да наведвальнікаў сьпінаю.

- Вось! - задыхана крыкнуў ён. - Бачыце? Вось яна!

Раптам пакой апанавала абсалютная цішыня, кожны спыніўся там, дзе стаяў, зьнерухомеўшы ад зьдзіўленьня і ніякаватасьці. Усе ўтаропіліся на вытатуаваную карціну. Яна была на месцы, колеры такія самыя яркія, як і раней. Вось толькі сьпіна старога схуднела, лапаткі моцна падаліся наперад, таму карціна выглядала не найлепшым чынам, яна набыла дзіўны, зморшчаны і пакамечаны выгляд.

Нехта сказаў: «Божа мой, напраўды!»

Цішыня зьмянілася ўсхваляваным гулам галасоў, наведвальнікі падышлі да старога і абкружылі яго.

- Памылкі быць ня можа!

- У раньняй манэры, ці ня так?

- Неверагодна, проста неверагодна!

- Паглядзіце, нават падпісаная!

- Нагніцеся наперад, дружа, каб карціна нацягнулася.

- Дзеду, калі яна была намаляваная?

- У 1913, - адказаў Дрыёлі, не паварочваючыся. - Восеньню 1913.

- Хто навучыў Суціна татуаваць?

- Я.

- А што гэта за жанчына?

- Мая жонка.

Праз натоўп да Дрыёлі прапіхваўся ўладальнік галерэі. Цяпер ён быў спакойны, страшна сур'ёзны, усьміхаўся аднымі толькі вуснамі.

- Мансеньёр, - сказаў ён. - Я куплю карціну.

Дрыёлі бачыў, як пры кожным руху ськівіцаў трэсьліся ягоныя тоўстыя шчокі.

- Вы чуеце, мансеньёр, я хачу купіць карціну.

- Як жа ж вы можаце яе купіць? - ціха спытаў Дрыёлі.

- Я заплачу вам за яе дзьвесьце тысячаў франкаў.

Вочы ўладальніка галерэі былі маленькія і цёмныя, ноздры шырокага носа пачалі дрыжэць.

- Не пагаджайцеся, - прашаптаў нехта ў натоўпе. - Карціна каштуе разоў у дваццаць болей.

Дрыёлі быў адкрыў рот, каб нешта сказаць, але словаў не было, таму ён закрыў яго. Потым адкрыў зноўку і паволі сказаў: «Але як я магу вам яе прадаць?» Ён падняў рукі ўгору, а потым бяссільна апусьціў, так, што яны ўдарылі па баках. «Мансеньёр, ну як я магу яе прадаць?» І ў гэтых словах чуваць была такая туга і адчай!

- Так, - чуліся галасы з натоўпу. - Як ён можа прадаць карціну? Яна ж частка яго! Ён і карціна - адно цэлае!

- Паслухайце, - сказаў уладальнік, падыходзячы бліжэй. - Я вам дапамагу. Вы будзеце багаты. Мы з вамі падпішам прыватнае пагадненьне датычна карціны. Добра?

Дрыёлі глядзеў на яго разгублена і з трывогаю.

- Але мансеньёр, як жа ж вы яе купіце? Што вы пасьля будзеце зь ёю рабіць? Дзе вы яе павесіце? Дзе разьмесьціце яе сеньня? Заўтра?

- А, дзе яе разьмясьціць? Так, дзе разьмясьціць? Дзе разьмясьціць? Ну... - уладальнік галерэі пацёр пераносьсе тоўстым белым пальцам. - Атрымліваецца, што, купляючы карціну, я атрымліваю вас у дадатак. Гэта мінус. - ён спыніўся і зноўку пацёр нос. - Карціна нічога ня вартая, пакуль вы жывы. Дарэчы, дружа, колькі вам год?

- Шэсьцьдзесят адзін.

- Але вы, бадай, ня надта здаровы, - ён перастаў церці нос і паглядзеў на Дрыёлі зьверху ўніз, нібыта фермер, каторы ацэньвае старога каня.

- Мне гэта не падабаецца, - сказаў Дрыёлі і адыйшоў назад. - Далібог, мансеньёр, мне гэта зусім не падабаецца.

Адыходзячы, ён натыкнуўся на высокага чалавека, каторы выставіў наперад рукі і акуратна ўзяў яго за плечы. Дрыёлі азірнуўся і папрасіў прабачэньня. Мужчына ўсьміхнуўся з вышыні і паляпаў яго па аголеным плячы рукою ў жоўтай пальчатцы, каб супакоіць.

- Паслухайце, дружа, - усё яшчэ ўсьміхаючыся сказаў незнаёмец. - Ці любіце вы купацца і грэцца на сонцы?

Дрыёлі зьдзіўлена паглядзеў на яго.

- Ці любіце вы выкшталцоныя стравы і чырвонае віно са знакамітага шато Бардо? - мужчына працягваў усьміхацца, паказваючы здаровыя белыя зубы с залатымі бліскаўкамі. Ён гаварыў ціха і лісьліва, не прыбіраючы руку зь пляча Дрыёлі. - Любіце ці не?

- Ну, так... - адказаў Дрыёлі, усё яшчэ агаломшаны. - Ведама ж.

- А прыгожых жанчын?

- Чаму б не?

- Ці хацелася б вам мець шафу, поўную гарнітураў ды кашуляў, пашытых дакладна па фігуры? Мне здаецца, што гардэробчык у вас нейкі беднаваты.

