epub
 
падключыць
слоўнікі

Рыгор Мурашка

Прыгранічны манастыр

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X


I

 

Скалон - начальнік асобнага поста Дзяржаўнай Палітычнай Управы - задуменна сядзеў за пісьмовым сталом. У парозе ж пасланец фельд'егер маўкліва чакаў, калі начальнік аддасць яму назад канверт з распіскаю ў атрыманні сакрэтнага пакета.

Хвілін дзесяць прайшло ўжо, як Скалон паспешна разадраў пакет. З кожнаю поштай, з кожным прыязджаючым фельд'егерам ён чакаў чагось асабліва важнага. Халодны бляск воч надаваў тады ўсяму яго твару выгляд рашучасці і разам таемнасці, загадкавасці.

Сёння ён асабліва чакаў важных вестак - пазаўчора, пры выключна загадкавых абставінах, за дзве вярсты адгэтуль, ад гэтага вось дома, кантралёр мытнага пункта Зыркі забіты з агнястрэльнай зброі. Стрэл не быў адразу смяротным, але ад параненага не давялося пачуць ні слова: трапная ў карак куля разбурыла галасавыя звязкі, як канстатаваў тутэйшы доктар, і ад гэтага адняло ў Зыркага мову.

Зыркі быў не толькі супрацоўнік мытніцы: Скалон ды яшчэ хто-колечы ведалі, каго страцілі ў асобе малапрыкметнага кантралёра мытнага пункта. І гэтага мала. Зыркі быў самым блізкім задушэўным сябрам Скалону, з якім ён прайшоў упоруч значную частку свайго жыцця. Пра гэтае ніхто не здагадваўся тут на граніцы. Ніводзін з сяброў з свайго боку не паказваў выгляду братняй сардэчнасці паміж сабою. На тое былі прычыны службовага характару, характару работы.

Па-восенняму плакала летняе неба, і голас у Скалона жалобна-ўрачыстым быў на пахаванні Зыркага. Пахавалі, як пахавалі б і ўсякага другога супрацоўніка мытнага нагляда. Толькі самы голас у Скалона сваёй задушэўнай кволасцю да нябожчыка казаў, што гэта незвычайнае, асаблівае пахаванне.

Гаварыў Скалон, і гукі голасу з чужаземным акцэнтам нібы запэўнівалі, што вінавайца знойдзецца і што для гэтага ён - Скалон - прыкладзе ўсю сваю бурлівую энергію.

У сённяшнім чаканні асаблівых вестак ён не памыліўся. Зусім сакрэтны пакет яскрава аднавіў у памяці ўсе дробязі нядаўніх дзён, і ён жа з'явіўся выходным пунктам для многіх разважанняў.

Цяклі хвіліны...

Фельд'егер пачаў выказваць нецярплівасць - пакет тэрміновы (алюр++) і на ім павінна быць уласная распіска начальніка поста з паметкай гадзін, хвілін, секунд. Фельд'егеру здавалася, што ён стаіць тут цэлыя гадзіны. Бачыў - начальнік даўно прачытаў пакет, і ім авалодаў прыступ вялікай нецярплівасці.

Скалон думаў, глядзеў і думаў.

За акном слалася зялёная шырыня палеткаў. З сіняватага блакіту шчэрылася-смяялася сонца. А на краявідзе, наўскасяк да граніцы, пахмура рэжа вока былы каталіцкі манастыр. За манастыром - мытны пункт.

Скалон адрываецца ад гэтых прадметаў.

Смяецца сонца. Зяленіць вакол. Мітусяцца ўваччу чымсь неазначаным пералівы цяплеючага паветра.

- Таварыш начальнік!.. Таварыш начальнік!..

Гэта фельд'егер не вытрымаў і рашыўся звярнуць увагу Скалона на пакет.

- Таварыш начальнік! - за трэцім разам пачуў Скалон і здрыгануўся.

Пакет вярнуў яго да кабінетных абставін.

- Ах, выбачайце... Канверт?.. Зараз...

- Вы атрымалі ў пятнаццаць дваццаць.

- Правільна. У пятнаццаць дваццаць... Вазьміце.

Ён аддаў фельд'егеру канверт пакета, і той шпарка выйшаў.

Заціхлі крокі, і Скалонаў погляд зноў пацягло за акно, да манастыра, да мытнага пункта.

У цёплай мітусні разам з сонцам радасцю смяяліся зялёныя далі. Скалону здавалася, што ён разумее гэтую радасць. Калі яшчэ не згладзілася хаўтурная жалоба, калі не схавалася яшчэ пад плёнам будучыні, а ўжо радасць ахінае застыглы з трывогі светлы вобраз Зыркага, дык, значыцца, няма загадкавасці ў забойстве, і памяць лепшага сябра будзе адпомшчана.

На фоне звонкай святлыні пацьмянеў раптам брудны манастыр, а за ім і мытны пункт.

 

II

 

Крывава-чырвонае сонца нафарбавала ўжо ў фіялетавы колер зеляніну клёнаў і вязаў на двары. Ціхія, ласкавыя праменні нясмела прыбралі ў мярэжу з чырванавата-цьмяных кропак сцены з шпалерамі невыразнага малюнка, стол з пісьмовымі прыладамі і паперамі і за сталом сагнутага Скалона.

Ён скончыў свой працоўны дзень - сёння даўжэйшы за звычайны. На стале ляжалі да адпраўлення два пакеты. Ён ужо сабраўся прыбраць іх са стала, калі ўвайшоў супрацоўнік і даклаў, што начальніка абавязкова хоча бачыць якісь чалавек.

- Давайце.

Не паспеў супрацоўнік перадаць прыйшоўшаму запрашэнне, як той, не чакаючы яго, увайшоў сам.

Ён быў нізкі, шырокі ў плячах, апрануты па-гарадскому ў суконную пару. Шэрыя штаны аднаго колеру з тужуркаю паўзакрывалі начышчаныя, але трохі запыленыя штыблеты. Шэры капялюш з выпуклым верхам быў увагнуты з правага боку, як робяць гэта амерыканскія каўбоі.

