epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Гутарка з маці

Я непрабачальна доўга ня мог прыбрацца з часам, каб зьезьдзіць да маці. Калі, нарэшце, быў я ўжо ў дарозе, мяне чамусьці зьдзівіла тое, як мала зьмяняецца лес!

Яна не чакала мяне, па-будзённаму сядзела папоцемку ў зьвечарэлай нашай старой хаце (бацька якраз некуды пайшоў).

Я прагаварыў зь ёю да першых пеўняў.

Бацька вярнуўся падпітым і, убачыўшы мяне, неяк засаромеўся...

Ад'ехаў я позьняй раніцай.

Маці наклала была ў маю модную сакваяжыну «Кантынэнталь» - цыбулі, буракоў, бульбы. Мне, памятаю, хацелася расьсьмяяцца ад таго: відаць, няшмат я тады разумеў з жыцьця.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com