epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Бавантур

Мой чытач, усё яшчэ сярэдневяковы, зразумее, чаму Бавантур - гэта ня прозьвішча, а празыўка.

Быў-жа ён страшны нават бандытам у ваколіцы: біцца ня ўмеў і не любіў, але рэзаць (нажом у скабы або швайкаю ў жывот). Дзяўчатаў, праўда праўдаю, не чапаў, маючы да іх свой гонар. Бацькі пры ім - не скажу, каб мелі добра, але й ня бэсьціў іх занадта; матку то й зусім толькі лаяў.

Вясельле Бавантура, як аніякае іншае, памяталі мы. Узяў ён брыдкую, як ноч, азярышчанскую хутаранку зь неблагім пасагам. Згадзіў за яе дзесяціну сенакосу пад Туркавым крыжам і чацьвяртушку пшанічнай зямлі за Доўгім выганам; карову, пяць авец, чатыры калоды пчолаў. Цесьць, да канца ня ведаючы, з кім завёў сваяцтва, здумаў быў круціць перад самюткім шлюбам маладых, чаго й пашкадаваў назаўсёды. Пасадзіў яго Бавантур на лаву, сказаўшы: буду вашым зяцем, то не згарыць вам стадола ані, крый Божа, хлеў. Усенькая басота на вярсту абыходзіцьмець агарод з садам... Я вам, татку, гэта прысягаю, як Бавантур Бавантуру! - і дакінуў старому, каб музыкаў наняў, ня кажучы пра гарэлісты стол. Стагні, не стагні, багатыр, а мае быць, як гавару, во, чорт вашу радзіну ня браў, з постам ня есьць...

Ехаў Бавантур да таго шлюбу з чубам набрыльянтаваным; пахарашэлая ў белені маладуха цукеркамі сыпала смургелям у вёсках; ён-жа - не абы-чым, а манаполькаю выкупляючы праезды цераз уквечаныя брамы, настаўляныя кавалеркаю. Тры дні й тры ночы пілі ды закусвалі вясельнікі, танцуючы на такох у вымеценых перад жніво гумнах. Прыходзілі пабуяніць засранцы з гірамі ў рукавох, але Бавантуру даволі было глянуць ім у морды, і яны адразу цішэлі, ішлі ў вёску, каб ад гэтага свайго жалю пашукаць у ёй каго нашпарыць. Аднак-жа, у разьезд гасьцей, не стрываў адзін, выскачыў з абрэзам расейскай вінтоўкі, бахнуўшы зь яе над галовамі, па дахоўцы. Бавантур выбег расхлістаным на парог і так запусьціў у таго спружынным нажом, што той сеў, бы сабака на хвост паскавытваючы...

Увалок дурня ў камору й там адратаваў, палячы порах на глыбокай ране каля шыі. Прыгаворваючы: - Другім разам пацэлю ў твае непатрэбныя яйца!.. Запамяталася.

Потым я падарасьлеў і жыцьцё пакіравала мною ў свае, пасьляваенныя, далячыні. Прызабыў, што ёсьць на сьвеце Бавантур ды ягоная брыдкая жонка. Іхнія дзеці - усё хлопцы - гэтаксама распаўзьліся за лепшым хлебам. Зьдзівіла мяне вось што: Бавантур зьмяніўся! Можа, таму, што прапала вечная маладосьць вёскі?

А што, калі здарылася зь ім самае звычайнае, менавіта тое, што й павінна было раней або пазьней: папаўся з тым пасагам на ўсё доўгае жыцьцяваньне... Такія людзі, як Бавантур, ад пройгрышу не бягуць прэч. Ламаюцца яны, а ня гнуцца.

Бавантурыха - удадатак аказалася нямала старэйшай - памерла яксьці пад леташні Вялікдзень, сеючы фасолю за прыгуменем. Бавантур пахаваў нябожчыцу; спрасіў радню на памінкі. Аднекуль з Польшчы прыехаў сын зь нявесткаю і ўнукам, каб забраць яго да сябе (другі - у Амэрыцы дзесьці - прыслаў тэлеграму).

На Юр'еў дзень пайшоў Бавантур глядзець поле. Знайшлі яго ўжо акалелым пад Перапёлчынай дзічкаю, што расьце край лужку. Польская нявестка прагаварылася пасьля перад нашымі напытлівымі бабамі, што ён прыняў якуюсьці атруту...


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com