Уся фігура яго была элегантнаю і разам сціплаю. Цяжка было б сказаць, чаго ў ім больш: элегантнасці і прыгажосці ці простай сціпласці. Для адказу трэба было б зазірнуць у твар.

І твар, бязвусы і безбароды, таксама быў мешанінай той самай элегантнасці з усё той жа сціпласцю. Толькі вочы рашуча чарнелі з-пад ценю капелюша, але і яны не парушалі суладдзя ў фігуры, а паказвалі энергічную рашучасць і гэтым толькі дапаўнялі суцэльнасць тыпу.

Скалон запрасіў яго сесці, а супрацоўніку даў тэрмінова скончыць зараз жа работу; супрацоўнік выйшаў.

У кабінеце загаманілі. Словы гаворкі ясна чуваць былі кожнага разу, але цяпер, схіліўшыся над сталом, супрацоўнік не зразумеў нічога. Чым больш гаварылі ў кабінеце, тым больш хацелася супрацоўніку растлумачыць сабе сэнс слоў і ўсяе гаворкі. Ён па інерцыі пакінуў ужо работу і таксама па інерцыі прыслухаўся.

Дарэмна. Не трэба было і прыслухоўвацца. Размова вялася досыць голасна, але з такім асаблівым вымаўленнем слоў і думак, што ўсё злівалася ў струмень гукаў, пад якім можна было толькі заснуць без жаднай надзеі ўлавіць хоць кроплю сэнсу.

Гаманілі на незразумелай мове. Супрацоўнік прыйшоў нарэшце да гэтага вываду і ўзяўся зноў за сваю работу, нездаволена зірнуўшы ў бок кабанета.

Увагу супрацоўніка раптоўна прыцяг скрадзены шум. Востры слых асабісцкага працаўніка не мог ашукаць яго ўладара. Ён азірнуўся.

Нібы нікога не было. У кабінеце гаварылі цішэй, бы надыходзячы змрок убіраў у сябе зычнасць галасоў, і гукі тады рабіліся такімі сухенькімі і ціхімі, санлівымі.

Тады супрацоўнік зноў схіліўся над папераю, канчаючы сваю справу.

Другім разам пачуўся шум ззаду, на гэты раз больш наяўны. Рыпнулі дзверы падазроным рыпам, і да супрацоўніка падышоў загадчык мытнага пункта Талалай.

- Скалон дома?

- Ш-ш-ш-ш-ш... Там... - упаўшэпта пачаў супрацоўнік і не дагаварыў.

Расчыніліся дзверы, і Скалон з паперай у руцэ выйшаў у пакой.

- А, здароў, сябар! Ну, як справы?

- Як сказаць...

- Пачакай... Таварыш Крушынскі, ужо цемнавата пісаць. Запалі лямпу і выдай гэтаму грамадзяніну візу тэрмінам на сем дзён.

- А цяпер зойдзем да мяне.

Скалон прапусціў загадчыка мытніцы ў кабінет.

- Археолагі шляюцца, - з бачнай злосцю, зачыніўшы дзверы, сказаў Скалон і запаліў лямпу.

Талалай запытальна глядзеў на яго.

- Ды з дзяржаўнага музея для вывучэння рэчаў старасветчыны і для збірання некаторых з іх.

- М-мы-гу-у, - неазначана працяг Талалай.

- Самы час ім тут лазіць. У нас людзей забіваюць, а яны са сваёй старасветчынай лезуць.

- Сапраўды, час знайшлі...

- Кокнуць, чаго добрага, а ты, высалапіўшы язык, пніся, бегай, будзь ласкаў знайсці забойцу яго.

Увайшоў супрацоўнік і падаў для подпісу накладзеную візу.

 

III

 

- Мне здаецца падазроным гэты шыкарны дзяцюк.

- Ты думаеш, Талалай?

- Я сёння бачу яго прыгожую фігуру другі раз.

- Вось як?

- Яшчэ да прыходу свайго сюды ён непрыкметна выглядаў граніцу і як бы вывучаў мясцовасць, асцярожна маршыруючы туды і сюды.

- Спадзяюся, што ты не памыліўся.

- Яшчэ адна заўвага... Некаторы час ён цягаўся ля манастыра, падыходзіў размераным крокам у бок граніцы і да мытнага пункта. Быццам лічыў нават крокі. Цяжка сказаць, што б ён з археалагічнай мэтай курсіраваў тут.

- Бадай, тут ёсць што.

- Але я не пра гэтае хацеў сказаць. Тое так сабе, а вось...

- Новае што ў дазнанні?

- Па боку я шарахнуў усё дазнанне.

- Не разумею нешта.

- Каб не быць галаслоўным, лепш падмацавацца дакументамі.

- Што ты хочаш гэтым сказаць?

- На.

Загадчык мытніцы падаў яму складзеную ўчацвёра паперку. Скалону пачуўся нейкі невымоўны пах ад яе, але ён не ўзяў увагі на гэта і прачытаў: «Прыйдзіце ў паказанае ніжэй месца адзін ці ўдвух - за ўзнагароду (толькі не грашовага характару) раскрыю загадкавасць забойства Зыркага. Папярэджваю: не прыходзьце з такім «добрым» намерам, каб узяць весткі і не выканаць умоў, - не ўдасца. Чакаю роўна а 12 ночы сёння на паўдарозе ад мытнага пункта да асобнага поста. Месца перамоў - ля манастыра. Сведка забойства Р. С.

Можаце ісці ўзброенымі, але толькі не больш 2 чалавек... Прапанова шчырая. Ён жа».

Талалай падазрона сачыў за выразам твару ў Скалона і па прачытанні сказаў:

- Тлумачэнні, бадай, лішнія будуць і зараз даць хоць кроплю святла ў гэтай справе не могуць.

Замест адказу Скалон спытаўся:

- Дзе ты знайшоў яе?

- У фортцы ў акне... Была прыцята адшчэмленай шыбаю. Больш нічога не ведаю.

- Так, - задуменна праказаў Скалон і з хвіліну сядзеў, быццам разважаючы ці нешта мяркуючы пра сябе.

- А больш ніхто не ведае пра яе?

Талалай страпянуўся і паспешна адказаў:

- Не, ніхто.

