epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Галячыха

Сорамна мне, што не магу ўспомніць імя Галячыхі... Была ўся з дабрыні. Памерла, й забылі пра яе. Гаварылі пра ейнага чалавека, пра сыноў. Па бацьку ўдаліся яны, не скажу, каб бандытамі, але хлопцамі жулікаватымі ад малога. Кожны з трох набраўся ад старога чагосьці аднаго. Большы падаўся ў сьвет разбойнікам ды прапаў дзесьці ў Польшчы (казалі: пазнанцы ўтапілі яго ў рэчцы). Сярэдняга згубілі бабы; шаферыў на далёкіх маршрутах і назаводзіў каханак, чаго не стрывала ягоная мазурская жонка (зарэзала кухонным нажом, падлу). Меншы піў, ці не ад самюткага дзяцінства. Пачынаў з бацькам. Калі той пайшоў за савецкую граніцу невядома чаго й больш не вярнуўся, сеў Віценька на матчын грош.

Скакаў біцца да яе, як толькі ня меў за што схадзіць да патаемкі. Яна ўцякала тады з хаты да нас. Рабіла гэта так, што мы пра нішто не здагадваліся. Прыходзіла, бывала, што ні дзень зь вечарам. Прасілася чамусьці ў ванны пакой, усенька разглядаючы ў ім зь нейкім барбарскім прыстрахам... Ажно ўгледзелі, як заходзілася яна там нямым плачам па Віценьку, які адпіў здароўе й забралі яго ў павятовы шпіталь.

Пакуль жыў дажываючы ён, чыпела й яна. Пахавала яго перад Калядамі, у белавокую, адліжную, сьнегавіцу. Зіму перазімавала, каб легчы ў зямлю ў цёплы й зялёны поўдзень, неяк пасьля Юр'я. А калі варочаліся ўсе з могілак, зьнецярплівелыя пакрысе жалобнасьцю ў такую ясноту палёў, нехта сказаў пра нябожчыцу: не сьцярпела харошасьці бязь Віценькі...


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com