Дрыёлі глядзеў на пачцівага мужчыну, чакаючы, што той яшчэ прапануе.

- Ці шылі вам калі абутак дакладна па назе?

- Не.

- Але вам хацелася б?

- Ну...

- Каб ураньні вас галіў ды падстрыгаў цырульнік?

Дрыёлі стаяў нерухома, разявіўшы рот.

- Каб сімпатычная пульхненькая дзяўчыначка рабіла вам манікюр?

У натоўпе захіхікалі.

- Каб каля ложка вісеў званочак. Таргануў за матузок - і пакаёўка ўжо нясе сьняданак. Ці хацелася б вам так жыць? Скажыце, дружа.

Дрыёлі стаяў нерухома і глядзеў на яго.

- Я ўладальнік гатэлю «Брысталь» у Канах. Запрашаю вас быць маім госьцем і жыць у раскошы ды камфорце да самае сьмерці.

Мужчына спыніўся, каб слухач мог ператравіць гэтую прывабную прапанову.

- Адзіным вашым абавязкам - я б нават сказаў прыемнасьцю - будзе пахаджаць па пляжы ў плаўках сярод маіх гасьцей, загараць, купацца, піць кактэйлі. Падабаецца вам такая прапанова?

Адказу не было.

- Разумееце, такім чынам усе госьці ўбачаць незвычайную карціну мастака Суціна. Вы зробіцеся сапраўднай знакамітасьцю, і людзі будуць казаць: «Глядзіце, вось чалавек зь мільёнам франкаў на сьпіне». Ну як вам такая ідэя, мансеньёр? Падабаецца?

Дрыёлі паглядзеў на высокага чалавека ў жоўтых пальчатках, каб зразумець, ці гэта не жарт.

- Дзіўная ідэя, - паволі сказаў ён. - Вы што, сур'ёзна?

- Ведама ж, сур'ёзна.

- Пачакайце, - перапыніў размову ўладальнік галерэі. - Слухайце, старэча. Я знаю, як вырашыць праблему. Я куплю карціну і дамоўлюся зь хірургам, каб ён зьняў скуру з вашае сьпіны. Пасьля гэтага ідзіце на ўсе чатыры бакі з поўнымі кішэнямі грошай, што я дам за карціну.

- Бяз скуры на сьпіне?

- Не, ведама ж, не! Вы мяне няправільна зразумелі. Хірург паставіць новы кавалак скуры на месца зьнятага. Гэта вельмі проста.

- Хіба такое магчыма?

- Няма нічога немагчымага.

- Гэтага рабіць няможна, - сказаў чалавек у жоўтых пальчатках. - Ён не перажыве перасадкі такога вялікага кавалка скуры, памрэ падчас аперацыі. Вы памраце падчас аперацыі, дружа.

- Памру?

- Так. Вы ня выжывеце, гэта дакладна. Такім чынам можна толькі зьняць карціну.

- Божа мой! - закрычаў Дрыёлі.

Агаломшаны, ён з жахам узіраўся ў твары людзей, што глядзелі на яго. І тут у цішыні пачуўся мужчынскі голас з дальняга краю натоўпу. Ён ціха казаў: «Магчыма, калі прапанаваць старому вялікія грошы, ён пагодзіцца скончыць жыцьцё самагубствам на месцы. Хто яго ведае...» Некаторыя захіхікалі. Уладальнік галерэі ніякавата таптаўся на дыване.

Рука ў жоўтай пальчатцы зноўку паляпала Дрыёлі па плячы.

- Хадземце, - сказаў мужчына і ўсьміхнуўся шырокай, белазубай усьмешкай. - Хадземце павячэраем і абмяркуем гэтую справу. Як вам такая прапанова? Есьці хочаце?

Дрыёлі хмура паглядзеў на сумоўцу. Яму не падабалася даўгая гнуткая шыя, каторую той, размаўляючы, нахіляў наперад, нібыта зьмяя.

- Печаная качка і Шамбертэн, - сказаў мужчына, робячы моцны, сакаўны акцэнт на кожным слове, нібыта смакуючы яго. - А да гэтага можна замовіць суфле з каштанаў, лёгкае і пеннае.

Вочы Дрыёлі закаціліся ўгару, вусны раскрыліся і ўзьвільгатніліся. Відаць было, што з рота старога небаракі вось-вось пацячэ сьліна.

- Вы як любіце? - працягваў чалавек. - Калі качка падсмажыстая, з хрумсткай скарыначкай, альбо...

- Я іду, - хутка сказаў Дрыёлі. Ён ужо падняў кашулю і цяпер утрапёна нацягваў яе праз галаву. - Пачакайце, мансеньёр. Я іду з вамі.

Праз хвіліну Дрыёлі і ягонага дабрадзея ўжо не было ў галерэі.

Не мінула й некалькіх тыдняў, як на аўкцыёне ў Буэнас Айрэсе зьявілася карціна Суціна - партрэт жанчыны, выкананы ў незвычайнай манеры, прыгожа аздоблены і пакрыты лякам. Гэты факт, а таксама тое, што ў Канах няма гатэлю пад назваю «Брысталь», выклікае некаторую трывогу і непакой за здароўе старога. Будзем спадзявацца, што, дзе б ён ні быў у гэты момант, побач зь ім ёсьць сімпатычная пульхненькая дзяўчыначка, каб рабіць манікюр, а таксама пакаёўка, каб прыносіць сьняданак у ложак.



Пераклад: Тацяна Папова