epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Няўдалы шпацыр

Я пайшоў у бляску неонаў. Над горадам наіўна-зялёнае: Застрахуем цябе і тваю маёмасць (потым нешта сапсавалася і выблісквала: Рахуем цябе і тваю).

Дайшоў да сабора Святога Мікалая, пачытаў жалобную аб'яву аб смерці кагосьці; выстаяўся пад снегам.

На тратуары - мужчыны з жанчынамі, хлопцы з дзяўчатамі, дзеці. Па вуліцы шумяць легкавыя машыны, а ў іх - тыя, якім няма патрэбы мясіць адліжную гразечу пешай хадою. Гэта крыху нагадвае мне колішняе жніво, у якое пачарнела хмара па-над Доўгім выганам, і тады багатыя пасядалі на вазы, пачалі ўцякаць імі дамоў, сярэдзінаю бальшака. Мы з маці схавалі серп у раскірачаную дванастку аўса ды пабеглі, галытва, узбочынаю. З вазоў тых крычалі да нас, каб мы баржджэй паспяшалі, бо ж памокнем... Гэта былі пасмешкі.

Гэтыя ж, у легкавушках, нейк падобныя да тамтых, што паразлягаліся былі на раскладзінах; яны расклейваюць на шыбінках сваю іронію, на ўсю шырыню сваёй гладка тварасці. Морды ў іх як сабе.

Мокры снег.

Я пакруціўся з гадзіну і накіраваўся ў Парадную Алею, пад гару, на якой беляціць палац. Насупраць яго, белакаменнага, - перайшоў на другі бок. Ветрыска заплёўваў вочы, пыліў беленню па маім чорным адзенні.

Нехта сказаў мне:

- Добры вечар.

Я паглядзеў за ім: спіна, закончаная па-сышчыцку пастаўленым каўняром, аддалялася. Я зноўку ўзяўся ісці пад вецер.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com