- Я пайду з табою.

Задуменнае меркаванне пакінула Скалона, і ён зірнуў на загадчыка пункта і не прыкмеціў: агеньчык узбег на вочы ў Талалая і схаваўся.

- Прызнацца, я даволі баюся.

- Пайсці трэба, неабходна, - з палкасцю, якая ўласціва толькі працаўнікам яго галіны, сказаў Скалон.

- Перад тым мне хочацца выказаць маленькую ў замысле і вялікую ў сваёй прастаце думку. Гэты сведка сам штурхае нас на тое, каб не выканаць умоў і атрымаць весткі.

- Гэта як ты думаеш?

- А проста - узяць ды скруціць яму рукі. Тады птушка будзе сапраўды сведкаю. Я, праўда, плана не прыдумаў...

- Не, Талалай, гэтага не варта рабіць. Табе кажа асабіст, які з'еў зубы і загартаваўся на гэтай рабоце. Так зрабіць - несумленна будзе.

Талалай неазначана паглядзеў на яго і скоса ўсміхнуўся.

- Са злачынцам несумленна?..

- Так, са злачынцам, асабліва калі ён кажа аб шчырасці і першы прапануе яе, у дадатак добраахвотна.

- Не ведаю, - не пакідаў спрачацца загадчык.

- Трэба ведаць злачынцаў, і асабліва ў нас на граніцы. Вялікі і цвёрды злачынец, можа нават з палітычнай душой, не будзе пісаць на вецер. Тут трэба гаварыць як роўны з роўным, іначай нельга.

Бачна, пераканаў Скалон сваімі словамі мытніка, бо той, як бы крыху нездаволена, усё ж згадзіўся.

 

IV

 

На гадзінніку паказвала без дваццаці дванаццаць. Скалон аддаў загад на посце, паклаў у адну кішэню абодва пакеты, а ў другую стары аблезлы «кольт» і патушыў лямпу.

- Я не ўзяў свайго рэвальвера, - сказаў з ледзь прыкметным дрыжаннем у голасе Талалай.

- Не трэба - абыдзецца.

Ноч касматымі ручышчамі падхапіла абодвух, прыціснула да камлатых грудзей і панесла шпарка-шпарка наперад, не даўшы ні маленькай магчымасці азірнуцца і ўбачыць, як ад чорнай гушчы поста адплыў чалавек і ўкрадкі пасунуўся за імі.

Ён ішоў паволі, асцярожна, але не ўсе перасцярогі, відаць, былі ўжыты ім, бо на якім пятнаццатым кроку ад месца нядаўняга прыпынку ўслед яму выладзілася - сціснутая ўжо сапраўднай асцярожнасцю - невялічкая скурчаная фігурка.

Двум пярэднім здавалася, што ўсё заснула з ноччу. Ціха. Маўчаць начныя птушкі. Кволы ветрык заблытаўся ў нерухомай плойме ледзь асвятляючых зорак. Маўчыць і граніца. Не пераклікаюцца паміж сабою вартавыя, не чуваць лязгацення зброі. Дзесьці далёка, па тым баку яшчэ, кантрабандысты - праедуць надасветкам, калі вартаўнікоў, як і ўсё жывое, схіліць пад дзень на сон, калі трохі развадзіць упартую зрочнасць воч, - тады лепш праслізнуць бяскарна.

Так на зямлі ціха, невымоўна - бязгучна. Ніводзін з чатырох не агукаецца - нельга, бяды можна нарабіць.

Пярэднія не гамоняць. Задні ціха сочыць за імі. А за трэцім сочыць яшчэ больш ціха чацвёрты.

Ціха ў дарозе. Кожны падзяляецца думкамі толькі з начою: зручна ў цямноце. Але... Маўчок!

Скалон з Талалаем падышлі да манастыра. На ўмоўленым месцы - нікога.

Па інерцыі, не бачачы мэты вандравання, наблізіліся да пярэдніх і адзін да аднаго і заднія. Паслупянелі.

Наперадзе рэдка загаманілі - заднім зусім слаба чутно. Як зайцы, навастрылі вушы - гатовыя на ўсё - тыграмі.

- Што ж - няма...

- Ранавата...

Лёганькі, як птушынка, подых ветру прынёс абрыўкі.

Яшчэ больш насцярожана пачалі слухаць тыя, што сачылі. Ледзь-ледзь вызначаюцца ў кісялёвай цемры фігуры, што чагось чакаюць.

Скупая гаворка заціхла. Кожны аддаўся свайму чаканню.

Слухаўшыя праглынулі сказаныя словы і яшчэ не пакідалі ўслухоўвацца ў блізкую цішыню, калі ў чулы слых абодвух рэзка забіла неспакойная трывога. Цяжкі шум без слоў пачуўся ад манастыра.

Ззаду быццам яшчэ не зусім разумелі яго, быццам не чакалі, але парыванне ўжо было ў мускульных камячках усяго цела.

Вось шум перарваўся хрыпам, і малюсенькі ветрык на сваім уздыху прынёс рэзкі ненатуральны пах. Прырода не магла вылучыць з сябе раптам, як бы на заказ, такога моцнага хімічнага паху.

Першы сачыўшы скочыў уперад. Выпрасталася і фігура задняга і шырокім непамерна скокам ірванулася за першым...

Не падбег той да месца здарэння к заціхаючаму шуму, як яго схапілі моцна за плячо і адкінулі набок.

Але першы прамахнуў у сваім руху і замест нападу пачаў бараніцца: ён не здолеў напад працягнуць да перамогі і гэтым аддаў ініцыятыву ў рукі ворагу. Вораг, скарыстаўшы ў момант хвілевае замяшанне яго, утрымаўшыся ад рыўка, спружынячым рухам кінуўся на супраціўніка.

У вочы аднаму мільгом кінуўся ўвагнуты з правага боку капялюш сённяшняга археолага, а другому - занадта дапытлівае аблічча супрацоўніка асобнага поста, які накладваў візу.

