epub
 
падключыць
слоўнікі

Рознае

Цар Ірад

Дзеянне пачынаецца ў верхнім ярусе. У люльцы ляжыць нованароджаны. Побач стаяць Марыя і Іосіф. Панамар (батлейшчык) запальвае свечкі. Гучыць псалом. Уваходзяць анёл, пастух з пастушкай, тры валхвы (па чарзе). Яны падыходзяць да немаўляці і кланяюцца яму.

 

Хор (спявае)

Неба і зямля, неба і зямля

Радасна спяваюць.

Ангелы свету, ангелы свету

Дзіва абвяшчаюць:

Хрыстос нарадзіўся, Бог аб'явіўся,

Ангелы спяваюць, пастушкі іграюць,

Дзіва, дзіва абвяшчаюць.

У Батлееме, у Батлееме

Весела навіна:

Чыстая Дзева, Чыстая Дзева

Нарадзіла Сына.

Хрыстос нарадзіўся, Бог аб'явіўся,

Ангелы спяваюць, пастушкі іграюць,

Дзіва, дзіва абвяшчаюць...

 

Дзеянне пераносіцца ў ніжні ярус. Там залальваюцца свечкі. На сцэне стаіць трон. Выходзіць цар Iрад.

 

Iрад

Я цар Ірад,

Я, я слаўны,

Сяду на свой трон дзяржаўны.

Я вялікі разумнік,

Бо ў царскім пурпуры.

Ніхто не пярэчыць

Маёй царскай натуры.

 

Садзіцца на трон. Выбягае Чорт.

 

Чорт

Хе-хе-хе,

Цару, мой цару,

Любы ўладару,

Ты тут спіш, гуляеш,

Пуза сабе наядаеш,

А што ў тваім царстве

Новы цар з'явіўся — не знаеш.

 

Iрад

Што, што я чую ў маім царстве,

Здрада сталася ў маім гаспадарстве.

А паклікаць да мяне ваяку,

Вернага мне служаку.

 

Уваходзіць Рахіль з дзіцём на руках. За ёй — Воін.

 

Воін

Аць-два, аць-два, аць-два! Стой!

Цару, мой цару, любы гаспадару,

Па тваім загадзе з'явіўся.

 

Iрад

Чуў я, што ў маім царстве

Новы цар нарадзіўся.

Хуценька збірайся,

У Батлеем выпраўляйся.

Усіх немаўлят забівай,

Свайго цара-гаспадара выручай.

 

Воін

Слухаю твайго загаду!

Зважай! Кронам руш!

Налева, кругом марш!

Аць-два, аць-два, аць-два!

Чуецца званочак.

 

Анёл

О Ірадзе, Ірадзе,

Што ты нарабіў?

Сваю душу грэшную перад Богам загубіў.

Згінуў ты да звання,

Не будзе табе выратавання.

 

Чорт

Ты, Ірад, яго не слухай,

Вазьмі сабе патыліцу пачухай.

Лепш быць каранаваным,

Чым выратаваным.

 

Воін

Аць-два, аць-два, аць-два, стой!

Цару мой, цару, любы гаспадару,

У Батлеем я схадзіў,

Усіх немаўлят забіў.

Адно... Рахіль не дае свайго забіць,

Сама ідзе да цябе літасці прасіць.

 

Iрад

Хто такая?

А... паклікаць яе да мяне!

 

Воін

Слухаю твайго загаду!

Зважай! Кронам руш!

Налева, кругом марш!

Аць-два, аць-два, аць-два!

 

Paхіль

Цару мілы, цар літасцівы,

Не труці ты матчына сэрца,

Уратуй ты маё дзіцятка ад смерці.

 

Iрад

Гм... баба, я сам сабе разумнік,

Бо ў царскім пурпуры,

Не пярэч ты маёй царскай натуры,

Я ўсім немаўлятам пасцінаў галовы,

I твайму не дам пардону.

Воін забівае дзіця і выносіць яго са сцэны.

 

Анёл

Ірад ты нясыты,

Забойца самавіты,

За гэтае дзіцятка

Ды за ўсіх немаўляткаў

Будзеш ты ў агні гарэць

Ды ў смале кіпець.

 

Чорт

Ты, Ірад, на іх не зважай,

Пра ўладу лепш дбай.

Памятай, лепш быць каранаваным...

 

Iрад

Твая праўда, а ну-ка, пайшлі прэч адсюль,

Паспяшайце, самі сябе суцяшайце.

Плача Рахіль.

 

Анёл

Не плач, не плач, Рахіль,

Тваё дзіцятка не умерла.

Яно ў Боскім садзе кветачкі збірае

Ды з анёламі гуляе.

 

Iрад

Што я чую, не гуляе і не збірае,

Бо мой ваяка справу знае.

Ваяка, ваяка, хадзі да мяне!

 

Воін

Аць-два, аць-два, аць-два, стой!

Па тваім загадзе з'явіўся!

 

Iрад

За добрую службу, за шчырую дружбу

На табе трошкі грошай.

Схадзі, пагуляй з раскошы,

Выпі чарку, дай каму па карку.

 

Воін

Рады старацца.

Зважай! Кронам руш!

Налева, кругом марш!

Аць-два, аць-два, аць-два!

Раздаецца стук.

 

Смерць

Здарова, Ірад!

 

Iрад

А... вой...

Ваяка, мой ваяка, верны мой служака!

Ратуй! Гані ад мяне гэтую пачварыну.

 

Смерць

Твой ваяка-небарака

Зайшоў да кабака,

Выпіў чарку, атрымаў па карку

Ды і ляжыць.

А я, смерць-касціста,

Маю касу сталісту, во, панюхай!

Прыйшла цябе, гада, у пекла справадзіць.

 

Iрад

А... вой... смерць-матухна,

Пачакай трошкі,

Не трымай на мяне злосці,

Дам я пурпуры на твае старэчыя косці.

 

Смерць

Ірад, твая хаўтурная песня спета,

Згінеш ты зараз з гэтага свету.

Як ты немаўлятам, так і я табе

Касой галаву сагну...

А ну-ка, кладзіся... Жых...

 

Чорт

Ха-ха-ха, ха-ха-ха-ха...

Цар-небарака,

Любы мой дружака,

Ну што — мне быць каранаваным

Ці выратаваным.

Ат... нічога, хадзем са мной у пекла,

Будзем там у карты гуляць

Ды старых баб забаўляць.

Згінуў ты да звання,

Не будзе табе выратавання.

 

Воін

О, трошкі пагуляў

I свайго гаспадара праспяваў.

Толькі не разабраў,

Ці то ён цара, ці Ірад яго ў пекла павалок.

А... нічога.

Пазбыў пана, буду піць віно збанам,

Піць, гуляць, Каляды ўспамінаць.

 

(Спявае)

 

Ой калядачкі, бліны-ладачкі,

Ой люлі-люлі, бліны-ладачкі,

Ой люлі-люлі, бліны-ладачкі!



Тэкст падаецца паводле выдання: невядомая
Крыніца: http://www.pravoslavnye.org/index.php/2010-09-21-18-49-45/2010-07-21-20-20-31/10-2010-06-22-21-21-50/706------l-r