epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Настуся-пані

Настуся Карабельнікаў выходзіла замуж, калі добра настала Польшчы. Шаснастоўкаю выперла яе мачаха. Каб сваім дзецям болей хлеба мець. Пасватаўся да Настусі ўдавец, які пахаваў чатыры жонкі. Пра пасаг ён і не гаварыў; набраўся.

- Трымацьму цябе, як паню якую! - бляяў, расчырванелы ў запіваньне. - У мяне поўная хата ўжо вялікіх дзяўчат, і яны ўсё паробяць. Сын у нас будзе - таксама выгадуюць.

- Дай Бог, - мармытаў бацька. За пасьлярэвалюцыйную галадуху першы раз наліў горла, ажно блага яму зрабілася.

- Чаму гэта Бог меў бы пашкадаваць такому мужчыне?! - рагатала мачаха, адганяючы ад стала смургеляў.

Настуся - памятае - мала не папрасіла ў так багатага дзядзькі цукерку... Ёй захацелася, каб ён не пакідаў яе тут да вясельля. Маўчала, апусьціўшы галаву, баючыся прыліпнуць вачыма да яечні са скваркамі й нарэзаных ад буханкі скібаў.

Усе вясельнікі плакалі, калі Настуся Карабельнікаў ехала шлюб браць.

- Пашчасьціла сіраце, - гаварыла мачаха, абціраючыся ад сьлёзаў. І як бы ў вапраўданьне, што нічым вартым ня здарыла, а яшчэ й паназабірала з куфра. Гулялі толькі адзін дзень, да вечара; начамі хадзілі тады банды.

Настусін чалавек доўга не пажыў; раптам памёр (у сенаваньне). Падчарыцы паднялі рогі. Большая гразілася.

- Дурная ты, дзіця прывядзі ім, і нікуды яны не турнуць цябе з гаспадаркі! - крычала напалоханая мачаха. - Трэба, каб жывот табе хто прыстроіў, пакуль нябожчык стыне, - даўмелася. І выправіла Настусю кудзелю прасьці ў гэтак-жа бойкай цёткі. У той далёкай вёсцы падваліўся да яе ніштаваты набабнік.

Потым, перамогшыся мяшкамі ў капаньне бульбы, нарадзіла яна на паўтары месяцы раней. Як і ня трэба лепей. За сакрэт дала акушэрцы парася; у торг гэта працялі Настусю болі, і спэкулянт паганяў яе каня пад местачковы шпіталік.

Хлопец хварэў, дзякаваць Богу, як і ў людзей. І зямлі прыйшлося ёй даволі, і хата. Другі муж быў непатрэбны. Сама моцная, бывала, за плугам хадзіла й касу цягала ды і ў лес за дровамі давала рады. «Ад'елася да нерасту», - зайздросьцілі ёй заморанікі.

Дапякалі Настусі нават у вайну, заўдаўшы, што яе Юрачка хаваецца ад вывазаў на работы ў Нямеччыну. Зьявіліся жандары, але адступіліся: што набярэш пасьля на кантынгэнт ад самюткае бабы? І наківалі солтысу, чаму слаба думае!

Кожную наступную ўладу яна ўспрыймала як нецярплівейшы гнеў нябёсаў на народ за грахі. Паны секлі бізунамі; свае заеліся вывалакаць у Сібір адзін аднаго; немец прыбіўся - кулю ў лоб ды ў пясок! Прычакалі й пекла: сусед суседа лупіў, са сьвету зводзіў брат брата (яе качалі й бралі пад сябе заполянскія кавалеры, што рабавалі хутары).

Усякага зазнала, перацярпела. А Сталінка лішне мацюгаюць; з анёламі, пэўна, у раі сьпявае. Хто ж гэта, каб ня ён, мужыка адагнаў-бы ад поля й хлява ў горад?! І Настусін ня скончыўся-б, як дэраш у ваглоблях, калі-б датрываў... Юрачка стаў тэхнікам на фабрыцы, дык і яго, падлу старога, забраў-бы ў сваю блёкавую кватэру.

Быццам у пажар кінулі-рынулі ўсё тое, пра што цяперака й падумаць ім ня здумаецца.

- Во калі я пані! - папракала Настуся Карабельнікаў, паўзабытага за столькі гадоў і гора, свайго нябожчыка, дрыпаючы па дыванох. - І ты панам паваляўся-б, бы жыд у пярынах, але што-ж: цераз работу ад раньня да зьмярканьня на той сьвет без пары пайшоў...


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com