Сціплы археолаг імгненна паказаў, што валодае не толькі «старасвецкім шыкам», а і кулакамі: трыма прыёмамі японскай барацьбы «джыу-джыцу», пачаўшы з выкручвання рукі, ён скончыў усю карпатню і паклаў асабіста спартсменскім ударам кулака ў карак. З хуткасцю механізма ён выцяг з кішэні (у археолага заўсёды знойдзецца ў кішэні падобнае што на выпадак) вяровачку і зусім не па-археолагаўску ў паўхвіліны скруціў непрытомнаму рукі.

Са сканчэннем барацьбы і небяспекі ўздыхнулася. Зноў новая хваля вострага паху задурманіла галаву...

Шум паволі заціхаў у блізкім далёку, калі археолаг пусціўся наўздагон. Другая хваля вострага паху атуліла дакучліва, і аматар старасветчыны пераканаўся, што гэта - пах хлараформу.

Аддальванне шуму і кірунак паху вялі да сцяны манастыра.

Праследавалынік пачуў пстрыканне як бы ад замыкання дзвярэй, рып, і потым усе гукі паволі аціхлі, нібы ў зямлі.

Археолаг стаяў перад сцяною манастыра, ад якой ён не мог атрымаць ніякага адказу, і думаў над высмешкамі лёсу.

Шум заціх канчаткова, і слых перастаў напружвацца, але рашучасць, якая прывяла сюды, выклікала неабходнасць рухаў, рухаў зараз жа, у гэтую ж хвіліну.

Тоненькі струменьчык хлараформу задражніў у носе. Пах плыў з сцяны. Археолаг ступіў паўз манастыр.

Відаць, прывыклыя да гэтай работы, пальцы працаўніка пачалі шныпарыць па сцяне. У чорнай шчыліне рука напаткала цвёрдасць жалеза.

Бы спадзеючыся тут знайсці адгадку таемнасці, ён пацяг яго і адчуў, што ловіць рукамі смярдзючае гнілое паветра і правальваецца кудысь уніз.

 

V

 

Скалона дзівіла адсутнасць «сведкі забойства», і, каб упэўніць сябе, што яшчэ рана, як сказаў Талалай, ён узяўся за гадзіннік, калі яго рукі моцным абхопам прыціснулі да постаці, а нос і рот заткнулі востра-смярдзючай мокрай анучай.

Ён ірвануўся. Не, - трымалі моцна.

Займала дыханне.

Тады ён напружыў рэштку адчайнасці - усімі членамі свайго цела пацягнуўся і ўпаў.

Мокрая хустачка з прыкрым пахам уціскалася, здаецца, далёка ў нос, у горла. Ён не вырываўся, як раней, бо было добра ляжаць. Рэзкі пах губіў сваю смярдзючасць і атуляў мяккім араматам эфірных духоў. Удыхаў прагна выабражаную прыемнасць, і рабілася туманна ў галаве і цяжка ў руках і ў нагах. Ціхі стан мілагучнага супакою з кожнаю секундай абкружаў, набліжаўся і нарэшце завалодаў усім Скалонам.

Ён адчуў цьмяна, што яго цела прыйшло да сувязі з рухам. Яго цяглі, а хацелася б ляжаць на месцы без турботаў.

Хутка лёгкі вялікі ўладар ночы скаваў рэшткі бадзёрасці. Скалон моцна спаў...

Праз некаторы час у прытомнасці звязанага Крушынскага пасвятлела, і ён зварухнуўся.

Было свежавата. Раннюю песню пелі жаўранкі. Ветрык нездаволена калыхаў высокую росную траву. Развідневала.

Ва ўсёй велічыні небяспекі прыпамянулася ўраз барацьба, потым уваччу іскры-зоркі і ружовы туман у галаве. На скронях цяжка пульсавала кроў.

Паспрабаваў вырваць рукі. Гладкая вяровачка сціскала да болю, і так проста выслабаніцца было нельга.

Тады ён устаў. У галаве стукала. Шумела ўвушшу. Слабасць вялікая адчувалася ва ўсім целе.

Але невыгоднасць становішча прымусіла сціснуць зубы.

Хістаючыся, як пасля цяжкай хваробы, падышоў к манастыру. Востры рог сцяны ў адным месцы здаўся яму добрым сродкам для вызвалення.

Перацерці вяровачку было не так і лёгка, бо рукі былі звязаны па-мастацку адна на адну ззаду. Ён згінаўся, выкручваўся, цярпеў пры гэтым боль у суставах, тручы тоненькую вяровачку аб шурпаты выступ рога.

Колькі разоў зняможана перапыняў работу. Блізкае світанне падганяла, а няўдача пагражала небяспекаю - і ў сваім непрыемным абавязку рукі здзіралі скуру на кроў, да шчымення.

Мацнейшым павевам дыхнуў ветрык, асвяжыў зусім змораны твар. Крушынскі без сілы прыхінуўся да сцяны. Хвіліны работы здаліся цэлай вечнасцю. Вяровачка мацней была за скуру на руках.

У апошняй напружанасці рвануў нечаканым для самога расцягам рукі.

О радасць! Вяроўка паслабілася, і бадзёрасць чалавека, які нанава жыве, змяніла ранейшую роспач. Зноў адчуў сябе вольнаю птушкаю. Жаданне жыць разгарнула крылы, пакінула далёка ззаду брудны манастыр у чыстым світанні раніцы.

 

VI

 

Небяспечнае паданне спынілася, і археолаг спружыніста, як кот, стаў на ногі. Пад падэшвамі чулася цвёрдая зямля.

- Гэтага я быццам не прадугледжваў, - прашаптаў ён.

Абставіны ў атрамантавай цемры, у дадатак чортведама дзе, не соладка ўплывалі на самапачуццё. Было б гэта ў святле, удзень - справа іншая.

Нешта скрабучае прабегла па нагах. Археолаг успамянуў, што ў яго з сабою ў кішэні штаноў электрычны ліхтарык. Засвяціў.

Пацук, на велічыню з ката, цікава і смела паглядзеў на незвычайлага госця. Той тупнуў нагой. Пацук, ані не спалохаўшыся воража папярэдлівага руху, з грэблівым выглядам сморгнуў у нару.

