epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Дзеці з Гаркавіч

Мы ехалі ў Гаркавічы. Каня паганяў дзядзька.

- Горача! - маці скінула з плячэй хустку, яе чорны колер пасівеў ад пылу.

Бацька гутарыў зь дзядзькам:

- ...Кажаш, на Пятра й Паўла будзе па ўсім?..

Пясок сыпаўся з колаў, трашчаў. Пад Паповаю гарою бліскала азерца, якое абступілі купы аеру.

- Піць, маманька! - мне здакучыла смага. Маці зазірнула ў мае вочы, адвярнулася й страсанула хустку над сьцежкаю. Па яе жылістай шыі сцякаў пот.

- Паганяйце, мужчыны, каня! Няма чым дыхаць, - хусту яна складвала роўненька, рог з рогам. - Бацьку, не расьсядайся так! - Ён забываў, што не адзін тут.

- Пяску, во, па калодкі, - адказваў для маці дзядзька. - Но-оо, буланая!.. На Пятра й Паўла напэўна... - дагаворваў бацьку пра жніво, пшанічным голасам.

- Чаго табе цесна?! - запёкся на яе бацька, але маці змаўчала яму, - ...Да Пятра й Паўла, ого, не пасьпеюць...

Фурманка пагрукатала па камянёх. Колы, з жалезнымі абручамі, ляскаталі. Цэлым возам моцна падкідала. Маці ўхапілася за бацькава плячо й, другою рукою, за гнаяўку. Я-ж ушчаперыўся за клініцу.

Перад канём расступіліся людзі, якіясьці дзеці. Большы хлопец - лысы, выгалены да скуры.

- Дзеці з Гаркавіч, - сказала маці.

- Але, - дзядзька, невядома чаму, падтакнуў ёй і заціх. Ён не глядзеў на іх.

- Сядайце, хлопцы, на воз, - загаварыў да іх бацька, менавіта, загаварыў, а не сказаў. Усё роўна як-бы: «Ідзяце, хлопцы», каб пачуць у вадказ: «Ага, ідзём».

Гэта адгануў той лысы, зацяты:

- Дзякуем вам. Блізка ўжо.

Маці паглядзела дапераду. Яна ўзьдзівілася:

- Бачыце вы, даяжджаем да Гаркавіч!

- Чаго хочаш: сем-жа кілямэтраў, - дзіўна сказаў бацька. Не заўсёды можна было зразумець яго.

- І гэтыя дзеці, дзень у дзень, ходзяць у школу аж да нас, у Крынкі? - маці спачувала ім. Аднак-жа я адчуў і яе папрок мне: усё маю на месцы, а вучуся, вось, пэўна горш за іх...

- Ага, - дзядзька яшчэ штосьці гаварыў. - Яны, значыць, ну...

Я прыкмеціў зьверху, што за плячыма тых хлопцаў на дарозе, - мяшочкі, вуглаватыя, з кніжкамі й пеналамі.

Яны не спадабаліся мне.

Ішлі спакойным крокам, зышлі на конскі троп, каб не падбіцца на гладкай сьцежцы, босыя. Меншыя й меншыя, зьніклі за намі.


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com