epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Бацькаў дом

Новы дом бацькі, хоць і гмахам здаваўся тады, галеў беднасьцю. Пабудаваны быў, як і ўсё ў нас, майстраватай бесталаччу. Асядаў гадоў дзесяць, з поскрыпамі бэлек і тарарахам у вуглох; чарапіцу на яго рабіў зусім прыдурак, затое танна. У пакоях, з панскімі - для завідлівых - вокнамі й з вышынёй як бы палацавай патыхала запушчанасьцю: шпалеры, наклееныя ў самым вялікім зь іх, трэскаліся ды маршчыніліся накшталт дыдактычнай мініяцюры альпійскіх гор - бачаных бацькам у нямецкую няволю, зь якой гэта ён прынёс заядласьць у сабе зажыць не па-тутэйшаму, прасторна і ў паўгарадзкой выгодзе.

Такой будовы людзі нам не даравалі. Бацька так нічога й не закончыў у ёй.

Ён старэў, як сьвечка гасьне (трохі й расьпіўся быў). А я, шчабятлівы характарам, па-ластаўчынаму выпырхнуў у бясьпечны Беласток. Там сваіх ужо дзяцей гадаваў, і мора мне было па калені. І пасьля сьмерці бацькі спатрэбілася гадоў і гадоў, і глыбокай старасьці маці трэба было, каб уцяміць, што няскончаным домам нашым я павінен заняцца.

Магчыма, і таму таксама, што ў мяне завяліся большыя грошы ды й сыном маім выраслым ніадкуль мець кватэру ў трэці польскі крызыс...

Насамперад аплянаваў я зграбны плот. Гаварылася мне з майстрам, маладым, лёгка й прыемна (як з кожным, хто пабываў далёка і ў чужых). У прызабытай глушы бацькаўшчыны я мілаваў яго, бы героя нашага часу: малайчына, ён першы вярнуўся да сваіх! Мы прыгожа сказалі й пра беларускі патрыятызм, наастатак адзін аднаму. А плот ставіў ён потым, рыхтык як той Бязбожнікавы Франак калісьці ксяндзу, аж пробашч пачаў дурыць галаву самому Богу малітвамі аб канцы гэтай работы.

Дубападобную панэль і мэблю я абачліва заказаў у былым павятовым горадзе ў хвацкага столяра. «Будзе, проша пана», - адказаў ён мне праз цэлы Божы год і ў другую вясну. Усякае наадбывалася паміж намі, і я - бяссоньня нажыўшы - прызнаў: з плотам як-ніяк пашанцавала. Я дапамагаў столярыся дзяцей ёй няньчыць і агарод праполваць, каб толькі не было яму чым выкручвацца перада мною, бракам спакою ад бяздарнасьці бабы (знаёмцы не ўпаткалі мяне тут, то й ганьбы мне, лічы, няма). Столяр - ён дбайна не выдаваў сябе халопам - кінуў усенька й зрабіў нават больш усяго таго, за чым я заходзіў, але тады, калі западозрыў мяне, што я дабіраюся да ягонай жонкі, зіркастай і рагатлівай гультайкі; гэтым ён як бы падказаў спосаб, якога я й спрабаваў у гэшэфтах сваіх пасьлейшых з гыдраўлікам ды дастаў у морду. Я мацней і мацней зьдзіўляўся мноству тае мэблі ўсюды, шыкоўнай не па-фабрычнаму! Хто-ж гэта яе тады вырабляе?

З гыдраўлікам-жа зьвязаўся, бы вады напіўшыся, хітра й вопытна: рамясьнюга, ведай, думае ня столькі пра тое, што табе парабіць, але чаго й як не зрабіць, а грошай зь цябе настрыгчы. Мы гарласта пілі барыш ашуканцаў, ход з майго боку быў просты: глядзі, во, жывая зь мяне аказія табе дзеля дарэмшчыны! Ён і дзюбнуў гэтую прынаду, яшчэ й матэрыял уласны дэкляраваў мне, за які я яму тут-жа задатак жменяй на стол паклаў. Прайграе той, хто ўзрадуецца, і хоць я ўжо сьпяваў за чаркаю, але шчыраваў ён, і таму верх потайны мой пакуль што быў.

Мантаж ваннага я ўпільнаваў да апошняе шрубкі (гікаўка ўрэшце зьнясіліла мяне ад перапою зь ім). Ён адбіваўся, калі я сьцягваў яму з ног у пасьцелі боты; начаваў, зараза, тыдні тры. Уставіўшы радыятары ў пакоях, у перадпакоі й на кухні, і жалезную печку цэнтральнага, некуды сплыў ён мне з вачэй (яму не хапала дэталяў, і ён казаў: пашукаю добрага й недарагога злодзея). Я ня браў гэтага ў галаву, напытваючы тым часам, дзе-б мне бэтоншчыка наняць, каб пазбыцца гразьзя вакол дому й каб-жа цымантавым тынкам ардынарны фундамант прыхарашыць. Згадзіў я такога ў самім Беластоку, трохі сьледам за падбеластоцкім гыдраўлікам. І ў гэтым выпадку не абыйшлося без сакрэту - майстар еў хлеб свой з венгерскай кантрабанды, бэтонамі займаўся для камуфляжу, работу ён мэнчыў. Ён зьявіўся ў нашым доме як чацьвёрты, і маці ня вытрывала са сваімі благімі прадчуваньнямі.

- Яны зарэжуць цябе, сынок!

Сказала яна, бы ў крыніцу гледзячы.

За ім, за гэтым варацілам, папрыбягалі, усё роўна што сабакі на спажыву, і той-жа малады, каб яму я за плот даплаціў, бо грошы ўпалі й слаба са спэкуляцыяй далярамі, і столяр (папраўдзе: скупшчык золата цыганом) тую бабу сваю прыслаў, бо агледзеўся, што замала ўзяў зь мяне, і гыдраўлік знайшоўся. Гыдраўліку нешта яўна не ўдаваўся продаж заежджаных «фіяцікаў», якія набываў за бесцань і аднаўляў.

- Маразы йдуць, - загаварыў, ледзь пасьпеў я разявіцца на яго. - Вада як вада, замерзьне возьме ў цэнтральным, калярыфэры патрэскаюць і руры, а каштуюць яны, ой, каштуюць...

- Ты-ты, - ускіпеў я ад раптоўнага здогаду: ён чагосьці не дарабіў назнарок!

- Лічыся, пан, са словамі, абразіш, дык гонар мой цану зацэніць, прыкінуўшы збольшага, падвойную, калі што, - супыніў мяне гыдраўлік.

Я аддаў ім усё, што меў і чаго ня меў грашыма, і страшэнна запазычыўся. Я пахаладзеў, я ня думаў, я чагосьці не разумею, я папаўся...

Прысьніўся мне бацька, дзіўна прысьніўся: ён маўчаў і я маўчаў.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com