Археолаг стаяў у яме на ўзор калодзежа. Угары сінеў нешырокі кавалак зорнага неба. Падняўшы ліхтарык, ён убачыў, што гэта даволі высока і вылезці назад той самай дарогай, па якой прыйшоў, нельга было і думаць. Гладкія замшэлыя сцены но мелі ні маленькага выступу, не кажучы ўжо аб тым, што яны былі выкладзены каменем. Маленькія шчыліны чарнелі две-нідзе, але яны ні ў якім разе не маглі адыграць ролі сходкаў. З адной такой шчыліны патрывожана выбавіла тлустас тулава пудлівая яшч'арка.

Не, гэта зусім не цікавіла археолага, і з надзеяй ён павярнуўся ў другі бок.

Вакол абступалі чатыры сцяны гнілой пратухлай дзіры, у якой ён быў адзінай жывой душою. Не, не адзін! Той самы пацук ці мо другі - не меншы ў памеры за першага - прабег даверліва паўз нагу чалавека ў процілеглы ад нары бок і схаваўся ў правым кутку калодзежа.

Уважліва прыгледзеўшыся, археолаг не ўбачыў там ніякай нары. І тут зусім дарэчы перад ім выплыла такая простая і разам радасная здагадка, што ён ляпнуў сябе па лбу і праказаў уголас:

- Варта было трапіць у гэтую дзірку, каб і рукі апусціліся.

Для археолага гэта занадта... Раз вядуцца пацукі, - значыцца, паблізу павінен быць і чалавек са сваім мяшканнем. Да такой простай рэчы адразу не дадумацца... Сорам! - бадзёра падкрэсліў ён і падумаў: «А што ж за чалавек ці людзі маюць суседства з гэтымі прыгожымі закуткамі?»

Ён ступіў туды, дзе знік пацук. Святло адбілася на абнадзееным голеным твары. Тое, што ён прыняў спачатку за правы кут, было кутам толькі ўгары, а ўнізе ў паўроста сярэдняга чалавека чарнела глыбокая адтуліна.

Доўга не думаючы, бо святла ў ліхтары магло хапіць не больш як на паўгадзіны, папоўз. Шанаваць вопратку не даводзілася цяпер, калі пытанне аб самазахаванні займала мазгі.

І дзіўна: ён быў мала падобны на дзённага ў асобным посце, шыкарна-прыгожага дзецюка; зараз яму бліжэй і больш да твару падышла б прашумленая на локцях і каленях рабочая вопратка, а ў руках замест ліхтарыка паўпудовы молат ці гэбель.

Невялічкі залом хутка вывеў на калідор у пэўным сэнсе гэтага слова. Управа і ўлева разыходзіўся ён цаглянай дарожкай.

Куды ісці? І справа і злева чарнелі канцы.

«Цікавае месца для археолага, - зусім недарэчы падумаў ён. - Але куды ісці?»

Ледзь чутны пах хлараформу насцярожыў яго, як ганчака. Палец слізнуў па гузічку ліхтара. Да мёртвай сцішы далучылася глухая цемра. Памеркаваўшы, што манастыр застанецца злева, не даючы больш святла, вобмацкам падаўся ўправа.

Па дарозе трапляліся папярочныя ходы. На адну часіну слізгала святло, і ходы аказваліся нязначнымі паглыбленнямі ў сценах. Паскудны пах прэліны ў пустцы часам перабіваў пуцяводны слабы пах хлараформу. Хвілін праз пятнаццаць на дарозе вырасла сцяна.

«Няўжо глухая? - боязна падумаў ён. - Не, штось не так».

Паціснуў на гузік ліхтарыка - батарэя не вылучала больш энергіі.

Вачавідная небяспека апынуцца ў не лепшым становішчы, чым за гадзіну да гэтага, сцяла сэрца. І ўсё ж не паверыў.

Рукі абмацвалі слізгаватыя сцены. У іншы час, пры іншых абставінах ён грэбліва, можа, зморшчыўся б ад падобнага адчування, але цяпер некалі было задумвацца.

Надзеі не ашукалі: у абодва бакі разыходзіўся калідор. Зноў патрабавалася рашэнне, у які бок накіравацца. І зноў выбраў правы.

Цемра дражніла сваёй пустатою і быццам смяялася з натугаў чалавека. Кожная нечаканасць, самая маленькая, магла з'явіцца ворагам у нязнаным лабірынце падземных калідораў.

Археолаг пасоўваўся наперад. Страцілася ўжо прыблізнае ўяўленне часу, бо за адсутнасцю святла няможна было праверыць на гадзінніку.

Пачала ўжо трывожыць даўжыня гэтых калідораў, калі ледзь-ледзь выразны водгалас як бы ад людское размовы прыплыў спераду. З-за новага залому злева, далёка ў цёмнай глыбіні, бліснула тоненькім шнурочкам палоска святла.

Археолаг асцярожна кінуў непатрэбны ліхтарык і засунуў рукі ў кішэні штаноў.

 

VII

 

Як ні шпарка бег Крушынскі, але яму думалася пасля перацерпенага, што гэта надта паволі; і ён шырэй ставіў ногі і імчаўся ўсё ўперад і ўперад.

З росна-блішчастае травы выляталі спалохана птушкі і праводзілі бегуна сонным ціліўканнем. Чым бліжэй станавілася адлегласць да канцовай мэты, тым праслізнуўшая спачатку трывога расла і шырылася, ахоплівала ўсю істоту Крушынскага, балюча паторгвала твар.

- Паспець, паспець... Можа позна? Хутчэй, хутчэй! Толькі паспець, - не думаючы на небяспеку прынятага намеру, шаптаў ён разгарачана. - Толькі паспець!..

Палкае жаданне жыць штурхала ўсё з новай сілай наперад. Боль акрываўленых рук адсунуўся набок. Што мог мець агульнага з тым жаданнем якісь бязглузды боль, калі на карту ставілася ўсё жыццё!

«Варта паслізнуцца - і прапаў назаўсёды. Як і не жыў. Раз вырабіўся... Ну, а гэты раз?»

У смуглявым надыходзе летняй раніцы вымалёваўся наперадзе пуста і таемна мытны пункт. Крушынскі пайшоў шагам.

Будучы блізка, азірнуўся прыцята на ўсе бакі і на пальчыках падышоў да дома. Паслухаў.

Навокал - ні гуку. Таксама асцярожна Крушынскі абышоў пункт і стаў насупраць акна загадчыка. Зноў паслухаў.

Нішто не перапыняла дрымотнай цішыні раніцы. Тады ён прыўзняўся і пацяг фортку. Яна лёгка адчынілася. Прасунуць прывыклую руку і адшчапіць акно - справа адной секунды.

У пакоі таксама ні душы; на двары ціха па-ранейшаму. Падцягнуўся на балючых руках і лёгка перамахнуў у пакой. Прычыніўшы акно, падышоў да кута каля вялікай шафы і пачаў чагось шукаць на сцяне.

Змрок цямнеўся яшчэ ў пакоі, і адразу знайсці патрэбнае было цяжкавата. Але вось пальцы напаткалі шырокую галоўку ледзь прыкметнага пад шпалерамі гвазда.

Крушынскі націснуў, і частка падлогі ад сцяны апусцілася ўніз, адчыніла нешырокую адтуліну ў глыбіню. Ён знік у ёй, і адтуліна зноў зачынілася, і ніхто не мог бы ўгадаць, што тут толькі што прайшоў чалавек.

 

VIII

 

Радасна білася сэрца ў Крушынскага. Жаданне жыць толькі цяпер стала зразумела ва ўсёй сваёй паўнаце, ружовыя краявіды слаліся перад вачыма.

Паспешна ўвабег ён у падземны пакой - нешта падобнае да прасторнай шахты. Гэта была пашыраная сярэдзіна бакавога калідора з дзвярыма з абодвух бакоў. Квадратная падлога плошчай метраў на сто застаўлена была пакамі і скрынкамі рознай велічыні і формаў. Пакой паказваў бліжэй на склад, чымся на жылое памяшканне пад зямлёю.

Аднак пры незавідным святле насценнае лямпы два чалавекі седзячы вялі тут нараду.

З радасцю ад таго, што выслабаніўся і ўцёк ад небяспекі, а тут знайшоў па-бывалешняму ўсё ў парадку, Крушынскі паціснуў руку Талалаю (адзін з двух быў ён) і незнаёмаму, што быў у вайсковай вопратцы чужаземнага афіцэра.

Талалай палічыў патрэбным сказаць:

- Крушынскі, пра якога я не раз гаварыў.

- Вельмі прыемна, - адклікнуўся афіцэр. - Некалькі разоў я чуў пра вас і вашу работу. Дзякуючы гэтаму аб вас склаўся ў пэўным месцы надта добры, жаданы для вас погляд.

Я толькі што вызваліўся з бяды. Працяглася б непрытомнасць яшчэ на які час, і я мог бы лічыць сябе прапашчым таксама, як і вы.

- Што ты кажаш? - спалохана спытаўся Талалай.

- А вось, як вы пайшлі са Скалонам... А ён дзе?

- Тут!..

У кутку на паках ляжаў начальнік пагранічнага асобнага поста. Разам з гэтым Крушынскаму кінуўся ў вочы поўны непарадак у вопратцы ў Талалая, і ён зразумеў.

- Я не думаю, што вы ўжо скончылі сваё паведамленне, - сказаў на гэты раз афіцэр.

- Прытуліўшыся за рогам поста, - апавядаў Крушынскі, - я сачыў за гэтым малайцом у капелюшы. У гэты час выйшлі вы. Капялюш рашуча пасунуўся ўслед за вамі. Ён не быў бы такі смелы, каб ведаў, што яшчэ знайшоўся нехта, хто не выпушчае яго з поля свайго зроку. Да самага манастыра мы ў такім парадку вялі свой паход. Я добра бачыў яго замёрлую фігуру, калі вы спыніліся. Толькі не чуў слоў, але затое добра схапіў сэнс шуму і вазяніны ў вас. Гэта паслужыла сігналам для майго калегі і прычынай умяшацца там, дзе яго не прасілі. Я, вядома, не мог глядзець спакойна на такую рэч. Выгадная пазіцыя была на маім баку... Шум мацнеў, калі я схапіў за плячо бегшага ўперадзе і штурхнуў яго ўбок. І чорт мяне забраў бы за маю нядбалую хібу ў той момант!.. Завязалася барацьба... Гэты сцярвец валодаў кулакамі не горш за любога барца... У выніку я ўпаў на зямлю ад такога ўдару, ад якога і памерці не сорам быў бы. Але ж якое адчуванне ахапіла мяне, калі я прачнуўся: на сэрцы скраблі кошкі ўсяго свету - я думаў, што ўсё скончана. Толькі свежае паветра вярнула разважлівасць і, дзякуючы гэтаму і рогу манастырскай сцяны, за цану маіх патуг і вось такіх вынікаў на руках я маю шчасце быць цяпер сярод вас! - высокаўрачыста скончыў Крушынскі.

- Дзе ён можа быць цяпер?

- Каб я такога глупства не стварыў там, дык не толькі сказаў бы дзе, а мог бы паказаць вось у такім жа становішчы, - паказаў ён пальцам на Скалона.

Машынальна ўсе глянулі туды (Скалон быццам заварушыўся) і за Талалаем падышлі да непрытомнага.

Начальнік асобнага поста моцна спаў.

- Ты, Крушынскі, зрабіў вялікую справу. Гэтыя пакеты, якія былі са Скалонам, даказваюць сказанае мною.

Талалай коратка расказаў, што пакеты з данясеннямі ў асобны аддзел змяшчалі падазрэнні на работу ў мытным пункце і былі блізкія да праўды аб забойстве «шпіёна» Зыркага.

- Добра... Мы не даём магчымасці разгарнуць следчую чыннасць і знішчаем тых, хто больш ці менш дагадваецца аб праўдзе.

- Зараз, калі вернецца да яго прытомнасць, мы паставім на руб гэтае пытанне, - зларадна праказаў у прастор Талалай.

- Мала таго... Не трэба забывацца... Той археолаг у некаторым родзе быў сведкаю знікнення Скалона. Я не супакоюся, пакуль ён не будзе тут у не больш выгадным становішчы.

