epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Ключ

У крыніцы, што каля Канцуровае вярбы, знайшлі мы ключ - вялікі, няйначай як ад гумна. Пра гэта было ў нас гаворкі, пакуль касілі аўсы на Сойчынай горцы; палічылі, што згубіў яго шаленаваты Самасей: плёхкаўся быў там.

Хтосьці пайшоў, каб спытаць Самасея, і не прыходзіў, хоць трэба было ня надта далёка, за Дзявочы луг. Вярнуўся, і стала вядома, што Самасея малавеле не зарэзала дачка Кабыліхі, яе Фэлька, да якое ён увесну пакінуў хадзіць. Казалі: яна паласнула яму касою па кульшы, ня вельмі каб глыбока, нагавіцы меў ён на сабе брызэнтавыя, але крыві тое налілося зь яго ажно ў бот, і беспрытомнага павезьлі на трактары ды наўпрасткі, папарамі, што прасьціраліся тады да местачковых садоў, ля якіх паставілі да вайны шпіталь...

Пра ключ зноў былі загаварылі мы ў звозку снапоў, калі Самасея падлячылі й выпісалі дахаты. Згуба гэта зацярушылася ў нас. Знайшлася яна ў скрыначцы на жалезіны, што стаіць пад сячкарняю, якую закідалі натрусам. Я сам узяўся аднесьці той ключ Самасею. Ужо даходзячы да ягонага падворышча, мяне раптам ахапіла трывога, і я зараз-жа згледзеў прыгорбленую постаць гэтага неўдалоты ў бульбоўніку за склепам, а пад вішняком, што ў канцы агароду, - бачу - Фэлька круціцца, быццам ёй парася пабегла ў шкоду...

Ключ узяў я ды павесіў у нашай адрынцы, высока й за дзьвярыма.

Было потым работы, і мы не дурылі сабе галавы Самасеем, да таго часу, калі пайшлі чуткі, што ўночы абакралі яму гумно: зладзеі вынесьлі - казалі людзі: браты Фэлькі, - дзесяць мэтраў першага намалоту пшаніцы й добры пуд насеньня канюшыны. Мы здагадаліся, што цэлы гэты ключ можа наклікаць на нас бяду. Зайшоўшы нарэзаць сечкі, я зьняў яго зь цьвіка й, счакаўшы змроку, прабраўся ў поле, да крыніцы, у якую кінуў пад хваробу знаходку. Жалезка булькнула ў аблямаваную лядком ваду, бліснуўшы ў месячным сьвятле, быццам рыбка на глыбіні. Навакольле ўкрыў іней ад раньніх прымаразкаў, і я, каб не нарабіць сьлядоў за сабою, адыходзіўся па падмерзлым ворыве, абмінаючы ўтравелыя мясьцінкі.

Мы трохі падумвалі яшчэ аб тым, ці гэта ключ быў Самасея...

Даў Бог, усё шчасьліва нам адбылося.


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com