epub
 
падключыць
слоўнікі

Рыгор Няхай

Каліна

Аннушка - гэта прыбіральшчыца ў школе, а Каліна - вартаўнік. Аннушка гаспадарыць у класах і калідорах, а Каліна заўсёды на двары. Толькі раніцай, калі густы зімовы змрок засцілае наваколле, Каліну таксама можна пабачыць у класах. Гэта здараецца так. Аннушка прачынаецца задоўга да світання. Ёй трэба перад заняткамі напаліць печы. Асцярожна, каб не разбудзіць Каліну, яна запаліць на кухні святло і пачынае апранацца. Аднак і Каліна ўжо не спіць. Адным вокам ён наглядае за Аннушкай, і калі яна ўжо амаль гатова пераступіць парог, сурова спыняе:

- Аннушка, куда пашол?

Аннушка вінавата затупае нагамі і знарок стукне якой-небудзь каструляй, нібы збіраецца гатаваць снеданне. Каліна з такой упэўненасцю размаўляе з Аннушкай таму, што ў яго заўсёды напілавана і наколана дроў удосталь. А нанасіць іх у класы ён лічыць таксама сваім абавязкам. Каліна спакойна апранаецца і шчыльна зачыняе за сабой дзверы. Ён усё робіць спакойна, але затое ўпэўнена, так, што пераробак пасля яго ніякіх не трэба. Праз некалькі хвілін печы палаюць. Тады Каліна вяртаецца, і яны з Аннушкай мяняюцца месцамі. Каліна застаецца дома, а Аннушка ідзе ў класы. Так паўтараецца кожны дзень.

Жылі яны дружна. І ніколі ніхто з настаўнікаў не чуў, каб яны перакінуліся зняважлівым словам. А што датычыцца імён, дык ніхто іх інакш не называў. Аннушка і Каліна нават крыўдзіліся, калі хто-небудзь іх называў інакш. Так і пайшло ў сяле - «Аннушка і Каліна». Усе адчувалі, што ў гэтым была своеасаблівая павага і пашана да іх. Колькі ён з Аннушкай працаваў ў школе, ніхто не памятае, бо настаўнікі мяняліся, а Каліна заставаўся і лічыў сябе тут поўным гаспадаром або, як ён гаварыў для жарту, «намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы».

Каліна быў чалавекам маўклівым і толькі ў добрым настроі ўступаў у размову. Вось з гэтых асобных размоў і ўдалося ўстанавіць некаторыя весткі з біяграфіі Каліны. Ён чуваш па нацыянальнасці. Да рэвалюцыі працаваў парабкам у пана ў глухім чувашскім сяле. Грамаце яго ніхто не вучыў, так што Каліна не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. У час імперыялістычнай вайны яго забралі ў армію і кінулі на Заходні фронт. Тут ён і ваяваў, пакуль не параніла. Куля прабіла шчаку, і ў яго не засталося ніводнага зуба. Аннушка, у якой муж быў забіты на фронце, узялася вылечыць Каліну. У хуткім часе ён стаў на ногі, толькі замест здаровых маладых зубоў у яго былі цяпер устаўныя сківіцы, а зубы нагадвалі пілу. Можа таму ён і не мог выгаварыць правільна асобныя словы... Вось так ён і прыжыўся ў нашым сяле, пасяліўшыся з Аннушкай у школе. І не адно пакаленне вучняў саграваў у класах.

Галава яго была сівая. Кароткія серабрыстыя валасы няроўнымі пасмамі звісалі над маршчыністымі ўпалымі шчокамі. Усе думалі, што Каліна ніколі не стамляўся. Бывала, ідуць урокі, а Каліна падмятае двор, каб дзеці маглі пабегаць на перапынку па чыстай траве. Падмятаць двор у час урокаў не ўваходзіла ў яго абавязкі. Але ці можна вызначыць мяжу абавязкаў чалавека працы? Школа - гэта яго дом, яго радня, і нічога на свеце не было яму даражэй за сваю школу. Часам здарыцца які-небудзь непрыемны выпадак - неасцярожныя вучні акно разаб'юць ці што, - Каліна перажывае разам з усімі і па-свойму фарміруе сваю мараль:

- Бегаў, бегаў і разбіў. Каліна ўставіць акно, але бегай цішэй. Вучыцца трэба, а не бегаць...