- Глупства... Калі мы перастанем мазоліць вочы на нейкі час сваёй прысутнасцю, пра нас забудуцца.

- А што зроблена? Ці даведзена справа да канца? - уступіў у спрэчку афіцэр, які дагэтуль маўчаў.

- Нельга не згадзіцца, - дадаў Крушынскі. - Я, напрыклад, не супакоюся датуль, пакуль мой вораг будзе на волі.

- Не, вы ўжо занадта перасольваеце...

Спрэчка набывала галосны характар і гэтым, мабыць, пасобіла Скалону прачнуцца. Ён прыўзняўся і мутным поглядам абвёў пакой і прысутных. У галаве шумела і звінела, а цяжкая слабасць хіліла да адпачынку. Але ўспамянуўся раптам ланцуг здарэнняў за апошні час, і ён устрымаўся - сеў.

Талалай перапыніў на сярэдзіне сваю прамову.

- Выспаўся?.. Добра... Мы ўжо чакалі вас, паважаны таварыш Скалон, - іранічна сказаў ён, павярнуўшыся падысці да Скалона.

- Машэннік, не падыходзь, а то я знайду ў сябе даволі сілы, каб задушыць цябе.

- Хааа-ха-ха-хааа! Вось гэта здорава! Моцна сказана. Чулі? - звярнуўся ён да сваіх супольнікаў. - Цяпер я, шаноўныя грамадзяне, зусім згодзен з вамі. Трэба злавіць і таго дзецюка, і мы канчаткова выйгралі справу, хе-хе-хе!

У Скалона павесялела на сэрцы: значыцца, ён адзін толькі папаўся.

Усе павярнуліся да яго, з цікавасцю наглядаючы за ўражаннем, якое адбілася на ім ад Талалаевае весткі. Нічога спалоханага, нічога, што ўбавіла б у ім сілы, энергіі, яны не заўважылі на адкрытым сталёвым твары ў Скалона.

Ні на чым не абгрунтаваны спакой яго ўзарваў Талалая. Ён падышоў блізка і паўтарыў, пагражаючы, проста ў твар яму свае апошнія словы:

- Чуеш, асабіст? Мы абдурылі цябе - і канчаткова выйграем справу, ха-ха-ха-ха!

- Вы ўжо прайгралі яе, паважаныя паны! - громам прарэзала ад дзвярэй і электрычным токам прабегла па кожнаму з прысутных.

 

IX

 

У процілеглым кутку стаяў «дзяцюк у капелюшы» з наведзенымі на цёплую хеўру двума пісталетамі.

- Без рухаў і шавяленняў! Гэтыя дасканалыя штучкі, што не спускаюць з вас свайго вока, завуцца аўтаматамі сістэмы «парабелум»: у кожным ёсць па восем невялічкіх куль. Пры жаданні таго, хто імі ўладае, можна даваць і адзіночныя стрэлы, але іх асноўная якасць якраз у тым, што яны могуць зрабіць на рэшата сваю мішэнь.

Скалона прыўзняла напружанасць атмасферы. Бадзёрасць дала сілы - ён усхапіўся.

- Добры вечар, таварыш Скалон! - як пры звычайнай сустрэчы, прывітаўся археолаг і далей казаў сваю прамову перад нядаўна саманадзейнымі, а цяпер паслупянелымі бандытамі: - Панове! Пакуль таварыш Скалон будзе вымаць з вашых кішэняў усё непатрэбнае вам, вы не рухаецеся. На нейкую часіну забудзьце, што былі пераможцамі, бо становішчу вашаму нават я цяпер не зайздрошчу. Спадзяюся, што будзеце паслухмянымі, як авечкі, і што за якасць названых «парабелумаў» больш агітаваць вас не трэба. А вы, таварыш Скалон, распачынайце прывычную для вас работу. Я - на варце!

Археолаг дзівосна падобны быў на нябожчыка Зыркага ў гэтыя хвіліны. Так здалося Скалону, які прыняўся за вобыск, і так жа паказалася і забойцам бедака. Яны не маглі адвесці воч ад яго і ад настаўленых грозных пісталетаў.

Толькі афіцэр, бачна, не падзяляў агульнага стану сваіх калегаў. Не скончыў Скалон вобыску Талалая, як ён сунуў руку ў кішэню.

Прагрымеў стрэл. Афіцэр са стогнам пасунуўся на зямлю.

- Паважаныя, я папярэджваў, што вы павінны слухацца, як малыя дзеці. Яшчэ раз, лішні, паўтараю - промаху не даецца. Ваш супольнік можа пацвердзіць. Пане афіцэр, збярыце ўсю сваю сумленнасць і хоць раз у жыцці скажыце праўду. Дзе вы паранены?

- У правую нагу, - праз сціснутыя зубы прасіпеў той.

У выніку вобыску Скалон адабраў чатыры рэвальверы розных сістэм, два партманеты, запісныя кніжкі і асобныя паперы.

- Ваша місія прадаўжаецца, таварыш Скалон. Думаецца, што вы, будучы спецыялістам, добра павяжаце. А начальнік мытніцы мусіць ведаць, дзе ў яго складзе ляжаць вяроўкі.

Талалай упарта маўчаў.

- Я чакаю, - з невясёлай усмешкай цвёрда сказаў археолаг, пераводзячы мушку з грудзей на лоб упартца.

Непрыемна засвярбела пад чэрапам, і, як засуджаны на смерць, збялелы Талалай нервова праказаў:

- Ля левай сцяны... За скрыняю.

Надзея прачнулася ў ім: ён наўмысна сказаў пра гнілыя вяроўкі.

- Самая нязначная спроба ўцячы будзе пакарана. Выпадак пераканацца мелі.

Скалон знайшоў у паказаным месцы вяроўкі. Паспрабаваў ірваць - вытрымалі.

Калі ўся хеўра была павязана моцна, археолаг парыўчата апусціў пісталеты.

- Яшчэ колькі хвілін, і я б не вытрымаў, - ціха сказаў сам сабе. - А зараз у паход к выйсцю, - павысіў ён голас.

Пахмура пазіралі ваўкамі палонныя.

Ці думалі яны выйграць час, чакаючы каго на дапамогу, ці проста хапаліся як за саломінку, каб адцягнуць час блізкага канца.

- Я не прывык казаць па некалькі разоў свае словы. Таварыш Скалон, ідзіце з лямпай наперад. Нашы дарагія госці, вы пойдзеце на чатыры крокі ззаду, а я настолькі ж ззаду ў вас.

- Я... не магу, - прастагнаў афіцэр.

Тады археолаг узваліў на плечы яго грузнае цела, і дзіўны паход крануўся да выйсця.

У канцы калідора была прыстаўлена да сцяны жалезная драбінка.

Археолаг адправіў перш Скалона са сваім падначаленым, потым Талалая і, нарэшце, падняўся і сам з афіцэрам.

У кабінеце загадчыка мытнага пункта быў дзень.

 

X

 

Па тэлефоне быў хутка выкліканы намеснік начальніка асобнага поста з вартаю.

Узварушыліся ўсе супрацоўнікі мытніцы. Балючая трывога чыталася на некаторых тварах.

Увабег загадчык склада і, убачыўшы агульнае замяшанне і Скалона з пакамечаным выглядам, дзіка паглядзеў вакол і выхапіў рэвальвер. Перш чымся паспеў хто падскочыць, загадчык выстраліў сабе ў рот і грукнуўся нежывы на падлогу.

А ў кабінеце загадчыка з цягам часу, калі з хвіліны на хвіліну павінна была з'явіцца варта, Крушынскі пачаў выказваць неспакойную нервовасць. Афіцэр бяссэнсава сядзеў з акрываўленай нагою. Талалай згубіў усякую надзею на вызваленне.

У дзверы пастукалі. Прыйшла варта. Заарыштаваных забралі і павялі на пост. Каля мытніцы па распараджэнню Скалона паставілі двух чырвонаармейцаў.

Скончыўшы з цырымоніяй заключэння пад варту, Скалон з археолагам зайшоў у свой кабінет.

Пры разборы матэрыялаў заарыштаваных выявілася арганізацыя, якая ставіла сабе мэтай збіранне сакрэтных вестак, дапамогу палітычным кантрабандыстам і, нарэшце, - і самае галоўнае - шырокую дапамогу ў перапраўцы з таго боку на савецкую тэрыторыю дыверсійных аддзелаў...

Выкананню плана спрыяла асаблівасць мясцовасці. Манастыр, як асяродак яе, са старажытным пабудаваннем зрабіўся надта добрым на тое месцам. У паперах быў план падземнага лабірынта калідораў, пакояў, сцежак. Падпольнікі, як вядома, добра скарысталі яго.

У патрэбных установах пры граніцы былі пасаджаны свае людзі. Толькі закруцілася работа, як на краявідзе мытнага пункта з'явіўся аднойчы Зыркі. Яго прыслалі з акругі кантралёрам. Акуратны ў рабоце, працавіты, ён заваяваў хутка ў Талалая добры на сябе погляд, пакуль той нешта падвечар не захапіў яго ў сваім кабінеце за шафай, дзе ён штосьці разглядаў. Другой акалічнасцю, якая канчаткова падарвала даверлівасць Талалая да яго, з'явілася сустрэча Зыркага са Скалонам позна ўвечары ў надзейным месцы, дзе яны гутарылі ўкрадкі аб яго - Талалаевых - справах.

Пасля той жа ночы, у імглівенькую раніцу, кантралёра знайшлі небяспечна параненым. Праз тры гадзіны ён сканаў.

Здарэнні апошняга часу цяжкай хадою прайшлі перад утомным зрокам пераможнікаў.

- Кінем разбіраць, таварыш Скалон; тут шмат работы, а мне час ехаць. Дазнання весці на месцы не трэба. Усе матэрыялы заарыштаваных перашлеце пры аб'ясняльнай запісцы безадкладна ў асобны аддзел.

Расстроеным віхрам уварваўся ў кабінет начальнік варты.

- Што такое?

- Таварыш начальнік! Арыштаваны Крушынскі павесіўся!

- Туды яму і дарога, - заўважыў «археолаг».

- Напішыце акт і падайце мне. Зрабіць у прысутнасці доктара - выклікаць з батальёна. Ды няхай агледзіць параненага заарыштаванага. Можаце быць свабодны.

Карнач шумна выйшаў.

- Мне адно не зусім зразумела, - запытаўся Скалон, - хто запрашаў вось гэтай пісулькаю Талалая да манастыра?

- Ён папаўся на прынаду. Згадзіўшыся ісці з ім, вы давалі яму ў рукі магчымасць забіць і вас... Я сачыў за вамі ўначы. На дапамогу своечасова не паспеў, бо прыйшлося прыняць бой з вашым Крушынскім, які ў сваю чаргу сачыў за мною. Я сам папаў у пастку, ідучы па Талалаевых слядах. Але дзякуючы гэтаму не позна вызваліў вас. Пісульку напісаў сам Талалай, як я і спадзяваўся. Схіліў яго на гэта я, паведаміўшы ад імя невядомай асобы, якая спагадвае яму, што Скалон сочыць за ім, як за забойцам Зыркага.

- Як добра ўсё зроблена!

- Так, добра. Думаю, што памяць забітага Зыркага адпомшчана, - сумна сказаў «археолаг». - Дык мне, значыцца, час...

- Дзе ж ваш конь ці фурманка?

- Ды ў бліжэйшай вёсцы... Сустрэнемся на судзе сведкамі ці ў асобным аддзеле. А покуль - будзем знаёмы... Зыркі!

- Зыркі?!

- Брат родны забітага...

- Вы - брат Зыркага!.. Нездарма вы былі надта падобны там пад зямлёй да майго добрага сябра і таварыша.

- Яго брат спадзяецца быць вам такім жа добрым сябрам. Бывайце!

Застаўшыся адзін, Скалон зірнуў у акно.

На фоне вясёлага поўдня чарнеў непрыветна брудны манастыр. А вакол, дзе толькі азірала вока, зноў разам з сонцам радасцю смяяліся зялёныя далі!

- Так, памяць Зыркага адпомшчана, - успамянуў Скалон.

 

1925 г.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая