epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Адпомста Івоны

Калі я ўжо хадзіў у кавалерскіх падшпарках, была ў Плянтанскім завулку дзяўчына, якую ахвотнікі ў нарачоныя ёй называлі Івонаю, хоць мела яна ймя іншае, але паспалітае. Цяжка - нават цяпер - сказаць, чаму хлопцы набівалі сабе морды за тую Івону; рабілі гэта зь юшлівым лёскатам на музыках у - апустошанай за вайну - жыдоўскай бажніцы (найзаядла лупіў, аднак-жа, Пекны Лёнік, гарманіст ды безграшовы сьвістун). Івоніну пароду можна вызначыць як скрыжаваньне заморанай цыганкі з гонкай шляхцянкаю: смольная галава на дастойнай зграбноце. Містыкі жаночага цела прыдаваў ёй нейкі строй гімназісткі з прэтэнзіямі на пачынаючую даму; магчыма, падгледжаны ёю ў багатырак, што паехалі былі вучыцца ў павятовым ліцэі.

Яшчэ прыходзіла ўночы польская банда ад Казловага Лугу, але час спакайнеў, людзі пачалі даставаць пісьмы са сьвету. Напісала й цётка Івоны, меншая сястра яе маткі: вывезеная немцамі на прымусовыя работы, трапіла пад амэрыканскую акупацыю, выйшла тамака замуж за якогасьці лупатага чарняка, зь якім заперлася ў Вэнэсуэлю, у места Каракас... Папаўзьлі чуткі, што ў канвэрце поўна хрумсьцела даляраў, і гэта згубіла Івону. Казлоўскія грабежнікі панадзіліся на іх. Не знайшоўшы дарагіх грошай, пабралі з хлява жывіну, надалі ўкаплех матцы з бацькам, а чарнавокую дачку пакачалі тыя жарабцы, завалокшы яе за косы ў камору на мяшкі (магло быць і горш, маглі-ж спаліць гаспадарку). Дзяўчына шчасьліва не зацяжарыла ад вашаёў, але ёй ужо не было месца тут, засьмяялі-б чорнай масьці завіднікі. Уся радзіна, распрадаўшыся, выправіла Івону ў цётчыну Амэрыку.

Сьлед па ёй прастыў; палітыка ў Польшчы ўзялася не такая.

Прамінула ад таго налёту многа летаў. Самотна паўміралі яе старыя бацькі. У сьвеце, нарэшце, назьмяналася, і, аднойчы, зьявілася ў Плянтанскім блішчастая чужаземніца, у якой памятлівыя бабы пазналі Івону. Заказала яна майстроў, каб выхарашылі хатку; доўгае аўта - з пазалочанымі клямкамі - паставіла ў стадолу Пекнага Лёніка, палінелага разводніка. З пошты запрывозілі ёй пачкі. Івона ні з кім не сэймікавала. Званіла толькі па ўведзеным у гэтую, бацькаву, кучу тэлефоне; ніхто ў завулку ня змог разабрацца ў ейным, заморскім, гергетаньні, хоць усякіх сюды ліха насіла, калісьці то й французаў, і швэдаў даўней...

Раз выехала рэйсавым аўтобусам у горад ды так і не паказалася болей. Над раньнем згарэў Казлоў Луг; казалі потым пажарнікі - агонь шугануў раптоўна, казлоўцы пасьпелі адно павыбягаць хто ў чым у поле, так давала гульлівым жарам ад будынкаў! Двух гаспадароў і прымак павесіліся, дзіўна па парадку, у пакінутай адрыне, што наводшыбе вёскі. Чамусьці ўсе ў сьвяточных касьцюмах...

Прапаў кудысьці й Пекны Лёнік (аўта прапіў пасьля швагер). Нядаўна, аднак, нехта з валачашчых бачыў яго, як ішоў ён зь Івонаю ў беларускую царкву ў Саўт Рывэры.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com