epub
 
падключыць
слоўнікі

Рыгор Барадулін

Неруш

Неруш ранішні –

      роднае слова,

Мне шукаць цябе,

      покуль гляджу,

Пад зялёным крылом верасовак,

Пад крысом

      і спякоты й дажджу.

Слова,

      што як нарог для ратая,

Як для ластаўкі –

      стромы вільчак,

 

Ад якога на небе світае,

Ад якога яснее ў вачах…

А пашчасціць – натрапіцца неруш, –

Зазвіняць недзе промні наўзбоч.

Неруш свой

      панясу я аберуч,

Як слязіну з матуліных воч.

 

Ад абразы,

      ад позірку злога,

Шлях заблытаўшы для наслання,

Неруш ранішні –

      матчына слова,

Мне, як бору,

      цябе засланяць!

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Барадулін Р. Неруш: Лірыка. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1966
Крыніца: http://vershy.ru