Апошні раз перад вайной мы бачылі Каліну вясной, калі закончылі экзамены і раз'язджаліся ў адпачынак. Кожны з настаўнікаў ведаў, што Каліна за лета дагледзіць нашы кватэры, навозіць дроў, а восенню мы ізноў прыступім да заняткаў. У школе застаўся адзін дырэктар, каб зрабіць да восені невялікі рамонт. Але да рамонту яму так і не прыйшлося прыступіць: пачалася вайна. Калі фронт наблізіўся да нашай вёскі, дырэктар выклікаў Каліну да сябе:

- Ну, Каліна, застаешся ты ў школе за гаспадара. Набліжаецца вораг, і мне трэба заняцца іншымі справамі.

Дырэктар не сказаў аб тым, што ён па заданню райкома ідзе ў лес падрыхтоўваць партызанскую базу, толькі дадаў:

- Мы яшчэ ўбачымся і будзем працаваць па-ранейшаму.

Каліна атрымаў ключы ад школы і адразу стаў заклапочаным. Ён доўга хадзіў навокал школы, заглядаў у класы і кабінеты, аб нечым шаптаўся з Аннушкай і толькі ноччу прыступіў да справы. Ноч была трывожная і неспакойная. За лесам свяцілі ракеты, чутна была артылерыйская і кулямётная перастрэлка. На дарозе гулі машыны і тарахцелі абозы. Наша армія адступала. Непадалёку ад школы ў бярозавым гаі Каліна з Аннушкай усю ноч капалі яму. Калі яма была гатова, дно заслалі галінкамі і саломай, а потым брызентам. Моўчкі, як бы хавалі нябожчыка, яны зносілі сюды мікраскопы і гербарыі, карты і глобусы, сшыткі і падручнікі, дакументы і партрэты. К раніцы ўсё гэта было старанна закрыта дошкамі і закапана зямлёй.

- Аннушка, пашол спаць, - сказаў на світанні Каліна.

Ён ведаў, што такое вайна. Тут маглі быць баі, і школа магла згарэць. Тут маглі спыніцца салдаты, і ўсё паляцела б на вуліцу.

Калі назаўтра ў двары з'явіліся варожыя салдаты, Каліна і Аннушка не выйшлі з кватэры. Іх адшукалі і прывялі да афіцэра. Ім растлумачылі, што тут будзе прыфрантавы шпіталь і нікога пабочнага ў школе не павінна быць. Каліна зрабіў выгляд, што нічога не разумее. Тады салдаты пачалі выкідаць на вуліцу рэчы і псаваць іх. Каліна сеў каля ганка і не сышоў з месца. Аннушка сядзела побач. Толькі падвечар Каліна з Аннушкай ізноў узяліся за рыдлёўкі і ў кутку школьнага двара пачалі капаць зямлянку і зносіць туды свой набытак. Каліна не мог змірыцца з тым, што ён тут ужо больш не гаспадар. Раз дырэктар яго прызначыў быць тут, аддаў яму ключы, значыць, ён не мае права пакінуць школу што б там ні было.

Не паспеў Каліна звыкнуцца са сваім становішчам, як шпіталь пачаў выязджаць, а школу заняў камендант. Немцы перш-наперш агледзелі ўсе памяшканні і двор. Заглянулі яны і ў зямлянку, але пры іх з'яўленні Каліна не ўстаў. Ён ляжаў на нарах, увесь зарослы, як корч, пануры і злы.

- Хто такія? - спытаў камендант.

- Рабочыя. Тут, пры школе, - адказала Аннушка праз перакладчыка.

- А гэта? - паказаў ён на Каліну.

- Вартавы. Божы чалавек.

Камендант падумаў і махнуў рукой. Пры выхадзе ён толькі загадаў, каб Аннушка насіла ваду ў камендатуру. Каліна ж ляжаў і думаў, наколькі гаротнай можа прыкінуцца Аннушка. Але ці прыкінуцца?.. Хіба сапраўды не гаротны яе лёс? А яго, Каліны?

Пачалася новая старонка барацьбы за школу. Каліна выходзіў з памяшкання зрэдку, толькі тады, калі трэба было дапамагчы Аннушцы. Ён чэрпаў ваду, даносіў вёдры да ганка, а далей ужо несла яна. Вечарамі ляжаў на нарах і нудзіўся. Аннушка прыходзіла змораная, апускала рукі на калені і так падоўгу сядзела. Яе прыземістая постаць як бы ўрастала ў табурэтку. Аб чым яна думала? Каб разварушыць свайго вернага друга, Каліна пачынаў думаць уголас:

- Цяжка быць начальнікам, - для пачатку ўздыхаў ён. - За ўсё адказвай. А дзе цяпер мой дылектар? Жывы? Забіты? Як ты думаеш, Аннушка?

- Ат, адчапіся, - нязлосна гаварыла яна.

- Аннушка, ты мяне не понял. Я хачу, каб дылектар быў жывы і дзеці ў школу прыйшлі...

Аннушка толькі ківала галавой.

- Ах ты, Каліна, Каліна! Хіба ты не бачыш, які цяпер дырэктар над намі? Рукі пачынаюць пухнуць ад вёдраў. І куды яны толькі жлукцяць гэтулькі вады?.. Спі. Я пайду казу дагледжу.

І Каліна пачынаў рагатаць шчыра, ад душы. Чаму ж не парагатаць? Ён жа дома, пры школе. Аннушка забылася, што казы ўжо няма. Камендант чамусьці не любіць коз. Ён з першага ж дня загадаў, каб казы не было на двары, і Аннушка адвяла сваю рыжулю на сяло. Вось дык чалавек гэты камендант! Смешна. Колькі было дырэктараў школы, усе толькі хвалілі Аннушкіну казу, бо малако было надта смачнае, густое. А тут гэты камендант чамусьці назваў яе «юда» і ўзяўся пальцамі за нос. Каза, як на злосць, яшчэ некалькі разоў прыбягала з сяла і меркатала ў бярэзніку, якраз насупраць акна каменданта. Яна клікала Аннушку, але першы адгукаўся камендант. У школе паднімаўся вэрхал. Пакуль камендант выбежыць з пісталетам, Аннушка са сваёй рыжухай ужо схаваецца за сельскімі хатамі. Так для рыжухі раз і назаўсёды было забаронена з'яўляцца на школьным двары. Камендант яшчэ некалькі разоў дапытваўся ў Аннушкі, ці жыва каза. Аннушка ківала галавой, што не, яе, моў, «чык-чык», зарэзалі, і праводзіла рукой па горле. Ды Каліна і сам быў зацікаўлены, каб каза тут больш не з'яўлялася. Гэта пагражала яго службоваму становішчу - камендант мог выселіць са школьнага двара.

Каліну прыемна было хоць чым-небудзь развесяліць Аннушку. Аднак смех у Каліны праходзіў хутка. Было не да смеху. У школу прыводзілі людзей на допыт, і знаёмых і незнаёмых. Каліна і Аннушка чулі і бачылі ўсё. Тых, каго прыводзілі, называлі партызанамі і пасля допыту кудысьці адпраўлялі. Дзіўна і балюча было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок, адтуль выводзілі скрываўленых людзей. А калі ў школу прывялі падлетка, вучня сёмага класа, Каліна не стрымаўся. Вочы яго пацямнелі, твар перакасіўся, і Каліна стаў не падобным да сябе.

- Што зробім, Аннушка?!

- А што ты зробіш? Сядзі і маўчы, пакуль за цябе не ўзяліся.

Аннушка стаяла перад Калінам і плакала. З-пад хусткі, якая некалі была белай, выбіліся чорныя з сівізной валасы. Слёзы разышліся па маршчынках, як дажджавая вада па градках. Каліна пацямнеў з твару.

- Трэба далажыць дылектару, Аннушка.

Аннушка маўчала. Назаўтра яна пайшла ў сяло і ўсім расказвала, як катавалі Янку, вучня сёмага класа. Гэта падобна было на заклінанне кабет, каб пайшоў дождж у засуху ці каб хвароба адышла ад чалавека. Кажуць людзі, што чуткамі поўніцца зямля. Пачуў дырэктар. Пачуў ён на другі ці на трэці дзень. Не ведала Аннушка, што яна гаварыла і са звычайнымі людзьмі і з партызанскімі сувязнымі. Неўзабаве ў зямлянку зайшла дзяўчынка. Ох узрадавалася Аннушка, дык гэта ж Ядзя, самая ціхая вучаніца ў школе. Аннушка кінулася пачаставаць яе малаком, але так і паставіла конаўку на месца: казы ўжо не было.

- Гэта вам, дзядзька Каліна, - падала Ядзя бляшаную ручку, у якой з аднаго боку ўстаўляўся аловак, а з другога пяро.

Каліна агледзеў ручку з усіх бакоў і дастаў з сярэдзіны паперку. Аннушка надзела акуляры і доўга сядзела перад акенцам. Цяжка было ёй разбіраць літары, але яна разабрала.

- Дзякуй, Ядзя, усё зробім. Толькі як жа ты скажаш дырэктару?

- Нічога, скажу, - заспакоіла дзяўчынка.

Вечарам Аннушка чытала па складах:

«Дарагі Каліна Іванавіч!

Дзякую табе і Аннушцы за чэснае выкананне службовага абавязку. Я ведаю аб вас усё. Партызаны рашылі ачысціць вёску ад акупантаў. Але каб ачысціцца ад іх, нам трэба ваша дапамога. Да вас зойдзе Юзік, памятаеце, што ў восьмым класе вучыўся, такі шчупленькі хлапчук у чорным фрэнчыку. Дык вось, ён прыйдзе. Раскажыце яму, калі ласка, колькі пры камендатуры ўсяго жандараў і паліцыі; дзе яны начуюць, чым узброены, дзе стаяць вартавыя. А што далей вам рабіць, скажа Юзік. Бывайце здаровы. Да хуткай сустрэчы, дарагі Каліна. Гэтую запіску, як прачытаеш, спалі.

Канстанцін Фёдаравіч».

Каліна не спаў усю ноч. Шумелі, гайдаліся бярозкі за акенцам зямлянкі. Да шыб прыліпала мокрае лісце. Сукі перапляталіся паміж сабой, то апускаліся, то з шумам ускідаліся ўгару. Вецер блытаўся ў галінках, то шыпеў, як сырое галлё на агні, то завываў ваўком. Каліну мроіліся ў гэтым шуме невыразныя затоеныя скаргі, енк і мальба. Ён хацеў зразумець гэтую музыку начы і не мог...

Раніцай прыбег Юзік. Ён скінуў ватоўку і пачаў заўзята церці рукамі, каб сагрэцца.

- Золка. Замерзнуць можна.

Кашаль разбіваў Юзіку грудзі.

- Выпі вару з маліннікам. Я табе драбок цукру знайду. - Аннушка была ласкавая да Юзіка, як маці.

Юзік, спяшаючыся, сёрбаў, ажно капелькі поту выступілі ў яго на лбе. Каліна распытваў пра Канстанціна Фёдаравіча.

- Дылектара бачыў?

- Угу, - сцвярджальна ківаў галавой Юзік, - гаварыў з ім.

- Што гаварыў дылектар?

- Гаварыў, Каліна Іванавіч, што вы добры чалавек, што вас не трэба баяцца.

Каліна насцярожыўся.

- Нехарашо гаварыць так: баяцца Каліну...

Неўзабаве Юзік меў поўную інфармацыю аб камендатуры. Цяпер яго ўжо нельга было стрымаць. Ён быў настолькі шустры, што Каліна і не заўважыў, як хлапчук выслізнуў з хаты.

- Бывайце! - толькі пачуў Каліна з дзвярэй.

Доўга не выходзіў з галавы Каліны вобраз гэтага хлапчука. Хударлявы беленькі тварык, завостраны носік і быстрыя, як у мышкі, вочы. Пабачыўшыся з ім, Каліну здавалася, што ён сустрэўся з Канстанцінам Фёдаравічам, і стары аддаўся ўспамінам пра любімую школу. Аднак нядоўга лашчылі душу чалавека гэтыя салодкія думкі. Нехта штурхнуў нагой дзверы, яны са скрыпам расчыніліся.

- О-о-о! Ён тут! - пачуўся знаёмы голас. - Уставай, стары. Цябе патрабуе камендант.

Каліна не мог спачатку разабраць, хто гэта быў. Толькі, калі яго вывелі на вуліцу, а ў зямлянцы пачалі пераварочваць усё на свеце, ён зразумеў, што яго вядуць у камендатуру як арыштаванага. Аннушка стаяла з вёдрамі пасярод двара.

- Аннушка, я пашол! - толькі кінуў ёй Каліна і ў суправаджэнні салдат упершыню пры акупантах пераступіў парог школы...

Ачнуўся Каліна позняй ноччу ад частай страляніны. У калідоры чуўся тупат і крык. На дварэ глуха страчылі кулямёты. Каліна паспрабаваў падняцца, але толькі заенчыў ад болю. Яго білі гумавымі палкамі, ажно трашчалі косці. Каліна маўчаў. Хіба ён мог сказаць, чаго да яго прыходзілі дзеці? Старому не так балюча і паміраць, думаў ён, а дзецям вучыцца трэба. І ўсё сцярпеў. Хоць бы атруты якой падкінула ім Аннушка, хоць бы смалы прынесла. Думкі мроіліся ў галаве Каліны. Акно, падзеленае дротам на роўныя квадраты, было чырвоным. У які квадрат ні зірні, усюды чырвань. Можа гэта кроў залівае вочы?.. А можа гэта трызненне? Не, ён выразна чуе знаёмы голас:

- Дзе ты там? Выходзь, Каліна Іванавіч!

Гэта клікаў дырэктар. Каліна толькі застагнаў у адказ. Яго паднялі на рукі і вынеслі з цёмнага пакойчыка.

- Эх, Каліна, Каліна! Яшчэ адзін бы дзянёк. Як жа цяпер школа без гаспадара будзе?! Занядужаў ты.

Яму абмывалі твар халоднай вадой, падносілі нашатыр. Каліна заматаў галавой і крышку прыўзняўся. Каля яго стаялі ўзброеныя людзі, а старшакласніца даставала з сумкі аптэчныя пакеты.

Каліну перанеслі ў кабінет дырэктара, дзе паспеў быў ужо звіць сабе гняздо камендант, і палажылі на мяккую канапу. Аннушка прынесла лямпу. Канстанцін Фёдаравіч сеў побач на табурэтцы.

- Ну і маршчын, брат, на табе стала, не палічыш, як зорак на тым небе.

Каліна ўбачыў сваіх людзей, адчуў даваенны ўтулак і паспрабаваў усміхнуцца. Але з гэтага нічога не выйшла. Аннушка сашчапіла рукі.

- Божачка, дык у яго ж і зубоў няма! Чым жа я яго карміць буду?

- Малачко ж у вас, Аннушка, знойдзецца пакуль што...

- Дзе там! Гэты чорт загадаў, каб духу маёй рыжухі і блізка не было. Дык я ў сяло адвяла. Можа ўжо зарэзалі... Каб яго трасца ўзяла. Старых нас без малака пакінуў. А што ж нам больш есці было? Ты, саколік, на бок ляж, - параіла яна Каліну. - Табе лепей будзе.

Каліну давалі лекі. Стары паціху стагнаў і ўсё клікаў дырэктара:

- Дылектар, дылектар, вазьмі ключы ад школы... Каліна больш не начальнік. Цяжка быць начальнікам. Пашол, Аннушка, пакажы дылектару, дзе ўсё закапана дзецям.

- Дзякуй табе, Каліна, шчырае дзякуй, - гаварыў расчулены дырэктар. - І табе, Аннушка, таксама дзякуй!

Раніцой школьную маёмасць, якую захаваў Каліна, перанеслі ў больш бяспечнае месца, а ў той яме закапалі каменданта і яго паплечнікаў, якія былі забіты ў баі. З гэтага часу і вёска і школа адышлі да партызанскай зоны. Каліна ачуняў і стаў ездавым у гаспадарчым узводзе.

 

Калі я вярнуўся са шпіталя ў свой вызвалены раён, школы ўжо не было. Яна была спалена ў час блакады. Замест яе стаяў часовы будынак. Класы не ўмяшчалі ўсяго даваеннага школьнага абсталявання. Але дзеці вучыліся. У іх былі карты і мікраскопы, глобусы і сшыткі. А на сценах былі развешаны партрэты.

Аднаго з першых я сустрэў Каліну. Ён, увесь белы і маршчыністы, у парыжэлым салдацкім шынялі, ехаў у лес па дровы.

- О-о-о! Учытэль! - узрадаваўся неяк па-дзіцячаму ён. - Будзем працаваць!

- Будзем працаваць, Каліна.

 

1958 г.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая